Адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе
Адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе (англ.: US Open) — чацвёрты і апошні з турніраў Вялікага шлема. Праводзіцца штогод у жніўні—верасні на працягу двух тыдняў перад Днём працы ў ЗША. Асноўны турнір складаецца з пяці першынствоў: адзінкавыя мужчынскія і жаночыя, парныя мужчынскія і жаночыя, мяшаныя парныя, а таксама два дадатковыя юнацкія турніры і спецыяльны турнір інвалідаў.
Ад 1978 года турнір праводзіцца ў Нацыянальным тэнісным цэнтры USTA, размешчаным у парку Флашын Медаўз-Карона ў Куінсе, Нью-Ёрк.
Значным адрозненнем Адкрытага чэмпіянату ЗША ад трох іншых турніраў Вялікага шлема з'яўляецца прысутнасць тайбрэйкаў у фінальным сэце. У астатніх турнірах пяты сэт для мужчын і трэці для жанчын доўжыцца, пакуль нехта не выйграе паводле рэзультатаў двух геймаў.
ГісторыяПравіць
Адкрыты чэмпіянат ЗША паходзіць з двух асобных турніраў: мужчынскага і жаночага. Упершыню мужчынскі турнір быў праведзены ў жніўні 1881 года ў Ньюпарт Казіно, Ньюпарт, Род-Айленд. Гэты турнір атрымаў назву «Нацыянальны чэмпіянат ЗША сярод мужчын» (англ.: U.S. National Singles Men's Championship). У турніры маглі ўдзельнічаць толькі клубы-члены Нацыянальнай асацыяцыі вялікага тэнісу ЗША.
Праз шэсць гадоў, у 1887 годзе, у Крыкетным клубе Філадэльфіі адбыўся першы афіцыйны тэнісны чэмпіянат сярод жанчын (англ.: U.S. Women's National Singles Championship), а ў 1889 — чэмпіянаты сярод жаночых і мяшаных пар.
У 1900 годзе быў упершыню праведзены «Нацыянальны чэмпіянат ЗША сярод мужчынскіх пар» (англ.: U.S. National Men's Doubles Championship). Спачатку турнір праводзіўся асобна ва ўсходняй і заходняй частках краіны для выяўлення двух наймацнейшых камандаў, якія пасля гулялі паміж сабою, а пераможца атрымліваў права змагацца за чэмпіёнства з дзейным уладальнікам тытула. Практыка правядзення папярэдніх раўндаў была спыненая ў мужчынскай частцы турніру ў 1911 годзе і ў жаночай у 1918 годзе.
Эра адкрытага тэнісу пачалася ў 1968 годзе, калі ўсе пяць першынствоў былі аб'яднаныя ў адзін агульны турнір пад назваю «Адкрыты чэмпіянат ЗША» (англ.: U.S. Open), які праводзіўся ў Тэнісным клубе Уэст Сайд, у Форэст Хілс. Акрамя таго, турнір 1968 года быў упершыню адкрыты для тэнісістаў-прафесіяналаў, якім не дазвалялася выступаць у турнірах да таго моманту. У тым жа годзе ў спаборніцтвах удзельнічала 96 мужчын і 63 жанчыны, прызавы фонд склаў 100 000 долараў ЗША. У 1978 годзе месца правядзення турніру было перанесена з Форэст Хілз у Флашын Медоўз, дзе з таго часу ён праходзіць кожны год.
КортыПравіць
Галоўны корт турніру — Артур Эш Стэдыум (англ.: Arthur Ashe Stadium), названы ў гонар знакамітага тэнісіста Артура Эша, які выйграў першы аб'яднаны турнір у 1968 годзе. Трыбуны корта змяшчаюць 24 000 гледачоў. Да пабудовы гэтага корта галоўным з'яўляўся Луіс Армстронг Стэдыум (англ.: Louis Armstrong Stadium).
Матчы праводзяцца на адкрытых кортах на цвёрдым пакрыцці маркі DecoTurf.
СпасылкіПравіць
- Афіцыйны сайт (англ.)