Геаграфія Нігерыі

(Пасля перасылкі з Прырода Нігерыі)

Рэльеф правіць

 
Скала зума

Рэкі Нігер і Бенуэ дзеліць Нігерыю на дзве часткі: у паўднёвай частцы размешчана Прыморская раўніна, у паўночнай пераважаюць невысокія пласкагор’і. Вялікую тэрыторыю краіны займае Прыморская раўніна, утвораная ў асноўным рачнымі наносамі. На захадзе раўніны ўздоўж узбярэжжа размешчаны ланцуг пясчаных кос, якія злучаюцца адна з адной і Гвінейскім залівам. На поўнач ад Прыморскай раўніны тэрыторыя краіны пераходзіць у невысокае пласкагор’е — плато Ёруба на захад ад ракі Нігер і плато Удзі — на ўсход. Далей размяшчаецца Паўночнае пласкагор’е, вышыня якога змяняецца ад 400—600 м да больш за 1000 м. Найбольш высокай з’яўляецца цэнтральная частка пласкагор’я — плато Джос, найвышэйшы пункт якога — гара Шэрэ (1735 м). На паўночным захадзе Паўночнае пласкагор’е пераходзіць у раўніну Сакота, на паўночным усходзе — у раўніну Борн. Найвышэйшы пункт краіны гара Чапал Вадзі (2419 м) размешчана ў штаце Тараб’я побач з нігерыйска-камерунскай мяжой.

Клімат правіць

Клімат змяняецца ад вільготнага экватарыяльнага на поўдні да субэкватарыяльнага ў цэнтральнай частцы і на поўначы. Гэта азначае, што на працягу года па ўсёй тэрыторыі Нігерыі назіраюцца высокія тэмпературы (24-28 °C). Затое па меры руху з поўдня на поўнач учацвёра змяншаецца колькасць ападкаў — ад 2000 да 500 мм, паралельна з’яўляецца і расце ў сваёй працягласці сухі сезон.

Унутраныя воды правіць

 
Бенуэ ў верхнім цячэнні

Галоўная рака краіны — Нігер, трэцяя па даўжыні рака Афрыкі. На Нігерыю прыходзіцца ніжняе суднаходнае цячэнне гэтай магутнай ракі. Вядомая запасамі нафты дэльта Нігера плошчай 70 000 км² адносіцца да найвялікшых дэльт свету. На Нігерыю прыходзіцца большая частка буйнейшага прытока Нігера — шматводнай ракі Бенуэ, даўжынёй 1400 км, што пачынаецца ў Камеруне і ўпадае ў Нігер ля горада Лакоя. Расход Нігера і Бенуэ ў пункце іх зліцця прыблізна аднолькавы. На паўночным усходзе Нігерыі знаходзіцца паўднёва-заходні сектар возера Чад, якое Нігерыя дзеліць з Чадам, Камерунам і Нігерам.

Ландшафты правіць

 
Дрыл (Mandrillus leucophaeus)

Крайні поўдзень краіны займаюць мангравыя лясы дэльты Нігера. Далей на поўнач яны пераходзяць у вільготныя лясы прэснаводных забалочаных тэрыторый. За межамі дэльты да самай камерунскай мяжы цягнуцца вільготныя экватарыяльныя лясы, моцна пацярпелыя ад чалавечай дзейнасці. Тым не менш, лясы вылучаюцца біяразнастайнасцю. Толькі тут можна сустрэць дрыла — шэрую малпу, а разнастайнасці матылькоў пазайздросцяць і лясы Амазоніі. Цэнтральную і паўночную частку Нігерыі з субэкватарыяльным кліматам займаюць саванны. На поўдні гэта Гвінейская лесасаванна, дзе ўчасткі лясоў чаргуюцца з травяністымі ўчасткамі. Далей на поўнач ідзе Суданская саванна з высокімі травамі і частымі дрэвамі, самая поўнач з працяглым засушлівым сезонам занята сахельскай апустыненай саваннай, дзе і травы ніжэйшыя, і дрэвы радзейшыя.

Экалагічныя праблемы правіць

Галоўная экалагічная праблема — абязлесенне. У пачатку ХХІ стагоддзя Нігерыя была лідарам сусветнага рэйтынгу звядзення лясоў. Другая праблема — непапраўны ўрон, што наносіцца экасістэмам дэльты Нігера нафтаздабычай.