Фанетыка
Фанетыка (грэч. phōnetikē гукавы), раздзел мовазнаўства, які вывучае фанетычную сістэму (гукавы лад) мовы.
Аб’ектам вывучэння з’яўляюцца гукавыя сродкі мовы — гукі, склады, націск, інтанацыя. Цэнтральнае месца ў фанетыцы займае вучэнне аб гуках, як асноўным сродку афармлення мовы, сродку яе матэрыялізацыі.
Фанетыка разглядае гукі з трох бакоў: фізічнага (акустычнага), фізіялагічнага (артыкуляцыйнага), функцыянальнага (лінгвістычнага, сацыяльнага[1]). Фізіка і фізіялогія вымаўлення гука з’яўляюцца ўласна фанетычнай стараной вывучэння гукавога ладу мовы, а функцыянальнасць гукаў (лінгвістычная, сацыяльная роля) вывучаецца такім раздзелам фанетыкі як фаналогія.
Апроч фаналогіі, таксама выдзяляюцца такія адносна самастойныя часткі фанетыкі, як акцэнталогія, сілабіка, інтаналогія. Фанетыка цесна звязана з арфаэпіяй, дае той зыходны матэрыял для выпрацоўвання правілаў і нарматыўных рэкамендацый. Маючы сваім аб’ектам матэрыяльны бок мовы, фанетыка звязана і з немовазнаўчымі навукамі: акустыкай, фізіялогіяй, таксама з псіхалогіяй.
У залежнасці ад задач вывучэння гукавога матэрыялу адрозніваюць фанетыку агульную, апісальную, гістарычную, параўнальную.
Своеасаблівасць фанетыкі сярод іншых мовазнаўчых дысцыплін у тым, што гукі мовы, у адрозненне ад іншых яе адзінак — марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў, — не маюць самастойнага сэнсавага значэння, а маюць толькі адну значную характарыстыку — гучанне. Але з іншага боку, гукі мовы, не маючы самі па сабе сэнсу, значэння, служаць для ўтварэння моўных адзінак, якія маюць сэнс, значэнне, такім чынам, гукі рэалізуюцца ў лексіцы і граматычным ладзе мовы.
Гл.далей: фанетычная транскрыпцыя, міжнародны фанетычны алфавіт.
Зноскі
- ↑ Паводле вызначэння Л. У. Шчэрбы.
КрыніцыПравіць
- Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.