Гісторыя Фінляндыі

Гісторыя Фінляндыі — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мінулае чалавечага грамадства на тэрыторыі, якую займае ў цяперашні час Фінляндыя.

Хроніка фінскай гісторыі правіць

[1][2]

Дагістарычны перыяд правіць

Дакладна невядома, ці засялялі людзі Фінляндыю да апошняга ледавіковага перыяду. Першыя людзі пасля адступлення ледавіка былі паляўнічымі і збіральнікамі, якія прыйшлі на тэрыторыю Фінляндыі з поўдня і паўднёвага сходу каля 8500 г. да н.э.[3]:9-10

Сучасныя фіны ўзніклі ў выніку хваль міграцыі з-за Фінскага заліву (2500—2000 гг. да н.э.) і з цяперашняй Цэнтральнай Швецыі. Саамскае насельніцтва Лапландыі паходзіць ад качэўнікаў, якія прыйшлі ў Паўночную Нарвегію і на ўзбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна ўздоўж нарвежскага берага Атлантычнага акіяна[3]:10.

Старажытная гісторыя Фінляндыі правіць

У першыя 400 г. н.э. насельніцтва Фінляндыі складала некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў. Асноўная частка жыхароў Фінляндыі займаліся паляваннем і рыбалоўствам, або прымітыўным ці падсечным земляробствам, жывёлагадоўляй і традыцыйным рыбалоўствам[3]:10-11.

Першае пісьмовае згадванне пра фінаў (phinoi) сустракаецца ў старажытнагрэчаскага географа Піфея ў яго апісанні падарожжа да берагоў Балтыйскага мора ў IV ст. да н.э. У 98 г. н.э. фіны (fenni) згадваюцца ў трактаце «Германія» старажытнарымскага гісторыка Тацыта[3]:11.

У сярэдзіне І тысячагоддзя нашай эры ў цэнтральнай Фінляндыі жыла племя хяме, а на паўднёвым захадзе — суомі (у рускіх летапісах — сум[4]). Да VIII ст. н.э. аселае насельніцтва змяшчалася пераважна на паўднёва-заходнім узбярэжжы, ва ўрадлівых раёнах уздоўж ракі Кума (Кокемяэн’ёкі) і яе азёрнай сістэмы ў ў Сатакунта і Тавастландзе (Хяме). Прырост аселага насельніцтва адбываўся таксама ў прыбярэжных абласцях Паўднёвай Эстэрботніі і на Аландскіх астравах[3]:11. Да ІХ стагоддзя распаўсюджванне фінскіх плямёнаў дасягае возера Сайма. У іншых частках Фінляндыі пражывала качавое насельніцтва — саамы, якія займаліся паляваннем і рыбалоўствам.

Перыяд V—IX стст. характарызуецца ўзмацненнем гандлёвых сувязяў і міграцыяй паміж Фінляндыяй і Цэнтральнай Швецыяй, дзе ўзнікаюць дынамічныя гандлёвыя цэнтры і буйныя паселішчы пад кіраўніцтвам хёўдынгаў (племянных правадыроў). На тэрыторыі Фінляндыі тады ўладарылі кланы, якія заключалі двухбаковыя абарончыя саюзы і часам прысягалі найбольш магутным хёўдынгам Цэнтральнай Швецыі[3]:11.

Эпоха вікінгаў і крыжовых паходаў (VIII—XIII стст.) правіць

 
Роберт Экман[en]. Біскуп Хенрык хрысціць фінаў

У VIII—XIV стст. земляробы з Паўднёва-Заходняй Фінляндыі і Тавастланда пачалі засяляць Карэлію і паўночныя берагі Ладажскага возера. Гэта было звязана з павелічэннем насельніцтва ў выніку інавацый у галіне земляробства і мараплаўства. Разам з гэтым пачалося засяленне паўднёвых берагоў Ладагі славянскімі плямёнамі, эканамічным цэнтрам якіх быў Ноўгарад[3]:12.

Гэты перыяд рассялення фінаў часткова супадае з паходамі шведскіх вікінгаў на ўсход. Шлях вікінгаў пралягаў праз паўночны бераг Фінскага заліва, Няву і Ладагу, у паўднёвым кірунку да Чорнага мора і Канстанцінопаля. Не існуе доказаў, што ў гэтых паходах сістэматычна ўдзельнічалі фінскія плямёны са сваімі воінамі і караблямі. Для Фінляндыі эпоха вікінгаў стала эканамічным і культурным пярэдаднем дзяржаўнай інтэграцыі са Швецыяй[3]:12-13.

Пісьмовых крыніц фінскай эпохі вікінгаў не захавалася, але існуе багаты фальклорны матэрыял, які збіралі з XVIII ст., і які сыходзіць у дахрысціянскія часы. Адным з першых збіральнікаў фінскамоўнага фальклору быў Эліяс Лёнрут, які сабраў песні і паданні ў літаратурным творы «Калевала», які апісвае ў тым ліку побыт, стан грамадства і народную міфалогію тагачасных фінаў[3]:13.

Аддаленасць ад Рымскай імперыі пацягнула за сабой адносна позні прыход хрысціянскай царквы ў Паўночную Еўропу. Першыя сведчанні хрысціянства на тэрыторыі сучаснай Фінляндыі адносяцца да VI ст. н.э. У VIII—IX стст. на ўпрыгожаннях і іншых прадметах раскошы пачынае з’яўляцца сімвал крыжа. У гэты ж час сярод княжацкага саслоўя адбываецца пераход ад традыцыі спальвання памерлых да пахавання. Першыя хрысціянскія абшчыны з’яўляюцца ў паўднёва-заходняй частцы краіны ў канцы XI ст., верагодна пад уплывам Швецыі, дзе вікінгі-князі пачалі прымаць хрысціянства з дыпламатычных меркаванняў[3]:13-14.

У XII ст. дзейнасць шведскіх місіянераў у Фінляндыі набывае арганізаваныя формы. У выніку саперніцтва паміж папскай уладай і Свяшчэннай Рымскай імперыяй Папа Рымскі засноўвае новыя арцыбіскупствы ў шведскіх гарадах Лундзе (1104) і Упсале (1164), каб пазбавіць значнасці лаяльнага германскаму імператару арцыбіскупа Брэменскага. Дадатковым стымулам для місіянераў было жаданне прадухіліць уплыў Ноўгарада і праваслаўнай царквы[3]:14.

У сярэдневяковых крыніцах згадваюцца тры Крыжовыя паходы ў Фінляндыю, якія гісторыкі адносяць прыблізна да 1155, 1239 і 1293 гадоў. Першы Крыжовы паход[en] у 1155 годзе быў узначалены ў адпаведнасці з царкоўнай традыцыяй брытанскім манахам Хенрыкам. Карыстаючыся патранажам караля свеяў Эрыка, ён здзейсніў місіянерскую экспедыцыю ў Паўднёва-Заходнюю Фінляндыю. Пазней Хенрык быў кананізаваны і абвешчаны святым заступнікам епархіі горада Аба (Турку). Паводле легенды, Хенрык хрысціў фінаў пасля таго, як яны былі разбітыя войскам караля Эрыка, і застаўся ў Фінляндыі ў якасці біскупа новай місіянерскай дыяцэзіі, але праз год быў забіты мясцовым селянінам Лалі[3]:14-15.

 
Крэпасць Тавастхус[en] на карціне Ялмара Мунстэр'елма[en], 1872 г.

У канцы 1230-х гг. шведскі граф Біргер распачаў экспедыцыю ў Тавастланд, якая пазней стала вядомая як Другі крыжовы паход у Фінляндыю[en] (1239 г.). У выніку паходу ўмацавалася шведскае каралеўскае ўладарства ў Фінляндыі, на загад графа Біргера ў Тавастландзе была пабудавана крэпасць Тавастхус (Хямеенліна), якая стала важным адміністрацыйным цэнтрам шведскай кароны[3]:15-16.

Шведская карона карысталася падтрымкай каталіцкай царквы, бо магла абараніць святароў і ўласнасць царквы ад мясцовых князёў і ўладароў. Улетку 1293 г. шведскі вайсковы правадыр Цюргіль Кнутсан распачаў паспяховы паход[en] на Карэльскі пярэсмык. У выніку мясцовае праваслаўнае насельніцтва было навернутае ў каталіцтва, была ўзведзеная Выбаргская крэпасць, якая да XVIII ст. заставалася найважнейшай памежнай апорай каралеўства на ўсходзе. У 1323 г. быў падпісаны Нётэборгскі (Арэхаўскі) мір з Ноўгарадам, паводле якога паміж Ноўгарадам і Швецыяй стваралася палітычная мяжа, якая адначасова дзейнічала як дэмаркацыйная лінія паміж усходнімі і заходнімі царкоўнымі абшчынамі. Такім чынам, большая частка цяперашняй Фінляндыі апынулася пад кантролем шведскай кароны і каталіцкай царквы[3]:16.

Шведскае праўленне (1104/1150/1300 — 1809) правіць

Палажэнне Фінляндыі напачатку шведскага кіравання правіць

Праз Фінскі заліў праходзіў гандлёвы шлях паміж Ноўгарадам і Бругэ, у якім удзельнічала сетка гарадоў Ганзейскага саюза, і які спрыяў абмену таварамі паміж Заходняй Еўропай і Балтыйскім рэгіёнам[en]. Фінляндыя займалася экспартам масла, скур і рыбы. Найважнейшымі прадметамі імпарту былі тканіны і соль, неабходная для захоўвання ежы[3]:19.

У XIII—XIV стст. у Фінляндыі з’явіліся некалькі гарадоў з дазволам на гандаль з Ганзай. Першым і найбольш значным з іх стаў Турку, чыё значэнне было абумоўлена сістэмай гандлёвых складоў. Акрамя таго, Турку быў рэзідэнцыяй біскупа і пазней зрабіўся ўніверсітэцкім цэнтрам усходняй часткі шведскага каралеўства. Вусце ракі Аўры ў Турку традыцыйна выкарыстоўвалася як гандлёвы пункт, а пасля закладкі дамініканцамі манастыра Святога Олафа ў 1249 г. пачало набываць гарадскія рысы. У 1280-х гг. пачалося ўзвядзенне замка Турку, а ў 1300 г. у горадзе быў асвечаны сабор з трыма нефамі, які дагэтуль застаецца важнай святыняй Фінляндыі. У 1293 г. быў заснаваны Выбарг (Вііпуры), пасля чаго на працягу двух стагоддзяў заклалі яшчэ некалькі гарадоў: Ульфсбю (Ульвіла), Раўма і Нодэндаль (Наанталі), а таксама Борг (Порва) на паўднёвым узбярэжжы Нюланда (Усіма)[3]:19.

У XIV і XV стст. адбываецца павелічэнне эканамічнага значэння Фінляндыі для шведскага каралеўства. Гэта выклікала ўзмацненне ўплыву фінляндскіх кіруючых слаёў на справы дзяржавы. З 1362 г. прадстаўнікам фінскіх саслоўяў было дазволена ўдзельнічаць у выбарах караля Швецыі[3]:23.

Ваенна-палітычны ландшафт Балтыйскага рэгіёна змяніўся ў выніку ўмацавання Вялікага Княства Маскоўскага і стварэння Расійскай дзяржавы. Усходняя мяжа паміж Швецыяй і Расіяй не была пэўнай, бо пры заключэнні Нётэборгскага (Арэхаўскага) міру пазначалася мяжа толькі на паўднёвым ускрайку Карэльскага пярэсмыка. У выніку паўночныя часткі Фінляндыі і Карэліі падвяргаліся падаткаабкладанню як Швецыяй, так і Расіяй. Пасля шматлікіх прымежных спрэчак у 1470-х гг. шведы пабудавалі ў Савалаксе вялікую крэпасць Олафсборг (Олавінліна), што было расцэнена Масквой як правакацыя. Пачаўся шэраг узброеных канфліктаў, які расцягнецца на некалькі стагоддзяў і будзе прыводзіць да частага перасоўвання мяжы паміж дзяржавамі[3]:24.

Фінляндыя ў перыяд першых каралёў з дынастыі Ваза (1523—1617) правіць

У 1523 годзе ў выніку паўстання супраць Кальмарскай уніі каралём Швецыі стаў Густаў Ваза, падтрыманы ў тым ліку дваранскімі сем’ямі ў Фінляндыі[3]:24-25.

У часе праўлення Густава Вазы ў Швецыі былі праведзеныя царкоўныя рэформы, якія пачалі паступовы пераход краіны да лютэранства. Для Фінляндыі прыход Рэфармацыі азначаў развіццё асветы і фінскай мовы, бо сярод прыхільнікаў рэформ панавала ідэя непасрэднай і асабістай камунікацыі чалавека з Богам, якая мусіла адбывацца на вядомай чалавеку мове. Біблія была перакладзена паслядоўнікамі Рэфармацыі на многія еўрапейскія мовы. Першым перакладчыкам Бібліі на фінскую мову быў святар Мікаэль Агрыкала, вучань Лютэра, які ў 1593 годзе вярнуўся ў Фінляндыю і стаў рэктарам кафедральнай школы ў Турку[en], а пазней і біскупам епархіі Турку. Агрыкала выдаў фінскі буквар (Abckiria[en], 1543), 900-старонкавы малітоўнік на фінскай мове (Rucouskiria) і пераклад на фінскую Новага Запавету (Se Wsi Testamenti, 1548). На той час яшчэ не існавала друкаванай літаратуры па-фінску, таму гэтыя публікацыі сталі асновай для далейшага развіцця пісьмовай фінскай мовы. Галоўнай моўнай крыніцай для Агрыкалы былі гаворкі найбольш заселенай паўднёва-заходняй Фінляндыі, але некаторыя словы былі ўзятыя і з гаворак іншых рэгіёнаў[3]:28.

У 1550 годзе на загад Густава Вазы быў заснаваны горад Хельсінкі. Хельсінкі меўся стаць экспартным цэнтрам, які б мог спаборнічаць з размешчаным на поўдні Фінскага заліва ганзейскім горадам Рэвелем (цяпер вядомы як Талін). Для гэтага дзяржава заахвочвала яго засяленне новымі жыхарамі. Аднак праз некалькі год Рэвель згубіў сваё значэнне ў выніку вайны паміж Лівонскім ордэнам і Расіяй, а ў 1561 г. быў далучаны да Швецыі разам з усёй Паўночнай Эстоніяй. Гэта спыніла планы хуткага развіцця Хельсінкі, але горад працягнуў павольна нарошчваць насельніцтва і эканамічнае значэнне ў наступныя два стагоддзі[3]:31.

 
Юхан III, герцаг Фінляндыі, пазней кароль Швецыі і вялікі князь Фінляндскі

У 1556 годзе Густаў Ваза правёў падзел краіны на чатыры герцагствы, адным з якіх стала Фінляндыя. Кіраванне герцагствамі было даручана сынам Густава Вазы, герцагам Фінляндыі прызначаўся другі сын Юхан. Мэтай падзелу было забеспячэнне палітычнай стабільнасці і ўнікненне канфліктаў паміж спадкаемцамі за кантроль над тэрыторыяй[3]:29-30. У 1568 годзе Юхан стаў каралём Швецыі.

 
Герб Фінляндыі з хронікі Лаўрэнціуса Петры[en] 1580-х гг.

У 1570 годзе сутычкі з Расіяй на ўсходняй мяжы перараслі ў вайну, вынікам якой[en] пазней стане далучэнне да Швецыі Эстоніі і на кароткі час (да наступнай вайны ў 1590–1595 гадах[en]) большай часткі Інгерманландыі[5]:44. Значная частка вайсковых рэсурсаў была накіравана ў Фінляндыю, амаль усе падаткі, якія там збіраліся, ішлі на ваенныя расходы. Быў назначаны спецыяльны намеснік з вялікімі паўнамоцтвамі для кіравання эканомікай Фінляндыі. У 1581 годзе Юхан дадаў сабе тытул «вялікага князя Фінляндыі[en]» і выдаў загад зрабіць адпаведны гербавы шчыт, які дагэтуль застаецца афіцыйным гербам Фінляндыі. Герб уяўляе сабой камбінацыю двух іншых гербаў: леў[en] вобласці Гёта, прысутны на гербе Швецыі, трымае прамы меч заходняга ўзору, проціпастаўлены крывой шаблі з мясцовага герба Карэліі[3]:34-35.

У 1592 годзе Юхан III памёр і шведская карона перайшла ягонаму сыну Жыгімонту Вазу, які на той момант ужо быў каралём Польшчы, таму не меў магчымасці пастаянна знаходзіцца ў Швецыі і кантраляваць уладу. У 1593 годзе ён пагадзіўся прызнаць лютэранства афіцыйным вучэннем у Швецыі каб атрымаць прызнанне мясцовай пратэстанцкай эліты. Праз год дзядзька Жыгімонта і трэці сын Густава Вазы Карл атрымаў пасаду шведскага канцлера. Фінляндыяй кіраваў Клас Флемінг[en], верны Жыгімонту.

У 1596—1599 гадах паміж Жыгімонтам і Карлам пачалося змаганне за трон[en], важным элементам якога стала Фінляндыя. Карл падняў паўстанне сярод стомленых ад высокіх падаткаў фінляндскіх сялян супраць войска Флемінга. Паўстанне, якое атрымала назву «Дубіннай вайны», было жорстка падаўлена. Загінулі больш за тры тысячы сялян, што складала 1 % ад насельніцтва Фінляндыі.

Увосень 1598 года войскі Карла перамаглі ў Паўднёвай Швецыі, у 1599 годзе была ўзятая лаяльная Жыгімонту крэпасць Турку. Смерцю былі пакараныя[en] сорак прадстаўнікоў фінскай эліты. Пазбег пакарання Арвід Стольарм[en], які пасля смерці Флемінга стаў намеснікам у Фінляндыі. У выніку вайны была скасаваная аўтаномія Фінляндыі, падаўлялася рэлігійнае іншадумства. У 1604 годзе Карл быў прызнаны каралём Швецыі пад імем Карла IX[3]:35-36.

Эпоха шведскага вялікадзяржаўніцтва (1617—1721) правіць

У кароткі перыяд кіравання Карла IX працягваліся канфлікты за ўплыў у Балтыйскім рэгіёне. У 1610 пачалася вайна з Расіяй, якая на той час была аслаблена і перажывала смуту. На наступны год пасля пачатку вайны Карл IX памёр, і працягваць супрацьстаянне давялося яго сыну Густаву II Адольфу, які атрымаў трон у спадчыну ў маладым узросце. У выніку вайны быў падпісаны Сталбоўскі мір 1617 года, згодна з якім Швецыя атрымала ўсё Прыладажжа, Інгерманландыю з Нётэборгам (па-расійску Арэшак) і Нявой. У гісторыі звычайна акурат гэтая дата прымаецца за пачатак эпохі Швецыі як вялікай дзяржавы[3]:37-38.

Для Фінляндыі далучэнне новых тэрыторый было важнай падзеяй, бо значна ссоўвалася яе ўсходняя мяжа. Выбарг з памежнага фарпоста ператварыўся ў культурны і эканамічны цэнтр. Была заснаваная крэпасць Ніеншанц, якую планавалася зрабіць цэнтрам гандлю на ўсходзе Балтыкі. Стагоддзем пазней непадалёк ад Ніеншанца ўжо пад кантролем Расіі будзе заснаваны Санкт-Пецярбург[3]:38.

 
Генерал-губернатар Фінляндыі Пер Браге Малодшы

Для рэфармавання сістэмы кіравання ў Фінляндыі ў 1623 годзе была ўведзеная пасада генерал-губернатара[en], месцам рэзідэнцыі стаў горад Турку. Найбольш вядомым з тых, хто займаў гэтую пасаду, стаў Пер Браге[en], які зрабіў вялікі ўклад у развіццё краіны. Ён паходзіў са знакамітага дваранскага роду[en] і валодаў вялікай колькасцю зямель у каралеўстве. Браге займаў пасаду генерал-губернатара цягам двух перыядаў: 1637-41 і 1648-54 гадоў.

Задачай Браге было развіццё судаводства, абароны, гарадоў і падаткаабкладання. Пры ім у Фінляндыі і Інгерманландыі пачалі працаваць паштовыя аддзяленні, якія злучалі Фінляндыю з іншымі часткамі каралеўства. З мэтай развіцця гандлю былі заснаваныя дзесяць гарадоў ва ўнутраных абласцях Фінляндыі і ў Эстэрботніі. Сярод іх партовыя гарады Брагэстад (1649), Крысцінестад (1649) і Якабстад (1652)[3]:42-43.

У 1640 годзе ў Турку была заснаваная акадэмія[en], якая стала цэнтрам адукацыі ў рэгіёне і дапамагала з нястачай чыноўнікаў у Фінляндыі. Акадэмія мела чатыры факультэты: тэалагічны, медыцынскі, юрыдычны і філасофскі. Пасаду канцлера ад заснавання акадэміі і да сваёй смерці ў 1680 годзе займаў Пер Браге. У XVII стагоддзі акадэмія налічвала больш за 200 студэнтаў і 10 прафесараў. Многія прафесары прыязджалі з Упсальскага ўніверсітэта, а калі траціны студэнтаў паходзілі з заходняй часткі каралеўства, што павялічвала шведскі ўплыў у Фінляндыі. Акадэмія займала вядучае месца ў галіне тэалогіі, важную ролю выконвалі класічныя мовы[en]: усе дысертацыі друкаваліся і публічна абараняліся на лаціне або на грэчаскай мове[3]:49-50.

У 1642 годзе ў Стакгольме быў надрукаваны першы поўны пераклад Бібліі на фінскую мову, першы тыраж якога склаў 1200 асобнікаў. На тытульным аркушы былі размешчаныя партрэт каралевы Крысціны і гербы ўсіх правінцый каралеўства. Пераклад быў разасланы ў прыходы Фінляндыі і Інгерманландыі, і ў далейшым стаў адным з падмуркаў для развіцця фінскай літаратурнай мовы[3]:48. Пры гэтым мовай навучання ў пачатковых школах і ліцэях была шведская, што спрыяла шведызацыі адукаванай эліты Фінляндыі. У гэты перыяд больш за 85 % насельніцтва Фінляндыі валодалі толькі фінскай мовай і крыху больш за 10 % — толькі шведскай[3]:50.

У 1696-97 гадах у Шведскім каралеўстве здарыўся голад[en], які суправаджаўся эпідэміямі. Асабліва цяжка гэта праявілася ў Фінляндыі, дзе дрэнны стан дарог узімку і нежаданне каралеўскай улады падтрымліваць сялян прывялі да пагаршэння сітуацыі. Паводле некаторых даных, тады ў Фінляндыі загінула каля 150 тысяч чалавек, што складала 30 % ад усіх жыхароў рэгіёну[3]:51-52.

У лютым 1700 года пачалася Паўночная вайна. У чэрвені 1709 года шведскае войска было разгромленае ў бітве пад Палтавай. Пасля паражэння кароль Карл XII збег у Асманскую імперыю, а рэшткі шведскага войска патрапілі ў палон[3]:52.

Увесну 1710 года расійская армія ўвайшла ў Фінляндыю і канчаткова захапіла яе ў 1714 годзе. Эканамічнае становішча Фінляндыі не дазваляла самастойна забяспечваць акупацыйныя сілы ў 25-35 тысяч чалавек, таму больш за 70 % забеспячэння ажыццяўлялася праз марскія пастаўкі з Расіі. Акупацыя суправаджалася жорсткасцю да мясцовых жыхароў, марадзёрствам і набегамі конных казакоў. У Расію было сагнана каля 8 тысяч мірных жыхароў. У гісторыю Фінляндыі гэты перыяд расійскай акупацыі ўвайшоў пад назвай «вялікага ліхалецця[en]»[3]:52-53.

У 1715 годзе Карл XII вярнуўся з Асманскай імперыі, але адмовіўся ад перамоў, неабходных для захавання жыццёва важных абласцей каралеўства. У 1718 годзе кароль загінуў і пасля яго смерці быў заключаны мір з усімі краінамі па чарзе. Невялікія тэрыторыі атрымалі Данія і Прусія. Паводле Ніштацкага дагавору 1721 года Ліфляндыя, Эстляндыя, Інгерманландыя і Карэлія адышлі Расіі. Новая ўсходняя мяжа Фінляндыі, якая праходзіла на захад ад Выбарга, была пазначаная Пятром I і таму атрымала назву мяжы Пятра Вялікага.

Эра свабоды і Густавіанская эпоха (1721—1809) правіць

 
Зялёным колерам абазначаныя тэрыторыі Фінляндыі, якія адышлі Расіі ў выніку Ніштацкага дагавору 1712. Жоўтым — страты Швецыі ў вайне каўпакоў 1743 года.

У выніку правядзення новай мяжы паміж Расіяй і Швецыяй згодна з Ніштацкім дагаворам 1721 года, усходняя частка Фінляндыі апынулася ў складзе Расіі, а заходняя частка заставалася ў шведскім каралеўстве. На тэрыторыі Карэліі была сфармаваная Выбаргская губерня з цэнтрам у Выбаргу. Жыхарам дазвалялася захаваць канфесійную прыналежнасць і законы, не ўводзілася прыгону. Хуткае развіццё Санкт-Пецярбурга стварала спрыяльныя ўмовы для эканомікі рэгіёну[3]:55.

У шведскай частцы Фінляндыі адбылася змена палітычнай сістэмы з абсалютызму на парламентарызм[en] (так званая Эра свабоды). Улада належала саслоўям, які кожныя тры гады збіраліся на пасяджэнні ў рыксдагу, дзе засядаў і кароль, а іх рашэнні выконвала Дзяржаўная Рада. Найбольшую вагу мела дваранскае саслоўе, але і іншыя саслоўі таксама мелі ўплыў на палітычны працэс.

Напачатку XVIII стагоддзя ў шведскім парламенце ўзніклі дзве канкурэнтныя партыі «каўпакоў[en]» і «капелюшоў[en]». «Каўпакі» выступалі за абарончую палітыку, а «капелюшы» прытрымліваліся больш агрэсіўных пазіцый і падтрымлівалі адваяванне страчаных тэрыторый. Партыя «каўпакоў» правіла ў Швецыі да 1738 года пад кіраўніцтвам графа Арвіда Горна[en], пасля чаго ўлада перайшла да «капелюшоў», якія карысталіся фінансавай падтрымкай Францыі. У 1741 годзе Швецыя пачала наступ на Расію, які атрымаў назву «вайны капелюшоў[en]» (1741—1743). Паход быў няўдалым і скончыўся падпісаннем Туркускай мірнай дамовы, паводле якой Расія атрымала яшчэ больш тэрыторыі у Фінляндыі.

Пасля вайны ўзнік план умацавання Фінляндыі такім чынам, каб у выпадку нападу да яе маглі паспець дабрацца шведскія войскі і адбіць наступленне. У 1748 годзе пачалося будаўніцтва прыморскіх крэпасцяў Свеаборг і Свартхольм[en] пад кіраўніцтвам афіцэра Аўгустына Эрэнсверда[en]. Ягонымі ж намаганнямі быў палепшаны стан шведскага флоту, для якога пабудавалі шхерныя фрэгаты[en] — новы тып судоў з лепшай манеўранасцю і ўзброенасцю чым у галер. Умацаванне Фінляндыі прывяло да яшчэ большага росту напружанасці паміж Швецыяй і Расіяй, бо ўспрымалася як пагроза Санкт-Пецярбургу, на той момант сталіцы Расіі[3]:55-58.

У 1772 годзе каралём Швецыі стаў Густаў III, які сканцэнтраваў уладу ў сваіх руках і праводзіў палітыку асветнага абсалютызму[en] як і іншыя манархі таго часу, напрыклад Кацярына II у Расіі і Фрыдрых II у Прусіі. Густаў III падтрымліваў ліберальныя тэндэнцыі ў эканоміцы і ствараў сабе вобраз гуманнага рэфарматара. Ягонае кіраванне, аднак, не задавальняла арыстакратыю, якая не хацела губляць уладу ў краіне.

Улетку 1775 года Густаў III пачаў падарожжа па Фінляндыі, якое павялічыла яго папулярнасць сярод мясцовых жыхароў. У часе ягонага кіравання быў створаны вярхоўны суд у Ваасе (1776), былі закладзеныя гарады Тамерфорс (1776), Куопіа (1782) і Каскё (1786). Аднак стаўленне Густава III да Фінляндыі было прагматычным. У 1783 годзе ён прапанаваў расійскай імператрыцы Кацярыне II, якая была яго стрыечнай сястрой, забраць Фінляндыю ў абмен на падтрымку Швецыі ў заваяванні Нарвегіі. Кацярына II адхіліла прапанову, таму планы караля не здзейсніліся.

У канцы 1780-х Расія была ў стане вайны з Асманскай імперыяй, чым захацеў скарыстацца Густаў III. У 1788 годзе ён напаў на Расію з мэтай адваявання ў яе тэрыторый, згубленых у першай палове XVIII стагоддзя. Пачатак вайны быў няўдалым для Швецыі, праваліліся атакі на рускія пазіцыі ў Нюслоце і Фрыдрыхсгаме, што выклікала пратэсныя настроі сярод фінскіх афіцэраў. У 1721 годзе яны звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб міры, якая была праігнаравана. У памежнай вёсцы Аньяла 112 афіцэраў падпісалі заяву, дзе назвалі вайну незаконнай. У адказ на гэта Густаў III разграміў Аньяльскі саюз, было вынесена 78 смяротных прысудаў, адзін з якіх[sv] прыведзены ў выкананне. Працяг вайны быў больш паспяховым, у ліпені 1790 года шведскі флот перамог у бітве пад Свенсксундам[en], дзе рускія страцілі 50 караблёў, а шведы толькі 6. Гэта дазволіла падпісаць мір у вёсцы Вяраля, які захоўваў дзяржаўныя межы нязменнымі, але паслабіў магчымасці Расіі ўплываць на шведскую палітыку[3]:66-68.

Густаў III быў забіты ў сакавіку 1792 года групай дваран у часе маскараду ў Стакгольмскай оперы.

Фінская вайна і канец шведскага праўлення правіць

 
Боргаскі сойм 1809 года

У лютым 1808 года на загад імператара Аляксандра I расійскае войска пачало наступ у падкантрольнай Швецыі частцы Фінляндыі. Прычынай быў Тыльзіцкі мір 1807 года паміж Расіяй і Францыяй, паводле каторага Расія павінна была прымусіць Швецыю далучыцца да гандлёвай блакады[en] Вялікабрытаніі, на якую не пагаджаўся шведскі кароль. Ужо праз месяц расіяне захапілі вялікія вобласці на поўдні Фінляндыі, яшчэ праз некаторы час здалося камандаванне Свеаборга, не верачы ў поспех абароны. Шведы пры падтрымцы Вялікабрытаніі спрабавалі правесці контрнаступленне і мелі частковы поспех на моры, але не далі рады ў баях на сушы, у выніку чаго адступілі канчаткова.

Ідэя далучыць Фінляндыю ўзнікла ў Расіі ўжо падчас вайны. Частка фінскіх сялян вяла партызанскую вайну, бо падтрымлівала шведскага караля і не хацела прыгону, але сярод іншых саслоўяў пашыраліся прарасійскія настроі і расчараванне ў здольнасцях Швецыі абараніць Фінляндыю. У чэрвені 1808 года Аляксандр падпісаў маніфест, дзе абяцаў захаваць шведскія законы і фінансава падтрымліваць краіну. У канцы восені 1808 года група фінскіх дэпутатаў наведала Санкт-Пецярбург і прасіла імператара склікаць сойм, дзе саслоўі б абвясцілі яго кіраўніком Фінляндыі. На загад Аляксандра 29 сакавіка 1809 года быў скліканы Боргаскі сойм. 17 верасня 1809 года Швецыя і Расія падпісалі Фрыдрыхсгамскі мірны дагавор, згодна з якім Расія атрымала шэсць фінскіх ленаў, Аландскія астравы і частку лена Вестэрботэн[en]. Гэтая падзея паклала канец шведскаму праўленню ў Фінляндыі[3]:69-71.

Расійскае праўленне (1809—1917) правіць

 
Вялікае Княства Фінляндскае

Пасля заваявання Расійскай імперыяй Фінляндыі, на яе тэрыторыі было створана Вялікае Княства Фінляндскае. Кіраванне ажыццяўлялі Сенат Фінляндыі[fi] і генерал-губернатар[fi], таксама расійскі імператар меў паўнамоцтвы выдаваць уласныя ўказы.

У пачатку існавання княства адбыўся перанос сталіцы ў Хельсінкі, які быў перабудаваны і ў наступныя дзесяцігоддзі імкліва развіваўся. Паступова зараджаліся фінская нацыянальная культура і самасвядомасць, пачатак чаму паклалі такія дзеячы як Юхан Рунеберг, Эліяс Лёнрут і Юхан Снельман. Тады ж пачаліся дыскусіі наконт статусу фінскай мовы, але спатрэбілася некалькі дзесяцігоддзяў, каб яна распаўсюдзілася ў фінскіх інтэлектуальных і палітычных колах, замяніўшы сабой шведскую. У 1863 годзе было прынятае Палажэнне аб мовах, з годна на працягу 20 гадоў фінская мова мусіла стаць раўнапраўнай мовай адміністрацыі княства.

Важную ролю для Фінляндыі адыграў перыяд рэформ Аляксандра II. У 1863 годзе была закладзена практыка рэгулярнага склікання сойма[fi], прадстаўнікі якога выбіраліся невялікай часткай грамадзян. Усяго за 1863—1906 гады фінскі сойм прыняў каля 400 законаў, што спрыяла фармаванню грамадзянскай супольнасці і развіццю капіталізму ў Фінляндыі. Асобны палітычны статус і заканадаўства павялічвалі разрыў паміж Фінляндыяй і Расійскай імперыяй.

Пасля смерці Аляксандра II у княстве адначасова адбываліся два працэсы: рост нацыянальнай самасвядомасці фінаў і ўзмацненне ўплыву кіраўніцтва Расійскай імперыі на палітычную сітуацыю шляхам змяншэння аўтаноміі княства. Перыяд у пачатку XX стагоддзя называюць русіфікацыяй Фінляндыі, адным з сімвалаў якой стаў генерал-губернатар Мікалай Бобрыкаў, пазней забіты ў выніку замаху.

Супраціўленне фінаў і нестабільная сітуацыя ў Расійскай імперыі прыводзіла да таго, што часам кіраўніцтву імперыі прыходзілася ісці на ўступкі. Так, у 1906 годзе быў створаны парламент на 200 месцаў і ўведзена ўсеагульнае выбарчае права[en]. Тым не менш, імператар Мікалай II імкнуўся абмежаваць паўнамоцтвы парламента і не аддаваць яму кантроль над княствам. У 1817 годзе Расійскую імперыю ахапіла серыя рэвалюцый, у выніку якіх манархія была ліквідавана і да ўлады прыйшлі бальшавікі. Фінскае кіраўніцтва скарысталася гэтай сітуацыяй каб абвясціць незалежнасць 6 снежня 1917 года.

Незалежная фінляндыя правіць

Грамадзянская вайна (студзень — май 1918) правіць

 
Фінскія егеры ў Ваасе 26 лютага 1918 года.

Эскалацыя, што прывяла да грамадзянскай вайны, пачалася яшчэ ўлетку 1917 года на фоне класавага расколу ў фінскім грамадстве, Першай сусветнай вайны і рэвалюцыйных падзей у Расійскай імперыі. Ужо тады як сацыялісты, так і кансерватары пачалі ствараць першыя гвардзейскія фармаванні. Сацыялістычныя забастоўкі і дэманстрацыі восені 1917 года суправаджаліся гвалтам, што стала нагодай да гонкі ўзбраенняў. Сітуацыя не палепшылася пасля абвяшчэння буржуазным Сенатам незалежнасці 6 снежня 1917 года і прызнання незалежнай Фінляндыі расійскімі бальшавікамі ў навагоднюю ноч з 1917 на 1918 год. У сярэдзіне студзеня 1918 года была прынятая прапанова Сената пра ўзмацненне мер па падтрыманні парадку. Для гэтага прызначаліся адмысловыя падраздзяленні Белай гвардыі[en], што было варожа ўспрынята сацыялістамі. Акрамя цяжкага ўнутранага становішча, Фінляндыя апынулася ў сферы інтарэсаў адразу дзвюх бакоў канфлікту Першай сусветнай вайны: Германскай імперыі і Расіі. Сенат разлічваў на падтрымку Германіі ва ўмацаванні незалежнасці ад Расіі, а расійскія бальшавікі падтрымлівалі фінскіх сацыялістаў і заахвочвалі іх да радыкальных рэвалюцыйных дзеянняў[3]:115.

Вайна пачалася ўвечары ў нядзелю 27 студзеня 1918 года, калі Чырвоная гвардыя захапіла поўдзень краіны, заснавала ўласны ўрад, народны камісарыят, і выдала загад аб арышце членаў Сената[3]:114. Яшчэ да пачатку вайны чырвоныя здолелі мабілізаваць каля 30 тысяч чалавек, пераважна з рабочых саюзаў. Расійскія гарнізоны падтрымлівалі чырвоных, але з 75 тысяч расійскіх салдат удзел у вайне ўзялі толькі каля 10 тысяч, збольшага ў ролі настаўнікаў, інструктараў і афіцэраў. Чырвоныя нарошчвалі сілы і іхняя колькасць пад канец вайны перавышала 70 тысяч, але эфектыўнасць войска абмяжоўвалася праз нястачу кампетэнтнага камандавання і слабую арганізаванасць. Сітуацыю для чырвоных ускладняў і Брэсцкі мір, падпісаны паміж Германіяй і Расіяй 3 сакавіка 1918 года, што патрабаваў вываду расійскіх войск з Фінляндыі[3]:115.

Памер белага войска ў пачатку вайны не перавышаў 38 тысяч чалавек. У канцы лютага з Германіі вярнуліся егеры і папоўнілі склад белых. Таксама ажыццяўляўся прызыў, і ўжо ў красавіку колькасць войска складала каля 60 тысяч. Белая гвардыя мела больш прафесійнае камандаванне, куды ўваходзілі фінскія афіцэры былой імператарскай арміі. Узначаліў армію генерал Густаў Манэргейм. Гэта давала белым перавагу, нягледзячы на праблемы з пастаўкамі боепрыпасаў[3]:116. Аснову Белай гвардыі склалі сяляне і моладзь з сярэдняга класа, прызыў закрануў таксама рабочых і торпараў[sv] (шведск.: torpare — арандатар невялікай фермы). Каб аб’яднаць настолькі разнастайныя часткі грамадства, белая прапаганда выкарыстоўвала тэму вызвольнага змагання за незалежнасць ад Расіі. Іх апаненты падкрэслівалі класавы характар вайны[3]:117.

Чырвоныя кантралявалі пераважна буйныя гарады і прамысловыя мястэчкі поўдня краіны. Палітычны штаб белых знаходзіўся ў горадзе Васа на заходнім узбярэжжы. Дакладныя лініі фронту ўзнікалі толькі побач з вялікімі населенымі пунктамі, стратэгічна важнымі чыгуначнымі вузламі і дарогамі. Абодва бакі выкарыстоўвалі тэрор, ахвярамі якога сталі дзясяткі тысяч чалавек[3]:117.

Вырашальнай падзеяй у вайне стала інтэрвенцыя Германіі. Нямецкая дывізія высадзілася на мысе Ханка на паўднёвым захадзе 3 красавіка 1918 года. У той жа дзень белыя пачалі наступленне на прамысловы цэнтр Тамперэ. Карыстаючыся чыгункай, нямецкія і белыя войскі імкліва захапілі пазіцыі чырвоных, у тым ліку Хельсінкі. На паўднёвым усходзе баі працягваліся да пачатку мая[3]:117.

Усяго на грамадзянскай вайне загінулі амаль 11 тысяч салдат. Разам з ахвярамі тэрору і хвароб страты склалі да 38,5 тысяч. Па заканчэнні вайны амаль 80 тысяч чырвоных сагналі ў лагеры, што выклікала ў краіне эпідэмію іспанскага грыпу. Стаўленне да чырвоных вязняў прывяло да фармавання ў грамадстве нянавісці да белых «мяснікоў», якая пайшла на спад толькі ў канцы 1930-х гадоў[3]:117-118.

Станаўленне дзяржаўнасці правіць

Адразу пасля грамадзянскай вайны ў Фінляндыі быў створаны новы Сенат, узначалены старафінам Юха Кусці Паасіківі, а Свінхувуд прызначаны часовым кіраўніком дзяржавы (рэгентам). Сенат Паасківі, пры падтрымцы Свінхувуда, правёў у сойме рашэнне аб манархічнай форме дзяржаўнага ладу, з цяжкасцю набраўшы палову галасоў. У пачатку кастрычніка 1918 года першым каралём Фінляндыі быў абраны германскі прынц Фрыдрых Карл Гесенскі[en][3]:118.

Неўзабаве Першая сусветная вайна скончылася капітуляцыяй Германіі, і Фінляндыя апынулася ў нявыгадным становішчы, бо яе дачыненні з краінамі-пераможцамі былі сапсаваныя. Тады рэгентам стаў Манэргейм, што крытычна ставіўся да арыентацыі на Германію. Увесну 1919 года быў абраны новы парламент, які прыняў рэспубліканскую форму праўлення. Парламент не карыстаўся даверам буржуазных партый, бо яны асцерагаліся яго магчымай радыкалізацыі і раз’яднанасці, таму шырокія паўнамоцтвы кіравання краінай былі перададзены прэзідэнту. Працягласць прэзідэнцкага мандату склала шэсць год. Манэргейм зацвердзіў гэтае рашэнне 17 ліпеня 1919 года. Першым прэзідэнтам краіны пераважнай большасцю быў абраны ліберальна скіраваны Каарла Юха Стольберг, што ўзначальваў распрацоўку рэспубліканскай формы праўлення. Манэргейм таксама вылучаў сваю кандыдатуру, але не атрымаў падтрымкі як з боку сацыял-дэмакратаў, так і буржуазнага лагера, незадаволенага спробамі Манэргейма ўцягнуць фінскую армію ў расійскую грамадзянскую вайну[3]:118-119.

Канфлікты за ўсталяванне мяжы правіць

 
Тэрытарыяльныя змены паводле Тартускага дагавору.

Першыя гады незалежнасці Фінляндыі адзначаліся напружанымі адносінамі з Савецкай Расіяй. Фінскія актывісты ўдзельнічалі ў баях на тэрыторыі расійскай Карэліі. Улетку 1920 года ў эстонскім горадзе Тарту пачаліся перамовы. Пазней у гэтым жа годзе бакі канфлікту падпісалі дагавор[en], паводле якога Фінляндыя замацавалася ў межах Вялікага княства ад 1812 года, і ў дадатак атрымала сухаземны калідор да Баранцава мора праз горад Петсама[3]:119.

Адначасова з гэтым існаваў канфлікт са Швецыяй наконт статусу Аландскіх астравоў. У 1917 годзе шведскамоўнае насельніцтва астравоў выказала жаданне далучыцца да Швецыі. У 1921 годзе пытанне іх далейшага лёсу было перададзена ў Лігу Нацый. У выніку астравам было паабяцана шырокае самакіраванне ў складзе Фінляндыі і стварэнне там дэмілітарызаванай зоны, што задаволіла Швецыю[3]:119.

У сувязі з напружанасцю ў дачыненнях з суседзямі, на пачатку 1920-х гадоў кіраўніцтва Фінляндыі намагалася развіваць ваеннае супрацоўніцтва з Польшчай, Літвой, Латвіяй і Эстоніяй. Пэўныя дамоўленасці ў галіне ваеннай разведкі і боегатоўнасці былі дасягнутыя толькі з Эстоніяй[3]:120.

Міжваенны перыяд правіць

 
Фінляндыя ў 1920—1940 гадах.

Унутраная палітыка правіць

Пасля грамадзянскай вайны ўзровень недаверу паміж палітычнымі групамі заставаўся высокім, нягледзячы на паступовую амністыю чырвонагвардзейцаў. 1920-я гады характарызаваліся нядоўгатрывалымі ўрадамі, што змяняліся 13 разоў за гэтае дзесяцігоддзе[3]:122. Асноўныя палітычныя лагеры краіны перажывалі ў гэты час унутраны раскол. Кіраўніцтва Сацыял-дэмакратычнай партыі з 1919 года прытрымлівалася ідэі паступовых рэформ, што выклікала адкол больш радыкальных камуністаў у 1922 годзе. Раскол у буржуазным лагеры быў выкліканы пытаннем нацыянальнай гвардыі[en], што дзейнічала як узброенае апалчэнне без афіцыйных сувязей з дзяржавай. Левыя ўспрымалі існаванне гвардыі як пагрозу дэмакратыі, і ўрад намагаўся скараціць магчымасці яе выкарыстання для палітычнага націску[3]:120-121. Буржуазныя партыі халодна ставіліся да сацыял-дэмакратаў і не жадалі з імі супрацоўнічаць[3]:122.

Прэзідэнт выконваў цырыманіяльныя функцыі і меў паўнамоцтвы фармаваць міжнародную палітыку, якія на практыцы падзяляў з прэм’ер міністрам і міністрам замежных спраў. Усе першыя прэзідэнты Фінляндыі знаходзіліся ва ўладзе не больш за адзін прэзідэнцкі тэрмін. Так, першы прэзідэнт Стольберг займаў пасаду з 1919 па 1925 год. Пасля яго, з 1925 па 1931 год, прэзідэнтам быў Лаўры Крысціян Рэландэр з Аграрнага саюза. Рэландэра змяніў прадстаўнік правых Свінхувуд, што ўжо меў досвед кіравання незалежнай Фінляндыяй. У 1937 годзе прэзідэнтам стаў Кюёсці Каліа, але ў 1940 годзе страціў пасаду праз хваробу[3]:120.

Моўнае пытанне правіць

Пачатак XX стагоддзя ў Фінляндыі суправаджаўся ростам значэння фінскай мовы і адыходам на другі план шведскай. На працягу 1880—1940 гадоў доля шведскамоўнага насельніцтва Фінляндыі зменшылася з больш за 14 % да менш за 10 %. Праз адносна невялікую долю шведскамоўных грамадзян, дамінаванне шведскай мовы ў палітыцы скончылася пасля выбарчай рэформы 1906 года[fi]. Тым не менш, перавага шведскай мовы захоўвалася сярод камерцыйнай эліты, у навуцы, мастацтве і культуры[3]:121.

Частка носьбітаў шведскай мовы намагалася захаваць сваю моўную ідэнтычнасць. У абыходак увайшлі паняцці «фінляндскі швед[en]» і «фінляндзец», што адасабляліся ад «фінаў». У 1917—1921 гадах найбольш радыкальныя прадстаўнікі шведскамоўнай меншасці выступілі з патрабаваннямі аб моўным самакіраванні. Вынікам змагання за статус шведскай мовы стала распараджэнне ўрада 1919 года, якое абвяшчала шведскую і фінскую мову нацыянальнымі. У 1921 годзе парламент прыняў закон аб мове, што забяспечваў права фінляндскім шведам карыстацца сваёй роднай мовай у камунікацыі з дзяржаўнымі органамі, а таксама гарантаваў моўную роўнасць у іншых аспектах жыцця[3]:121[6]. Адной з прычын спрыяльнага стаўлення да шведскай мовы было жаданне ўрада ўмацаваць скандынаўскую арыентацыю ў галіне бяспекі[3]:122.

Гарантыі абароны шведскай мовы выклікалі супраціўленне сярод радыкальных фенаманаў, якія ў 1924 годзе пачалі дамагацца пераводу ўсяго жыцця краіны на фінскую мову. Арганізацыя «Акадэмічная карэльская суполка[en]» (АКС, фінск.: Akateeminen Karjala-Seura), што першапачаткова прасоўвала ідэі стварэння Вялікай Фінляндыі, у 1930-х гадах займалася змаганнем за поўны пераход універсітэта Хельсінкі на фінскую мову навучання. Увесну 1937 года парламентам быў прыняты закон аб універсітэтах, які падкрэсліваў першараднасць фінскай мовы, але адначасова гарантаваў працяг выкладання шведскай[3]:121.

Лапуаскі рух правіць

 
Сустрэча кіраўнікоў Лапуаскага руху 6 сакавіка 1932 года.

У канцы 1920-х гадоў у большасці краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы назіралася ідэалагічнае змаганне паміж прасавецкімі камуністамі і нацыяналістычнымі антыкамуністамі. Гэты канфлікт быў характэрны і для Фінляндыі, улады якой узмацнілі супраціўленне падпольнай камуністычнай дзейнасці. У 1929 годзе камуністы правялі шэраг забастовак і дэманстрацый, што прывяло да паглыблення супрацьстаяння і страху таго, што пачнецца новая грамадзянская вайна. Для змагання з камуністамі быў створаны Лапуаскі рух[en], што абапіраўся на сялян, гвардзейцаў і прамыслоўцаў-экспарцёраў. Ягоным сімвалам стаў заможны селянін Віхтары Косала[en] з Астработніі[3]:122.

Прыхільнікі Лапуаскага руху крытыкавалі дзяржаву за недастаткова рашучыя абмежаванні камуністычнай дзейнасці і патрабавалі поўнай яе забароны. Яны ладзілі антыкамуністычныя мітынгі, а ў дачыненні да камуністаў і сацыял-дэмакратаў прымянялі гвалтоўную дэпартацыю да савецкай мяжы. У ліпені 1930 года лапуасцы арганізавалі 12-тысячны паход на сталіцу[fi] з патрабаваннем змены ўрада. Паход быў паспяховым і ўвосень таго ж года новы ўрад поўнасцю забараніў камуністычную дзейнасць[3]:122-123.

Узімку 1932 года Лапуаскім рухам была арганізавана спроба дзяржаўнага перавароту[en], якая скончылася правалам. Супраць путчыстаў былі распачатыя судовыя справы, а сам рух трансфармаваўся ў палітычную партыю[en]. Партыя не атрымала шырокай падтрымкі і ў 1930-х гадах набірала не больш за 7 % галасоў на парламенцкіх выбарах. Досвед Лапуаскага руху падштурхоўваў менш радыкальныя партыі да кампрамісаў, і далейшая палітычная сітуацыя ў Фінляндыі развівалася на ўзор Швецыі і Даніі, дзе сацыял-дэмакратычныя і сялянскія партыі ўтваралі кааліцыі. Увесну 1937 года ў краіне быў утвораны кааліцыйны ўрад[en], які пачаў будаваць дзяржаву ўсеагульнага дабрабыту на аснове дэмакратычных прынцыпаў[3]:123.

Міжнародная палітыка правіць

У 1930-х гадах у Еўропе адначасова адбываліся працэсы ўмацавання ваеннага патэнцыялу СССР і прыходу Адольфа Гітлера да ўлады ў Германіі. Ліга Нацый, якая мусіла забяспечваць мір, паступова губляла сваю значнасць. У сувязі з гэтым Фінляндыя імкнулася да альянсу са скандынаўскімі краінамі, чыя палітыка нейтралітэту паказала сваю эфектыўнасць у часе Першай сусветнай вайны. Абарончы саюз паміж Швецыяй і Фінляндыяй павінен быў бы стрымліваць СССР, і для гэтага краіны вялі перамовы наконт сумеснай мілітарызацыі Аландскіх астравоў, аднак гэтыя планы не здзейсніліся праз незадаволенасць савецкага боку, выказаную ўвесну 1939 года. Такім чынам, у канцы 1930-х гадоў Фінляндыя засталася без міжнароднай падтрымкі[3]:123-124.

Савецка-фінская «зімовая» вайна (1939—1940) правіць

 
Тэрыторыі, ўступленыя Фінляндыяй СССР, а таксама арандаваныя СССР у 1940 годзе

Нядоўгі мір (1940—1941) правіць

Савецка-фінская вайна (1941—1944) правіць

Лапландская вайна (1944—1945) правіць

Нейтральная Фінляндыя правіць

 
Сцяг Фінляндыі з 26 мая 1978 года

Еўрапейскі саюз (з 1994) правіць

Гл. таксама правіць

Крыніцы правіць

  1. Dörte Minkoley, Jan Schröter. Helsinki und Umgebung. Edition Temmen. 3.,aktaulisierte Auflage 2003. ISBN 3-86108-431-7
  2. Dirk Kruse-Etzbach. Finnland. Reisenhandbuch. Iwanowski. 3., aktaulisierte Auflage 2003 ISBN 3-933041-08-2
  3. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг ад ае аё аж аз аі ак ал ам ан ао ап ар ас ат ау аф ах ац ач аш аэ аю ая ба бб бв бг бд бе Мейнандэр Х. Гісторыя Фінляндыі: Лініі, структуры, пераломныя моманты; пер. са шведскай Вольгі Рызмаковай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — ISBN 978-985-02-1748-6.
  4. Сум // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 265.
  5. Frost, Robert I. (2000). The Northern Wars: War, State, and Society in Northeastern Europe, 1558–1721. Modern wars in perspective. Upper Saddle River, New Jersey: Pearson Education. ISBN 0-582-06429-5.
  6. Matikainen, Tiina (15 сакавіка 2011). Intoroduction to the Language Situation in Finland [англійская].