Інстытут мовазнаўства НАНБ
Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа — навукова-даследчы інстытут у складзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1929—1935 і 1952—2007 гадах дзейнічаў як Інстытут мовазнаўства, у 1935—1952 гадах — як Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы. У лістападзе 2007 года аб’яднаны з Інстытутам літаратуры НАНБ у Дзяржаўную навуковую ўстанову «Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі». Як асобнае структурнае падрадзяленне філіял «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» зноў створаны загадам дырэктара дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» № 144 «Аб стварэнні філіялаў» ад 23.11.2015[1].
Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа | |
---|---|
Дата заснавання | 1929 |
Год рэарганізацыі | 2007, 2015 |
Дырэктар | Ігар Лявонавіч Капылоў |
Метро | Акадэмія навук |
Юрыдычны адрас |
Беларусь, 220072 Мінск, вул. Сурганава, 1, корп. 2 |
Сайт | iml.belcentre.by |
Гісторыя
правіцьІнстытут быў створаны 2.11.1929 рашэннем Прэзідыума АН БССР на базе мовазнаўчых кафедр і камісій, якія існавалі ў складзе Інстытута беларускай культуры; між іншым, Інстытут навуковай мовы быў перайменаваны ў Тэрміналагічную камісію. Таксама ў склад Інстытута ўвайшлі адпаведныя камісіі нацсектараў Інбелкульта. Першапачатковы склад Інстытута: 1) тэрміналагічная камісія; 2) камісія па складанню слоўніка жывой беларускай мовы; 3) дыялекталагічная камісія; 4) камісія па складанню гістарычнага слоўніка беларускай мовы; 5) правапісная камісія. Першы склад кіраўніцтва Інстытута (з 2.11.1929): дырэктар С. Некрашэвіч, намеснік Я. Лёсік, вучоны сакратар П. Бузук.
Неўзабаве пасля стварэння, у выніку рэпрэсій 1929—1931 гг., амаль усе значныя супрацоўнікі Інстытута былі арыштаваныя (з ліпеня 1930), а выкарыстанне прац рэпрэсаваных мовазнаўцаў было забаронена. Прэзідыум АН БССР на паседжанні 30.10.1930 усклаў часовае кіраўніцтва Інстытутам на Я. Мацюкевіча, які дагэтуль там не працаваў, а новых супрацоўнікаў рэкамендаваў браць «з настаўніцтва, знаёмых з мовазнаўчай працай». Практычна, праца Інстытута была спынена з-за нястачы кадраў. У лютым 1931 у Інстытуце працавалі 6 чалавек[2].
Інстытут быў паўторна створаны 29.3.1931 рашэннем Прэзідыума АН БССР у сувязі з «перабудовай структуры» Акадэміі; дырэктарам быў прызначаны П. Бузук (25.4.1931). Вучоным сакратаром у 1932 быў П. Юргелевіч. У сакавіку 1933 кіраўніцтва КПБ прыняло пастанову аб «ідэалагічных зрывах» у працы АН БССР (гл. таксама: рэпрэсіі ў СССР 1933-1934). Новым дырэктарам стаў І. Дварчанін (3.7.1933). Пасля ідэалагічнай кампаніі ў друку супраць Бузука і Мацюкевіча ў 1933, Інстытут пацярпеў новыя кадравыя страты ў студзені 1934 пасля праверкі выканання сакавіцкай пастановы ЦК КПБ(б) 1933 датычна Інстытута мовазнаўства.
У ліпені 1935 у сувязі са «змяненнем структуры» АН БССР пастановай ЦК КПБ(б) Інстытут быў уведзены ў склад аб’яднанага Інстытута літаратуры, мастацтва і мовы пад часовым кіраўніцтвам Вольскага. Рэальнай падставай для такой пастановы сталася, відаць, рэзкае скарачэнне колькасці навуковых кадраў пасля палітычных рэпрэсій пачатку 1930-х гадоў. У 1936 - 1937, да новай хвалі рэпрэсій, Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы ўзначальваў А. Александровіч. У 1937 некаторы час абавязкі дырэктара інстытута выконваў Р. В. Краснеўскі, а з 1937 па 1952 дырэктарам быў В. В. Барысенка. У 1940 Інстытут складаўся з дзвюх секцый (літаратуры і мовы) і працаваў над 5-цю навуковымі тэмамі, з якіх тры былі мовазнаўчага профілю: 1) беларуска-рускі слоўнік; 2) вывучэнне беларускіх народных гаворак; 3) удасканаленне беларускага правапісу.
Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва быў адноўлены ў ліпені 1944 (да 1946 яго часова ўзначальваў член-карэспандэнт М. Ц. Лынькоў) у складзе трох сектараў: беларускай літаратуры, беларускай мовы і мастацтва. У сектары мовы ў гэты перыяд працавалі К. К. Крапіва (Атраховіч) (кіраўнік сектара), М. Р. Суднік, М. А. Жыдовіч, Ю. Ф. Мацкевіч, Г. Д. Жылуновіч, П. Ф. Глебка, Я. А. Язвінская, М. П. Лобан, Е. М. Броўка.
Інстытут мовазнаўства быў адноўлены як самастойная ўстанова ў складзе АН БССР 29.5.1952, пастановай Дзяржаўнай штатнай камісіі пры Савеце міністраў БССР; быў зацверджаны штат у 30 чалавек (14.6.1952). 15 жніўня 1956 Інстытуту было прысвоенае імя Якуба Коласа. У 1950-я гг. у структуры Інстытута працавалі сектары гісторыі беларускай мовы, беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай мовы, лексікалогіі і лексікаграфіі, навуковай тэрміналогіі.
У пасляваенны перыяд дырэктарамі Інстытута мовазнаўства былі акадэмік К. К. Атраховіч (Кандрат Крапіва), (1952—1956), акадэмік П. Ф. Глебка (1957), член-карэспандэнт М. Р. Суднік (1957—1983), член-карэспандэнт А. І. Жураўскі (1983—1989), акадэмік А. І. Падлужны (1989—2003). З 2003 г. дырэктарам Інстытута быў член-карэспандэнт, доктар філалагічных навук, прафесар А. А. Лукашанец.
У пачатку 1980-х у Інстытуце працавалі 83 навуковыя супрацоўнікі, сярод іх акадэмік (М. В. Бірыла), 3 члены-карэспандэнты (А. І. Жураўскі, Ю. Ф. Мацкевіч, М. Р. Суднік), 6 дактароў навук (М. В. Бірыла, А. М. Булыка, А. І. Жураўскі, В. У. Мартынаў, Ю. Ф. Мацкевіч, А. Я. Міхневіч), 35 кандыдатаў навук, 4 заслужаныя дзеячы навукі (М. В. Бірыла, А. І. Жураўскі, Ю. Ф. Мацкевіч, М. Р. Суднік).
Пастановай Прэзідыума НАН РБ 9.11.2007 Інстытут мовазнаўства быў аб’яднаны з Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы ў адзіны Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН РБ пад кіраўніцтва Аляксандра Лукашанца.
Як асобнае структурнае падрадзяленне філіял «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» створаны загадам дырэктара дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» № 144 «Аб стварэнні філіялаў» ад 23.11.2015. Кіраўніцтва: дырэктар Капылоў Ігар Лявонавіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт; намеснік дырэктара па навуковай рабоце Гаранін Сяргей Лявонцьевіч, кандыдат філалагічных навук, вучоны сакратар Міцкевіч Вольга Уладзіміраўна, кандыдат філалагічных навук.
Структура Інстытута
правіцьПа стане на 1 студзеня 2024 года ў склад Інстытута ўваходзяць:
- Аддзел сучаснай беларускай мовы
- Аддзел гісторыі беларускай мовы
- Аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі
- Аддзел лексікалогіі і лексікаграфіі
- Аддзел славістыкі і тэорыі мовы
- Аддзел беларуска-рускіх моўных сувязей
- Рэспубліканская тапанімічная камісія
- Рэспубліканская тэрміналагічная камісія
Кіраўніцтва Інстытута
правіцьДата прызначэння | Дырэктар | Намеснік | Вучоны сакратар |
2.11.1929 | С. Некрашэвіч | Я. Лёсік | П. Бузук |
30.10.1930 | Я. Мацюкевіч (час.) |
| |
25.4.1931 | П. Бузук |
| |
3.7.1933 | І. Дварчанін |
| |
ліпень 1935 | Віталь Вольскі (час.)(у складзе ІЛММ) |
| |
1936 | А. Александровіч (у складзе ІЛММ) (да 1937) |
| |
1937 | В. В. Барысенка (у складзе ІЛММ) (да 1952, з перапынкам 1941—1946) |
| |
1944 | М. Ц. Лынькоў (у складзе ІЛММ) (да 1946) | ||
14.6.1952 | К. К. Атраховіч (Кандрат Крапіва) (да 1956) |
| |
1957 | П. Ф. Глебка |
| |
1957 | М. Р. Суднік (да 1983) |
| |
1983 | А. І. Жураўскі (да 1989) |
| |
1989 | А. І. Падлужны (да 2003) |
| |
2003 | А. А. Лукашанец (да 2007) |
| |
2016 | Ігар Лявонавіч Капылоў | Вольга Уладзіміраўна Міцкевіч |
Вядомыя супрацоўнікі
правіцьЗноскі
- ↑ Інстытут мовазнаўства — Пра Інстытут
- ↑ Запрудскі. Да перадгісторыі… С.111.
Літаратура
правіць- А. А. Лукашанец. Беларуская мова і беларускае мовазнаўства ў пачатку XXI стагоддзя. Праблемы и перспектывы // Роднае слова. № 8, 2005. С.122 - 133.
- С. М. Запрудскі. Да перадгісторыі «Руска-беларускага слоўніка» пад рэдакцыяй А. Александровіча // Vocabulum et vocabularium: Сб. научн. трудов по лексикографии. Отв. ред. В. В. Дубичинский. — Вып. 5. — Гродно: ГрГУ, 1998. — 188 с. ISSN 0453-79998. С.110—114.