Саудаўская Аравія
Сау́даўская Ара́вія (араб. المملكة العربية السعودية) — краіна ў Паўднёва-Заходняй Азіі на Аравійскім паўвостраве. Мяжуе з Іарданіяй на поўначы, Іракам, Катарам, Кувейтам і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі на ўсходзе, Аманам і Еменам на поўначы. Абмываецца Персідскім залівам на паўночным усходзе і Чырвоным морам на захадзе.
| |||||
Дэвіз: «لا إله إلا الله، محمد رسول الله» «Няма Бога акрамя Алаха, і Мухамад — Яго прарок» | |||||
Гімн: «السلام الملكي» | |||||
Заснавана | 23 верасня 1932 | ||||
Афіцыйная мова | Арабская | ||||
Сталіца | Эр-Рыяд | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Эр-Рыяд, Джыда | ||||
Форма кіравання | абсалютная тэакратычная манархія | ||||
Кароль Кронпрынц |
Салман Мукрын | ||||
Дзярж. рэлігія | Іслам | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
13-я ў свеце 2.149.690 км² 0,7 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2014) • Шчыльнасць |
30.770.375 чал. (41-я) 12,3 чал./км² (216-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2014) • На душу насельніцтва |
$1,652 трлн (14-ы) $53.935 (11-ы) | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2014) • На душу насельніцтва |
$777,870 млрд (19-ы) $25.401 (31-ы) | ||||
ІРЧП (2013) | ▬0,836 (вельмі высокі) (34-ы) | ||||
Валюта | Саудаўскі рыял (ر.س/SR, SAR) | ||||
Інтэрнэт-дамены | .sa, السعودية. | ||||
Код ISO (Alpha-2) | SA | ||||
Код ISO (Alpha-3) | SAU | ||||
Код МАК | KSA | ||||
Тэлефонны код | +966 | ||||
Часавыя паясы | +3 |
Абсалютная манархія з мусульманскім шарыяцкім правам. Жорсткая ўнутраная палітыка стала зарукаю палітычнай стабільнасці, што асабліва важна ў вірлівым у 2010-я арабскім свеце. Умовы захавання правоў чалавека ў Саудаўскай Аравіі неаднаразова падвяргаліся крытыцы з боку праваабарончых арганізацый.
Саудаўская Аравія з яе каласальнымі запасамі нафты — ключавая дзяржава Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты, у 1992—2009 займала першае месца ў свеце па здабычы і экспарце нафты. Экспарт нафты складае 95 % экспарту і 75 % даходаў краіны, дазваляючы падтрымліваць існаванне дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту.
Размешчаныя на тэрыторыі Саудаўскай Аравіі ісламскія рэлігійныя цэнтры Мекка і Медзіна робяць краіну адным з уплывовых ігракоў на сусветнай палітычнай арэне. У наш час Саудаўская Аравія — адна з найбольш уплывовых дзяржаў мусульманскага свету. Яе ўрад аказвае вялікую фінансавую дапамогу іншым мусульманскім краінам.
Этымалогія
правіцьНазва дадзеная паводле дынастыйнага імя першага караля аб’яднанай Аравіі Ібн Сауда. Такім чынам, у самой назве краіны падкрэсліваецца яе прыналежнасць да дынастыі Саудытаў.
Геаграфічнае становішча
правіцьСаудаўская Аравія займае 12 месца ў свеце па плошчы, апярэджваючы Мексіку, саступаючы ДР Конга, буйнейшая краіна Паўднёва-Заходняй Азіі. Займае большую частку Аравійскага паўвострава, за выключэннем яго паўднёвых і ўсходніх абласцей. Паколькі межы краіны ў пустынных раёнах дакладна не вызначаны, звесткі аб яе плошчы ў розных крыніцах могуць адрознівацца.
Мяжуе з Іарданіяй на поўначы, Іракам, Катарам, Кувейтам і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі на ўсходзе, Аманам і Еменам на поўдні. Абмываецца Персідскім залівам на паўночным усходзе і Чырвоным морам на захадзе.
Прырода
правіцьСаудаўская Аравія займае большую частку Аравійскага паўвострава. Паверхня краіны ўяўляе пласкагор’е, якое ўздымаецца над Чырвоным морам лініяй глыбавых гор Хіджаз. На поўдні Хіджаза паблізу еменскай мяжы ў гарах Асір знаходзіцца найвышэйшы пункт краіны — пік Джабаль Сауда, 3133 м у вышыню. Паміж гарамі і берагам Чырвонага мора цягнецца вузкая нізіна Ціхама каля 70 км у шырыню. На ўсходзе горы паступова паніжаюцца ў бок Персідскага заліва. Ва ўнутраных раёнах гэта плато Неджд, дзе лававыя палі, масівы граніту, пясчаніку і вапняку ствараюць шматлікія плато і сталовыя ўзвышшы. На персідскім узбярэжжы пласкагор’е пераходзіць у нізіну Эль-Хаса да 150 км у шырыню.
Клімат трапічны, на поўначы — субтрапічны, пустынны або паўпустынны. Надзвычайна высокая тэмпература і адсутнасць ападкаў характэрны для большай часткі краіны. Лета паўсюль надзвычай спякотнае: летнія тэмпературы вышэй за 50 °C — звычайная справа. Сярэдняя летняя тэмпература ліпеня ад 27 °C да 43 °C. Узімку сярэдняя тэмпература ў сярэднім складае +10 °C, але фіксаваліся паніжэнні да −11 °C, калі выпадаў снег. На поўначы заўважны рэзкія кантрасты сезонных тэмператур. На поўдні ўзімку сярэдняя тэмпература трымаецца каля +20 °C. Начная тэмпература ў пустынях можа быць нізкай нават летам, з-за таго што пясок хутка аддае цяпло пасля заходу сонца. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 80 — 110 мм, прычым, большая частка выпадае ў горных раёнах. Пры тым што ападкаў няшмат, існуе мажлівасць нечаканых паводак. У Эр-Рыядзе ўсе 100 мм ападкаў выпадаюць паміж студзенем і маем, у Джадаху (54 мм) — паміж лістападам і студзенем. Адзіны няблага ўвільготнены раён — горы Асір на паўднёвым захадзе краіны (300—500 мм ападкаў).
Сталых паверхневых вадацёкаў няма. Ручаі і рэкі звычайна напаўняюцца пасля рэдкага дажджу. З гор яны імкліва сцякаюць у мора і хутка высыхаюць.
Амаль усю краіну займаюць пустыні Руб-эль-Халі, Дэхна, Вялікі Нефуд, Эль-Хаса, Джафура. Большая частка тэрыторыі пустынь пазбаўленая расліннага покрыва. Расліны сустракаюцца эпізадычна. Характэрныя розныя віды палыну, акацыі, вярблюджая калючка, багаткі, ююба, саксаул, тамарыску. У гарах Асіра — участкі саван, дзе растуць акацыі, дзікія масліны, міндаль. Фаўна прадстаўлена антылопамі бейза, газэлямі, дзікім аслом, гіенамі, шакаламі, каракаламі, пустыннымі лісамі, аравійскі ваўком, аравійскай кобрай.
Вядомы нацыянальны парк Асір, дзе захоўваюцца такія амаль зніклыя віды дзікіх жывёл, як орыкс (сернабык) і нубійскі горны казёл.
Гісторыя
правіцьАравійскі паўвостраў з’яўляецца радзімай семіцкіх плямён. Ужо ў II-м тыс. да н.э. большасць паўвострава засялялі старажытна-арабскія плямёны. У I-м тыс. да н.э. тут склаіся першыя дзяржавы: Мінейскае, Сабейскае, Хім’ярыцкае царствы. У IV—VI стст. н.э. у Аравіі фарміравалася адзіная арабская народнасць адначасова з узвышэннем вобласці Хіджаз на захадзе Аравіі.
У пачатку VII ст. ў Хіджазе ўзнікла новая рэлігія — іслам, які здолеў аб’яднаць арабскія плямёны. У выніку арабскіх заваяванняў паўстала вялікая дзяржава — Арабскі халіфат са сталіцай у Медыне. Каля 660 г. халіф Муавія I перанёс сталіцу халіфата з Медыны ў Дамаск, пасля чаго Аравія страціла становішча цэнтра дзяржавы.
У пачатку XVI ст. туркі-асманы ўсталявалі кантроль над заходнімі раёнамі Аравіі — Хіджазам і часткай Асіра, а ў XIX ст. англічане падпарадкавалі паўднёвае і ўсходняе ўзбярэжжа. Але цэнтральныя вобласці захавалі сваю незалежнасць. У пачатку XVIII ст. у Недждзе, у аазісе Дэрыя, каля сучаснага Эр-Рыяда ўзнік эмірат на чале з дынастыяй Саўдыдаў, якую заснаваў Сауд (памёр у 1725 г.). Яго сын Мухамед ібн Сауд у 1745 г. падтрымаў рэлігійнага рэфарматара Мухамеда ібн Абд-аль Вахаба, заснавальніка рэлігійна-палітычнага руху вахабізму. Пад сцягам вахабізму Саўдыды аб’ядналі Неджд і заваявалі большую частку Аравіі. У 1811—1818 гг. войскі правіцеля Егіпта Мухамеда Алі разграмілі дзяржаву вахабітаў. У 1842 г. Саўдыды аднавілі свій эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе (праіснаваў да 1891 г.).
У 1902 г. адзін з Саўдыдаў Абд-аль-Азіз адваяваў Эр-Рыяд і абвясціў сябе правіцелем вахабіцкай дзяржавы пад імем Ібн Сауда (1902—1953 гг.). У 1906 г. ён усталяваў уладу над усім Недждам, заваяваў Эль-Хасу (1913 г.), Асір (1920 г.) і Хіджаз (1925 г.). У 1932 г. усе ўладанні Ібн Сауда абвешчаны каралеўствам Саудаўская Аравія. З 1938 г. амерыканская кампанія «Арамка» пачала тут здабычу нафты, прыбыткі ад якой сталі пасля 2-й сусветнай вайны асновай эканамічнага росквіту Саудаўскай Аравіі.
З 1964 г. пры Фейсале (1964—1975 гг.) пераважная ўвага аддвалася развіццю нафтавай прамысловасці, будаўніцтву інфаструктуры і г.д., быў усталяваны кантроль дзяржавы над здабычай нафты; пазіцыі Саудаўскай Аравіі ўзмацніліся ва ўсім мусульманскім свеце. У 1973 годзе, запатрабаваўшы вяртання Ерусаліма і зняўшы саудаўскую нафту з усіх гандлёвых пляцовак, Фейсал справакаваў сусветны энергетычны крызіс. Радыкалізм караля падабаўся не ўсім і праз два гады ён быў застрэлены ўласным пляменнікам. Пасля яго смерці, пры каралi Халідзе знешняя палітыка Саудаўскай Аравіі стала больш умеранай. Падчас Кувейцкага крызісу 1990—1991 гг. Саудаўская Аравія выступіла супраць іракскай акупацыі Кувейта і далучылася да шматнацыянальнай кааліцыі супраць Ірака.
2010-я пачаліся для краіны неспакойна. У 2011 у горадзе Эль-Каціф і правінцыі Усходняя адбыліся шыіцкія хваляванні.[2] Каб не даць пратэстам набраць абароты, улады краіны забаранілі мітынгі і дазволілі паліцыі прымяняць любыя меры. Хваляванні ўлегліся а адзін з шыіцкіх лідараў, аятала Ан Німр быў схоплены і ў 2016 пакараны смерцю.
У 2017 Саудаўская Аравія ачоліла «Квартэт», які пачаў блакаду Катара, абвінаваціўшы яго ў рассадніцтве тэрарызму і сяброўстве з шыіцкім Іранам.
Дзяржаўны лад і палітыка
правіцьПалітычная сістэма
правіцьДзяржаўны лад Саудаўскай Аравіі вызначаецца Базавым урадавым дакументам, які быў прыняты ў 1992 годзе. Згодна з ім Саудаўская Аравія з’яўляецца абсалютнай манархіяй, якая кіруецца сынамі і ўнукамі першага караля Абдэля Азіза. Перадача ўлады ў спадчыну па жаночай лініі не прадугледжана. Каран абвешчаны канстытуцыяй Саудаўскай Аравіі. Закон заснаваны на ісламскім праве.
Кіраўніком дзяржавы з’яўляецца кароль. У цяперашні час Саудаўскай Аравіяй кіруе сын заснавальніка краіны кароль Салман ібн Абдэль Азыз ас-Сауд. Тэарэтычна ўлада караля абмежавана толькі нормамі шарыяту. Важнейшыя дзяржаўныя ўказы падпісваюцца пасля кансультацыяў з улемай (групоўка рэлігійных лідараў дзяржавы) і іншымі важнымі членамі саудаўскага грамадства. Каралю падпарадкаваны ўсе галіны ўлады. Кронпрынц абіраецца Камітэтам прынцаў.
Выканаўчая ўлада ў выглядзе Савета міністраў складаецца з прэм’ер-міністра, першага прэм’ер-міністра і дваццаці міністраў. Усе міністэрскія пасады размеркаваны паміж сваякамі караля і прызначаюцца ім самім.
Заканадаўчая ўлада прадстаўлена ў выглядзе нейкага падабенства да парламента — Кансультатыўнай асамблеі (Меджліс аш-Шура). Усе 150 членаў (выключна мужчын) Кансультатыўнай асамблеі прызначаюцца каралём на чатырохгадовы тэрмін. Палітычныя партыі знаходзяцца пад забаронай, некаторыя дзейнічаюць у падполлі.
Судовая ўлада ўяўляе сабой сістэму рэлігійных судоў, дзе суддзі прызначаюцца каралём па прадстаўленні Вярхоўнага судовага савета. Вярхоўны судовы савет у сваю чаргу складаецца з 12 чалавек, якія таксама прызначаюцца каралём. Законам гарантуецца незалежнасць суда. Кароль жа выступае ў ролі вышэйшай судовай інстанцыі з правам на амністыю.
Мясцовыя выбары
правіцьНават органы мясцовай улады да 2005 года ў краіне не абіраліся, а прызначаліся. У 2005 годзе ўлады прынялі рашэнне правесці першыя больш чым за 30 гадоў муніцыпальныя выбары. Ад удзелу ў галасаванні былі адхілены жанчыны і ваенныя. Да таго ж абіраўся не ўвесь склад мясцовых саветаў, а толькі яго палова. Іншая палова па-ранейшаму прызначаецца ўрадам. 10 лютага 2005 у Рыядзе адбыўся першы этап муніцыпальных выбараў. Да ўдзелу ў іх былі дапушчаны толькі мужчыны ва ўзросце ад 21 года і старэйшыя. Другі этап прайшоў 3 сакавіка ў пяці рэгіёнах на ўсходзе і паўднёвым-захадзе краіны, трэці — 21 красавіка ў сямі рэгіёнах на поўначы і захадзе краіны. У першым туры ўсе сем месцаў у савеце Рыяду атрымалі кандыдаты, якія з’яўляліся альбо імамам мясцовых мячэцей, альбо настаўнікамі традыцыйных ісламскіх школ, альбо супрацоўнікамі ісламскіх дабрачынных арганізацый. Такі ж расклад сіл паўтарыўся і ў іншых рэгіёнах.
Закон і парадак. Правы чалавека
правіцьКрымінальнае права заснавана на шарыяце. Законам забаронены вусныя альбо пісьмовыя абмеркаванні існуючага палітычнага ладу. У краіне строга забаронены ўжыванне і абарот алкаголю і наркотыкаў. За крадзеж належыць адсячэнне ручыцы. Пазашлюбныя палавыя адносіны караюцца пугамі. За забойства, блюзнерства і «вядзьмарства» (прадказанне будучыні, варажба, навядзенне псуты, любоўны чары і падобнае) чакае смяротнае пакаранне.
Аднак варта адзначыць, што прымяненне ўсіх мер пакарання магчыма толькі пры захаванні многіх умоў. У прыватнасці, злодзей можа быць пакараны, толькі калі ёсць, як мінімум, два сведкі, якія сваімі вачыма бачылі злачынства, і ў іх сумленнасці няма сумневаў. Таксама калі будзе ўстаноўлена, што злодзей здзейсніў крадзеж у выпадку крайняй неабходнасці (голад і г. д.), то гэта будзе лічыцца апраўданнем учынку. У цэлым дзейнічае прэзумпцыя нявінаватасці, гэта значыць, што пакуль дакладна не будзе даказана віна, чалавек не лічыцца злачынцам.
У 2010-я сустветную супольнасць ускалыхнула некалькі гучных справаў, звязаных з правамі чалавека ў Саудаўскай Аравіі. У 2014 праваабаронца і блогер Раіфу Бадаві быў асуджаны да 10 гадоў турэмнага зняволення і 1000 удараў бізуном за абразу ісламу. Першыя 50 удараў ён атрымаў 9 студзеня 2015.[3] У палітычных справах мае месца прымяненне катаванняў, пры гэтым суды давяраюць «прызнанням», нават калі яны атрыманы пад катаваннямі ці ціскам.
У 2018 годзе жанчынам-падданым каралеўства дазволілі вадзіць машыну і наведваць футбольныя матчы. У снежні 2019 міністэрства юстыцыі Саудаўскай Аравіі ўстанавіла забарону на шлюбы з дзецьмі.
24 красавіка 2020 Вярхоўны суд Саудаўскай Аравіі прыняў рашэнне адмяніць пакаранне ўдарамі бізунамі, якое прадугледжвала заканадаўства краіны. У якасці замены вінаватым у здзяйсненні цэлага шэрага злачынстваў зараз пагражае штраф або турэмнае зняволенне[4][5].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
правіцьСаудаўская Аравія падзелена на 13 адміністрацыйных акруг, раней вядомых як правінцыі.
Роля на сусветнай арэне
правіцьУ наш час Саудаўская Аравія — адна з найбольш уплывовых дзяржаў мусульманскага свету. Яе ўрад аказвае вялікую фінансавую дапамогу іншым мусульманскім краінам. Таксама Саудаўская Аравія падтрымлівае адзінаверцаў сунітаў у рэгіёне і з’яўляецца найбольш сур’ёзнай процівагай магутнаму шыіцкаму Ірану. Саудаўская Аравія з’яўляецца стратэгічным партнёрам ЗША на Блізкім Усходзе. Жорсткая ўнутраная палітыка стала зарукаю палітычнай стабільнасці, што асабліва важна ў вірлівым у 2010-я арабскім свеце.
Насельніцтва
правіцьНасельніцтва Саудаўскай Аравіі на 2017 год паводле розных ацэнак складае ад 28,5[6] да 33 млн чал. З іх каля 20 — 30 % прыходзіцца на мігрантаў (у асноўным з арабскіх краін Блізкага Усходу: Егіпта, Емена). Каэфіцыент нараджальнасці у 2017 — 18,3 нараджэнняў на 1000 чалавек (вельмі моцна скараціўся за апошняе дзесяцігоддзе). Паказчык смяротнасці — 3,5 смяротных выпадкаў на 1000 чалавек (застаецца адным з найніжэйшых у свеце). Такім чынам, натуральны прырост склаў каля 15 праміле, міграцыйны прырост у апошні час запаволіўся і ў 2017 нават быў адмоўным[6]. Працягласць жыцця перавышае 75 гадоў. Прыцягненне працоўных мігрантаў прывяло да таго, што мужчнынскае насельніцтва па колькасці значна пераўзыходзіць жаночае.
Прыкладна 90 % насельніцтва з’яўляюцца этнічнымі арабамі. Акрамя таго ёсць значная колькасць эмігрантаў іншых этнічных груп з Азіі і Афрыкі: індусаў — 1,4 млн, пакістанцаў — 1,5 млн, бангладэшцаў — 0,4 млн, філіпінцаў — 500 000. У каралеўстве ёсць каля 100 000 грамадзян заходніх краін, большасць якіх жыве кампактнымі групамі.
Пустынны клімат Саудаўскай Аравіі не спрыяе сельскагаспадарчаму асваенню тэрыторыі, таму заселена краіна даволі рэдка. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва сладае 15 чалавек на квадратны кіламетр. Размеркавана насельніцтва нераўнамерна: некаторыя гарады і аазісы маюць шчыльнасць насельніцтва больш за 1000 чалавек на км², многія пустынныя раёны не заселены ўвогуле. Найбольшую шчыльнасць мае акрузе Асір, дзе клімат вільгатнейшы. Да 60-х гадоў мінулага стагоддзя большасць насельніцтва было качавым ці паўкачавым; але цяпер гэтая адзнака не перавышае ўзровень 5 %. Сёння 83 % саудаўцаў пражывае ў гарадах, буйнейшыя з якіх — Эр-Рыяд (6,5 млн у агламерацыі[7]), Джыда (4 млн), Мека (1,7 млн), Медына (1,28 млн).[6]
Рэлігія
правіцьАфіцыйная і адзіная рэлігія Саудаўскай Аравіі — іслам. Большасць насельніцтва прытрымліваецца строгай інтэрпрэтацыі ісламу, вядомай як «вахабізм». Саудаўцы вызнаюць салафію, што азначае «разуменне рэлігіі ў тым выглядзе, у якім яе разумеў Прарок і яго паплечнікі», «вяртанне да Карану і Суны». Шыіцкае насельніцтва ацэньваецца прыкладна ў 15 % (у асноўным ва ўсходніх абласцях краіны і на мяжы з Еменам). У краіне дзейнічае рэлігійная паліцыя. Жаўнеры Шарыяцкай гвардыі стала патрулююць вуліцы і грамадскія ўстановы з мэтай спынення спроб парушэння канонаў ісламу. У выпадку выяўлення парушэння вінаваты нясе адпаведнае пакаранне, ад штрафу да адсячэння галавы.
Мусульмане-замежнікі, што пражылі на тэрыторыі краіны 10 гадоў, могуць атрымаць саудаўскае грамадзянства. Ад іншаземцаў-іншаверцаў урад каралеўства патрабуе пераходу ў іслам. Дазволены часовы ўезд людзей, што належаць да рэлігійных меншасцей, з забаронай правядзенняў іх багаслужэнняў. Для замежнікаў-немусульман існуе забарона на наведванне свяшчэнных гарадоў Меккі і Медзіны. Для вызначэнне рэлігійнай прыналежнасці ў саудаўскай візе змяшчаецца графа аб веравызнанні замежніка, што дазваляе рэлігійнай паліцыі разварочваць замежных грамадзян-немусульман ад пад’ездаў у святыя гарады.
Паводле некаторых ацэнак, ад 500 000 да 1 млн чалавек прытрымліваецца каталіцкай веры. Паводле вынікаў даследавання міжнароднай дабрачыннай хрысціянскай арганізацыі «Open Doors» за 2010 год, Саудаўская Аравія займае 3 месца ў спісе краін, дзе хрысціян часцей за ўсё ўшчамляюць у правах.
Эканоміка
правіцьАсноўную крыніцу прыбытку краіны складае здабыча нафты. Эканоміка Саудаўскай Аравіі базуецца на нафтавай прамысловасці, якая складае 45 % валавога ўнутранага прадукту краіны. 75 % даходаў бюджэту і 75 % экспарту[8] складае экспарт сырой нафты і нафтапрадуктаў. Разведаныя запасы нафты складаюць 265 мільярдаў барэляў (15 % разведаных запасаў нафты на Зямлі на 2016)[9]. Саудаўская Аравія адыгрывае ключавую ролю «стабілізуючага вытворцы» у Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) і па сутнасці рэгулюе сусветныя цэны на нафту. Каралеўства мае ўстойлівае дадатнае гандлёвае сальда (26 млрд долараў у 2016)[10]. Нафтавыя скарбы дазволілі краіне ўвайсці ў лік найбагацейшых дзяржаў свету з ВУПам на душу насельніцтва болей за 50 тыс. долараў. Аднак неарабская частка насельніцтва жыве не ў самых лепшых умовах.
Атрыманыя сродкі ўкладаюцца ў развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі, развіццё гарадоў і інфраструктуры. Каралеўства дыверсіфікуе прамысловасць, каб хаця б крыху пазбавіцца ад нафтавай залежнасці. Самы яркі прыклад гэтага — з’яўленне заводаў па выплаўцы алюмінію.
Асноўная колькасць прамысловых прадпрыемстваў краіны знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці.
Прамысловасць
правіцьСаудаўская Аравія мае вялікія радовішчы нафты на ўзбярэжжы і шэльфе Персідскага заліва. Распрацоўку радовішчаў пад наглядам дзяржаўнага прадпрыемства «Petromin» вядуць нафтавыя кампаніі, самая вялікая з іх — Saudi Aramco. Саудаўская Аравія дзеліць з ЗША першае месца ў свеце па здабычы нафты (12,4 млн барэляў у дзень, 585 млн тон у год[9], 2016). Разам з нафтай здабываецца прыродны газ (109 млрд м³, 3 % сусветнай здабычы). Акрамя таго, вядзецца здабыча іншых карысных выкапняў: каменнай солі і золата.
Нафта перапрацоўваецца на прадпрыемствах у Рас Танура і Аль Дзубаіл на ўзбярэжжы Персідскага заліва і ў Джанбу аль Бахр на ўзбярэжжы Чырвонага мора (нафта дастаўляецца трубаправодам з Персідскага заліва). Саудаўская Аравія спецыялізуецца таксама на вытворчасці бензіну вышэйшай якасці і лётнага паліва. Тым не менш, у экспарце сырая і перапрацаваная нафта па кошце ў 2016 суадносіліся як 8:1[8].
Моцнае развіццё атрымала нафтахімічная прамысловасць. Каля 15 % экспарту складаюць поліэтылены, ацыклічныя спірты і інш. Атрымала развіццё вытворчасць угнаенняў, азотныя і фосфарныя ўгнаенні вырабляюцца для сваіх пакупнікоў і экспартуюцца. Развіццё атрымалі машынабудаванне, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (асабліва цэменту — каля 10 млн тон штогод), угнаенняў (камбінат у Ад-Дамаме). Распаўсюджаны прадпрыемствы для апраснення марской вады (апрасняльнае прадпрыемства ў Ад-Дамаме самае вялікае ў свеце).
Сельская гаспадарка
правіцьСельская гаспадарка атрымлівае вялікія датацыі і інвестыцыі з боку дзяржавы з мэтай забеспячэння прадуктовай бяспекі. Сельскагаспадарчыя землі займаюць усяго 0,6 % паверхні краіны. Для арашэння выкарыстоўваюцца не толькі падземныя воды, але і апраснёная марская вада. Сучасныя метады сельскай гаспадаркі (вялікія аўтаматызаваныя жывёлагадоўчыя фермы, аўтаматычныя сістэмы арашэння) забяспечваюць краіну пшаніцай, малаком, мясам кур, гароднінай. На паўпустынных пашах (39 % паверхні краіны) гадуюцца авечкі, козы, вярблюды, на сучасных фермах — каровы. У Чырвоным моры вядзецца лоўля рыбы, здабыча жэмчугу і каралаў. Рыбная лоўля ў Персідскім заліве спынілася пасля забруджвання вады падчас Амерыкана-Іракскай вайны 1991 года.
Знешні гандаль
правіцьАсноўныя прадукты экспарту: сырая нафта (64 %), прадукты нафтаперапрацоўкі (8 %), поліэтылены, ювелірныя вырабы, прадукты харчавання. Асноўныя гандлёвыя партнёры: Кітай (14 %) Японія, Індыя, Паўднёвая Карэя, ЗША (па 9-12 %)[10]. Імпарт нашмат больш разнастайны за экспарт: аўтамабілі, электроніка, прамысловае абсталяванне, прадукты харчавання, лекі, вырабы з драўніны. Асноўныя гандлёвыя партнёры: Кітай, ЗША (па 14-15 %), Германія, Вялікабрытанія, ААЭ (4-7 %)[11].
Транспарт
правіцьАсноўны транспарт — аўтамабільны. Працягласць дарог з цвёрдым пакрыццём на 2006 год — 47 тыс. км. Маецца 5140 кіламетраў чыгункі з еўрапейскай каляінай 1435 мм, што звязвае буйнейшыя гарады. Станам на снежань 2017 года, дзейнічае метрапалітэн Мекі; плануюцца да адкрыцця метрапалітэн Джыды і метрапалітэн Эр-Рыяда.
Турызм
правіцьАсноўная плынь турыстаў у Саудаўскую Аравію звязана з хаджам. У 2010-я Меку штогод наведвалі каля 2 млн чалавек[12].
Адукацыя
правіцьУ час утварэння каралеўства, у 1932 годзе, не ўсё насельніцтва мела доступ да адукацыі, але і тыя, хто мелі магчымасць вучыцца, былі абмежаваны невялікімі курсамі ў рэлігійных школах пры мячэцях. Гэтыя школы выкладалі ісламскія законы і асновы пісьменнасці. У канцы стагоддзя Аравія Саўдыдаў ужо мела агульнанацыянальную сістэму адукацыі, якая забяспечвала свабоднае выкладанне ад дашкольнага ўзроста да ўніверсітэта для ўсіх грамадзян.
Сучасная саудаўская адукацыйная сістэма забяспечвае якасныя веды ў розных галінах ведаў. Яна забяспечвае патрабаванні эканомікі ў высокаадукаваных кадрах у поўнай ступені.
Развіццё адукацыйнай сістэмы пачалося ў 1930-х гг. Да 1945 года заснавальнік дзяржавы кароль Абдулазіз Абдэльрахман Аль-Сауд увёў абавязковую праграму пачатковых школ каралеўства. Праз 6 гадоў, у 1951 годзе, краіна мела 226 школ з 29 887 вучнямі. У 1954 годзе міністэрства асветы ўзначаліў прынц Фахда Абдулазіз. Першы ўніверсітэт, цяпер вядомы як Каралеўскі Саудаўскі ўніверсітэт, быў заснаваны ў Рыядзе ў 1957 годзе.
Сучасная сістэма адукацыі складаецца з васьмі ўніверсітэтаў, 24 000 школ, некалькіх каледжаў і іншых адукацыйных устаноў. Свабодны доступ кожнага грамадзяніна да адукацыі прапануе шырокія веды ў розных галінах навукі. У наш час каля 25 % дзяржаўнага бюджэту выдаецца на адукацыю. Існуюць праграмы замежнай адукацыі студэнтаў (у асноўным у Злучаных Штатах, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Японіі, Малайзіі і г. д.). У апошнія гады тысячы студэнтаў праходзяць праграмы вышэйшай адукацыі.
Даследаванне ісламу з’яўляецца ядром адукацыйнай сістэмы краіны. Ісламскі аспект нацыянальнай адукацыі быў даследаваны Домам Свабоды. Даследаванне высветліла, што ў працэсе адукацыі дзецям прапануюць асудзіць іншыя рэлігіі і галіны ісламу. Вучэбны рэлігійны план заняткаў выкладаецца ва ўсіх медрэсэ свету.
Культура
правіцьКультура Саудаўскай Аравіі трывала звязана з ісламам. Штодня пяць разоў у дзень муэдзін заклікае прававерных мусульман да малітвы (намазу). Служэнне іншай рэлігіі, распаўсюджванне іншай рэлігійнай літаратуры, будаўніцтва цэркваў, будысцкіх храмаў, сінагог забаронена.
Іслам забараняе ўжыванне свініны і алкаголю. Да традыцыйнай ежы адносяцца кураняты-грыль, фалафель, шаўрма, люля-кебаб, куса махшы (фаршаваныя шынкі), а таксама прэсны хлеб — хубз. Практычна ва ўсе стравы багата дадаюць розныя спецыі і вострыя прыправы. Сярод упадабаных напояў арабаў — кава і гарбата. Іхняе распіццё часцяком носіць цырыманіяльны характар. Арабы п’юць чорную гарбату з даданнем розных траваў. Арабская кава жа славіцца сваёй традыцыйнай крэпасцю. Яе п’юць маленькімі кубкамі, часцяком з даданнем кардамона. Арабы вельмі часта п’юць каву.
У адзежы жыхары Саудаўскай Аравіі прытрымліваюцца нацыянальных традыцый і канонаў ісламу, пазбягаючы залішняй шчырасці. Мужчыны носяць доўгія кашулі з воўны або бавоўны (дышдаша). Традыцыйны галаўны ўбор — гутра. У халодны час над дышдашу апранаюць бішт — накідку з вярблюджай воўны, часцей за ўсё ў цёмных тонах. Жаночае традыцыйнае адзенне багата ўпрыгожана племяннымі знакамі, манетамі, пацеркамі, ніткамі. Пакідаючы хату, саудаўская жанчына абавязана прыкрыць цела абаей, а галаву — хіджабам. Замежным жанчынам таксама неабходна насіць абаю, а пад ёй — штаны ці доўгую сукенку.
Грамадскія тэатры і кінатэатры забаронены, бо яны супярэчаць прынцыпам ісламу. Тым не менш, у супольнасцях, дзе пражываюць пераважна працоўныя з заходніх краін (напрыклад, Дахран), падобныя ўстановы маюцца. Хатняе ж відэа вельмі папулярна. Фільмы заходняй вытворчасці практычна не падвяргаюцца цэнзуры.
Спорт
правіцьЗанятак спортам карыстаецца папулярнасцю сярод маладых людзей. Жанчыны рэдка займаюцца спортам; калі займаюцца — то ў закрытых памяшканнях, дзе мужчын практычна няма. Самая папулярная гульня — футбол, нягледзячы на тое, што нацыянальная зборная каралеўства прымае ўдзел і ў чэмпіянатах па валейболу, баскетболу, а таксама ў летніх Алімпійскіх гульнях. Зборная Саудаўскай Аравіі па футболе лічыцца адной з наймацнейшых каманд у Азіі. Тройчы Саудаўская Аравія станавілася ўладальнікам Кубка Азіі — у 1984, 1988 і 1996 гадах. У 2002 і 2018 ёй удалося прабіцца на чэмпіянаты свету
Надзвычайнай папулярнасцю сярод моладзі карыстаецца дрыфтынг (ад англ.: to drift — дрэйфаваць, слізгаць), тэхніка кіравання аўтамабілем у кіраванай намеці. Такія спаборніцтвы забаронены законам. Часцяком на іх не абыходзіцца без ахвяр, але яны нязменна збіраюць натоўпы аўтааматараў, гледачоў і разявак. У маі 2007 года ўрад краіны абвясціў, што зухаватасць, якая прывядзе ў выпадку ДТЗ да смерці чалавека, будзе разглядацца як наўмыснае забойства і будзе карацца адпаведным чынам — адсячэннем галавы.
Некаторыя цікавінкі
правіць- Плошча Саудаўскай Аравіі амаль роўная плошчы Грэнландыі
- У Саудаўскай Аравіі дагэтуль правяць сыны першага караля, заснавальніка дзяржавы Ібн Сауда. Сённяшні кароль Салман — яго 25-ы сын.
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
- ↑ http://ru.euronews.com/2011/03/11/gunfire-ahead-of-saudi-day-of-protest Архівавана 15 жніўня 2020.
- ↑ https://www.theguardian.com/world/2015/jan/09/saudi-blogger-first-lashes-raif-badawi
- ↑ bbc.com
- ↑ nashaniva.by
- ↑ а б в https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/sa.html Архівавана 12 красавіка 2019.
- ↑ http://www.arriyadh.com/Eng/Ab-Arriyad/Content/getdocument.aspx?f=/openshare/Eng/Ab-Arriyad/Content/Riyadh-in-year-2013.doc_cvt.htm Архівавана 6 снежня 2018.
- ↑ а б http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=188&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2016
- ↑ а б https://www.bp.com/content/dam/bp/en/corporate/pdf/energy-economics/statistical-review-2017/bp-statistical-review-of-world-energy-2017-full-report.pdf Архівавана 5 ліпеня 2012.
- ↑ а б http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=188&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&tradeDirection=import&year=2016
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=188&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016
- ↑ https://www.independent.co.uk/news/world/middle-east/hajj-2017-muslim-pilgrimage-mecca-islam-pilgrims-saudi-arabia-a7917851.html
Літаратура
правіць- Саудаўская Аравія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 194—196. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Саудаўская Аравія