Артыкуляцыя (фанетыка)
Артыкуляцыя (ад лац.: articulo — «расчляняю») у фанетыцы — сукупнасць рухаў асобных органаў мовы, неабходных для вымаўлення гукаў. Артыкуляцыяй называюць таксама і рух аднаго якога-небудзь органа мовы або яго становішча ў час вымаўлення пэўнага гука.
Адрозніваюць 3 фазы артыкуляцыі:
- Экскурсія (прыступ)
- Вытрымка
- Рэкурсія (адступленне)
У час экскурсіі органы мовы займаюць становішча, характэрнае для гука. Калі пры яго вымаўленні артыкуляцыя якога-небудзь органа не адыгрывае істотнай ролі, гэты орган загадзя займае становішча, неабходнае для вымаўлення наступнага гука.
У фазе вытрымкі ўсе органы, настроеныя на вымаўленне канкрэтнага гука, затрымліваюцца ў гэтым становішчы на пэўную долю секунды.
Рэкурсія — пераход органаў мовы ў зыходнае становішча, калі гучанне яшчэ працягваецца. Выразна яна назіраецца толькі перад паўзай або калі вымаўляецца толькі адзін гук.
У рэальных умовах звычайна прамаўляюцца не асобныя гукі, а маўленчы ланцужок, тады экскурсія наступнага гуку накладваецца на рэкурсію, а часам і на вытрымку папярэдняга гуку.
У адрозненне ад літар гукі не маюць назваў. Таму пералік артыкуляцый выкарыстоўваецца для таго, каб паказаць, які гук маецца на ўвазе.
Літаратура
правіць- Падлужны А. І. Артыкуляцыя гукаў // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9