Тлумачальны слоўнік беларускай мовы

«Тлумача́льны сло́ўнік белару́скай мо́вы» (ТСБМ) — першы тлумачальны слоўнік у гісторыі беларускай лексікаграфіі. Створаны ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР пад агульнай рэдакцыяй К. Атраховіча. Выдадзены ў 5 тамах у 1977—1984 гадах выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя»[1]. Выхад слоўніка стаў вынікам працяглай працы вялікага калектыву навуковых супрацоўнікаў[2].

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы
Краіна  Беларуская ССР
Мова арыгінала Беларуская
Выдавецтва БелЭн
Даты публікацыі 1977—1984

Яго матэрыяльнай асновай з’яўляецца фундаментальная картатэка Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР, якая стваралася амаль 25 гадоў і налічвае каля 3 мільёнаў картак-цытат[2].

Слоўнік тлумачыць значэнні слоў і фразеалагічных зваротаў, вызначае іх унармаванае ўжыванне, вымаўленне і напісанне. Асноўныя задачы — адлюстраванне лексіка-семантычнага стану беларускай літаратурнай мовы ад пачатку ХХ стагоддзя да 1970-х гадоў, садзейнічаць далейшай нармалізацыі беларускай мовы і павышэнню маўленчай культуры беларускага народа, служыць крыніцай для даследчыкаў пры вывучэнні лексічных сродкаў блізкіх па паходжанні моў[1].

У слоўніку змешчана больш за 105 тысяч слоў, фразеалагічных і тэрміналагічных выразаў. Лексічны матэрыял падаецца ў алфавітным парадку[1]. Уключаны навуковыя тэрміны, якія ўжываюцца ў школьных падручніках, у навукова-папулярных выданнях і перыядычным друку; агульнаўжывальная лексіка і фразеалогія, што выкарыстоўваецца ва ўсіх жанрах і стылях беларускай мовы; новыя словы, засвоеныя шырокім колам грамадскасці; іншамоўныя словы, архаізмы і гістарызмы і іншае[3].

Кожнае слова мае граматычную, стылістычную і акцэнталагічную характарыстыкі, цытаты з мастацкай, навуковай і публіцыстычнай літаратуры. Да слоў іншамоўнага паходжання даюцца этымалагічныя даведкі[1].

Не мае ўстарэлых і вузкадыялектных слоў, індывідуальных неалагізмаў, складаных прыметнікаў, якія пішуцца праз злучок, прыслоўяў з прыстаўкай «па-», літарных абрэвіятур[1].

Бібліяграфія

правіць

Зноскі

  1. а б в г д М. Р. Суднік. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 477.
  2. а б Сучасная беларуская літаратурная мова : вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па філалагічных спецыяльнасцях / [Д. В. Дзятко і інш.] ; пад рэдакцыяй Д. В. Дзятко. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — Мінск: Вышэйшая школа, 2020. — 588 с. — ISBN 978-985-06-3185-5.
  3. Дзмітрый Дзятко. Сучасная беларуская лексікаграфія: лексемныя тлумачальныя слоўнікі // Роднае слова. — 2018. — № 1. — С. 41.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць