Ішымская раўніна
Ішымская раўніна — паўднёвая частка Заходне-Сібірскай раўніны, у міжрэччы Іртыша і Табола. Адміністрацыйна размешчана на тэрыторыі Курганскай, Цюменскай і Омскай абласцей Расіі, а таксама ў Паўночна-Казахстанскай вобласці.
Працягласць раўніны з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход складае каля 500 км. Вышыня над узроўнем мора - 120-140 м. Раўніна складаецца пяскамі і глінамі неагенавага ўзросту, перакрытымі чахлом лёсападобных суглінкаў. Паверхня ўяўляе сабой плоскую раўніну, якая ўскладнена грывамі, лагчынамі, катлавінамі і шырокімі, неглыбокімі далінамі рэк. У паніжэннях і далінах вялікая колькасць прэсных, горка-салёных і салёных азёр. Улетку некаторыя невялікія азёры і рэкі перасыхаюць. У ландшафце пераважаюць лугавыя стэпы і бярозавыя лясы. Раўніна амаль цалкам разараная.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1998. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2