Аляксандр Іосіфавіч Падлужны
Аляксандр Іосіфавіч Падлу́жны[1] (16 жніўня 1935, Залессе, Мсціслаўскі раён — 21 лістапада 2005) — беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук (1982), прафесар (1989), акадэмік НАН Беларусі (1994)[2], сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі (1997—2002), дырэктар Інстытута мовазнаўства (1989—2003), заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1999).
Аляксандр Іосіфавіч Падлужны | |
---|---|
Дата нараджэння | 16 жніўня 1935 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 лістапада 2005 (70 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | навуковы работнік |
Навуковая сфера | мовазнаўства |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар філалагічных навук |
Навуковае званне | |
Альма-матар |
|
Прэміі | |
Узнагароды |
Біяграфічныя звесткі
правіцьСкончыў Аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959), аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства (1964). Кандыдацкая дысертацыя на тэму «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы».
3 1962 года ў Інстытуце мовазнаўства (з 1969 загадчык аддзела, з 1983 намеснік дырэктара, з 1989 дырэктар), адначасова з 1997 акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай АН Беларусі.
У навуцы
правіцьЗаймаўся праблемамі сучаснай беларускай мовы і сацыялінгвістыкі, у раздзелах беларускай фанетыкі і фаналогіі, сучаснай беларускай лексікалогіі, граматыкі, правапісу і культуры мовы, моўнай палітыкі. Аўтар больш за 150 навуковых прац, у т.л. 16 манаграфій.
У 1990-я гады быў намеснікам старшыні Дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні беларускага правапісу і кіраўніком рабочай групы па падрыхтоўцы праекту новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Пад яго кіраўніцтвам былі складзеныя «Высновы» камісіі з апісаннем асноўных падыходаў да змянення існуючых правапісных норм, і праект новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (праект асвятляўся ў друку каля 2000—2002, але не ажыццяўляўся).
Быў старшынём Навуковай рады «Беларуская мова і шляхі яе развіцця», членам рабочай групы і кіраўніком беларускай нацыянальнай групы Міжнароднай камісіі па «Агульнаславянскім мовазнаўчым атласе», членам Камісіі па фанетыцы і фаналогіі пры Міжнародным камітэце славістаў, членам рэдакцыі бюлетэню «Беларуская лінгвістыка», старшынём Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі.
Падрыхтаваў 12 кандыдатаў навук, і сярод яго вучняў — некалькі дактароў навук. З 1989 года галоўны рэдактар часопіса «Беларуская лінгвістыка»[1].
Ацэнкі
правіцьЛічыцца заснавальнікам беларускай фанетычнай школы[3].
На пасадах намесніка дырэктара па навуковай рабоце і дырэктара Інстытуту мовазнаўства на працягу 20 гадоў фактычна ажыццяўляў каардынацыю ўсёй лінгвістычнай навукі ў Беларусі, а на пасадзе сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі вызначаў напрамкі даследаванняў у галіне ўсёй гуманітарнай навукі ў краіне[3].
Сваім удзелам у фундаментальных працах па нармалізацыі беларускага літаратурнага маўлення «Слоўнік беларускай мовы: Арфаэпія, арфаграфія, акцэнтуацыя, словазмяненне» і «Беларуская граматыка», дапамог «стрымаць дэструктыўныя тэндэнцыі ў сістэме беларускай літаратурнай мовы ў канцы XX ст. і захаваць адносную стабільнасць норм беларускай літаратурнай мовы і яе функцыянаванне ў грамадстве»[3].
Працы
правіць- «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы» (1969), манаграфія, у якой упершыню даследаваны фанемны склад беларускай мовы і разгледжаны механізм функцыянавання гукаў, які не паддаецца непасрэднаму назіранню. Гэта даследаванне з’явілася тэарэтычнай асновай для эксперыментальнага вывучэння гукаў беларускай мовы[3].
- «Гукі беларускай мовы» (1973; супольна з В. М. Чэкманам), праца, у якой разгледжаны асаблівасці ўтварэння галосных і зычных гукаў беларускай мовы, і такое апісанне ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве ажыццёўлена на эксперыментальным матэрыяле. Праца дала пачатак стварэнню навуковай апісальнай фанетыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, і да нашага часу з’яўляецца базай усёй навучальнай літаратуры па фанетыцы і фаналогіі беларускай мовы[3].
- «Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы» (1977), манаграфія.
- «Фанетычная сістэма беларускай мовы» (1981), доктарская дысертацыя, у якой упершыню ў беларускім мовазнаўстве прыведзены атрыманыя эксперыментальным шляхам звесткі пра акустычную будову маўлення і асаблівасці яго ўспрымання, і прапанавана акустычная класіфікацыя гукаў на аснове гэтай структуры.
- «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), манаграфія.
- «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), манаграфія.
- «Пытанні тэорыі і практыкі беларускай навуковай тэрміналогіі» (1999), манаграфія.
Калектыўныя працы
правіць- Нарматыўная «Беларуская граматыка» (частка 1, 1985), аўтар, супольна з акадэмікам М. В. Бірылам, раздзелаў «Фаналогія» і «Арфаэпія».
- Нарматыўны «Слоўнік беларускай мовы: Арфаэпія, арфаграфія, акцэнтуацыя, словазмяненне» (1987), адзін з аўтараў і член рэдкалегіі. Рэестр слоўніка пакладзены ў аснову акадэмічнага Слоўніка беларускай мовы (2012).
- Энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994), адзін з аўтараў і член рэдкалегіі.
Узнагароды
правіцьЗноскі
- ↑ а б Беларусь 1995.
- ↑ Па спецыяльнасці мовазнаўства.
- ↑ а б в г д [Лукашанец 2005].
Літаратура
правіць- Календа Л. В. Падлужны Аляксандр Іосіфавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Падлужны Аляксандр Іосіфавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 548. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Лукашанец А. А. Аляксандр Іосіфавіч Падлужны (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Весці Нацыянальнай акадэміі Беларусі. Нумар 3, 2005. — С. 120—122. У Сеціве, У Сеціве (копія).
Спасылкі
правіць- Аляксандр Іосіфавіч Падлужны ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі
- Падлужны Аляксандр Іосіфавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»