Сельская гаспадарка Арменіі

Сельская гаспадарка Арменіі, у якой занята 36 % насельніцтва і ствараецца 15 % ВУП (2017) ды значная частка экспарту, развітая недастаткова для самазабеспячэння харчаваннем[1]. Дамінуе прыватная ўласнасць: у 2006 годзе 98 % вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі забяспечылі сямейныя фермы. Да фактараў, што спрыяюць развіццю галіны, адносяцца ўрадлівыя вулканічныя глебы, да неспрыяльных — гарыстасць тэрыторыі і дэфіцыт увільгатнення ў летні перыяд: большасць зямель патрабуе штучнага арашэння.

Гісторыя

правіць
 
Армянскія баваўнаробы, 1930-я. У сучаснай Арменіі бавоўнік не вырошчваюць

За савецкім часам сельская гаспадарка Арменіі была калектывізавана, механізавана і электрыфікавана; плошча ворыўных зямель пашырылася, дзякуючы стварэнню сістэмы арашальных каналаў. Асабліва значным ірыгацыйным праектам стаў Севана-Разданскі каскад (гады будаўніцтва 1937—1962). Тым не менш, працаўнікі сяла Армянскай ССР, як і іх сённяшнія спадкаемцы, не забяспечвалі ўнутраных патрэб краіны ў прадуктах харчавання, што завозіліся з саюзных рэспублік. У 1990 Арменія стала першай саюзнай рэспублікай, што прыняла закон аб прыватызацыі зямлі, і землі тут былі раздадзены ў прыватную ўласнасць хутчэй, чым на астатняй постсавецкай прасторы. Гэта выклікала рост долі сельскага насельніцтва ў пачатку 1990-х ва ўмовах эканамічнай блакады і Карабахскай вайны, а таксама непаразуменні паміж новымі ўласнікамі зямлі адзін з адным — з нагоды размеркавання сродкаў вытворчасці, а таксама з дзяржавай, якая працягвала кантраляваць вытворчасць электраэнергіі і гарачай вады. Пры гэтым Арменія стала адзінай дзяржавай СНД, дзе прыватызацыя пайшла на карысць сельскай гаспадарцы, прычым адразу ж. Да гонару армянскіх фермераў, да пачатку ХХІ стагоддзя яны, у адрозненне ад большасці сельскіх гаспадарак краін былога Саюза, здолелі захаваць парк трактароў, камбайнаў і іншых машын[2].

Раслінаводства

правіць
 
Садавіна на рынку, Ерэван

У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства, нягледзячы на тое, што ворныя землі, сады і вінаграднікі займаюць усяго 16 % тэрыторыі. Асноўным раёнам земляробства з’яўляюцца Арарацкая даліна і даліна ракі Аракс. Вырошчваюцца збожжавыя (пшаніца, ячмень), гародніна, бульба, пладовыя культуры (персікі, грэцкія арэхі, айва, абрыкосы), вінаград (сталовыя і вінныя гатункі), дыні, кветкі. У даліне Аракса культывуюцца гранаты, інжыр і аліўкі. Больш раннія вясна і лета дазваляюць армянскім аграрыям пастаўляць прадукцыю на рынкі паўночных краін у красавіку-чэрвені.

Жывёлагадоўля

правіць
 
Авечкі і козы на вясновых пашах на схілах патухлага вулкана Ара лер

У жывёлагадоўлі пераважае экстэнсіўная авечкагадоўля на засушлівых большую частку года горных пашах, якія займаюць 56 % тэрыторыі краіны. Гадуюцца таксама козы, коні, буйная рагатая жывёла. У адрозненне ад раслінаводства, жывёлагадоўля не можа пахваліцца прыростам прадукцыі пасля набыцця краінай незалежнасці.

Рыбалоўства

правіць

Севан дае багата рыбы, асабліва знакамітая стронга, якая тут завецца ішханам.

Зноскі

  1. Armenia — The World Factbook (англ.) (недаступная спасылка) Архівавана 15 чэрвеня 2019.
  2. Statistical Yearbook of Armenia, 2007 (англ.) (недаступная спасылка) Архівавана 20 мая 2008.