Агент Блю, «эйджэнт блю»[1] (англ.: Agent Blue, блакітны рэагент) — кодавая назва ваеннага гербіцыда і дэфаліянта, які ўяўляе сабой водную сумесь какодзілавай кіслаты (5%) і яе натрыевай солі (26 %). Вырабляўся па замове Міністэрства абароны ЗША кампаніяй «Энсал» (вытворцам пенных і парашковых вогнетушыцеляў)[2]. Прымяняўся падчас В’етнамскай вайны для знішчэння травяністых раслін, у прыватнасці пасеваў рысу, каб пазбавіць мясцовых партызан і паўстанцаў харчовай базы.

Назва сумесі паходзіць ад сіняй маркіровачных паласы, якая наносілася вакол стандартнай ёмістасці (208-літровай каністры) і ў такім выглядзе пастаўлялася ў армію.

Агент Блю ўпершыню быў ужыты ў лістападзе 1962 года і на працягу ўсёй вайны заставаўся найлепшым сродкам для знішчэння ўраджаю. Прымяненне такіх праектаў «знішчальнікаў ураджаю» да 1963 павінна было зацвярджацца непасрэдна Белым домам. Затым гэтая задача была ўскладзена на амерыканскага пасла ў Рэспубліцы В’етнам, бо фармальна рашэнне зацвярджалася Урадам Рэспублікі В’етнам (прызначаным у Вашынгтоне), а ЗША толькі выступалі гарантамі суверэнітэту названай рэспублікі. На справе ж, і рашэнне аб вытворчасці названага сродку вядзення вайны, і рашэнне аб яго прымяненні прымаліся ў Вашынгтоне (Рэспубліка В’етнам не валодала магчымасцямі па самастойнаму вырабу і прымяненню дэфаліянтаў, як у плане адсутнасці развітой ваенна-хімічнай прамысловасці, так і авіяцыйных сродкаў-распыляльнікаў і лётнага складу для кіравання імі). Да ліпеня 1969 года ў якасці Агента Блю выкарыстоўваўся выключна Phytar 560, выраблены Ansul Chemical Company. Паміж 1962 і 1964 гадамі было выдаткавана 25650 літраў агента Блю ў выглядзе парашка, а з 1964 па 1971 гады выдатак складаў ужо 4 715 731 літраў воднага раствора какодзілавай кіслаты з утрыманнем актыўнага рэчыва 360,3 г/л[3].

Зноскі

  1. Новые слова и значения: Словарь-справочник по материалам прессы и литературы 80-х годов — Институт лингвистических исследований (Российская академия наук), 1997—903 c.
  2. Russell-Manning, Betsy. Malathion: Toxic Time Bomb. (англ.) — San Francisco, Calif.: Greensward Press, 1991. — P.46 — 258 p. — ISBN 0-930165-49-7.
  3. Jeanne Mager Stellman, Steven D. Stellman, Richard Christian, Tracy Weber, Carrie Tomasallo: The extent and patterns of usage of Agent Orange and other herbicides in Vietnam. Nature, 17. April 2003, Vol. 422, S. 681—687, DOI:10.1038/nature01537.

Спасылкі

правіць