Грэчаская мова
Грэ́чаская мо́ва — індаеўрапейская мова грэчаскай падгрупы . Уваходзіць у заходнюю зону індаеўрапейскай дыялектнай вобласці, мае найбольш цесныя генетычныя сувязі з старажытнамакедонскай мовай[3].
Грэчаская мова | |
---|---|
Саманазва | Ελληνικά [e̞ˌliniˈka] |
Краіны | Грэцыя, Кіпр; абшчыны ў Абхазіі, Аўстраліі, Албаніі, Арменіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Егіпце, Ізраілі, Італіі, Казахстане, Канадзе, Расіі, ЗША, Турцыі, Украіне, Швецыі |
Афіцыйны статус |
Грэцыя |
Арганізацыя, якая рэгулюе | Center for the Greek Language[d] |
Агульная колькасць носьбітаў | звыш 13 млн[2] |
Статус | у бяспецы[d] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
|
|
Пісьменнасць | грэчаскі алфавіт |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | гре 157 |
ISO 639-1 | el |
ISO 639-2 | gre (B); ell (T) |
ISO 639-3 | ell |
ISO 639-5 | grk |
ABS ASCL | 2201 і 22 |
IETF | grk |
Glottolog | gree1276 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Распаўсюджанне: Грэцыя, Кіпр, Егіпет, Расія, Украіна, Албанія, Італія і інш. Колькасць носьбітаў у свеце: 13,4 млн.ч.; у т.л., 10,7 млн.ч. у Грэцыі (2012)[2].
Статус афіцыйнай або нацыянальнай мовы: Грэцыя, Кіпр.
На грэчаскай мове на ўсіх этапах яе існавання была створана вельмі багатая літаратура. У Рымскай імперыі веданне грэчаскай мовы лічылася абавязковым для ўсякага адукаванага чалавека. У лацінскай мове прысутнічае вялікая колькасць грэчаскіх запазычанняў, а ў грэчаскай — значная колькасць лацінскіх і раманскіх слоў. У Новы час старажытнагрэчаская мова стала (разам з лацінскай) крыніцай стварэння новых навуковых і тэхнічных тэрмінаў (так званая міжнародная лексіка). Ва ўсходнеславянскія мовы грэчаскія словы пранікалі ў асноўным двума шляхамі — праз міжнародную лексіку і праз царкоўнаславянскую мову.
Назва
правіцьПрыметнік «грэчаскі» ўтвораны ад назоўніка «грэк», які ўзыходзіць да праслав.: *grьkъ, запазычанага з лац.: graecus, якое ў сваю чаргу запазычана са стар.-грэч.: γραικός — назвы аднаго з грэчаскіх плямён[4][5]. Саманазва мовы — ἡ Ἑλληνικὴ γλῶττα — утворана ад Ἕλλην «элін», «грэк», якое не мае адназначнай і пераканаўчай этымалогіі[6].
Пісьменнасць
правіцьПісьменнасць на аснове грэчаскай графікі. Найстарэйшыя помнікі пісьменнасці адносяцца да 14—12 ст. да н. э., і напісаныя складовым крыта-мікенскім пісьмом . Першыя помнікі алфавітнага грэчаскага пісьма адносяцца да 8—7 ст. да н. э.
Дыялекты
правіцьАпроч новагрэчаскага кайнэ, выдзяляюцца 4 новагрэчаскія дыялекты: панційскі (старажытна-іанічныя рысы і сярэднегрэчаская марфалогія), кападакійскі (блізкі да панційскага, але моцна закрануты турэцкім уплывам), цаконскі (адзіны дыялект, які працягвае традыцыю старажытнага дарыйскага дыялекту); ніжнеіталійскі.
Новагрэчаская літаратурная мова існуе ў дзвюх адменах: кафарэвуса, «ачышчаная», якая працягвае традыцыйную атычную норму, і дымоціка, «народная», створаная на аснове гаворак Цэнтральнай Грэцыі.
Гісторыя
правіцьУ гісторыі грэчаскай мовы выдзяляюцца тры перыяды[7]:
- старажытнагрэчаская мова (XIV ст. да н. э. — IV ст. н. э.);
- архаічны перыяд (XIV ст. да н. э. — VIII ст. да н. э.);
- класічны перыяд (VIII ст. да н. э. — IV ст. да н. э.);
- эліністычны перыяд (IV ст. да н. э. — I ст. да н. э.) — у гэты перыяд склалася старажытнагрэчаскае кайнэ;
- познягрэчаскі перыяд (I—IV стст. н. э.);
- візантыйская мова (сярэднягрэчаская мова, V—XV стст.) — мова грэчаскага і элінізаванага насельніцтва Візантыйскай імперыі; многія неаэліністы выступаюць супраць гэтага тэрміна ў сувязі з выяўленай неаднароднасцю мовы ў гэты перыяд і прапануюць гаварыць аб суіснаванні ранняй новагрэчаскай і старажытнагрэчаскай;
- новагрэчаская мова (з XV ст.) — мова грэчаскага і элінізаванага насельніцтва, якое пражывала ў позняй Візантыі, Асманскай імперыі, і, нарэшце, сучасная пісьмовая, размоўная і афіцыйная мова незалежных Грэцыі і Кіпра. Новагрэчаскае кайнэ склалася ў XVIII—XIX стст. У яго аснову ляглі паўднёвыя дыялекты. Новагрэчаская мова ўваходзіць у так званы Балканскі моўны саюз[8].
Старажытнагрэчаская мова распадалася на мноства дыялектаў. Прынята вылучаць чатыры дыялектныя групы: усходнюю (іанійскі, атычны дыялекты), заходнюю (дарыйскі), аркада-кіпрскую (паўднёваахейскую) і эалійскую (паўночнаахейскую)[7]. На аснове атычнага дыялекту пазней у эліністычную эпоху (пасля паходаў Аляксандра Македонскага) склалася агульнагрэчаскага мова — так званае кайнэ (κοινή), якое стала размоўнай і адміністрацыйнай мовай на шырокіх тэрыторыях усходняга Міжземнамор’я. Да кайнэ ўзыходзяць амаль усе сучасныя грэчаскія дыялекты. Выключэнне складае ізаляваны цаконскі дыялект, ці мова (грэч. τσακωνικά), якая традыцыйна ўзводзіцца да старажытнага дарыйскага дыялекту[8].
Граматычны строй старажытнагрэчаскай адрозніваўся значнай складанасцю: тры асноўныя тыпы скланення назоўнікаў, пяць склонаў, некалькі тыпаў спражэнняў дзеясловаў, моцна развітая сістэма дзеяслоўных часоў, вялікая колькасць займеннікаў, прыназоўнікаў і часціц.
Рад змяненняў, пераважна ў фанетыцы, якія адбыліся ў позні старажытнагрэчаскі і сярэднегрэчаскі перыяды, далі пачатак новагрэчаскай мове. Новагрэчаскае кайнэ было створана на аснове паўднёвых дыялектаў і шырока распаўсюдзілася ў гарадах на працягу 18—19 ст.
У XIX і XX стагоддзях у Грэцыі існавала так званая дыглосія, гэта значыць было два моўныя варыянты: кафарэвуса (καθαρεύουσα) — арыентаваная на грэчаскую літаратурную традыцыю і на старажытнагрэчаскія нормы пісьма, але з сучасным вымаўленнем, і ўзнікшая ў XIX стагоддзі дымотыка (δημοτική)[8]. З 1976 года афіцыйным мовай з’яўляецца дымотыка (з некаторымі элементамі кафарэвусы).
Да 1982 года на пісьме выкарыстоўвалася багатая політанічная сістэма дыякрытыкі: тры віды націску (востры, тупы, пакрыты) і два тыпы прыдыхання (тонкае і густое), а таксама знак-раздзяляльнік: так званы дыерэзіс, ці трэма́ (¨). У вуснай мове няма прыдыханняў і не адрозніваюцца тыпы націску, таму з 1982 года афіцыйна ўжываецца монатанічная сістэма з адным знакам націску і дыерэзісам.
Граматыка
правіцьУ старжытнагрэчаскай мове іменныя часціны мовы мелі пяць склонаў (назоўны, родны, давальны, вінавальны, клічны), тры роды (мужчынскі, жаночы, ніякі) і тры лікі (адзіночны, парны і множны).
Дзеясловы мелі чатыры лады (індыкатыў, імператыў, кан’юнктыў і аптатыў), тры станы (незалежны, залежны і медыяльны), тры асобы, два тыпы спражэння, дзве групы часоў: галоўныя (цяперашні час, будучы, перфект) і гістарычныя (аорыст, імперфект і плюсквамперфект).
У марфалогіі сучаснай грэчаскай мовы страціўся парны лік, скарацілася склонавая сістэма (засталіся назоўны, родны, вінавальны склоны; клічны склон — толькі для мужчынскага роду; давальны склон супаў з родным). У сістэме дзеяслоўных часоў развіліся новыя мадэлі ўтварэння складаных часоў (перфекта, плюсквамперфекта, будучага часу).
Заўвагі
правіць- ↑ European Charter for Regional or Minority Languages(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 мая 2012. Праверана 16 кастрычніка 2013.
- ↑ а б Грэчаская мова // Этналог (англ.).
- ↑ Гэтая сувязь аспрэчваецца ў Македоніі
- ↑ Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. — Прогресс. — М., 1964–1973. — Т. 1. — С. 455.
- ↑ Этимологический словарь славянских языков. — М.: Наука, 1980. — Т. 7. — С. 163.
- ↑ Frisk H. Griechisches etymologisches Wörterbuch, Band I. — Carl Winter’s Universitätsbuchhandlung. — Heidelberg, 1960. — С. 498—499.
- ↑ а б Нерознак В. П. Греческий язык // Лингвистический энциклопедический словарь. — С. 118.
- ↑ а б в Нерознак В. П. Греческий язык // Лингвистический энциклопедический словарь. — С. 119.
Літаратура
правіць- Нерознак В. П. Греческий язык // Лингвистический энциклопедический словарь. — М., 1990. С. 118—119.
- Грэчаская мова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 511. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
Спасылкі
правіць- Грэчаская мова // Этналог. (англ.)