Энергетыка Арменіі

Арменія вельмі слаба забяспечана паліўнымі карыснымі выкапнямі. Разведаны невялікія паклады нафты і прыроднага газу, але іх распрацоўка нават не пачата. За часам Армянскай ССР паліва пастаўлялася з суседніх рэспублік у абмен на электраэнергію ды іншую прамысловую прадукцыю. Адсутнасць значных паліўных рэсурсаў вынікла ў неабходнасці будаўніцтва АЭС. І толькі парожыстыя армянскія рэкі не пакідаюць краіну без энергіі айчыннага паходжання. Да уласна армянскіх энергарэсурсаў адносяцца і хуткі армянскі вецер, і гарачае армянскае сонца, на якія так актыўна намякаюць праціўнікі атамнай энергетыкі з ЕС. У 2017 армянскімі электрастанцыямі было выраблена 7,8 млрд кВт*гадз электраэнергіі, што на 6,1 % больш чым у папярэднім годзе, але па вытворчасці кВт*гадз на душу насельніцтва Арменія саступае большасці краін СНД.[1]

Штаб-кватэра АрмРасГазпрама — кампаніі, што кантралюе пастаўку і размеркаванне прыроднага газу з Расіі

Сёння і ядзернае паліва, і газ дзя ЦЭС, прадпрыемстваў і камунальнай гаспадаркі імпартуюцца з Расіі (усяго 2 млрд м³ расійскага газу ў 2018). Расіі належаць і многія аб'екты армянскай энергетыкі. Так размеркавальныя электрычныя сеткі, прыватызаваныя яшчэ ў 2002, у 2015 былі набыты групай «Ташыр», якая належыць расійскаму бізнесоўцу армянскага паходжання Самвэлу Карапецяну.[2] У Арменіі няма нафтаперапрацоўчых заводаў, таму імпартуецца не сырая нафта, а выключна нафтапрадукты. У 2008 была скончана нітка газаправода Іран-Арменія, што дэманапалізавала газавы рынак. Аб'ёмы паставак з Ірана нязначныя (370 млн м³ у 2018) і аплачваюцца вырабленай электраэнергіяй.[3]

Атамная энергетыка правіць

 
Градзірні Армянскай АЭС

Два рэактары Армянскай АЭС магутнасцю 420 МВт кожны былі запушчаны у 1976 і 1980 гадах у Мецаморы, непадалёк ад Ерэвана. У 1989, пасля землетрасення ў Спітаку, праца АЭС была спынена. Нястача электрычнасці і паліва ў выніку блакады з боку Азербайджана выклікала аднаўленне працы АЭС, што дазволіла краіне забяспечыць патрэбы ў электрычнасці і спыніць жорсткую эканомію, але прывяло да адмоўнай рэакцыі з боку Еўрапейскага Саюза. Па стане на 2015 год АЭС давала 40 % ад ўсёй армянскай вытворчасці электраэнергіі. У лютым 2018 было аб'яўлена аб мадэрнізацыі АЭС і павелічэнні яе магутнасці на 10 %.[4] Даследуюцца магчымасці ўсталявання невялікіх рэактараў у іншых раёнах краіны.

Гідраэнергетыка правіць

 
Будынак Аргельскай ГЭС — самай вялікай з Севан-Разданскага каскаду (224 МВт)

Гідрапатэнцыял Арменіі выкарыстаны на 43 %, ГЭС у структуры электраэнергетыкі краіны складаюць каля 25 %. У 1962 было завершана будаўніцтва ірыгацыйнага комплекса і каскада з шасці ГЭС на рацэ Раздан, распачатае яшчэ ў 1937, што на сённяшні дзень застаюцца найбуйнейшымі ў Арменіі. У гарах былі пракладзены тунэлі для вяртання вады ў Севан з мэтай папаўнення водных запасаў возера. У 2012 распачата будаўніцтва памежнай з Іранам Мегрынскай ГЭС на рацэ Аракс на самым поўдні краіны. Тэрмін здачы ГЭС праектнай магутнасцю 140 МВт быў адкладзены на 2020. На малых рэках працуюць малыя ГЭС.

Цеплаэнергетыка правіць

 
Разданская ЦЭС

У Ерэване, Раздане і Ванадзоры працуюць ЦЭС на прыродным газе, што за савецкім часам паступаў з Азербайджана ў абмен на электраэнергію, а сёння імпартуецца з Расіі і Ірана.

Альтэрнатыўная энергетыка правіць

Урад Арменіі, больш апантаны ідэяй новых атамных магутнасцяў, не выказвае вялікай зацікаўленасці да нетрадыцыйных крыніц энергіі. Тым не менш, за кошт замежных інвестыцый у 2010-х былі здзейснены першыя крокі да чыстай энергіі: нідэрландская кампанія Fotowatio Renewable Ventures і іспанская FSL Solar S.L. будуюць першую вялікую сонечную электрастанцыю (55 МВт) у гарадку Мец Масрык на ўсход ад Севана, што мусіць быць здадзена ў 2020 годзе[5]; на поўдні Арменіі будуецца геатэрмальная станцыя магутнасцю 150 МВт.

Зноскі