Нафта
На́фта — гаручая вадкасць выкапнёвага паходжання. Складаная сумесь вуглевадародаў розных класаў і іншых злучэнняў. Звонку нафта выглядае як масляністая вадкасць, што флюарэсцыруе на промнях святла. Колер нафты вагаецца ад бясколернага да амаль чорнага і залежыць ад колькасці і структуры смалістых рэчываў, якія ўваходзяць у яе склад. Пашырана ў асадкавай абалонцы Зямлі. Утвараецца звычайна на глыбіні больш за 1,2-2 км.
Нафта | |
Агульныя | |
---|---|
Тэрмічныя ўласцівасці | |
Класіфікацыя | |
Рэг. нумар CAS | |
Рэг. нумар EINECS | 232-298-5 |
Сярод краін свету найбольшыя запасы нафты ў 2017 годзе мелі Венесуэла (303 млдр. барэляў або 47 млрд тон), Саудаўская Аравія (266 млрд барэляў), Канада (169), Іран (147), Ірак (148), Расія (106), Кувейт (101), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (97), ЗША (40) Лівія (48) ды Нігерыя (37 млрд барэляў) [1]. Пры сучасных тэмпах здабычы забяспечанасць нафтай вар’юецца ад 314 гадоў у Венесуэле да 12 — у ЗША.
Самай глыбокай нафтавай свідравінай (на 2008 год) з’яўляецца прасвідраваная пад вострым вуглом да паверхні зямлі свідравіна Maersk Oil BD-04A даўжынёй 12 290 метраў, размешчаная ў нафтавым басейне «Аль-Шахін» пад Катарам. На 2019 яе абышлі свідравіны міжнароднага праекту Сахалін-1, найдаўжэйшая з якіх (13 500 м) мае назву О-14.[2]
Нафта ў Беларусі
правіцьУ Беларусі радовішчы нафты вядомы ў межах Прыпяцкага прагіну, галоўным чынам у Гомельскай вобласці. Першае прамысловае радовішча адкрыта ў Рэчыцкім раёне ў 1964. Усяго ў Рэспубліцы Беларусь на сённяшні момант выяўлена 82 нафтавыя радовішчы, з якіх распрацоўваюцца 62. На канец 2018 года дзейнічала 807 нафтавых свідравін.[3]
Эканоміка-геаграфічныя ўмовы здабычы нафты ў Беларусі надзвычай спрыяльныя. Наяўнасць высокакваліфікаваных працоўных рэсурсаў і навуковых кадраў, густая сетка шляхоў зносін, блізкасць да спажыўца спрыяюць эканамічнаму боку здабычы. Да гэтага варта дадаць спрыяльныя ўмовы надвор’я, добрую забяспечанасць раёнаў здабычы воднымі рэсурсамі і самы кароткі сярод краін СНД перыяд прамысловага асваення разведаных запасаў. Шматгадовыя пошукі нафты ў Беларусі прывялі да адкрыцця ў 1964 г. Рэчыцкага радовішча, эксплуатуемага і сёння. Пік нафтаздабычы быў зафіксаваны ў 1975-м годзе, калі агульны аб’ём гадавой здабытай нафты склаў 7 мільёнаў 953 тысячы тон.[4] Пачынаючы з 2005 г. у Беларусі штогод здабываецца каля 1,7 млн т нафты. У далейшым яе здабыча можа зменшыцца да 1,1 млн т з-за зніжэння запасаў. На 2019 год пры захаванні тэпмаў здабычы даказаных запасаў нафты нам хопіць на 35 гадоў. Сёння вядуцца актыўныя работы па пошуку новых прадуктыўных пластоў, у тым ліку і тых, якія знаходзяцца на цяжкадаступных глыбінях. І гэта дае вынікі: у 2010-х былі адкрыты Паўднёва-Шацілкаўскае і Вугальскае радовішчы (1,7 млн тон).
З усіх палескіх свідравін па нафтаправодах нафта ідзе да Рэчыцкага і Асташкавіцкага радовішчаў, там праходзіць прамысловую падрыхтоўку (абязводжванне, абяссольванне, сепарацыю) і потым падаецца ў нафтаправод «Дружба», у Наваполацк і Мазыр.
Нафтаперапрацоўка
правіцьНафта выкарыстоўваецца для атрымання вадкага паліва, змазачнага масла, бітуму і інш., а таксама як сыравіна ў хімічнай прамысловасці.
У Беларусі
правіцьДля нафтаперапрацоўкі ў БССР былі пабудаваны прадпрыемствы «Нафтан» у Наваполацку і нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры. У свой час гэтыя, самыя сучасныя на прасторах СССР, прадпрыемствы былі пабудаваны з мэтай экспарту нафтапрадуктаў і забеспячэння Беларусі палівам. Нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі, пачынаючы з 2005 года, перапрацоўвалі штогод больш за 20 млн т нафты (у 2010 годзе — 16,5 млн т). З нафты атрымліваюць маторнае і дызельнае паліва, мазут, змазачнае масла, дарожныя бітумы, сыравіну для нафтахімічнай прамысловасці.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ https://www.bp.com/content/dam/bp/business-sites/en/global/corporate/pdfs/energy-economics/statistical-review/bp-stats-review-2018-full-report.pdf
- ↑ https://neftok.ru/raznoe/samaya-glubokaya-neftyanaya-skvazhina.html
- ↑ https://sputnik.by/economy/20190104/1039443031/V-2018-godu-v-Belarusi-dobyto-samoe-bolshoe-kolichestvo-nefti.html
- ↑ https://neftok.ru/strany/neft-v-belorussii.html
Літаратура
правіць- На́фта // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 528. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Геаграфія Беларусі : вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / М. М. Брылеўскі, Г. С. Смалякоў; пер. з рус. мовы Н. М. Брылеўскай,В. Л. Смаляковай. — 3-е выд., перапрац. — Мінск : Нар. асвета, 2012. — 303 с. : іл. ISBN 978-985-03-1787-2..
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нафта