Бенін (гістарычная дзяржава)

Бені́н (ад парт.: Benim), або дзяржава Эдо́ (эдо: Arriọba ẹdo) — гістарычная дзяржава ў Заходняй Афрыцы. Сфарміравалася меркавана ў канцы XII ст. Праіснавала да 1897 г.

Гістарычная дзяржава
Бенін
Arriọba ẹdo
Сцяг
Сцяг
 >
1180 — 1897

Сталіца Эдо
Мова(ы) эдо
Рэлігія мясцовыя культы
Форма кіравання Манархія
оба
 • 11801246 Эвека (першы)
 • 18881897 Авонранмен (апошні)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

У 1 тысячагоддзе тысячагоддзі н. э. на паўночным захадзе зоны афрыканскіх трапічных лясоў склаўся развіты гаспадарчы комплекс, заснаваны на земляробстве, паляванні і рыбалоўстве. Яго носьбіты былі знаёмы з ганчарствам і металургіяй. На мяжы 1 і 2 тысячагоддзяў быў заснаваны горад Эдо. Ён уваходзіў у склад дзяржавы манархаў агіса. У XII ст. іх кіраванне спынілася, і жыхары Эдо запрасілі з Іфэ аднаго з выгнаных сыноў агіса Эвеку, які прыняў тытул оба. Яго нашчадак Эвуарэ Вялікі (каля 14401473 гг.) значна пашырыў межы дзяржавы, рэфармаваў армію і дзяржаўны апарат.

З 1472 г. пачаліся кантакты з партугальцамі. У 1485 г. сюды была накіравана асобная партугальская дэлегацыя. Менавіта яна дала назву краіне Бенін, магчыма у выніку скажэння мясцовага слова біні («сыны», «падданыя»). Еўрапейскія гандляры вывозілі адсюль рабоў, перац, слановую косць, каштоўную драўніну. У Беніне нават склаўся асобны пласт насельніцтва, звязаны з еўрапейскім гандлем, які размаўляў на партугальскім піджыне.

Да канца XVI ст. валадары Беніна здолелі далучыць значныя тэрыторыі ў дэльце Нігера. Аднак з XVIII ст. пачалося саслабленне цэнтральнай улады, выкліканае ўнутранымі палітычнымі сутычкамі. Тым не меней, оба захавалі незалежнасць ад еўрапейскіх краін і фактычна кантралявалі гандаль пальмавым алеем і іншымі таварамі ў рэгіёне.

У другой палове XIX ст. найбольшую актыўнасць у развіцці адносін з Бенінам праяўлялі брытанскія прадпрымальнікі, зацікаўленыя ў арганізацыі плантацый гевеі. У 1892 г. брытанскія дыпламаты прымусілі оба Авонранмена падпісаць дагавор, што ставіў манарха Беніна ў залежнае становішча. Але гэта толькі спарадзіла ўзаемную напружанасць. У 1897 г., калі бенінцы знішчылі чальцоў брытанскай дыпламатычнай місіі, у адказ была арганізавана карная экспедыцыя, якая захапіла і разрабавала Эдо. Землі Беніна былі далучаны да брытанскіх каланіяльных валоданняў.

Дзяржаўны лад

правіць
 
Галандскі малюнак 1686 г. адлюстроўвае звычай выезда оба на кані перад падданымі, вядомы з часоў першага оба Эвекі

На чале дзяржавы Бенін стаяў манарх оба. Да кіравання Эвуарэ Вялікага (каля 14401473 гг.) яго ўлада была абмежавана радай правадыроў, якія маглі пазбавіць оба пасады, калі той па нейкіх прычынах не выконваў свае сакральныя абавязкі або губляў святасць у вачах падданых. У выніку рэформ Эвуарэ пасада стала перадавацца ад бацькі да старэйшага сына, рада была падначалена манарху, адказныя асобы прызначаліся па волі самога манарха. Маці оба жыла ў асобным палацы і не мела права сустракацца з сынам, каб уплываць на яго.

Манархія ў Беніне мела тэакратычны характар. Улада оба сакралізавалася. Манарх рэдка пакідаў свой палац, так што лічылася, быццам бы ён не жыве жыццём звычайнага чалавека. Бенінцы верылі, што оба можа насылаць духа смерці на сваіх ворагаў. Падцверджаннем сакральнай улады была арганізацыя шэрагу свят, што суправаджаліся чалавечымі ахвярапрынашэннямі. Апошнія рэгулярна праводзіліся да канца XIX ст. і былі зафіксаваны еўрапейскімі наведвальнікамі. У немалой ступені гэта садзейнічала адмоўнаму ўспрыманню Беніна сярод адукаваных еўрапейцаў. Тым не меней, оба рэчаісна кантраляваў толькі цэнтральную частку краіны вакол горада Эдо, населеную пераважна народам эдо. Каб спыніць міграцыю з гэтых тэрыторый, дзяржава практыкавала шрамаванне падданых. Астатнія землі выплочвалі оба штогадовы натуральны падатак, а ў астатнім захоўвалі значную самастойнасць. Улада мясцовых правадыроў была амаль абсалютнай. Для ўзымання падаткаў прызначаліся асаблівыя чыноўнікі, якіх еўрапейцы прыраўновалі да герцагаў.

Яшчэ адной важнай функцыяй оба было вядзенне войнаў. У XV ст. партугальцы заўважалі, што Бенін вядзе сталыя войны супраць усіх суседзей. Армія фарміравалася з жыхароў тэрыторый, непасрэдна падначаленых манарху. Воіны былі ўзброены дзідамі, кароткімі мячамі, шчытамі. Важную ролю адыгрывалі стральцы з лукаў, што атрымоўвалі спецыяльнае навучанне. Агнястрэльная зброя шырока распаўсюдзілася толькі з канца XVII ст., прычым яе значную частку выраблялі мясцовыя кавалі. Для абароны буйных населеных пунктаў узводзілі земляныя муры і валы. Палонных ператваралі ў рабоў або прыносілі ў ахвяру. Мужчыны, што насялялі землі оба, не аддаваліся ў рабства нават у выпадку парушэння законаў. Тым не меней, у горадзе Эдо мелася спецыяльная пляцоўка, дзе пасля суду злодзеі караліся смерцю.

Эканоміка

правіць

Галоўным заняткам большасці жыхароў дзяржавы Бенін была сельская гаспадарка. Землі вакол горада Эдо належылі непасрэдна оба і перадаваліся ў распараджэнне мясцовых абшчын. Асноўныя земляробчыя працы выконвалі жанчыны. Найбольш важнай земляробчай культурай быў ямс. Акрамя таго, вырошчалі бавоўнік, кукурузу, садавіну. З пальмаў атрымоўвалі віно і алей, з якога выраблялі мыла. Хаця значная частка Беніна ўваходзіла ў зону распаўсюджання трыпанасамозаў, тут трымалі і свойскую жывёлу, у тым ліку кароў, авечак і курэй. Мужчынскімі заняткамі былі паляванне, рыбалоўства і гандаль. Вядома, што еўрапейцы вывозілі з Беніну вялікую колькасць слановай косці і леапардавых скур. Рыбу лавілі пераважна ў прыморскай вобласці. Гандаль ёю ў цэнтральных раёнах прыносіў значныя прыбыткі.

Важную эканамічную ролю адыгрывалі рамёствы. Бенінцы выраблялі з бавоўны выдатныя фарбаваныя тканіны, якія прадавалі еўрапейскім гандлярам і ў суседнія краіны. Ткацтвам и фарбаваннем займаліся пераважна жанчыны. Прафесійныя рамеснікі аб'ядноўваліся ў арганізацыі накшталт цэхаў. Так, у Эда дзейнічалі цэхі цесляроў, рэзчыкаў па дрэву і косці, гарбароў, ганчароў, металургаў, што спецыялізаваліся на апрацоўцы жалеза або медзі. Іх чальцы часцяком працавалі для задавальнення патрэб двара оба. У 1897 г. брытанцы разрабавалі палац оба, а знойдзеныя ў ім вырабы бенінскіх майстроў, прадалі праз аўкцыён, каб пакрыць выдаткі на ваенную кампанію. Да нашых дзён асаблівую цікавасць у калекцыянераў выклікаюць прадметы з латуні і бронзы, што маюць высокую мастацкую якасць. У нашы дні некаторыя музеі вяртаюць нарабаваныя скарбы на радзіму.

Бенін з'яўляўся буйным гандлёвым цэнтрам паміж выхадцамі з еўрапейскіх краін і насельнікамі ўнутраных раёнаў Афрыкі. Гандлем займаліся як высакародныя асобы, так і простыя людзі, калі выплочвалі асаблівы падатак для оба. Штогадовыя натуральныя падаткі таксама плацілі земляробы і рамеснікі. Разлікі вяліся з дапамогай марскіх ракавін. Дзякуючы партугальцам пашырыліся разлікі бранзалетамі маніль. Так, у XVI ст. партугальцы куплялі 1 палоннага раба за 12 — 16 бранзалетаў. Гандаль рабамі ў значнай ступені кантраляваўся дзяржавай. Аднак яго сапраўдныя маштабы з'яўляюцца прадметам спрэчак паміж гісторыкамі.

Горад Эдо, сталіца Беніна, быў найбуйнейшым населеным пунктам. У сярэдзіне XVIII ст. яго насельніцтва складала каля 80 тысяч чалавек. Горад славіўся доўгімі мурамі. Іх будаўніцтва пачалося яшчэ ў XIII ст. Значныя будаўнічыя работы былі арганізаваны Эвуарэ Вялікім. Еўрапейскія наведвальнікі прыкмячалі наяўнасць шырокіх вуліц, вялікіх прывабных хацін і чысціню гарадскога рынку. У Эда мелася прадуманая сістэма забеспячэння гараджан чыстай вадой. Оба і іншыя высакародныя асобы аказвалі дапамогу найбольш бедным суайчыннікам. У дачыненні да мастакоў, спецыялістаў бронзавага ліцця яна нагадвала мецэнацтва.

Спасылкі

правіць