CoBrA — еўрапейскі авангардысцкі рух, актыўны ў 1949—1952 гг. Назва была прыдумана ў 1948 годзе Крысціянам Датрэмонам па першых літарах сталіц родных краін удзельнікаў руху: Капенгаген (Co), Брусель (Br), Амстэрдам (A).

«CoBrA» была ўтворана зліццём галандскай групы «Рэфлекс» (Reflex), дацкай групы «Хёст» (Høst) і Бельгійскай рэвалюцыйнай сюррэалістычнай групы. «CoBrA» правяла дзве вялікія выставы: у музеі Stedelijk у Амстэрдаме (1949) і ў Палацы прыгожых мастацтваў (Palais des Beaux-Arts) у Льежы (1951). Мастакам з групы «CoBrA» ўласцівыя паўабстрактныя палотны з яркімі колерамі, скажоныя чалавечыя фігуры, натхнёныя першабытным і народным мастацтвам. Мастакі таксама бралі за аснову дзіцячы малюнак, скандынаўскую міфалогію. Яны спрабавалі выпрацаваць абстрактную мову формаў, якая магла б у большай ступені, чым сюррэалізм, выказваць несвядомае. «CoBrA» адыграла значную ролю ў развіцці ташызму і еўрапейскага абстрактнага экспрэсіянізму. Група таксама аказала ўплыў на еўрапейскае сацыяльнае і палітычнае жыццё, развіваючы крытыку сучаснага ёй грамадства халоднай вайны. Міжнародны рух за імажынісцкі баўхаўс, які адкалоўся ад CoBrA, стаў прыступкай да развіцця сітуацыянісцкага руху.