Ленскія слупы — геалагічнае ўтварэнне і аднайменны прыродны парк у Расіі, на беразе ракі Лены. Знаходзіцца ў Хангаласкім улусе Якуціі ў 104 км ад горада Пакроўска. Ленскія слупы ўяўляюць сабою комплекс вертыкальна выцягнутых скал, што цягнецца на многія кіламетры ўздоўж берага Лены, якая глыбокай далінай праразае Прыленскае плато. Найбольшай шчыльнасці слупы дасягаюць паміж паселішчамі Пятроўскае і Ціт-Ары.

Прыродны парк «Ленскія слупы»*
Lena Pillars Nature Park**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Ленскія слупы з ракі
Тып Прыродны
Крытэрыі viii
Спасылка 1299
Рэгіён*** Азія і Акіянія
Гісторыя ўключэння
Уключэнне   (невяд. сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Скальныя ўтварэнні, вышыня якіх даходзіць да 220 метраў над роўнем ракі (абс. адзнакі — да 321 м), складзены кембрыйскімі вапнякамі[1]. У тэктанічным дачыненні Ленскія слупы ляжаць у межах Сібірскай платформы. Пачатак фармавання горных парод, што склалі дадзены помнік прыроды, звычайна датуюць раннім кембрыем — 560—540 млн гадоў назад. Утварэнне ж Ленскіх слупоў як формы рэльефу датуюць значна пазнейшым перыядам — каля 400 тыс. гадоў назад, то бок параўнальна нядаўнім геалагічным часам. Тэрыторыя Сібірскай платформы падпадала пад паступовае ўзняццё, вынікам чаго стала ўзнікненне разломаў і ўтварэнне глыбокіх рачных далін. Гэта прывяло да актывізацыі карставых працэсаў, якія разам з эразійным выветрываннем, спарадзілі гэтак мудрагелістыя і размаітыя формы скал, складзеных карбанатнымі пародамі[2].

Дзекабрыст А. А. Бястужаў-Марлінскі захоплена адклікаўся пра Слупы:

«Нейкая святая цішыня ляжыць на некранутым тварэнні, і душа зліваецца з дзікай, але велічнай прыродай»[3].

Зноскі

  1. А. Колесов. Ленские столбы // «Наука и жизнь», № 7, 2002 г.
  2. В. В. Спектор, О. Н. Толстихин. Ленские столбы Архівавана 31 студзеня 2016. // Наука и техника в Якутии
  3. ЛЕНСКИЕ СТОЛБЫ — ПРИРОДНЫЙ ПАМЯТНИК МИРОВОГО ЗНАЧЕНИЯ (по материалам доклада Н. Г. Соломонова)(недаступная спасылка) // Сайт Якутского государственного университета им. М. К. Аммосова

Спасылкі правіць