Арменія

краіна ў Каўказскім рэгіёне

Арме́нія (арм.: Հայաստան), Рэспу́бліка Арме́нія (арм.: Հայաստանի Հանրապետություն) — краіна на паўднёвым Каўказе. Мяжуе з Турцыяй на захадзе, з Грузіяй на поўначы, з Азербайджанам на ўсходзе, з Іранам і Нахічэванскай Аўтаномнай Рэспублікай Азербайджана на поўдні. Арменія кантралюе частку тэрыторыі Азербайджана (эксклавы Кяркі, Бархударлы, Сафулу, Верхняя Аскіпара).

Рэспубліка Арменія
арм.: Հայաստանի Հանրապետություն
Герб Арменіі
Сцяг Арменіі Герб Арменіі
Гімн: «Мер Айрэнік»
Заснавана IVII стст. да н.э.
Дата незалежнасці 28 мая 1918 года
(ад ЗДФР)
21 верасня 1991 года[1] (ад СССР)
Афіцыйная мова армянская
Сталіца Ерэван
Найбуйнейшыя гарады Ерэван, Гюмры, Ванадзор
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка[2]
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Армен Саркісян
Нікол Пашынян
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
138-я ў свеце
29 743 км²
4,71
Насельніцтва
• Ацэнка (2016)
Шчыльнасць

2.924.800[3] чал.
101,2 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$32,893 млрд.[4]
$10,995
ВУП (намінал)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$13,302 млрд.  (132-ы)
$4,446
ІРЧП (2017) 0,755[5] (высокі) (83-ы)
Этнахаронім армянін, армянка, армяне
Валюта армянскі драм
Інтэрнэт-дамен .am
Код ISO (Alpha-2) AM
Код ISO (Alpha-3) ARM
Код МАК ARM
Тэлефонны код +374
Часавыя паясы +4[6]

Арменія — унітарная, шматпартыйная, дэмакратычная дзяржава-нацыя з даўняй гісторыяй і культурнай спадчынай. Сучасная Арменія — парламенцкая (з 2018) рэспубліка, прэзідэнт мае прадстаўнічыя функцыі. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент, выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.

Уваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз, Савет Еўропы і Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Этымалогія

правіць

Уласная армянская назва краіны — Айк (ад легендарнага патрыярха армян Айка (Հայկ), прапраўнука Ноя, які, паводле Маўсеса Харэнацы, у 2492 да н.э. перамог вавілонскага цара Бела і лічыцца пачынальнікам дзяржавы-нацыі каля Арарата)[8]. У Сярэднявеччы праз даданне персідскага суфіксу -стан (месца) назва пашырылася да Аястан.

Экзонім Арменія з’яўляецца ў старажытнаперсідскім Бехістунскім надпісе (515 да н.э.) як Арміна (         ). Ён значыў краіну Урарту[9]. Старажытнагрэчаскія тэрміны Ἀρμενία (Арменія) і стар.-грэч.: Ἀρμένιοι (Арменіёй, «Армяне») упершыню выкарыстоўвае Гекатэй Мілецкі (Каля 550 да н.э. — Каля 476 да н.э.).[10]. Грэчаскі стратыг Ксенафонт, удзельнік некаторых персідскіх выправаў, апісвае мноства бакоў армянскага сялянскага жыцця і гасціннасці прыкладна ў 401 да н.э. Ён заўважае, што людзі размаўлялі мовай, для яго вуха падобнай да мовы персаў[11]. Згодна з версіямі як Маўсеса Харэнацы, так і Мікаэла Чамчана, Арменія паходзіць ад імя Арам, прамога нашчадка Айка[12][13].

Геаграфічнае становішча

правіць

Арменія ляжыць паміж 38° і 42° пн.ш. (г.зн., бліжэй да экватара, чым да полюса) ды 43° і 47° у.д.. Геаграфічна Арменія належыць да рэгіёна паўднёвага Каўказа, у больш шырокім сэнсе — да Пярэдняй Азіі. Не мае выхаду да мора.

Прырода

правіць
 
Тапаграфічная карта
 
Разбураны Спітак, снежань 1988

Большая частка тэрыторыі краіны горная (сістэма Малога Каўказа і Армянскае нагор’е), характар раўнін маюць вялікія даліны, найбольшая з якіх — Арарацкая. Каля 90 % краіны знаходзіцца на вышыні болей за 1000 метраў, што дазваляе Арменіі ўвайсці ў дзясятку краін з найбольшай сярэдняй вышынёй паверхні і робіць яе «гарысцей» за Швейцарыю або Непал![14] самым высокім пунктам краіны з’яўляецца вулкан Арагац (4 090 м), самыя нізкія ляжаць на вышыні 380 і 430 метраў (у далінах рэк Аракс і Дэбед на поўдні і поўначы краіны адпаведна). Арменія размешчана ў сейсмічна актыўнай зоне, апошнія моцныя землетрасенні адбыліся ў 1988 і 1993 гг.

У Арменіі маюцца радовішчы 60 відаў карысных выкапняў. Знойдзены паклады ўсіх відаў металаў: каляровых, чорных, рэдкіх, каштоўных, рассеяных. Найбольш багатыя запасы медна-малібдэнавых руд і золата. Па запасах малібдэну Арменія адносіцца да сусветных лідараў. Візітоўкай Арменіі ў свеце карысных выкапняў з’яўляюцца будаўнічыя камяні: туф, базальты, пемза, мармур.

 
Зіма на Каўказе, Цагкадзор. Удалечыні, на дне даліны, бачна возера Севан

На раўнінах пануе субтрапічны клімат з кароткімі халоднымі зімамі і спякотнымі летамі. Увечары і ўначы летнюю спёку асцюджаюць брызы з гор. Зімой звычайна выпадае шмат снегу, таму армяне маюць магчымасць бавіць зімні час на гарналыжных курортах, самы вядомы з якіх — Цагкадзор. Вёсны кароткія, затое доўгія армянскія восені вядомыя сваёй яркай і маляўнічай лістотай. Сярэдняя тэмпература студзеня — −3 °C,a ліпеня — ад 24 °C да 26 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў складае ад 200 да 500 мм, летам адчуваецца моцны недахоп вільгаці. На ўзвышшах пануе ўмераны клімат, а на вышынях болей 2000 м — горны. Колькасць ападкаў у гарах складае болей за 800 мм у год.

 
Севан, здымак ад манастыра Севанаванк

Самая доўгая рака Арменіі — Аракс, па якой у некаторых частках праходзіць мяжа з Турцыяй і Іранам. Жыўленне рэк пераважна снегава-дажджавое, з вясновым разводдзем. Летам, калі сельскай гаспадарцы найбольш патрэбнае арашэнне, расход вады ў рэках моцна падае. Самы буйны штучны вадаём — Ахуранскае вадасховішча. У тэктанічнай упадзіне, на вышыні 1 900 м, знаходзіцца самае вялікае на Каўказе возера Севан (плошча паверхні 1 240 км², глыбіня да 83 метраў) — адно з самых вялікіх высакагорных азёр планеты. Балоты і багны Арарацкай даліны плошчай 1500 км² былі асушаны ў 1953—1955.

 
Лясы ў Дыліжанскім нацыянальным парку

За кошт горнага рэльефу ў Арменіі назіраецца вялікая разнастайнасць ландшафтаў, аднак праз засушлівы клімат дамінуюць стэпы і паўпустыні. У гарах на невялікіх плошчах захаваліся лясы з дубу, буку і грабу, вышэй за іх ідзе пояс хваёвых лясоў, яшчэ вышэй — альпійскіх лугоў. Лясы далін даўно высечаны. Дэ эндэмікаў расліннага свету адносіцца званочак Масальскага і кузінія буйналускаватая. Жывёльны свет даволі багаты, асаблівай разнасайнасцю вылучаюцца паўзуны: толькі ў Арменіі сустракаюцца двуполы і закаўказскі полазы, армянская яшчарка і інш., з млекакормячых сваёй радзімай Арменію назавуць армянскі муфлон, пясчанка Вінаградава, горны крот. У Севане жыве ішхан — славутая севанская фарэль.

Паводле індэкса экалагічнай эфектыўнасці Арменія знаходзіцца на 63 месцы ў свеце, дэманструючы кепскі стан навакольнага асяроддзя, але высокую жыццяздольнасць экасістэм.[15] 12 % тэрыторыі Арменіі ўзята пад ахову, створана 3 запаведнікі, 4 нацыянальных паркі, 27 заказнікаў. Адходы не перапрацоўваецца, паасобнага збору смецця амаль не практыкуецца. Мае быць пабудаваны завод па перапрацоўцы смецця ў Раздане.[16]

Гісторыя

правіць
 
Армянскае царства пры Тыгране Вялікім
 
Храм Гарні — адзіны храм грэка-рымскага калоннага тыпу на постсавецкай прасторы

У 860 годзе да. н.э. на Армянскім нагор’і узнікла старажытнае царства Урарту (або Ван) з цэнтрам у горадзе Тушпа на беразе возера Ван. Мяркуецца, што частка яго насельніцтва размаўляла на протаармянскай мове, ва ўсялякім разе ўсе наступныя армянскія дзяржавы ўспадкавалі землі Урарту, што дае сучасным армянам падставу лічыць гэтую дзяржаву сваёй старажытнай бацькаўшчынай. У пачатку VI ст да н.э. Урарту было зваявана скіфамі ды мідыйцамі і забыта нават гісторыкамі. Землі Арменіі сталі часткай Армянскай сатрапіі ў складзе Мідыі, а пасля — Персіі, дзяржавы Селеўкідаў. У 190 г.да н.э. узнікла незалежнае Армянскае царства (ці Вялікая Арменія), што дасягнула найбольшага росквіту пры Тыгране II Вялікім (9566 да н.э.). Затым рымскія і парфянскія заваёвы зменшылі тэрыторыю царства і яно трапіла ў незайздроснае становішча паміж жорнамі суперніцтва дзвюх вялікіх дзяржаў. Армянскі набілітэт быў вымушаны дзяліцца на прарымскі і прапарфянскі.

 
Месроп Маштоц стварае армянскі алфавіт, 405 г н.э.

У 301 годзе пры Тырыдаце III Арменія прыняла хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі, што спрыяла далейшаму ўцягванню яе ва ўсходнерымскі культурны свет і адыходу ад Ірана, з якім яна была цесна звязана пачынаючы з VI ст. да н.э. Аднак нягледзячы на афіцыйнае прызнанне, працэс хрысціянізацыі працягваўся яшчэ доўга — цягам усяго IV і часткова V ст. Пасля падзення ў 428 годзе Армянскага царства, большая частка Арменіі была ўключана як марзбанства (марзпанат) у іранскую імперыю Сасанідаў. Пасля армянскага паўстання 451 года хрысціянская Арменія захавала сваю рэлігійную свабоду, а край атрымаў аўтаномію.

Пасля марзбанскага перыяду (428636) Арменія была заваявана арабамі і быў утвораны Армянскі эмірат — аўтаномнае княства Арабскага халіфата, да якога былі далучаны таксама армянскія землі захопленыя раней Усходнерымскай імперыяй (Візантыяй). Сталіца княства, у якое таксама ўваходзілі некаторыя раёны Грузіі і Каўказскай Албаніі (Азербайджана) была ў армянскім горадзе Двін. Эмірат існаваў да 884 года, калі была адноўлена незалежнасць ад аслабелага Халіфата.

 
Армянскія феадальныя княствы, каля 1000 н.э. Пасярэдзіне — у коле васальных княстваў — княства Багратуні

Новапаўсталым Армянскім царствам кіравала дынастыя Багратуні да 1045 года. З часам некаторыя раёны Багратунскай (Багратыдскай) Арменіі аддзяліліся, сталі незалежнымі каралеўствамі і княствамі, як Каралеўства Васпуракана, кіраванае дынастыяй Арцруні, якая, праўда, адначасова прызнавала вяршэнства Багратуні.

У 1045 годзе Візантыйская імперыя заваявала Багратыдскую Арменію. Неўзабаве пад візантыйскай уладай апынуліся і іншыя армянскія землі. Візантыйскае панаванне працягнулася нядоўга, бо ўжо ў 1071 годзе туркі-сельджукі перамаглі візантыйцаў і занялі Арменію ў бітве пры Манзікерце, стварыўшы Сельджукскую імперыю. Каб пазбегнуць смерці ці няволі ад тых, хто забіў яго родзіча Гагік II, кароль Ані разам з некаторымі суродзічамі сыйшоў у цясніны Таўрскіх гор, а пасля ў Тарсус у рэгіёне Кілікія. Там ім даў прытулак візантыйскі губернатар, і там было пазней заснаванае армянскае Кілікійскае царства.

Сельджукская імперыя пачала распадацца. У пачатку 14 стагоддзя армянскія князі дынастыі Закарыдаў стварылі напаўнезалежнае армянскае княства ў Паўночнай і Усходняй Арменіі, вядомае як Закарыдская Арменія.

 
Турэцкія салдаты канваююць армян у турму. Адзін з эпізодаў генацыду армян, 1915

У XVI-XIX стагоддзях спрадвечныя армянскія тэрыторыі — Усходняя і Заходняя Арменія — папераменна пераходзілі пад уладу варагуючых Асманскай і Персідскай імперый. Да сярэдзіны XIX стагоддзя Усходняя Арменія была заваяваная Расійскай імперыяй, а большая частка Заходняй Арменіі заставалася пад асманскім панаваннем, сёння гэта частка Турцыі. У канцы ХІХ стагоддзя і ў Першую сусветную вайну армяне ў Асманскай імперыі сістэматычна вынішчаліся.

 
Герб Армянскай ССР. У цэнтры кампазіцыі гара Арарат

Пасля амаль 600 гадоў бездзяржаўнасці ў 1918 годзе Арменія атрымала незалежнасць, аднак у 1920 стала савецкай. У 1922—1991 Арменія ўваходзіла ў склад СССР. У 1922—1936 Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Арменія ўваходзіла ў склад Закаўказскай СФСР са сталіцай у Тыфлісе разам з Грузіяй і Азербайджанам. Пачынаючы з 1936 Арменія з’яўлялася непасрэднай часткай СССР як Армянская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. 1988 стаў для краіны годам выпрааванняў. У пачатку 1988 застарэлы армяна-азербайджанскі нацыянальны канфлікт, галоўным нервам якога быў Нагорны Карабах — раён кампактнага пражывання армян у азербайджанскай ССР, — выліўся ў гвалтоўныя вулічныя сутыкненні і пагромы. У снежні 1988 адбылося Спітакскае землетрасенне, якое забрала сама меней 25 000 жыццяў і моцна адбілася на эканоміцы краіны.

 
Армянскія салдаты ў паўночным Карабаху, 1994

23 жніўня 1990 года Вярхоўны Савет Армянскай ССР прыняў дэкларацыю аб Незалежнасці Арменіі. У 1993—1994 адбылася Карабахская вайна з Азербайджанам, вынікам якой стала перамога Арменіі — была адстояна фактычная незалежнасць Нагорнага Карабаха. З таго часу адносіны Арменіі з Азербайджанам і саюзнай яму Турцыяй застаюцца варожымі. У красавіку 2018 пры пераходзе Арменіі да парламенцкай рэспублікі адбылася спроба экс-прэзідэнта Сержа Саргсяна працягнуць сваё палітычнае жыццё за дзяржаўным стырном, што выклікала грамадскія пратэсты — Армянскую рэвалюцыю, якая не дазволіла зганьбаваць дэмакратыю.

Дзяржаўны лад і палітыка

правіць
 
Вулічныя пратэсты 22 красавіка 2018 на Плошчы Рэспублікі, Ерэван

У Арменіі дзейнічае Канстытуцыя, якая была прынятая ў 1995 годзе на рэферэндуме. У снежні 2015 у краіне прайшоў другі рэферэндум, у адпаведнасці з рашэннем якога Канстытуцыя была зменена, і ў 2018 краіна перайшла да парламентарнай формы ўладкавання замест ранейшай паўпрэзідэнцкай. Кіраўніком дзяржавы па-ранейшаму з’яўляецца прэзідэнт, які цяпер прызначаецца парламентам на сямігадовы тэрмін і выконвае фактычна прадстаўнічыя функцыі.

Дрэйф экс-прэзідэнта Сержа Саргсяна на пасаду прэм’ер-міністра ў красавіку таго ж года (дзеля чаго ўласна і быў задуманы пераход да парламенцкай рэспублікі) выліўся ў палітычныя пратэсты, у выніку якіх армянскаму грамадству ўдалося адстаяць дэмакратыю. Лідар пратэстоўцаў, дэпутат Нікол Пашынян 8 траўня 2018 стаў прэм’ер-міністрам.

Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту, дэпутаты якога выбіраюцца на пяцігадовы тэрмін. 101 дэпутат парламента выбіраецца на ўсеагульных выбарах па прапарцыйнай сістэме. У экстрэмальных сітуацыях склад парламента можа быць пашыраны да 200 крэслаў. У парламент праходзяць дэпутаты партый, што пераадолелі пяціадсоткавы бар’ер. Галоўныя палітычныя партыі: «Грамадзянская дамова» Нікола Пашыняна і Арарата Мірзаяна, што разам з партыяй «Місія» і незалежнымі прадстаўнікамі грамадскасці фарміруюць урадавы альянс «Мой крок». Апазіцыйныя партыі: «Квітнеючая Арменія» і «Бліскучая Арменія». Рэспубліканская партыя Арменіі — самая ўплывовая партыя постсавецкага часу — на апошніх выбарах (снежань 2018) нават не пераадолела пяціадсоткавага бар’ера.

Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Прэм’ер-міністр — самая ўплывовая фігура ў палітыцы сучаснай Арменіі — прызначаецца прэзідэнтам ў адпаведнасці з вынікамі парламенцкага галасавання і можа быць зняты ў выпадку атрымання вотуму недаверу з боку парламента. Усіх міністраў прэзідэнт прызначае паводле ўказання прэм'ер-міністра.

Знешняя палітыка

правіць
 
Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў наведвае Мемарыял генацыду армян, 2008

У сваёй знешняй палітыцы Ерэван будуе сяброўскія адносіны з усімі краінамі свету, больш цесна арыентуючыся на Расію і іншых удзельнікаў Еўразійскага эканамічнага саюза і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. У Гюмры размешчана расійская ваенная база. Добрым сябрам Арменіі ў ХХІ стагоддзі стаў Іран. Дзякуючы шырокаму прадстаўніцтву армянскай дыяспары па ўсім свеце, Арменія мае цесныя сувязі з многімі вялікімі краінамі (ЗША, Францыя). Затое з усходу і захаду краіну атачаюць два суседа, адносіны з якімі непрымірныя і варожыя (у дыяпазоне ад ціхай варожасці да ўзброенага канфлікту) — Турцыя і Азербайджан. Першай армяне не могуць дараваць генацыду армян канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў (якія, дарэчы і сфармавалі большую частку дыяспары) і які Турцыя не хоча прызнаваць; і ўключэння ў свой склад усёй Заходняй Арменіі з гарой Арарат. З другім у канцы 1980-х — пачатку 1990-х не ўдалося развязаць вузел Карабахскага канфлікту мірным шляхам, што прывяло да вайны і зрабіла Азербайджан ворагам № 1. Ад часу перамогі Арменіі (1994) межы з Турцыяй і Азебайджанам закрыты, абодва суседа падрымліваюць рэжым блакады. Азербайджан лічыць Арменію акупантам, што захапіў 14 % яго тэрыторыі.

Акрамя ЕАЭС і АДКБ, Арменія ўваходзіць Савет Еўропы, Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Сусветную гандлёвую арганізацыю. Дзякуючы цесным гістарычным сувязям з Францыяй, Арменія стала сябрам Франкафоніі, у 2018 у Ерэване адбыўся саміт гэтай арганізацыі.

Адносіны з Беларуссю

правіць

Дыпламатычныя адносіны ўрады ўстанавілі 11 чэрвеня 1993 года[17]. У верасні 2001 года ў Ерэване адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь. Пасольства Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь функцыянуе з 1993 года. Паслом Арменіі ў Мінску з 2018 з’яўляецца Армен Гевандзян.

У 2001 і 2013 гадах адбыліся афіцыйныя візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Арменію. Афіцыйны візіт у Беларусь Прэзідэнта Рэспублікі Арменія прайшоў ў чэрвені 2002 года. Апошняя сустрэча прэзідэнтаў (з боку Арменіі прэзідэнты былі ў 2001,02 Качаран, у 2013 Саргсян, у 2018 Саркісян) адбылася 30 кастрычніка 2018 у межах працы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў асобе Беларусі Арменія будзе заўсёды мець добрага і надзейнага сябра.[18]

Адміністрацыйны падзел

правіць
 
Адміністрацыйны падзел Арменіі

Арменія дзеліцца на 10 марзаў (арм.: մարզեր) і адзін асобны горад:

  1. Арагацотн (арм.: Արագածոտնի մարզ)
  2. Арарат (арм.: Արարատի մարզ)
  3. Армавір (арм.: Արմավիրի մարզ)
  4. Гехаркунік (арм.: Գեղարքունիքի մարզ)
  5. Катайк (арм.: Կոտայքի մարզ)
  6. Лары (арм.: Լոռու մարզ)
  7. Шырак (арм.: Շիրակի մարզ)
  8. Сюнік (арм.: Սյունիքի մարզ)
  9. Тавуш (арм.: Տավուշի մարզ)
  10. Ваёц-дзор (арм.: Վայոց Ձորի մարզ)
  11. Ерэван (сталіца) (арм.: Երևան)

Насельніцтва

правіць
 
Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Арменія — самая малая па колькасці насельніцтва краіна Паўднёвага Каўказа і СНД. Ад часу распаду Савецкага Саюза колькасць насельніцтва Арменіі, якая ў 1991 годзе перавышала 3,5 млн чалавек, скарацілася да 2 961 000 чал. (на 01.01.2022 г.) — як за кошт натуральнага, так і міграцыйнага складнікаў. У 2021 г. нараджальнасць не вельмі пераўзыходзіла смяротнасць (12,4 супраць 11,7 на 1000 чалавек), і пры эміграцыі (- 4 200 чал. за 2021 г.) агульная дынаміка застаецца адмоўнай. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці складае 1.64. Доля пенсіянераў — 15,77 %, доля працаздольнага насельніцтва — 68,1 %, узровень беспрацоўя — 18,2 %. Чаканая працягласць жыцця — 73.5 гадоў.

У Арменіі высокая шчыльнасць насельніцтва — 99,55 чал/км² (2021 г.). Большая частка насельніцтва сканцэнтравана ў паўночнай частцы краіны, асабліва шчыльна заселеная Арарацкая даліна, у якой знаходзіцца і сталічная агламерацыя. У гарадах жыве 63 % насельніцтва — найбольшы паказчык сярод краін Закаўказзя. У Ерэване і яго спадарожніках пражывае больш як траціна жыхароў краіны. Наступны па памерах горад, Гюмры, у дзевяць разоў меншы за сталіцу. У Ванадзоры — горадзе, што замыкае тройку — жыве 90,5 тыс.чалавек. Ад 40 да 50 тысяч чалавек складае насельніцтва гарадоў Вагаршапат (у 1945—1992 ён насіў назву Эчміядзін), Абавян, Капан, Раздан.

Арменія з’яўляецца адзінай краінй былога СССР з практычна монаэтнічным насельніцтвам — 98,6 % армянаў, далей езіды — 1,2 %, рускія — 0,4 %, асірыйцы, украінцы, грэкі, курды. Пасля вайны з Азербайджанам за Нагорны Карабах у Арменію прыбыла каля 260 тыс. бежанцаў з Азербайджана пераважна армянскай нацыянальнасці, а ў Азербайджан перасялілася каля 200 тыс. чалавек, у асноўным азербайджанцаў (якія за савецкім часам складалі найбольшую этнічную меншасць), што канчаткова ператварыла Арменію у надзвычайна монанацыянальную краіну.

Дзяржаўная мова армянская, вельмі шырока выкарыстоўваецца руская, асабліва сярод старэйшага пакалення. Падчас апытання (2013) 24 % армян ацанілі сваё веданне рускай мовы як выдатнае, 59 % — як нармалёвае.[19] Вельмі высокі ўзровень пісьменнасці — 99,7 %. 95 % насельніцтва з’яўляюцца вернікамі Армянскай апостальскай царквы. Сваю спецыфічную монатэістычную рэлігію маюць езіды, а ў вёсцы Акналіх пабудаваны самы вялікі езідскі храм у свеце.[20][21]

Эканоміка

правіць
 
Тэмпы росту ВУП Арменіі, Грузіі, Азербайджана і некаторых рэгіёнаў у 2010—2017. Арменія ў 2010-х дэманструе высокі, але нестабільны рост ВУП.

Страта традыцыйных эканамічных сувязяў пасля распаду СССР, блакада з боку Азербайджана і Турцыі, адсутнасць уласных паліўных рэсурсаў — негатыўна адбіваюцца на гаспадарцы краіны. Эканамічным тварам Арменіі застаюцца сельская гаспадарка і звязаная з ёй харчовая прамысловасць (вытворчасць пладовых кансерваў, він, каньякоў), здабыча руд каляровых металаў (золата, медзі і малібдэну) і каляровая металургія, атамная энергетыка, турызм.

З 1994 года, пры падтрымцы МВФ ідзе мадэрнізацыя эканомікі, якая выклікала эканамічны рост. Дзякуючы прыватызацыі сярэдніх і малых прадпрыемстваў краіне ўдалося абмежаваць інфляцыю і стабілізаваць валюту. У 2003 Арменія ўвайшла ў Сусветную Гандлёвую Арганізацыю, стаўшы яе 145 удзельнікам. Органам банкаўскага рэгулявання і банкаўскага нагляду з’яўляецца Цэнтральны банк Рэспублікі Арменія. Значную частку нацыянальнага прыбытку забяспечваюць грашовыя пераводы нацыянальнай дыяспары у Расіі і іншых краінах. У 2010-х хутка развіваецца ІТ-сектар: у 2013 кампанія Intel заявіла аб намеры адкрыць у Ерэване даследчы цэнтр. У 2015 Арменія ўвайшла ў Еўразійскі эканамічны саюз, тым самым замацаваўшы сваю эканамічную арыентацыю на Расію. У 2012—2018 ВУП Арменіі вырас на 40,7 %![22]

 
Дзяржаўны камітэт па даходах (аб’ядноўвае мытную і падатковую службу) часта абвінавачваецца ў карупцыі

Да адмоўных фактараў, што тармозяць развіццё армянскай эканомікі, адносяцца наступствы землетрасення 1988 і блакада з боку Турцыі і Азербайджана. Эканамічнае супрацоўніцтва ажыццяўляецца толькі праз межы Грузіі і Ірана. Значнай праблемай застаецца беспрацоўе (18,9 % у 2017), яшчэ вышэй ягоны паказчык сярод моладзі.[23]

Развіта здабыўная прамысловасць, у якой у 2017 было створана 3,1 % ВУП (172 млрд драм)[24]: вядзецца здабыча золата, свінцова-цынкавых і медных руд. Разведаны невялікія паклады нафты і прыроднага газу, але іх распрацоўка нават не пачата.

 
Градзірні Армянскай АЭС

Адсутнасць значных паліўных рэсурсаў прычыніла неабходнасць будаўніцтва АЭС. Два рэактары магутнасцю 420 МВт кожны былі запушчаны у 1976 і 1980 гадах у Мецаморы. У 1989, пасля землетрасення ў Спітаку, праца АЭС была спынена. Нястача электрычнасці і паліва ў выніку блакады з боку Азербайджана выклікала аднаўленне працы АЭС, што дазволіла краіне забяспечыць патрэбы ў электрычнасці і спыніць жорсткую эканомію, але прывяло да адмоўнай рэакцыі з боку Еўрапейскага Саюза. Станам на 2015 год АЭС давала 40 % ад ўсёй армянскай вытворчасці электраэнергіі. У лютым 2018 было аб’яўлена аб мадэрнізацыі АЭС і павелічэнні яе магутнасці на 10 %.[25] Даследуюцца магчымасці ўсталявання невялікіх рэактараў у іншых раёнах краіны. І ядзернае паліва, і газ дзя ЦЭС, прадпрыемстваў і камунальнай гаспадаркі імпартуюцца з Расіі. І толькі парожыстыя армянскія рэкі не пакідаюць краіну без энергіі айчыннага паходжання. Дзейнічае каскад ГЭС на рацэ Раздан. Да уласна армянскіх энергарэсурсаў адносяцца і хуткі армянскі вецер, і гарачае армянскае сонца, на якія так актыўна намякаюць праціўнікі атамнай энергетыкі з ЕС. У 2017 армянскімі электрастанцыямі было выраблена 7,8 млрд кВт*гадз электраэнергіі, што на 6,1 % больш чым у папярэднім годзе, але па вытворчасці кВт*гадз на душу насельніцтва Арменія саступае большасці краін СНД.[26]

Сярод астатніх галін прамысловасці ў ХХІ стагоддзі важную ролю працягваюць іграць:

  • каляровая металургія на ўласных рэсурсах, што пакутуе ад недахопу паліва і элекраэнергіі (медзеплавільны камбінат у Алаверды);
  • вытворчасць цэменту;
  • вытворчасць хімічных валокнаў, шын, угнаенняў (ванадзорскі хімічны комплекс);
  • харчовая прамысовасць — вытворчасць спіртных напояў (віна, каньяку), пладовых кансерваў (сочыва, джэмаў, сокаў), тытунёвых вырабаў;

Адроджаны і нанова створаны некаторыя галіны машынабудавання: прыладабудаванне, вытворчасть дэталяў для аўтамабілебудавання, рухавікоў, прэсавага абсталявання; асвоена апрацоўка каштоўных камянёў і агранка алмазаў.

 
Авечкі і козы на вясновых пашах на схілах патухлага вулкана Ара лер

Сельская гаспадарка, у якой занята 36 % насельніцтва і якая ствараецца 15 % ВУП (2017) ды значная частка экспарту, развітая не дастаткова для самазабяспечання харчаваннем. Да фактараў, што спрыяюць развіццю адносяцца ўрадлівыя вулканічныя глебы, да неспрыяльных — гарыстасць тэрыторыі і дэфіцыт увільгатнення ў летні перыяд. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства, нягледзячы на тое, што ворныя землі, сады і вінаграднікі займаюць усяго 16 % тэрыторыі. Асноўным раёнам земляробства з’яўляецца Арарацкая даліна. Вырошчваюцца збожжавыя (пшаніца, ячмень), гародніна, бульба, пладовыя культуры (персікі, грэцкія арэхі, айва, інжыр, гранаты, абрыкосы), вінаград (сталовыя і вінныя гатункі), дыні, кветкі. Больш раннія вясна і лета дазваляюць армянскім аграрыям пастаўляць прадукцыю на рынкі паўночных краін у красавіку-чэрвені. У жывёлагадоўлі пераважае экстэнсіўная авечкагадоўля на засушлівых большай часткай года горных пашах, якія займаюць 56 % тэрыторыі краіны. Севан дае багата рыбы, асабліва знакамітая стронга, якая тут завецца ішханам.

Сярод відаў траспарту галоўнае значэнне мае аўтамабільны. Чыгункі знаходзяцца ў заняпадзе, у тым ліку праз блакаду з боку Турцыі і Азербайджана. Пасажырскае спалучэнне дзейнічае толькі з Грузіяй (цягнік Ерэван-Тбілісі-Батумі).

Чвэрць армянскага экспарту (2017) прыходзіцца на турыстычныя паслугі, 12 % — на ІТ паслугі. Яшчэ чвэрць складаюць каляровыя металы — медзь і золата, 10 % — тытунёвыя вырабы і спіртныя напоі. Асноўнымі пакупнікамі з’яўляюцца Расія (24 %), Кітай (13 %), Грузія (12,5 %), Швейцарыя (8 %). Асноўныя артыкулы імпарту — турыстычныя і транспартныя паслугі, паліва, прадукты харчавання. Галоўныя пастаўшчыкі — Расія (29 %), краіны ЕС, Грузія, Іран, ААЭ.[27] Гандлёвы абарот паміж Арменіяй і Беларуссю складае каля 50 млн даляраў. Беларускі ўрад плануе павялічыць экспарт у Арменію трактароў і ліфтоў, пасажырскай тэхнікі, малочнай прадукцыі. Арменія пастаўляе на беларускі рынак кветкі, спіртныя напоі, лекі.[28]

Культура Арменіі

правіць

Літаратура

правіць
 
Ара Цудоўны і Шамірам, карціна Вардкеса Сурэнянца (1899)

Армянская літаратура — адна з самых старажытных літаратур свету. Зарадзілася ў сярэдзіне V стагоддзя пасля стварэння каля 406 г. армянскага алфавіта. V стагоддзе лічыцца «залатым векам» у гісторыі армянскай літаратуры. XXIV стагоддзі таксама называюцца перыядам армянскага адраджэння.

Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, адлюстроўваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філасофскім асэнсаванні жыцця прыроды і сусвету. Помнікам сусветнай культуры з’яўляецца гераічны эпас IX стагоддзя «Давід Сасунцы».

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. 23 верасня — дата абвяшчэння незалежнасці краіны Вярхоўным саветам Арменіі. Як дзень незалежнасці ў Арменіі адзначаецца 21 верасня — дзень правядзення рэферэндума, на якім было прынята рашэнне пра выхад са складу СССР. Гл. В Армении с апреля 2006 года начнутся мероприятия по празднованию 15-летия независимости республики. Новости Армении (23 марта 2006). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 6 мая 2009.
  2. Атлас мира. Государства и территории мира. Справочные сведения. — Роскартография, 2010. — С. 14. — ISBN 978-5-85120-295
  3. https://www.armstat.am/file/article/nasel_01.01.2016.pdf
  4. https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/02/weodata/weorept.aspx?pr.x=62&pr.y=6&sy=2016&ey=2020&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=911&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  5. http://www.hdr.undp.org/en/2018-update Архівавана 14 верасня 2018.
  6. На тэрыторыі краіны дзейнічае дэкрэтны час
  7. http://lenta.ru/news/2012/02/09/armenia/
  8. Razmik Panossian. The Armenians: From Kings And Priests to Merchants And Commissars. — Columbia University Press, 2006. — С. 106. — ISBN 978-0-231-13926-7.
  9. Toponyms «Armenia» and «Urartu» are Synonymous
  10. Mark Chahin. The Kingdom of Armenia. — London: Routledge, 2001. — С. fr. 203. — ISBN 978-0-7007-1452-0.
  11. Xenophon. Anabasis. — С. IV.v.2–9.
  12. Moses of Chorene. Book 1, Ch. 12 // The History of Armenia.
  13. Father Michael Chamich. History of Armenia from B.C. 2247 to the Year of Christ 1780, or 1229 of the Armenian era. — Calcutta: Bishop’s College Press, 1827. — С. 19.
  14. https://farm1.staticflickr.com/779/30949572663_37d588c515_o.jpg
  15. https://epi.envirocenter.yale.edu/epi-topline Архівавана 23 ліпеня 2019.
  16. https://www.gov.am/en/news/item/9338/
  17. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна з 15-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін// Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 11 чэрвеня 2008
  18. https://www.belta.by/president/view/lukashenko-armenija-v-litse-belarusi-vsegda-budet-imet-horoshego-i-nadezhnogo-druga-323613-2018/
  19. https://web.archive.org/web/20131029210003/http://www.css.ethz.ch/publications/pdfs/CAD-51-52.pdf
  20. https://www.theguardian.com/world/2016/jul/25/worlds-largest-yazidi-temple-under-construction-in-armenia
  21. Насельніцтва Арменіі: колькасць і склад у 2021—2022 г.
  22. http://arka.am/en/news/economy/armenia_s_gdp_has_grown_40_7_over_seven_year_and_key_banking_indicators_have_almost_doubled/?sphrase_id=24650680
  23. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/am.html Архівавана 15 чэрвеня 2019.
  24. https://www.armstat.am/file/article/sv_01_18a_112.pdf
  25. http://arka.am/en/news/technology/modernization_to_increase_the_capacity_of_armenian_nuclear_power_plant_by_10/
  26. https://www.indexmundi.com/map/?v=81000
  27. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=9&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2017
  28. https://sputnik.by/economy/20190131/1039839362/Traktory-v-obmen-na-tsvety-i-konyak-Belarus-ozhivit-torgovlyu-s-Armeniey.html

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць