Нігерыя (англ.: Nigeria [naɪˈdʒɪrɪə]), Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (англ.: Federal Republic of Nigeria) — дзяржава ў Заходняй Афрыцы. Мяжуе на захадзе з Бенінам, на поўначы — з Нігерам, на паўночным усходзе — з Чадам, на ўсходзе — з Камерунам. Сталіца — Абуджа. Дзяржаўная мова — англійская. Нігерыя — адзін з заснавальнікаў Афрыканскага саюза, таксама з’яўляецца членам Брытанскай садружнасці нацый і АПЕК.

Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя
Federal Republic of Nigeria (англ.)
Republic ndi Naigeria (ігба)
Orílẹ̀-èdè Olómìnira Àpapọ̀ ilẹ̀ Nàìjíríà (ёруба)
Jam-huriyar Taraiyar Nijeriya (хаўса)
Republik Federaal bu Niiseriya (фула)
Герб Нігерыі
Сцяг Нігерыі Герб Нігерыі
Дэвіз: «Unity and Faith, Peace and Progress"
"Адзінства і вера, мір і прагрэс»
Гімн: «Arise O Compatriots, Nigeria’s Call Obey»
Дата незалежнасці 1 кастрычніка 1960 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова англійская, ігба, ёруба, хаўса
Сталіца Абуджа
Найбуйнейшы горад Лагас, Кано
Форма кіравання прэзідэнцкая рэспубліка, федэрацыя
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Бола Цінубу
Кашым Шэціма
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
32-я ў свеце
923 768 км²
1,4
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

190 632 261[1] чал. (7-я)
206 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам

$1118 млрд.[2]
ІРЧП (2017) 0.514 (152-ы)
Этнахаронім нігерыец, нігерыйка, нігерыйцы
Валюта найра (₦) (NGN)
Інтэрнэт-дамен .ng
Код ISO (Alpha-2) NG
Код ISO (Alpha-3) NGA
Код МАК NGR
Тэлефонны код +234
Часавыя паясы +1

Па колькасці насельніцтва — каля 190 млн (2017) — Нігерыя з’яўляецца сёмай дзяржавай свету і найбуйнейшай дзяржавай Афрыкі, займаючы толькі 14-е месца на кантыненце па плошчы тэрыторыі.

Нігерыя мае багатыя прыродныя рэсурсы і вялікую колькасць рабочай сілы. У 2005 годзе яна была аднесена да групы «Наступныя 11» — краін у стадыі развіцця краін, што могуць у XXI стагоддзі стаць лакаматывамі сусветнай эканомікі. Пакуль жа гаспадарка краіны базуецца выключна на нафтавай галіне (займае першае месца ў Афрыцы па здабычы нафты). Нягледзячы на тое, што ў 2014 Нігерыя апярэдзіўшы ПАР, стала першай у Афрыцы па памерах ВУП[4], эканамічныя паказчыкі на душу насельніцтва застаюцца вельмі нізкімі.

Этымалогія правіць

Назва «Нігерыя» пайшла ад ракі Нігер, якая перасякае краіну з поўначы на поўдзень. Рака была названа ў канцы XIX стагоддзя брытанскай журналісткай Флорай Шо, будучай жонкай каланіяльнага адміністратара. Скарэй за ўсё, слова niger з’яўляецца змененай туарэгскай назвай egerew n-igerewen, якую выкарыстоўвалі жыхары сярэдняга цячэння ракі вакол Тамбукту да еўрапейскай каланізацыі XIX стагоддзя[кам. 1][5].

Гісторыя правіць

У неаліце на тэрыторыі Нігерыі жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да V ст. да н. э. — III ст. н. э. У канцы I тысячагоддзя н. э. на поўначы ўзніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Кано, і іншыя). З XI ст. тут пашырыўся ісламскі караванны гандаль праз Сахару, які паспрыяў развіццю дзяржаў хаўса, што дасягнулі росквіту ў XVI—XVIII стст. У пачатку XIX ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца I тысячагоддзя н. э. на паўднёвым захадзе Нігерыі існавалі дзяржавы народа ёруба, у ніжнім цячэнні ракі Нігер — Бенін. Паўднёва-ўсходняя частка Нігерыі ўваходзіла ў склад Канем-Борну.

Першымі еўрапейцамі, якія з’явіліся на тэрыторыі Нігерыі былі партугальцы. У 1861 г. англічане захапілі г. Лагас. У 1885 г. яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 г. Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 г. — пратэктараты Паўночная і Паднёвая Нігерыя, якія 1 студзеня 1914 г. аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Нігерыя. Брытанскія ўлады ўсталявалі сістэму так званага «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афрыканскіх правадыроў. Нігерыя ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясцовай буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкаланіяльная барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (19141918 гг. , 1929 г. і іншыя). У 1922 г. Г. Маколей стварыў першую афрыканскую палітычную партыю — Нігерыйскую нацыянал-дэмакратычную партыю. У выніку рэформы 1947 г. Нігерыя падзелена на Паўночную, Заходнюю і Усходнюю вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, ёруба і ігба.

1 кастрычніка 1960 г. абвешчана незалежнасць Нігерыі. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад Кангрэса паўночных народаў і Групы дзеяння на чале з А. Т. Балева. Распад кааліцыі ў 1964 г. прывёў да міжнацыянальных сутыкненняў. У студзені 1966 г. адбыўся дзяржаўны пераварот. Ваенны кіраўнік Дж. Т. У. Іронсі абвясціў у маі 1966 г. аб пераўтварэнні Нігерыі ва ўнітарную дзяржаву. У ліпені 1966 г. Іронсі быз забіты. Новы ваенны ўрад Я. Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на поўначы Нігерыі ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 г. ваенны губернатар Усходняй вобласці А. Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліпені 1967 г. пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтральным урадам, у якой загінула больш за 1 млн чалавек. 15 студзеня 1970 г. войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 г. Гавон быў скінуты генералам М. Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 г. ваенны кіраўнік А. Абасанджа перадаў уладу дэмакратычна выбранаму прэзідэнту А. Ш. Шагары (скінуты ваеннымі 31 снежня 1983 г.).

 
Гудлак Джонатан у сваім знакамітым капелюшы

У пачатку 1990-х гг. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 г. лідара апазіцыі М. Абіёлы ваенныя ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым генерала С. Абачы і Нігерыя апынулася ў міжнароднай ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрвень 1998 г.) ваеннае кіраўніцтва было вымушана правесці ў лютым 1999 г. дэмакратычныя выбары, на якіх прэзідэнтам выбралі прадстаўніка Народнай дэмакратычнай партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. Была дасягнута дамоўленасць аб чаргаванні прэзідантаў-хрысціян і -мусульман. Не здолеўшы прыняць закон аб абмежаванні колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, у 2007 годзе Абасанджа перадаў паўнамоцтвы свайму стаўленіку Яр-Адуа, які у 2010 пакінуў пост па стане здароўя і неўзабаве памёр. Яго пераемнікам стаў Гудлак Джонатан.

Пачатак XXI стагоддзя азмрочыўся шматлікімі сутыкненнямі хрысціян і мусульман. З першай паловы 2000-х і да гэтага часу на тэрыторыі Нігерыі і суседніх краін дзейнічае тэрарыстычная ісламісцкая групоўка «Бока Харам», якая выступае за прыняцце нормаў шарыяту і выкараненне «атрыбутаў Захаду» (свецкай адукацыі, выбараў і г. д.). У 2015 г., прысягнуўшы на вернасць ісламскай дзяржаве, яна перайменавалася ў «Заходнюю правінцыю Ісламскай дзяржавы».

7 жніўня 2018 г. Узброеныя супрацоўнікі Службы дзяржаўнай бяспекі Нігерыі блакавалі ўваход у будынак парламента краіны ў Абуджы. Адзін з сенатараў ад апазіцыйнай Народна-дэмакратычнай партыі (НДП), Бэн Мары-Брус заявіў, што адзін з сенатараў ад кіруючай партыі «Кангрэс усіх прагрэсіўных сіл» (КУПС), Гадсуіл Акпабіё, спрабуе дамагчыся змены кіраўніцтва Сенату. Раней старшыня Сената Абубакар Букола Саракі разам з некалькімі іншымі сенатарамі ад КУПС перайшлі ў НДП, спасылаючыся на дыктат кіраўніцтва партыі[6].


Дзяржаўны лад і палітыка правіць

Фармальна, Нігерыя з’яўляецца шматпартыйнай рэспублікай, але ёсць таксама меркаванне, што ў рэчаіснасці Народная дэмакратычная партыя (People’s Democratic Party — PDP) кантралюе амаль усе рычагі ўлады[7].

Выканаўчая ўлада правіць

 
Прэзідэнт Бухары з прэзідэнтам Ірана Рухані на саміце ў Тэгеране, 2015

Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. Абіраецца ўсеагульным прамым тайным галасаваннем тэрмінам на 4 гады і можа займаць пост не больш за два тэрміны запар. У маі 2006 года Сенат адмовіўся зацвердзіць канстытуцыйную папраўку, якая дае магчымасць прэзідэнту абірацца на трэці тэрмін. На дэмакратычных выбарах 2015 года перамог Махамаду Бухары, праз чатыры гады яго пераабралі. З 29 мая 2023 года прэзідэнтам Нігерыі стаў Бола Тынубу.

Заканадаўчая ўлада правіць

Двухпалатны нацыянальны сход (Нацыянальны Сход, the National Assembly)[8].

Верхняя палата — Сенат (109 месцаў). Сенатары абіраюцца па мажарытарнай сістэме адноснай большасці ў 36 трохмандатных і адным аднамандатных акругах. Старшыня Сената абіраецца непрамым галасаваннем з сенатараў. Ніжняя палата — Палата прадстаўнікоў (360 месцаў). Дэпутаты абіраюцца па мажарытарнай сістэме адноснай большасці. Тэрмін паўнамоцтваў усіх дэпутатаў — 4 гады. Большасць месцаў у Сенаце і 213 ў Палаце прадстаўнікоў знаходзяцца пад кантролем прапрэзідэнцкай Народнай дэмакратычнай партыі (НДП).

Знешняя палітыка правіць

Беларуска-нігерыйскія адносіны правіць

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Нігерыяй устаноўлены 3 жніўня 1992 года. У снежні 2011 г. у г. Абуджы адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь. З лютага 2012 года Пасол Беларусі ў Нігерыі — Бяскосты ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Федэратыўнай Рэспубліцы Нігерыя Г. Джонатану 17 мая 2012.

Адміністрацыйны падзел правіць

Нігерыя — федэратыўная дзяржава, складаецца з 36 штатаў і федэральнай сталічнай тэрыторыі. Адзінкі другога ўзроўню — раёны мясцовага кіравання (іх 774)

Фізіка-геаграфічная характарыстыка правіць

Геаграфічнае становішча правіць

Нігерыя размешчана ў Заходняй Афрыцы на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва і займае плошчу 923.768 км², з’яўляючыся 32-й краінай у свеце і 14-й у Афрыцы па тэрыторыі. Агульная працягласць дзяржаўнай мяжы складае 4047 км: на захадзе — з Бенінам (773 км), на поўначы — з Нігерам (1497 км), на паўночным усходзе — з Чадам (87 км, праходзіць па возеры Чад), на ўсходзе — з Камерунам (1690 км); даўжыня лініі ўзбярэжжа складае 853 км.

Прырода правіць

 
Скала зума

Рэкі Нігер і Бенуэ дзеляць краіну на дзве часткі: у паўднёвай частцы размешчана Прыморская раўніна, у паўночнай пераважаюць невысокія пласкагор’і. Вялікую частку тэрыторыі краіны займае Прыморская раўніна, утвораная ў асноўным рачнымі наносамі. На захадзе раўніны ўздоўж узбярэжжа размешчаны ланцуг пясчаных кос, якія злучаюцца адна з адной і Гвінейскім залівам. На поўнач ад Прыморскай раўніны тэрыторыя краіны пераходзіць у невысокае пласкагор’е — плато Ёруба на захад ад ракі Нігер і плато Удзі — на ўсход. Далей размяшчаецца Паўночнае пласкагор’е, вышыня якога змяняецца ад 400—600 м да больш за 1000 м. Найбольш высокай з’яўляецца цэнтральная частка пласкагор’я — плато Джос, найвышэйшы пункт якога — гара Шэрэ (1735 м). На паўночным захадзе Паўночнае пласкагор’е пераходзіць у раўніну Сакота, на паўночным усходзе — у раўніну Борн. Найвышэйшая кропка краіны, гара Чапал Вадзі (2419 м), размешчана ў штаце Тараб’я побач з нігерыйска-камерунскай мяжой.

Клімат змяняецца ад вільготнага экватарыяльнага на поўдні да субэкватарыяльнага ў цэнтральнай частцы і на поўначы. Гэта азначае, што на працягу года па ўсёй тэрыторыі Нігерыі назіраюцца высокія тэмпературы (24-28 °C). Затое, па меры руху з поўдня на поўнач учацвёра змяншаецца колькасць ападкаў — ад 2000 да 500 мм, паралельна з’яўляцца і расце ў сваёй працягласці сухі сезон.

 
Бенуэ у верхнім цячэнні

Галоўная рака краіны — Нігер, трэцяя па даўжыцні рака Афрыкі. На Нігерыю прыходзіцца ніжняе суднаходнае цячэнне гэтай магутнай ракі. Вядомая запасамі нафты дэльта Нігера плошчай 70 000 кв. км. адносіцца да найвялікшых дэльт свету. На Нігерыю прыходзіцца большая частка буйнейшага прытока Нігера — шматводнай ракі Бенуэ, даўжынёй 1400 км, што пачынаецца ў Камеруне і ўпадае ў Нігер ля горада Лакоя.

 
Дрыл (Mandrillus leucophaeus)

Расход Нігера і Бенуэ ў пункце іх зліцця прыблізна аднолькавы. На паўночным ўсходзе Нігерыі належыць паўднёва-заходні сектар возера Чад, якое Нігерыя дзеліць з Чадам, Камерунам і Нігерам.

Крайні поўдзень краіны займаюць мангравыя лясы дэльты Нігера. Далей на поўнач яны перапераходзяць у вільготныя лясы прэснаводных забалочаных тэрыторый. За межамі дэльты да самай камерунскай мяжы цягнуцца вільготныя экватарыяльныя лясы, моцна пацярпелыя ад чалавечай дзейнасці. Тым не менш, лясы вылучаюцца біяразнастайнасцю. Толькі тут можна сустрэць дрыла — шэрую малпу, а разнастайнасці матылькоў пазайздросцяць і лясы Амазоніі. Цэнтральную і паўночную частку Нігерыі з субэкватарыяльным кліматам займаюць саванны. На поўдні гэта Гвінейская лесасаванна, дзе ўчасткі лясоў чаргуюцца з травяністымі ўчасткамі. Далей на поўнач ідзе Суданская саванна з высокімі травамі і частымі дрэвамі, самая поўнач з працяглым засушлівым сезонам занята сахельскай апустыненай саваннай, дзе і травы ніжэй і дрэвы радзей.

Галоўная экалагічная праблема — абязлесенне. У пачатку XXI стагоддзя Нігерыя была лідарам сусветнага рэйтынгу звядзення лясоў. Другая праблема — непапраўны ўрон, што наносіцца экасістэмам дэльты Нігера нафтаздабычай.

Насельніцтва правіць

Колькасць, рассяленне правіць

Насельніцтва Нігерыі[9]
Год Мільёнаў
1971 55.1
1980 71.1
1990 94.5
2000 124.8
2004 138.0
2008 151.3
2017 190.3

Нігерыя з насельніцтвам амаль 200 млн чалавек з’яўляецца сёмай паводле колькасці насельніцтва краінай у свеце, і нават кансерватыўныя ацэнкі колькасці насельніцтва Афрыкі прыводзяць да высновы, што больш за 20 % чорнага насельніцтва свету пражывае ў Нігерыі. Нізерыя з’яўляецца самай населенай краінай у Афрыцы, у наступнай краіне — Эфіопіі — пражывае некалькі болей за 100 млн чал.. Нацыянальныя вынікі перапісу ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў былі даволі спрэчнымі. Вынікі апошняга перапісу насельніцтва былі выпушчаныя ў снежні 2006 года, паводле якіх насельніцтва краіны складала 140 003 542 чалавек. Сённяшняя лічба колькасці насельніцтва атрымана метадам ацэнкі.

Пачынаючы з другой паловы XX ст., насельніцтва Нігерыі расло вельмі хуткімі тэмпамі. У 1950 годзе ў Нігерыі пражывала толькі 33 мільёны чалавек[10]. Да 1990 яно вырасла ўтрая. Павелічэнне насельніцтва ў Нігерыі з 1990 па 2017 гады склала 95 млн чалавек, г.зн., яго колькасць вырасла яшчэ ўдвая[9]. Сёння (2017) прырост застаецца вельмі высокім — 2,4 %. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці у 2017 годзе склаў 5,07[1]. Амаль палову насельніцтва складаюць дзеці і падлеткі да 15 гадоў, што робіць Нігерыю адной з наймаладзейшых краін свету. Паводле прагнозаў ААН Нігерыя з’яўляецца адной з васьмі краін, на якія, як чакаецца, прыйдзецца палова агульнасусветнага прыросту насельніцтва з 2005 па 2050 гады[11]. Да 2100 года, паводле ацэнак ААН, нігерыйскае насельніцтва будзе складаць не менш чым 730 мільёнаў чалавек[12].

 
Нацыянальная мячэць у Абуджы

У Нігерыі пражывае больш чым 250 этнічных груп з рознымі мовамі і звычаямі. Найбуйнейшымі этнічнымі групамі з’яўляюцца хаўса, ёруба, ігбо, на якія прыходзіцца 62 % насельніцтва. Сярэдняя паласа Нігерыя вядомая сваёй разнастайнасцю этнічных груп.

 
Нацыянальная царква ў Абуджы

. У Нігерыі ёсць дзве галоўныя рэлігіі. Іслам дамінуе на поўначы краіны, таксама распаўсюджаны ў паўднёва-заходняй яе частцы, сярод народа ёруба. У 12 штатах Нігерыі дзейнічаюць законы шарыяту. Пратэстантызм і мясцовае сінкрэтычнае хрысціянства таксама распаўсюджаны сярод ёруба, у той час як каталіцызм пераважае ў народа ігба. Рэлігійныя сутыкненні адбываюцца паміж прадстаўнікамі розных рэлігійных груп, такімі як мусульмане і хрысціяне.

Нігерыя адрозніваецца высокай шчыльнасцю насельніцтва — амаль 200 чалавек на кв.км. Гэта адзін з найвышэйшых паказчыкаў у Афрыцы, па шчыльнасці насельніцтва Нігерыю пераўзыходзяць толькі Руанда і невялікія астраўныя дзяржавы. Па тэрыторыі краіны насельніцва размеркавана раўнамерна, гусцей заселена паўднёва-заходняя частка. Каля паловы нігерыйцаў у 2017 годзе пражывала ў гарадах. У Нігерыі па меншай меры дзевяць гарадоў (2018), якія маюць насельніцтва больш за 1 мільён чалавек: Лагас (13,5 млн, 21 млн у агламерацыі[13]), Кано (3,8 млн), Ібадан (3,4 млн), Абуджа (2,9 млн), Порт-Харкорт (2,3 млн) і Бенін-Сіці, Кадуна, Анітша і Аба)[1]. У Лагасе пражывае больш за 13 мільёнаў чалавек, гэта адзін з найбуйнейшых гарадоў Афрыкі і свету. Іншыя гарады: Ашогба, Джос, Ілеша, Ілорын.

Эканоміка правіць

 
Востраў Лагас, адзін з галоўных эканамічных цэнтраў Нігерыі

Раней эканамічнае развіццё было абцяжарана ў гады ваеннага праўлення, карупцыі і безгаспадарчасці. Аднаўленне дэмакратыі і правядзенне эканамічных рэформ паспяхова скасавала перашкоды на шляху Нігерыі да развіцця свайго поўнага эканамічнага патэнцыялу. Багатыя прыродныя рэсурсы і вялікая колькасць рабочых рук могуць стаць тым падмуркам, які зробіць Нігерыю не толькі рэгіянальным эканамічным лідарам, але і важным гульцом на сусветным рынку. У 2005 годзе Нігерыя была аднесена да групы «Наступныя 11» — развіваючыхся краін, што могуць у XXI стагоддзі стаць лакаматывамі сусветнай эканомікі. Пакуль жа гаспадарка краіны базуецца выключна на нафтавай галіне (займае першае месца ў Афрыцы па здабычы нафты). Нігерыя займае 23-е месца ў свеце паводле аб’ёму ВУП па стане на 2017 год. У 2014 Нігерыя апярэдзіўшы ПАР, стала першай у Афрыцы па памерах ВУП[4].Апошнія гады тэмпы росту паказчыка вельмі марудныя: у 2017 рост ВУП склаў усяго 0,8 %, у 2016 быў увогуле адмоўным — −1,6 %. Душавыя эканамічныя паказчыкі застаюцца вельмі нізкімі. У 2017 ВУП на душу насельніцтва склаў каля 6000 долараў, гэта толькі 129 месца ў свеце. Паводле даных Сусветнага банка за 2010 год, 84,5 % насельніцтва Нігерыі жывуць усяго на $ 2 у дзень ва ўмовах недахопу вады і электрычнасці.

Здабыўная прамысловасць фармуе аснову нігерыйскай эканомікі. Перш за ўсё гаворка ідзе аб нафце, асноўныя паклады якой размешчаны ў дэльце ракі Нігер. Нафта на нігерыйскай зямлі была знойдзена ў 1901, прамысловая здабыча пачалася ў 1956. У 1973 Нігерыя была прынята ў АПЕК і па сённяшні дзень застаецца членам гэтай арганізацыі. У 2017 годзе здабыча нафты склала каля 2 млн барэляў у дзень — першае месца ў Афрыцы[14]. У 2016 сырая нафта склала 75,6 % нігерыйскага экспарту.[15]. Разам з нафтай здабываецца прыродны газ, які экспартуецца ў звадкаваным выглядзе (13 % экспарту). На плато Джос на поўначы краіны з пачатку XX ст. здабываецца волава. Здабыча вугалю і золата ў апошнія дзесяцігоддзі амаль спынілася.

Апрацоўчая прамысловасць, як і паўсюль у трапічнай Афрыцы, развітая не надта і арыентавана на ўнутраны рынак. Яе асноўныя галіны: хімічная прадукцыя і ўгнаенні, гума; лесаматэрыялы; лёгкая (вытворчасць абутку, бавоўна, апрацоўка шкур і скуры, вытворчасць тэкстылю); цэмент і іншыя будматэрыялы; харчовая прамысловасць (вытворчасць пальмавага алею).

70 % насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, якая дае 21,6 % ВУП[1]. Найважнейшая галіна — раслінаводства. На экспарт вырошчваюцца какава, кава, арахіс, садавіна і гародніна. Для ўнутранага спажывання — маіс, салодкая бульба, рыс. Разводзіцца жывёла: авечкі, козы, свінні; развіта рыбалоўства.

Галоўныя партнёры па экспарце — Індыя (20 %), ЗША, Іспанія, якія купляюць нігерыйскія нафту і газ. Нігерыя імпартуе прадукты нафтаперапрацоўкі, харчаванне, медыкаменты, тэхніку (аўтамабілі, мабільныя тэлефоны). Галоўныя партнёры па імпарце — Кітай (27 %), Бельгія, Нідэрланды, ЗША (2016)[16]

Вядомыя асобы правіць

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б в г https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ni.html Архівавана 24 кастрычніка 2020.
  2. http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=67&pr.y=11&sy=2017&ey=2017&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=694&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  3. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/africa
  4. а б http://tass.ru/ekonomika/1101744
  5. Online Etymological Dictionary
  6. СМІ: супрацоўнікі спецслужбаў заблакавалі ўваход у парламент Нігерыі. Новы Час (7 жніўня 2018). Праверана 7 жніўня 2018.
  7. Afrikas Riese gerät ins Schlingern(недаступная спасылка) (ням.)
  8. ICFNL. Constitution Of the Federal Republic of Nigeria (англ.). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 27 марта 2011.
  9. а б CO2 Emissions from Fuel Combustion Архівавана 12 кастрычніка 2009. Population 1971—2008 IEA
  10. Kent, Mary Mederios; Carl Haub (December 2005). «The Demographic Divide: What It Is and Why It Matters» Архівавана 26 красавіка 2011.. Population Reference Bureau.
  11. «World population to increase by 2.6 billion over next 45 years, with all growth occurring in less developed regions». UN.
  12. «Population Division of the Department of Economic and Social Affairs of the United Nations Secretariat». UN. 2010.
  13. http://www.citypopulation.de/php/nigeria-metrolagos.php
  14. https://www.bp.com/content/dam/bp/en/corporate/pdf/energy-economics/statistical-review/bp-stats-review-2018-full-report.pdf Архівавана 22 студзеня 2019.
  15. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=159&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2016
  16. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=159&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&tradeDirection=import&year=2016
  1. Арабская назва nahr al-anhur з’яўляецца даслоўным перакладам туарэгскай.

Спасылкі правіць