Мангры, або мангравыя лясы (ад англ.: mangrove) — зараснікі вечназялёных дрэў і хмызнякоў на прыліўна-адліўнай паласе глеістых узбярэжжаў вільготных тропікаў, якія ахаваны ад прыбою.

Мангры, штат Керала, Індыя

Мангры сканцэнтраваны па плоскіх берагах усходняга і заходняга (Гвінейскія мангры) узбярэжжаў Афрыкі, на востраве Мадагаскар, Сейшэльскіх і Маскарэнскіх астравах, па берагах Паўднёвай Азіі і Паўночнай Аўстраліі, Цэнтральнай і Паўночнай Амерыкі.[1] Найбольш паўночны раён распаўсюджання манграў — каля 32° пн.ш. у Фларыдзе і на Бермудскіх астравах, у Чырвоным моры (заліў Акаба) і на поўдні Японіі. У Паўднёвым паўшар’і мангровы адыходзяць яшчэ далей ад экватара. На ўсходнім узбярэжжы Афрыкі яны дасягаюць наваколляў Дурбана (33° пд.ш.), а ва Усходняй Аўстраліі — 38° пд.ш. Найменшую працягласць арэал манграў мае на Ціхаакіянскім узбярэжжы Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі да 3°48' пд.ш. у Паўднёвай Амерыцы — яе распаўсюджанне на поўдзень абмяжоўвае халоднае цячэнне Гумбальдта. У Атлантычным акіяне мангровы дасягаюць 28°20' на поўдні Бразіліі. На ўзбярэжжы Афрыкі яны растуць галоўным чынам у эстуарыях буйных рэк, і распаўсюджанне іх на поўдзень перашкаджае каля 9° пд.ш. сухі клімат кантынента. Такім чынам, з пункту гледжання геаграфіі мангравыя біяцэнозы лічацца інтразанальнымі.

Распаўсюджанне манграў

Мангры складаюцца звычайна з вечназялёных дрэў вышынёй 10-15 м. Найбольш высокаствольныя дрэвы (да 27-30 м) сустракаюцца ў манграх Усходняга паўшар’я. Залежна ад частаты і працягласці затаплення, характару субстрата (глеісты ці пясчаны), суадносінаў прэснай і марской вады (у вусцях рэк) расліны ў мангравых зарасніках размешчаны паясамі, у кожным з якіх дамінуюць адзін-два (часам некалькі) віды.

Колькасць відаў раслін, якія ўтвараюць мангравыя зараснікі, адносна невялікі — каля 20 відаў, што адносяцца да сямействаў рызафоравых, вербенавых, мірысінавых, санетарыевых і камбрэтавых.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 75. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).