Албанія

краіна ў паўднёва-ўсходняй Еўропе

Алба́нія (алб.: Shqipëria), Рэспу́бліка Алба́нія (алб.: Republika e Shqipërisë) — краіна, якая знаходзіцца ў заходняй частцы Балканскага паўвострава ў паўднёва-ўсходняй Еўропе. Краіна мае сухапутныя межы з Чарнагорыяй на паўночным захадзе, з часткова прызнанай Рэспублікай Косава на паўночным усходзе, з Паўночнай Македоніяй на ўсходзе і з Грэцыяй на поўдні і паўднёвым усходзе. Ад Італіі краіну аддзяляе праліў Атранта шырынёй у 72 км. Албанія абмываецца Адрыятычным морам на захадзе і Іанічным морам на паўднёвым захадзе.

Рэспубліка Албанія
алб.: Republika e Shqipërisë
Герб Албаніі
Сцяг Албаніі Герб Албаніі
Дэвіз: ««алб.: Ti, Shqipëri, më jep nder, më jep emrin Shqiptar"

«Ты, Албанія, даеш мне гонар, даеш мне імя албанца»
»
Гімн: «Hymni i Flamurit (Аб'яднаныя вакол сцяга)»
Дата незалежнасці 28 лістапада 1912 (ад Асманскай імперыі)
Афіцыйная мова албанская
Сталіца Тырана
Найбуйнейшыя гарады Тырана, Шкодэр, Влёра, Дурэс, Эльбасан
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Ілір Мета
Эдзі Рама
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
139-я ў свеце
28 748 км²
4,7%
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
• Перапіс (2011)
Шчыльнасць

2 876 591 чал. (136-я)
2 821 977 чал.
98 чал./км²  (63-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$38,317 млрд[1]
$13 330
ВУП (намінал)
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$15 121
$5261
ІРЧП (2018) 0,785[2] (высокі) (68-ы)
Валюта лек
Інтэрнэт-дамен .al
Код ISO (Alpha-2) AL
Код ISO (Alpha-3) ALB
Код МАК ALB
Тэлефонны код +355
Часавыя паясы +2

Большую частку тэрыторыі Албаніі займаюць сярэдневысокія горы. Клімат узбрэжжа субтрапічны міжземнаморскі, у гарах — умераны кантынентальны. Памежныя азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа — маюць вялікія памеры і славяцца сваёй прыгажосцю. Прыродныя раслінны і жывёльны свет захаваліся лепш, чым у іншых міжземнаморскіх краінах. Уражвае разнастайнасць ландшафтаў у краіне плошчай (28 748 км²) меншай нават за Магілёўскую вобласць.

Сучасная тэрыторыя Албаніі, заселеная ілірыйцамі, у I тыс. да н.э. зведала ўплыў старажытнагрэчаскай цывілізацыі, затым ўваходзіла ў склад Рымскай Імперыі, далей — Візантыі, пад уладай якой у ХІІ стагоддзі ўзнікла першае албанскае княства, з ХV ст. уваходзіла ў склад Асманскай імперыі, а пасля Першай Балканскай вайны ў 1912 годзе абвясціла сваю незалежнасць. У 1939 годзе Албанскае каралеўства было захоплена фашысцкай Італіяй, якая стварыла дзяржаву «Вялікая Албанія», а ў 1943 годзе краіна стала пратэктаратам нацысцкай Германіі. У 1944 пасля выгнання фашыстаў была абвешчана сацыялістычная Албанская народная рэспубліка пад кіраўніцтвам Энвера Ходжы і Партыі працы. У эпоху камунізму Албанія перажыла шырокія сацыяльныя і палітычныя пераўтварэнні, а таксама ізаляцыю ад большай часткі міжнароднай супольнасці. У 1991 годзе аўтарытарны сацыялістычны рэжым быў зрынуты, пасля чаго паўстала сучасная албанская рэспубліка.

Албанія з'яўляецца ўнітарнай дэмакратычнай парламенцкай рэспублікай. Аднапалатны парламент абіраецца кожныя чатыры гады. Галоўным чалавекам у албанскай палітыцы з'яўляецца прэм'ер-міністр. Албанія падзяляецца на 12 абласцей, у склад якіх уваходзіць 61 муніцыпалітэт, на самым нізкім узроўні налічваецца амаль 3000 камун.

Монаэтнічная краіна, 97 % насельніцтва складаюць албанцы. Краіна эміграцыі. Адна з дзвюх еўрапейскіх краін з пануючай роляй ісламу. Сталіца краіны, Тырана, — фінансава-прамыловы цэнтр з насельніцтвам у 800 тысяч з агульных 2,9 млн жыхароў Албаніі. Яшчэ з сацыялістычных часоў дзяржава дае сваім грамадзянам доступ да бясплатнай медыцыны і сярэдняй ды вышэйшай адукацыі.

Албанія адносіцца да ліку найбяднейшых краін Еўропы. Насельніцтва занята большай часткай у сельскай гаспадарцы. Тым не менш, у апошнюю чвэрць стагоддзя адбыліся істотныя пазітыўныя зрухі. Албанія перайшла ад планавай да рынкавай эканомікі. Рынкавыя рэформы адкрылі краіну для замежных інвестыцый, асабліва ў энергетычны сектар, транспартную інфраструктуру і турызм. Албанія мае высокі індэкс чалавечага развіцця, якім абавязана ўніверсальнай сістэме аховы здароўя і бясплатнай пачатковай і сярэдняй адукацыі.

Албанія з'яўляецца членам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, НАТА, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Савета Еўропы, Сусветнай гандлёвай арганізацыі і Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва . Дзяржава з'яўляецца адным з заснавальнікаў Энергетычнай супольнасці, Арганізацыі чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва і Міжземнаморскага саюза, а таксама з'яўляецца афіцыйным кандыдатам на сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе.

Этымалогія правіць

Назва краіны з’яўляецца экзонімам і паходзіць ад ілірыйскага «olba» — «паселішча». Упершыню назва з падобным коранем — Albanopolis — сустракаецца на карце Пталемея (150 н.э.), дзе яна маркіруе паселішча на паўночны ўсход ад сучаснага Дурэса. Самі ж албанцы называюць сваю краіну Шкіперыяй, што паводле народнай этымалогіі азначае "зямля арлоў".

Геаграфічнае становішча правіць

 
Берагавая лінія ў паўднёвай Албаніі

Плошча Албаніі складае 28,7 тыс. км² — трохі менш за Бельгію і Арменію і крыху больш за Паўночную Македонію. Размешчана ў заходняй частцы Балканскага паўвострава. Албанія выцягнутая на 340 км з поўначы на поўдзень і на 150 км з захаду на ўсход. Мае сухапутныя межы з Чарнагорыяй на паўночным захадзе, з часткова прызнанай Рэспублікай Косава на паўночным усходзе, з Паўночнай Македоніяй на ўсходзе і з Грэцыяй на поўдні і паўднёвым усходзе. Ад Італіі краіну аддзяляе праліў Атранта шырынёй у 72 км у самым вузкім месцы. Албанія абмываецца Адрыятычным морам на захадзе і Іанічным морам на паўднёвым захадзе, якія з'яўляюцца часткамі Міжземнага мора. Агульная даўжыня марскога ўзбярэжжа 362 км. У Адрыятычным моры Албаніі належыць востраў Сазані.

Прырода правіць

 
Фізічная карта Албаніі
 
Гара Кораб, від з албанскага боку. Вяршыня (2764) знаходзіцца на заднім плане справа пад белай кропкай

Цэнтральная частка ўзбярэжжа — раўніна; астатняя тэрыторыя (каля 70 %) занятая гарамі, што агулам вядомыя як Балканскія: Паўночнымі Албанскімі Альпамі (або Праклецце); хрыбтамі Таморы, Карабі (да апошняга належыць найвышэйшая кропка краіны — гара Кораб (або па-албанску Карабі, 2764 м) на мяжы з Паўночнай Македоніяй); на паўднёвым захадзе размешчаны Акракераўнскія горы, што спускаюцца адхонамі проста ў Іанічнае мора; на паўднёвым усходзе — горы Пінд,

На тэрыторыі Албаніі ёсць радовішчы нафты, прыроднага газу, вуглю, хрому, медзі, нікеля.

 
Каньён і пляж Джыпэ, частка Албанскай Рыўеры. Тут судакранаюцца Іанічнае і Адрыятычнае моры

Клімат субтрапічны, на ўзбярэжжы міжземнаморскі, на ўсходзе — кантынентальны. У гарах клімат умераны. Сярэдняя тэмпература складае −1 °C узімку і 21.8 °C улетку, але чаргаванне гор і раўнін стварае значныя кантрасты паміж рознымі часткамі невялікай краіны. На ўзбярэжжы, у вобласці міжземнаморскага клімату, сярэдняя тэмпература студзеня складае 8—9°С, ліпеня — 24—25°С, у гарах зімовыя тэмпературы адмоўныя. Ападкаў 800—2000 мм у год, што болей чым у сярэднім па Міжземнамор’і, большая частка выпадае зімой у выглядзе дажджу. Некаторыя схілы Паўночных Албанскіх Альпаў атрымліваюць больш за 3000 мм ападкаў, што робіць іх адным з самых "вільготных куткоў" Еўропы.

Самая вялікая рака — Дрын, што, пачынаючыся ў Праклецці са зліцця Чорнага і Белага Дрынаў, цячэ свае 148 км з усходу на захад у паўночнай частцы краіны. Самая доўгая рака — В'ёса (192 км), што мае выток у Грэцыі. Найбуйнейшыя азёры: Скадарскае (памежнае з Чарнагорыяй), Ахрыдскае, Прэспа (абодва на мяжы з Паўночнай Македоніяй). Усе азёры чымсьці геаграфічна адметныя: Скадарскае — найбуйнейшае ў Паўднёвай Еўропе; Ахрыдскае возера занесена ў спіс Сусветнай спадчыны, да таго ж, лічыцца адным з самых старажытных азёр свету; Прэспа — надзвычай высакагорнае. На Дрыне маецца нізка вадасховішчаў. З Праклецця спускаюцца ледавікі, прычым снегавая лінія дзе-нідзе праходзіць на вышыні 2000 м. — з'ява незвычайная для гэткіх цёплых шырот.

 
Беркут (ці арол-маркут) — нацыянальная птушка Албаніі

Раслінны і жывёльны свет Албаніі, дзякуючы рэльефу, клімату і гідраграфіі, вельмі разнастайны; а дзякуючы невялікай шчыльнаці насельніцтва ў гарах — яшчэ і няблага захаваны. Звыш 2/5 тэрыторыі Албаніі пакрыта лясамі з сасны, елкі, бярозы і дубу ды хмызнякамі, каля 1/4 — лугамі. Лясы лепей захаваліся ў гарах. На месцы зведзеных лясоў утварыліся фармацыі тыпу маквісу. Жывёльны свет даволі багаты, сустракаюцца буйныя млекакормячыя: мядзведзь, алень, рысь — усе яны знаходзяцца пад пагрозай знікнення; шмат ліс, шакалаў, ваўкоў, лясных катоў. У эстуарыях рэк, на азёрах і балотах гняздуецца мноства птушак, у тым ліку фламінга, малы баклан, курчавы пелікан; на узбярэжжах кладуць яйкі розныя віды чарапах. У эстуарыі ракі В'ёса створаны рэзерват В'ёса–Нарта, даліна ж самой ракі лічыцца адной з рэдкіх малакранутых чалавекам рачных далін у Еўропе і яе сённяшні стан выклікае заклапочанасць эколагаў. Усягоў Албаніі 14 нацыянальных паркаў, 4 водна-балотных угоддзі, 1 марскі парк.[3] Албанія займае самыя высокія сярод краін Паўднёвай Еўропы пазіцыі ў розных экалагічных рэйтынгах.

Гісторыя правіць

 
Апалонія — буйны грэчаскі порт на Ілірыйскім узбярэжжы Адрыятычнага мора. Размешчаны на заходнім канцы Эгнатыевай дарогі, што вяла з Рыма ў Канстанцінопаль

У старажытнасці тэрыторыя сучаснай Албаніі ўваходзіла ў склад Ілірыі, заселенай індаеўрапейскімі плямёнамі ілірыйцаў, якія пазней перамяшаліся са славянамі і фракійцамі. У 168 годзе да н.э. Ілірыя была заваявана Рымскай імперыяй і падзелена між правінцямі Далмацыя, Македонія і Мёзія. З 395 года тэрыторыя будучай Албаніі ўвайшла ў склад Усходняй Рымскай імперыі. У канцы VI — пачатку VII стагоддзяў сюды пачалі прыбываць славяне. З ІХ па ХІ стагоддзя тэрыторыя Албаніі ўваходзіла ў склад Першага Балгарскага царства, пасля крушэння якога ўлада Візантыі аднавілася.

 
Георг Скандэрбег (1405–1468), кіраўнік антыасманскай барацьбы, што на 25 гадоў спыніла прасоўванне турак у Еўропу. Нацыянальны герой Албаніі
 
Княства Арберыя — першая албанская дзяржава (ХІІ–ХІІІ стагоддзі)

Першая албанская дзяржава ўзнікла ў канцы XII стагоддзі, калі архон Прагон заснаваў васальнае ад Візантыі княства Арбанон (Арберыя) з цэнтрам у Круі. У 1272 кароль Сіцылійскага каралеўства Карл I Анжуйскі, прагнучы стварыць міжземнаморскую імперыю, зваяваў Арберыю і абвясціў сябе каралём Албаніі, паабяцаўшы албанскім князям адстойваць іх старажытныя свабоды. Яго Албанія ў сваіх максімальных памерах прасціралася ад сучаснага Дурэса на поўначы да Бутрынці на поўдні. У XIV Албанія была на кароткі час заваявана Сербіяй. Каля 1435 года Албанскія княствы, следам за Сербіяй, зведалі нашэсце з боку Атаманскай імперыі. Некаторы час незалежнасць Албаніі атрымлівалася адстойваць Лежскай лізе на чале з князем Георгам Кастрыёці (Скандэрбегам), што стаў нацыянальным героем краіны. Пасля гібелі Скандэрбега надышлі пяць стагоддзяў турэцкага панавання. У гэты час албанскія феадалы актыўна пераходзілі ў іслам, каб захаваць свае маёнткі і багацце. Дзякуючы гэтаму албанскія арыстакраты часта займалі адказныя пасады на заваяваных славянскіх тэрыторыях Атаманскай імперыі.

 
Прэзідэнт (1924–28) і кароль (1928–39) Ахмет Зогу

У XIX стагоддзі пачаўся нацыянальна-вызваленчы рух, а ў 1912 пасля паразы Турцыі ў Першая Балканскай вайна Албанскі Народны Кангрэс абвясціў незалежнасць Албаніі, прызнаную міжнародным супольніцтвам праз год. У 1913 годзе пад шум грымотаў Другой Балканскай вайны Грэцыя і Сербія няўдала паспрабавалі падзяліць Албанію паміж сабой. Падчас Першай сусветнай вайны Албанія паступова пераўтваралася ў княства і ў гэтым статусе знаходзілася да 1925 года. У 19251939 гадах краінай кіраваў Зогу I, які пачынаў як прэзідэнт Албанскай рэспублікі. Пры ім 1 верасня 1928 года Албанія стала каралеўствам, а Зогу — каралём.

 
"Вялікая Албанія", што існавала падчас італьянскай акупацыі

16 красавіка 1939 года Албанія была заваявана фашысцкай Італіяй, а італьянскі кароль Віктар Эмануіл III быў абвешчаны албанскім каралём. Пасля нямецай акупацыі Югаславіі ў 1941 годдзе да албанскага пратэктарата былі далучаны Косава і заходняя частка Македоніі. На новых землях Албанія праводзіла актыўныю албанізацыю, у той час як Італія спрабавала італізаваць саму Албанію. У красавіку 1943 года краіна была занята нямецкімі войскамі. У 19431944 гадах у Албаніі разгарнуўся моцны антыфашысцкі камуністычны рух. У лістападзе 1944 партызанская Народна-вызвалечая армія Албаніі ўсталявала кантроль над усёй тэрыторыяй краіны. 28 лістапада 1944 года Албанія стала народнай рэспублікай пад кіраўніцтвам камуністычнай Албанскай партыі працы і яе кіраўніка Энвера Ходжа. 29 лістапада 1944 года Албанія была цалкам вызвалена з-пад акупацыі, ад таго часу гэты дзень святкуецца як Дзень вызвалення. Такім чынам, у Албаніі, як і ў Югаславіі, у адрозненні ад большасці краін Усходняй Еўропы, камуністы прыйшлі да ўлады без непасрэднага савецкага ўмяшальніцтва.

Неўзабаве за ўладу з камуністычнымі сіламі паспрачаліся манархісты, але албанскія камуністы мелі поспех, дзякуючы дапамозе югаслаўскага кіраўніка Іосіпа Броз Ціта. Ціта, марачы аб стварэнні Вялікай Югаславіі, прапанаваў Албаніі і Балгарыі ўвайсці ў склад Югаславіі, але гэтыя планы не былі здзейснены. Пасля 1945 года сацыялістычная Албанія ўваходзіла ў савецкі блок. У 1946 годзе ЗША наклалі вета на ўступленне Албаніі ў склад Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, куды Албанія была прынята толькі 14 снежня 1955.

З 1960-х гадоў, пасля савецкіх палітычных рэформ у сярэдзіне 1950-х, Албанія пачала выходзіць з-пад кантролю СССР. У 1968 годзе Албанія асудзіла савецкую інтэрвенцыю ў Чэхаславакію і выйшла з Варшаўскага дагавора. З гэтага часу сваю знешнюю палітыку камуністычная Албанія кіравала на мааісцкі Кітай, атрымліваючы ад таго значную фінансавую дапамогу. Ад астатняга камуністычнага і ўсяго капіталістычнага свету Албанія была ізалявана. У 1974 годзе кітайская дапамога была значна скарочана, у 1978 годзе спынена, у тым ліку, з-за вострай крытыкі албанскім камуністамі кітайскіх палітычных рэформ.

 
Энвер Ходжа

Албанія стала першай краінай у свеце, якая абвясціла сябе атэістычнай краінай. У 1976 годзе назва краіны была зменена на Народная Сацыялістычная Рэспубліка Албанія. У 1970-х праводзіліся «чысткі» кіраўнічых кадраў. У канцы 1970-х гадоў, пасля смерці Маа Цзэдуна ў Кітаі, у Албаніі пачалася міжкланавая барацьба за ўладу, якая абвастрылася пасля смерці прэм'ер-міністра Мехмета Шэху, якога Ходжа абвінавачваў у шпіянажы. Увогуле, Албанія стала адзінай у паслясталінскай Усходняй Еўропе краінай, дзе моцна праявіліся рэцыдывы сталінізму.

 
Тырана. Толькі ў 1988 простым албанцам было дазволена шпацыраваць па Плошчы Скандэрбега

Смерць Ходжы ў 1985 годзе дала пачатак паступовай дэмакратызацыі краіны, напрыклад, грамадзянам дазволены выезд за мяжу (1990). У 1991 адбылася рэвалюцыя, у выніку якой сацыялістычны лад быў скасаваны і была абвешчана дэмакратычная (чацвёртая) рэспубліка. І ўсё адно ў 1991 годзе у выніку першых свабодных выбараў перамаглі камуністы. І толькі ўжо праз год іх адолелі дэмакратычныя сілы — быў выбраны першы некамуністычны прэзідэнт пасля 1945 года, С. Берыша.

У выніку эканамічнага крызісу ў студзені 1997 года адбыліся публічныя пратэсты супраць маштабных фінансавых махлярстваў, што перараслі ва ўзброеныя мяцежы ды анархію, а да ўлады прыйшла апазіцыя (Сацыялістычная партыя, яна ж былая камуністычная)). У краіну быў уведзены міратворчы кантынгент войск ААН (7 тысяч чалавек, красавік — жнівень 1997 года). У 1998 годзе назіраўся масавы прыток уцекачоў ад грамадзянскай вайны ў Косаве.

Праз восем гадоў, Сацыялістычная партыя страціла ўладу, і ў 2005 годзе на парламенцкіх выбарах перамаглі дэмакратычныя партыі. У 2009 годзе Албанія далучылася да НАТА. У 2011 годзе ў сталіцы Албаніі Тыране прайшлі акцыі пратэстаў супраць карупцыі дзейнага ўрада, у выніку трое дэманстрантаў загінулі[4]. 23 чэрвеня 2013 года на чарговых парламенцкіх выбарах перамагла Сацыялістычная партыя на чале з мерам Тыраны Эдзі Рамам[5], яна ж атрымала парламенцкую большасць і на апошніх выбарах (2017).

Дзяржаўны лад і палітыка правіць

Паводле Канстытуцыі 21 кастрычніка 1998 года, Албанія — парламенцкая рэспубліка. Кіраўніком дзяржавы з'яўляецца Прэзідэнт. Уся паўната ўлады належыць заканадаўчаму органу — Парламенту і лідару выканаўчай улады — прэм'ер-міністру, што ачольвае кабінет міністраў.

Заканадаўчая ўлада правіць

 
Будынак Народнага сходу Албаніі.

Парламент краіны — аднапалатны Народны сход Албаніі, або Кувендзі (140 месцаў). 100 дэпутатаў абіраюцца па мажарытарнай сістэме ў аднамандатных акругах (у два туры), 40 — па партыйных спісах (з 2,5адсоткавым бар'ерам для партый). Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў — 4 гады. Народны сход Албаніі мае паўнамоцтвы вызначаць унутраную і знешнюю палітыку дзяржавы, зацвярджаць і змяняць Канстытуцыю, аб'яўляць вайну, ратыфікаваць і ануляваць міжнародныя дагаворы, выбіраць Прэзідэнта Албаніі, генеральнага пракурора і членаў Вярхоўнага суда, кантраляваць дзейнасць дзяржаўных радыё і тэлебачання, дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва і іншых афіцыйных інфармацыйных органаў.

Першы парламент Албаніі створаны ў 1920 годзе падчас барацьбы за незалежнасць краіны і супраць яе падзелу па Парыжскім міры паміж Грэцыяй, Італіяй і Югаславіяй.

Выканаўчая ўлада правіць

 
Дзеючы прэм'ер-міністр Албаніі Эдзі Рама.

Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў на чале з прэм'ер-міністрам. Прэм'ер прызначаецца прэзідэнтам (па ўзгадненні з парламентам) пасля кожных парламенцкіх выбараў і фарміруе свой кабінет. Паўнамоцтвы прэзідэнта як суб'екта выканаўчае ўлады вельмі абмежаваныя — згодна з Канстытуцыяй, ён з'яўляецца галоўнакамандуючым узброеных сіл і сімвалізуе адзінства нацыі.[6] Прэзідэнт абіраецца на пяцігадовы тэрмін парламенцкай большасцю ў тры пятых галасоў у выніку таемнага галасавання.

Судовая ўлада правіць

Судовая ўлада ўскладзена на вышэйшы суд, канстытуцыйны суд, апеляцыйны суд і адміністрацыйны суд.

Палітычныя партыі правіць

Асноўныя партыі, што ў ХХІ стагоддзі змагаюцца за ўладу — левацэнтрысцкая Сацыялістычная партыя Албаніі і кансерватыўная Дэмакратычная партыя Албаніі. Таксама ў бягучы парламент уваходзяць Сацыялістычны рух за інтэграцыю, што ў 2010-х фарміруе правячую кааліцыю з Сацыялістычнай партыяй; Партыя за справядлівасць, інтэграцыю і адзінства; Сацыяльна-Дэмакратычная партыя Албаніі. Партыі, што былі прадстаўлены ў парламенце 2013–17 гг.. склікання, але прайгралі выбары 2017: Партыя адзінства за правы чалавека, Хрысціянска-дэмакратычная партыя Албаніі, Рэспубліканская партыя Албаніі

 
Партыйны склад Парламента склікання 2017 года. Адпаведнасць колеру пэўнай партыі паказана ў табліцы справа.
Партыя Месцаў
     Альянс за Еўрапейскую Албанію (93)
Сацыялістычная партыя 74
Сацыялістычны рух за інтэграцыю 19
     Альянс за працу, заможнасць і інтэграцыю (47)
Дэмакратычная партыя 43
Партыя за справядлівасць, інтэграцыю і адзінства 3
Сацыяльна-Дэмакратычная партыя Албаніі 1
Усяго месцаў 140

Знешняя палітыка правіць

Ад часу падзення камунізму Албанія імкнецца будаваць добрасуседскія адносіны з балканскімі краінамі і добразычлівыя — з краінамі ўсяго свету. Шматлікая албанская дыяспара працуе на паляпшэнне іміджу сваёй радзімы. Вялікім поспехам міжнароднай палітыкі стала членства ў НАТА (2009). Асноўнай палітычнай мэтай на бліжэйшыя дзесяцігоддзі застаецца членства ў ЕС, іншая важлівая мэта — пашырэнне міжнароднага прызнання Косава. Прыяцельскія сувязі ў Албаніі з ЗША: у 2007 Тырану ўпершыню наведаў прэзідэнт ЗША — Джордж Буш Малодшы.

Складаныя — фактычна, невырашальны канфлікт — адносіны Албаніі з Сербіяй звязаныя са з'яўленнем ка карце Еўропы незалежнага Косава. Даволі напружаныя адносіны з Грэцыяй вынікаюць з парушэнняў (на думку Грэцыі) правоў грэчаскай меншасці ў Албаніі з аднаго боку і патэнцыяльных (на думку Албаніі) тэрытарыяльных прэтэнзій з боку Грэцыі да Албаніі з боку іншага.

Адносіны з Беларуссю правіць

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Албанія былі ўсталяваны 17 траўня 1993 г. Албанскія паслы ў Расіі па сумяшчальніцтве акрэдытуюцца ў Беларусі. 16 сакавіка 2015 года ў Маскве адбылася рабочая сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ігара Петрышэнкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Албанія ў Расійскай Федэрацыі Арбенам Газіёні. Асаблівая ўвага была нададзена магчымасцям рэалізацыі існуючага патэнцыялу пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў, павелічэння наменклатуры і аб'ёмаў паставак беларускай прадукцыі ў Албанію, фарміраванню дагаворна-прававой базы двухбаковых адносінаў, абмеркаванню перспектыў узаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый.[7]

Адміністрацыйны падзел правіць

Тэрыторыя Албаніі дзеліцца на 12 абласцей, якія, ў сваю чаргу, дзеляцца на 61 муніцыпалітэт. У складзе муніцыпалітэтаў выдзяляецца 2980 камун. Такое ўладкаванне было прынята ў 2015 годзе, да таго часу вобласці складаліся з 36 акруг, якія, ў сваю чаргу, дзяліліся на 309 камун і 65 гарадоў.

Вобласць Сталіца Акругі Плошча, км² Насельніцтва Карта
Берат Берат Берат (1[ап 1]), Кучава (16), Скрапары (29) 1798 139,815  
Дыбра Пешкопія Булькіза (2), Дыбра (7), Мат (22) 2586 134,153
Дурэс Дурэс Дурэс (6), Круя (13) 766 278,775
Эльбасан Эльбасан Грамш (5), Лібражд (18), Пекін (25), Эльбасан (36) 3199 298,913
Фіеры Фіеры Люшня (19), Малакастра (20), Фіеры (33) 1890 312,448
Гіракастра Гіракастра Гіракастра (4), Перметы (26), Тэпелена (32) 2884 70,331
Корча Корча Дэвол (8), Калонья (11), Корча (12), Паградзец (24) 3711 221,706
Кукес Кукес Кукес (14), Трапоя (30), Хас (34) 2374 84,035
Лежа Лежа Курбін (15), Лежа (17), Мірдыта (23) 1620 135,613
Шкодэр Шкодэр Малесія-э-Мадзі (21), Пука (27), Шкодэр (35) 3562 215,483
Тырана Тырана Кавая (10), Тырана (31) 1652 811,649
Влёра Влёра Влёра (3), Дэльвіна (9), Саранда (28) 2706 183,105
  1. Нумары акруг у дужках адпавядаюць нумарам дадзеных перыферый на карце справа.

Насельніцтва правіць

 
Полава-ўзроставая піраміда, 2016. Лёгка заўважыць міграцыйныя страты мужчынскага насельніцтва ў 1990-х–2000-х (група 30-50 гадоў) і скарачэнне нараджальнасці ў апошніх 15 гадоў

Колькасць насельніцтва — 2,9 млн чал. (паводле іншых дадзеных — 3 млн).[8] Натуральны прырост — нязначны па мусульманскай меры — адзін з самых высокіх у Еўропе (6,3 на 1000 у 2018 годзе). Рост насельніцтва стрымліваецца высокім узроўнем эміграцыі (-3 на 1000). Такім чынам, агульны прырост слабададатны, але гэта з'ява толькі апошніх пяці гадоў. У 1990-х і 2000-х жа плынь эмігрантаў, выкліканая падзеннем камунізму і эканамічным крызісам, была настолькі моцнай, што агульная колькасць насельніцтва краіны зменшылася з 3,3 да 2,8 млн. Лічыцца, што за гэты час Албанію пакінулі 900 тыс. чалавек, з іх дзве траціны аселі ў суседняй Грэцыі.

У ХХІ стагоддзі паказчык нараджальнасці памяншаецца, набліжаючыся да сярэднееўрапейскага. У 2018 на адну жанчыну прыходзілася 1,52 дзіцяці, што ніжэй чым у Францыі або Вялікабрытаніі, ды ўвогуле мала ў каго ў свеце менш. Сярэдняя працягласць жыцця моцна вырасла і ў 2018 складала 78,6 гадоў. Усё гэта дае падставу чакаць у бліжэйшыя дзесяцігоддзі старэння насельніцтва краіны.

 
Указальнікі на албанскай, македонскай і англійскай мовах у памежнай з Македоніяй камуне Пустэк

Албанія — монаэтнічная дзяржава: асноўны народ — албанцы — складае 97 % насельніцтва, на поўдні пражываюць грэкі (0,9 %), маюцца таксама цыгане, невялікія супольнасці македонцаў, чарнагорцаў, арамунаў. Пытанне нацыянальнага складу ў Албаніі вельмі далікатнае, многія эксперты мяркуюць, што дадзеныя па колькасці меншасцей заніжаны. Так Грэцыя лічыць, што ў Албаніі жывуць 300 000 грэкаў, большасць якіх байкатавала перапіс насельніцтва 2011, таму ў статыстыцы грэкаў на парадак меней.[9]. Дзяржаўная мова — албанская, якую падчас перапісу 2011 назвалі матчынай 98,8 % жыхароў краіны. Албанская мова ўтварылася ад зліцця двух дыялектаў — гегскага (паўночнага) і тоскскага (паўднёвага), на аснове апошняга. Дыялекты албанскай мовы дагэтуль адрозніваюць жыхароў поўначы і поўдня краіны.

 
Вялікая мячэць у Дурэсе. Іслам быў "прышчэплены" албанцам падчас Асманскага панавання

На рэгіянальным узроўні выкарыстоўваюца мовы этнічных меншасцей. Албанская грэчаская мова захавала некаторыя старажытныя асаблівасці, страчаныя сучаснай літаратурнай грэчаскай. Што тычыцца рэлігіі, то албанская Канстытуцыя дэкларуе свабоду веравызнання ў секулярнай дзяржаве. Паводле перапісу 2011, 59 % насельніцтва вызнае іслам пераважна суніцкага кірунку, 7 % складаюць праваслаўныя хрысціяне (або каля 15 % з ужо ўзгаданымі "недалічанымі" грэкамі), 10 % — каталікі. Мусульмане жывуць раўнамерна па ўсёй краіне, каталікоў больш на поўначы, праваслаўных — на поўдні. Цікава адзначыць, што ўсе галоўныя канфесіі паставілі пад сумнеў вынікі перапісу, скардзячыся, што іх "не далічылі". І гэта пры тым, што доля вернікаў у рэчаіснасці меншая з прычыны секулярызацыі ў сацыялістычны перыяд.

 
Музычны вечар на Плошчы Скандэрбега, 2018. Галоўная плошча Тыраны, што разам з навакольнымі вуліцамі ўтварае найвялікшую пешаходную зону на Балканах, у 2018 атрымала Еўрапейскую прэмію за арганізацыю гарадской прасторы

Шчыльнасць насельніцтва падобная да сярэдняй па Балканскім паўвостраве і складае каля 100 чал/км². Больш густа заселеныя ўзбярэжжа і міжгорныя даліны, самая нізкая шчыльнасць характэрна для Паўночных Албанскіх Альпаў.

Гарады правіць

Крыху больш за палову албанскага народа жыве у гарадах — 54 %, што надта мала нават для адносна аграрнай Паўднёвай Еўропы. Адміністрацыйным, культурным, эканамічным і прамысловым цэнтрам Албаніі з'яўляецца Тырана, насельніцтва агламерацыі якой перавышае 800 тысяч чалавек, у самой жа Тыране перапіс 2011 налічыў 418 тыс.чалавек. Іншыя буйныя гарады з колькасцю насельніцтва, большай за 100 тысяч жыхароў, уключаюць у сябе Дурэс (каля 300 тыс.), Влёру (каля 200 тыс.) і Эльбасан.

Эканоміка правіць

 
Toptani Shopping Mall, Тырана. Сталіца — найважнейшы фінансавы хаб, цэнтр прыцягнення інвестыцый

З сярэдзіны 1940-х па канец 1980-х гадоў эканоміка Албаніі мела планавы характар, з 1988 года пачаўся паступовы пераход да эканомікі рынкавай. Хуткі эканамічны рост пачаўся ў 2000 годзе, у 2000-х штогадовы рост ВУП склаў 6—7 %, адначасова колькасць замежных інвестыцый дасягала 50 % ВУП2004 годзе замежныя інвестыцыі склалі 5,7 млрд еўра, €1780 на кожнага жыхара). Албанія стала адным з трох еўрапейскіх краёў, хто найхутчэй акрыяў ад крызісу 2008–09, і ўсе 2010-я дэманстравала высокія паказчыкі эканамічнага росту. У другой палове 2010-х урад распачаў амбіцыйную праграму рэформаў для паляпшэння бізнес-клімату.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, Албанія застаецца адной з самых бедных краін Еўропы, нароўні з Босніяй, апярэджваючы толькі Малдову. У 2012 ВУП на душу насельніцтва (ППЗ) складаў усяго 35 % ад сярэдняга па ЕС Існуюць меркаванні, што рост эканомікі Албаніі, які можа вывесці яе на ўзровень, дастатковы для яе прыняцця ў Еўрапейскі Саюз, можа заняць да дваццаці гадоў. Да мільёна албанцаў працуюць за мяжой і адпраўленыя імі грашовыя сродкі з'яўляюцца важнай крыніцай прыбыткаў насельніцтва (да 2008 яны складалі 12–15 % ад ВУПу Албаніі, у 2015 — усяго 6 %). Узровень беспрацоўя складае 14 %, што для балканскай краіны не так і блага.[8]

Значныя мінеральныя багацці краіны ляжаць у аснове развіцця здабыўной прамысловасці. У наш час вядзецца здабыча хрому (адно з першых месцаў у свеце па здабычы і экспарце), медзі, жалеза, нікелю, нафты (у тым ліку цяжкай), прыроднага газу, вуглю і баксітаў. Каля возера Прэспа знаходзіцца адно з багацейшых радовішчаў прыроднага асфальту. Аб'ёмы здабычы паліўных рэсурсаў нязначныя: так нафты здабываецца каля 22 тыс барэляў у суткі — крыху меней чым у Беларусі, нягледзячы на значныя запасы чорнага золата.[10] Здабычай нафты і газу займаюцца кампаніі Taçi Oil, Albpetrol, каляровых металаў — AlbChrome.

 
Цэментавы завод кампаніі Antea, акруга Круё

Большую частку электрычнасці краіна выпрацоўвае на гідраэлектрастанцыях. Тры найбуйнейшых ГЭС пабудаваны на Дрыне. У Албаніі існуюць прадпрыемствы будаўнічай (цэментавай), электратэхнічнай, металаапрацоўчай і харчовай прамысловасці. Найбольш імкліва развіваюцца тэкстыльная і швейная галіны, што ў 2010-х сталі галінамі спецыялізацыі краіны — буйныя еўрапейскія кампаніі прываблівае танная працоўная сіла. Албанія з'яўляецца буйным вытворцам тытунёвых вырабаў.

 
Вінаграднікі, горад Берат

Паўднёва-заходняя Албанія з'яўляецца адным з цэнтрам зараджэння земляробства ў Еўропе. Сучасная сельская гаспадарка, у якой занята дзве пятых насельніцтва, дае адну пятую ВУП краіны. Пераважаюць невялікія сямейныя зямельныя надзелы, механізацыя і хімізацыя недастатковыя. Зрэшты, на шляху да сяброўства ў ЕС урад мадэрнізуе галіну і фінансава падтрымлівае фермераў. Пераважае раслінаводства: вырошчваюцца пшаніца, кукуруза, бульба, гародніна, садавіна, цукровыя буракі, тытунь, вінаград; Албанія славутая сваімі шалфеем і размарынам. Даўнія традыцыі вінаградарства, да таго ж Албанія з'яўляецца адной з нешматлікіх краін свету, дзе расце дзікі вінаград. У жывёлагадоўлі перавага аддаецца авечкам ды буйной рагатай жывёле. Рыбалоўства развіта недастаткова, але багатыя рыбай (карп, фарэль, марскі лешч), мідыямі і ракападобнымі прыбярэжныя воды даюць падставу казаць пра будучыню гэтай галіны.

 
Міжнародны аэрапорт Тыраны імя Маці Тэрэзы

Транспартная сістэма Албаніі ў пачатку ХХІ стагоддзя сур'ёзна змянілася ў лепшы бок. Галоўнымі варотамі краіны служыць Міжнародны аэрапорт Тыраны са штогадовым абаротам у больш за 2,5 млн пасажыраў. Плануецца будаўніцтва міжнародных аэрапортаў у Влёры, Гіракастры і Сарандзе — турыстычных цэнтрах на поўдні краіны. Унутраныя перавозкі ажыццяўляюцца галоўным чынам аўтамабільным транспартам, у 2010-х працягваецца будаўніцтва аўтамагістраляў, што звяжуць Албанію з усімі суседзямі і інтэгруюць транспарт краіны ў агульнаеўрапейскую сетку. Знешні гандаль ляжыць на плячах марскога транспарту, галоўным портам з'яўляецца Дурэс, за ім ідзе Влёра.

 
Панарама порта Дурэса

Надзвычайную папулярнасць здаўна маюць і марскія пасажырскія перавозкі: паромныя пераправы злучылі Дурэс з мноствам астравоў і берагамі Італіі, Грэцыі, Харватыі. Чыгуначны транспарт, што інтэнсіўна развіваўся за часам Ходжы, сёння грае другарадную ролю. Аднак плануецца новая чыгунка Тырана – Дурэс, якая мае даць старт чыгуначнаму адраджэнню Албаніі.[11]

Імкліва развіваецца міжнародны турызм: ў 2013 годзе Албанію наведалі 3,3 млн чалавек, у 2017 — 5,2 млн.[12]

Для Албаніі характэрны адмоўны гандлёвы баланс. Траціну экспарту складаюць турыстычныя паслугі, яшчэ 17 % — ІТ-паслугі. Сярод тавараў пераважаюць абутак (асабліва скураны!) і адзенне, хромавыя руды.[13] Імпартуюцца прадукты харчавання, медыкаменты, нафтапрадукты, аўтамабілі і электроніка. Асноўны гандлёвы партнёр — Італія, за ёй з вялікім адрывам ідуць Грэцыя, Кітай, Сербія. Аб'ём двухбаковага тавараабароту з Беларуссю па выніках 2014 года склаў 16,15 млн. долараў ЗША.[7]

Культура і мастацтва правіць

Кінематограф правіць

 
Кінарэжысёр Куйтым Кашку — аўтар шматлікіх албанскіх фільмаў з 1970-х гадоў.

Кінематограф Албаніі з'явіўся ў 1911—1912 гадах з першымі паказамі замежных фільмаў і здымкамі дакументальных фільмаў у перадваенны і міжваенны перыяд. Пасля Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе камуністычны ўрад заснаваў Албанскі кінаінстытут, які ў 1952 годзе стаў вядомым як «Kinostudio Shqipëria e Re». У 1953 годзе ў супрацоўніцтве з кінематаграфістамі СССР быў зняты першы албанскі эпічны фільм пра нацыянальнага героя Албаніі «Скандэрбег», які атрымаў міжнародны прыз на Канскім фестывалі. Фільм «Тана» 1958 года стаў першым поўнаметражным фільмам, а таксама фільмам з першай сцэнай пацалунка ў гісторыі албанскага кінематографа. У 1960-я гады асноўнымі тэмамі албанскіх фільмаў была акупацыя Албаніі італьнскімі і нямецкімі войскамі ў часы Другой сусветнай вайны і барацьба за вызваленне. Стужкі мелі моцную станоўчую канатацыю ў бок камуністычных партызан і адмоўную — у адносінах да сілаў Балі Камбетар і разглядаліся ў якасці дзяржаўнай прапаганды. У 1970-х і 1980-х гадах было знята 20–40 дакументальных стужак, якія, у большасці, былі прапагандысцкімі фільмамі, але мелі культурную вартасць. У гэты ж перыяд у кінематографе краіны адбылося нараджэнне анімацыйных фільмаў. Да 1990 года ў краіне было выраблена каля 200 фільмаў і налічвалася каля 450 кінатэатраў, аднак большая частка іхняга абсталявання была састарэлай.

У 1990-х гадах «Kinostudio Shqipëria e Re» распалася на шэраг дробных прыватных студый, дзе фільмы здымалі як албанскія рэжысёры так і замежныя, сумесна з новым «Нацыянальным цэнтрам кінематаграфіі» (алб.: Qendra Kombëtare е Kinematografisë). Сярод албанскіх фільмаў апошніх гадоў найбольшай папулярнасцю карыстаюцца такія стужкі як «Палкоўнік Бункер» рэжысёра Куйтыма Кашку, «Слоганы» рэжысёра Гергі Шувані, «Амністыя» рэжысёра Бухара Алімані, якія былі абраныя ад краіны на прэмію «Оскар» у намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове», а таксама «Тырана, нулявы год» і іншыя. Пасля падзення камуністычнага ўрада ў Албаніі быў пабудаваны шэраг сучасных кінатэатраў (такіх як «Міленіум» у Тыране), дзе дэманструюцца, у асноўным, заходнія (пераважна амерыканскія) фільмы.

Кухня правіць

 
Албанская пахлава.

Албанская кухня з'яўляецца міжземнаморскай і сфарміравалася з уплывам кулінарных традыцый Грэцыі, Італіі і Турцыі. Яна характарызуецца выкарыстаннем як міжземнаморскіх траў, такіх як арэгана, мята, базілік, размарын і іншыя ў мясных і рыбных стравах, так і перца чылі і часнака. Амаль у кожную страву дадаецца гародніна.

Асноўным прыёмам ежы албанцаў з'яўляецца абед, які звычайна складаецца з рагу (алб.: gjellë), павольна прыгатаванага мяса з рознай гароднінай, і салата з свежай гародніны, такой як таматы, агуркі, зялёны перац і масліны. Салат запраўляецца соллю, аліўкавым алеем, воцатам або цытрынавым сокам. Сярод супаў папулярнасцю карыстаюцца таратор, халодны суп з ёгурта і агуркоў, а таксама суп з цытрынай.

У горных раёнах шырока распаўсюджаны вэджанае мяса і марынаваныя кансервы. Сярод жывёльных органаў дэлікатэсам лічацца кішачнікі і галовы. Неад'емнай часткай кухні з'яўляюцца малочныя прадукты, якія, як правіла, суправаджаюцца хлебам і алкагольнымі напоямі, такімі як ракія і брага. Морапрадукты, у асноўным, распаўсюджаны ў прыбярэжных раёнах і гарадах краіны, такіх як Дурэс, Влёра, Шкодэр, Лежа і Саранда.

Апроч таго, характэрнымі стравамі Албаніі з'яўляюцца бурэк, пластовая выпечка з сырам, мясным фаршам або лукам, і флія, пластовая выпечка з крэмам альбо каймаком. Кандытарскія вырабы прысутнічаюць у кожным албанскім горадзе. Найбольш распаўсюджаныя дэсерты краіны з'яўляюцца тыповымі для ўсіх балканскіх краін: пахлава, рысавы пудынг, тулумба, бісквіт, лукум і іншыя.

Некаторыя цікавінкі правіць

  • У камуністычную эпоху Энвер Ходжа загадаў усім албанцам рыхтавацца да ядзернай вайны — кожная албанская сям'я мусіла пабудаваць сабе бункер. Сёння многія з 700 тысяч пабудаваных бункераў захаваліся і ствараюць цікавы гістарычны антураж. А шмат якія сем'і захоўваюць у іх бульбу.
  • Албанію нярэдка называюць "маленькай Італіяй", што справядліва як з боку антычнай гісторыі і адрыятычнага пляжнага адпачынку, так і з боку хаатычнага руху на аўтадарогах.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/02/weodata/weorept.aspx?sy=2018&ey=2019&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&pr1.x=72&pr1.y=8&c=914%2C962%2C943%2C963%2C918%2C960%2C968%2C942%2C961%2C174%2C186%2C967&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  2. http://hdr.undp.org/sites/default/files/2018_human_development_statistical_update.pdf
  3. https://www.undp.org/content/dam/albania/docs/short_report_design.pdf Архівавана 26 ліпеня 2020.
  4. Прэм'ер Албаніі: ніхто не захопіць уладу гвалтам. Радыё Свабода (22 студзеня 2011).
  5. Албанія можа сёлета стаць кандыдатам у Еўрасаюз. Радыё Свабода (18 верасня 2013).
  6. https://www.osce.org/albania/41888?download=true
  7. а б http://www.soyuz.by/news/geopolitics/14777.html Архівавана 2 ліпеня 2019.
  8. а б https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/al.html Архівавана 5 верасня 2015.
  9. https://2009-2017.state.gov/documents/organization/238560.pdf
  10. https://www.eia.gov/beta/international/data/browser/#/?pa=00000000000000000000000000000000002&c=ruvvvvvfvtvnvv1vrvvvvfvvvvvvfvvvou20evvvvvvvvvvvvuvo&ct=0&tl_id=5-A&vs=INTL.57-1-AFG-TBPD.A&vo=0&v=H&end=2018
  11. https://web.archive.org/web/20170928055749/http://top-channel.tv/lajme/artikull.php?id=329857
  12. https://nashaniva.by/?c=lr&i=212862&lang=ru
  13. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=4&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2017

Літаратура правіць

Спасылкі правіць