Адкрыты ліст, дазвол1992 г.) — афіцыйны дакумент, які выдаецца навуковымі ўстановамі на права правядзення даследчыкамі археалагічных разведак і раскопак. Усе самавольныя аматарскія доследы, звязаныя з пашкоджаннем помнікаў, забаронены.

Адкрыты ліст на правядзенне палявых даследаванняў, выдадзены З. Даленгу-Хадакоўскаму 14 (26) снежня 1818 г.

У Беларусі першы адкрыты ліст (грамату) атрымаў 14 снежня 1818 г. А. Чарноцкі. Напісаны ён на пергаменце на рускай, лацінскай і польскай мовах, падпісаны рэктарам Віленскага універсітэта С. Малеўскім; зберагаецца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне. У Расійскай імперыі самавольныя раскопкі старажытных помнікаў былі забаронены царскім указам 1846. У СССР з 1971 г. дзейнічаў закон аб ахове помнікаў гісторыі і культуры.

У Беларусі ўсе археалагічныя помнікі — гарадзішчы, курганы, рэшткі архітэктурных і культавых збудаванняў, умацаванняў, каменныя выявы (ідалы, крыжы) і г.д. — складаюць гісторыка-культурную спадчыну краіны і з'яўляюцца ўсенародным багаццем, знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Гэтыя помнікі даследуюцца ўстановамі (навуковымі і навукова-рэстаўрацыйнымі, ВНУ, музеямі і дзяржаўнымі органамі, дзе ёсць спецыялісты-археолагі), якія атрымалі адкрыты ліст на права вядзення палявых работ. Адкрытыя лісты выдаюцца ІГ НАН Беларусі (пасля разгляду заяўкі, пададзенай не пазней як за 2 тыдні да пачатку работ) паводле інструкцыі, распрацаванай у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (2006), «Палажэннем аб ахове археалагічных аб'ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ» (прынята Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 мая 2002). Рэгіструюцца Упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Адмовіць выдаць адкрыты ліст могуць у тым выпадку, калі ён ужо выдадзены іншай асобе альбо прэтэндэнт на атрыманне дакумента не мае адпаведнай навуковай кваліфікацыі. У адкрытым лісце ўказваецца пасада, месца працы, прозвішча даследчыка, назва адміністрацыйнага пункта і аб'екта, дзе вядуцца археалагічныя работы, віды работ (раскопкі, шурфоўка, назіранне, разведачнае даследаванне). Перадавяраць права работ іншай асобе забараняецца. У залежнасці ад характару даследаванняў выдаюць адкрытыя лісты 4 форм: формы 1 — на права выканання раскопак і разведак; формы 2 — на права вядзення разведак з абмежаваным (да 24 м на помніку) ускрыццём невялікіх участкаў паселішчаў і грунтавых могільнікаў; формы 3 — на права правядзення разведак без якіх-небудзь земляных работ; формы 4 — на права ахоўных даследаванняў (назіранне і тэрміновыя раскопкі) помнікаў, якія знаходзяцца ў аварыйным стане ці ў зоне будаўнічых работ. Пасля завяршэння палявых работ і камеральнай апрацоўкі рэчавых матэрыялаў даследчык абавязаны падрыхтаваць навуковую справаздачу па выніках палявых даследаванняў і прадставіць яе ў ІГ НАН Беларусі; ён нясе персанальную адказнасць за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, фіксацыю і захаванне знаходак у адпаведнасці з палявым вопісам да іх перадачы на пастаяннае захоўванне ў музей ці навуковыя археалагічныя фонды IГ НАН Беларусі.

Літаратура правіць

  • Адкрыты ліст // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 22. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Каханоўскі, Г. А., Трусаў, М. А. Адкрыты ліст / Г. А. Каханоўскі, М. А. Трусаў // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 27 — 28. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Кохановский, Г. А. Открытый лист З. Доленги-Ходаковского // Белорусские древности: доклады к конференции по археологии Белоруссии (январь―февраль 1968) / под редакцией В. Д. Будько [и др.]. — Мн.: [б. и.], 1967. — 457 с.
  • Левко, О. Н. Практическая археология: Учеб. пособие для студентов исторических учреждений, обеспечивающих получение высшего образования / О. Н. Левко. — Могилев: Могилевский государственный университет, 2006. — 255 с. — С. 29 — 32. — ISBN 985-480-192-6.