Палітыка Албаніі
Паводле Канстытуцыі 21 кастрычніка 1998 года, Албанія з’яўляецца ўнітарнай дэмакратычнай парламенцкай рэспублікай. Кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт. Уся паўната ўлады належыць заканадаўчаму органу — аднапалатнаму Парламенту, што абіраецца кожныя чатыры гады; і лідару выканаўчай улады — прэм’ер-міністру, што ачольвае кабінет міністраў. Албанія падзяляецца на 12 абласцей, у склад якіх уваходзіць 61 муніцыпалітэт, на самым нізкім узроўні налічваецца амаль 3000 камун.
Дзяржащны лад
правіцьЗаканадаўчая ўлада
правіцьПарламент краіны — аднапалатны Народны сход Албаніі, або Кувендзі (140 месцаў). 100 дэпутатаў абіраюцца па мажарытарнай сістэме ў аднамандатных акругах (у два туры), 40 — па партыйных спісах (з 2,5адсоткавым бар’ерам для партый). Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў — 4 гады. Народны сход Албаніі мае паўнамоцтвы вызначаць унутраную і знешнюю палітыку дзяржавы, зацвярджаць і змяняць Канстытуцыю, аб’яўляць вайну, ратыфікаваць і ануляваць міжнародныя дагаворы, выбіраць Прэзідэнта Албаніі, генеральнага пракурора і членаў Вярхоўнага суда, кантраляваць дзейнасць дзяржаўных радыё і тэлебачання, дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва і іншых афіцыйных інфармацыйных органаў.
Першы парламент Албаніі створаны ў 1920 годзе падчас барацьбы за незалежнасць краіны і супраць яе падзелу па Парыжскім міры паміж Грэцыяй, Італіяй і Югаславіяй.
Выканаўчая ўлада
правіцьВыканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Прэм’ер прызначаецца прэзідэнтам (па ўзгадненні з парламентам) пасля кожных парламенцкіх выбараў і фарміруе свой кабінет. Паўнамоцтвы прэзідэнта як суб’екта выканаўчае ўлады вельмі абмежаваныя — згодна з Канстытуцыяй, ён з’яўляецца галоўнакамандуючым узброеных сіл і сімвалізуе адзінства нацыі.[1] Прэзідэнт абіраецца на пяцігадовы тэрмін парламенцкай большасцю ў тры пятых галасоў у выніку таемнага галасавання.
Судовая ўлада
правіцьСудовая ўлада ўскладзена на вышэйшы суд, канстытуцыйны суд, апеляцыйны суд і адміністрацыйны суд.
Палітычныя партыі
правіцьАсноўныя партыі, што ў ХХІ стагоддзі змагаюцца за ўладу — левацэнтрысцкая Сацыялістычная партыя Албаніі і кансерватыўная Дэмакратычная партыя Албаніі. Таксама ў бягучы парламент уваходзяць Сацыялістычны рух за інтэграцыю, што ў 2010-х фарміруе правячую кааліцыю з Сацыялістычнай партыяй; Партыя за справядлівасць, інтэграцыю і адзінства; Сацыяльна-Дэмакратычная партыя Албаніі. Партыі, што былі прадстаўлены ў парламенце 2013–17 гг.. склікання, але прайгралі выбары 2017: Партыя адзінства за правы чалавека, Хрысціянска-дэмакратычная партыя Албаніі, Рэспубліканская партыя Албаніі
Партыя | Месцаў |
---|---|
Альянс за Еўрапейскую Албанію (93) | |
Сацыялістычная партыя | 74 |
Сацыялістычны рух за інтэграцыю | 19 |
Альянс за працу, заможнасць і інтэграцыю (47) | |
Дэмакратычная партыя | 43 |
Партыя за справядлівасць, інтэграцыю і адзінства | 3 |
Сацыяльна-Дэмакратычная партыя Албаніі | 1 |
Усяго месцаў | 140 |
Знешняя палітыка
правіцьАд часу падзення камунізму Албанія імкнецца будаваць добрасуседскія адносіны з балканскімі краінамі і добразычлівыя — з краінамі ўсяго свету. Шматлікая албанская дыяспара працуе на паляпшэнне іміджу сваёй радзімы. Вялікім поспехам міжнароднай палітыкі стала членства ў НАТА (2009). Асноўнай палітычнай мэтай на бліжэйшыя дзесяцігоддзі застаецца членства ў ЕС, іншая важлівая мэта — пашырэнне міжнароднага прызнання Косава. Прыяцельскія сувязі ў Албаніі з ЗША: у 2007 Тырану ўпершыню наведаў прэзідэнт ЗША — Джордж Буш Малодшы.
Складаныя — фактычна, невырашальны канфлікт — адносіны Албаніі з Сербіяй звязаныя са з’яўленнем ка карце Еўропы незалежнага Косава. Даволі напружаныя адносіны з Грэцыяй вынікаюць з парушэнняў (на думку Грэцыі) правоў грэчаскай меншасці ў Албаніі з аднаго боку і патэнцыяльных (на думку Албаніі) тэрытарыяльных прэтэнзій з боку Грэцыі да Албаніі з боку іншага.
Адносіны з Беларуссю
правіцьДыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Албанія былі ўсталяваны 17 траўня 1993 г. Албанскія паслы ў Расіі па сумяшчальніцтве акрэдытуюцца ў Беларусі. 16 сакавіка 2015 года ў Маскве адбылася рабочая сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ігара Петрышэнкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Албанія ў Расійскай Федэрацыі Арбенам Газіёні. Асаблівая ўвага была нададзена магчымасцям рэалізацыі існуючага патэнцыялу пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў, павелічэння наменклатуры і аб’ёмаў паставак беларускай прадукцыі ў Албанію, фарміраванню дагаворна-прававой базы двухбаковых адносінаў, абмеркаванню перспектыў узаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый.[2]
Адміністрацыйны падзел
правіцьТэрыторыя Албаніі дзеліцца на 12 абласцей, якія, ў сваю чаргу, дзеляцца на 61 муніцыпалітэт. У складзе муніцыпалітэтаў выдзяляецца 2980 камун. Такое ўладкаванне было прынята ў 2015 годзе, да таго часу вобласці складаліся з 36 акруг, якія, ў сваю чаргу, дзяліліся на 309 камун і 65 гарадоў.
Вобласць | Сталіца | Акругі | Плошча, км² | Насельніцтва | Карта | |
---|---|---|---|---|---|---|
Берат | Берат | Берат (1[ап 1]), Кучава (16), Скрапары (29) | 1798 | 139,815 | ||
Дыбра | Пешкопія | Булькіза (2), Дыбра (7), Мат (22) | 2586 | 134,153 | ||
Дурэс | Дурэс | Дурэс (6), Круя (13) | 766 | 278,775 | ||
Эльбасан | Эльбасан | Грамш (5), Лібражд (18), Пекін (25), Эльбасан (36) | 3199 | 298,913 | ||
Фіеры | Фіеры | Люшня (19), Малакастра (20), Фіеры (33) | 1890 | 312,448 | ||
Гіракастра | Гіракастра | Гіракастра (4), Перметы (26), Тэпелена (32) | 2884 | 70,331 | ||
Корча | Корча | Дэвол (8), Калонья (11), Корча (12), Паградзец (24) | 3711 | 221,706 | ||
Кукес | Кукес | Кукес (14), Трапоя (30), Хас (34) | 2374 | 84,035 | ||
Лежа | Лежа | Курбін (15), Лежа (17), Мірдыта (23) | 1620 | 135,613 | ||
Шкодэр | Шкодэр | Малесія-э-Мадзі (21), Пука (27), Шкодэр (35) | 3562 | 215,483 | ||
Тырана | Тырана | Кавая (10), Тырана (31) | 1652 | 811,649 | ||
Влёра | Влёра | Влёра (3), Дэльвіна (9), Саранда (28) | 2706 | 183,105 |
- ↑ Нумары акруг у дужках адпавядаюць нумарам дадзеных перыферый на карце справа.