Насельніцтва Саудаўскай Аравіі

Насельніцтва Саудаўскай Аравіі на 2017 год паводле розных ацэнак складае ад 28,5[1] да 33 млн чал. З іх каля 20 - 30 % прыходзіцца на мігрантаў (у асноўным з арабскіх краін Блізкага Усходу: Егіпта, Емена).

Натуральны і механічны рух правіць

 
Полава-ўзроставая піраміда, 2016

У другой палове XX стагоддзя каралеўства адзначалася аднымі з найшвышэйшых у свеце тэмпамі росту насельніцтва, што было абумоўлена не толькі традыцыйна высокай нараджальнасцю, але і нафтавым бумам. Гіганцкія запасы нафты патрабавалі працоўных рук для яе здабычы, што прывяло да наплыву мігрантаў. Шалёныя нафтадаляры дазволілі ствараць нябачаную раней гарадскую інфраструктуру і імпартаваць харчаванне ў любой неабходнай колькасці, і гэта азначала, што рост насельніцтва больш не мусіць падтрымлівацца адпаведным селььскагаспадарчым асваеннем тэрыторыі.

У пачатку ХХІ стагоддзя тэмпы росту запаволіліся. Каэфіцыент нараджальнасці у 2017 склаў 18,3 нараджэнняў на 1000 чалавек (вельмі моцна скараціўся за апошняе дзесяцігоддзе). Паказчык смяротнасці — 3,5 смяротных выпадкаў на 1000 чалавек (застаецца адным з найніжэйшых у свеце). Такім чынам, натуральны прырост склаў каля 15 праміле, міграцыйны прырост у апошні час запаволіўся і ў 2017 нават быў адмоўным[2]. Працягласць жыцця перавышае 75 гадоў. Прыцягненне працоўных мігрантаў прывяло да таго, што мужчнынскае насельніцтва па колькасці значна пераўзыходзіць жаночае.

Этнічны склад правіць

 
Шчыльнасць насельніцтва, 2010

Прыкладна 90 % насельніцтва з'яўляюцца этнічнымі арабамі. Акрамя таго ёсць значная колькасць эмігрантаў іншых этнічных груп з Азіі і Афрыкі: індусаў — 1,4 млн, пакістанцаў — 1,5 млн, бангладэшцаў — 0,4 млн, філіпінцаў — 500 000. У каралеўстве ёсць каля 100 000 грамадзян заходніх краін, большасць якіх жыве кампактнымі групамі.

Размяшчэнне насельніцтва правіць

Пустынны клімат Саудаўскай Аравіі не спрыяе сельскагаспадарчаму асваенню тэрыторыі, таму заселена краіна даволі рэдка. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва сладае 15 чалавек на квадратны кіламетр. Размеркавана насельніцтва нераўнамерна: некаторыя гарады і аазісы маюць шчыльнасць насельніцтва больш за 1000 чалавек на км², многія пустынныя раёны не заселены ўвогуле. Найбольшую шчыльнасць мае акрузе Асір, дзе клімат вільгатнейшы.

Рассяленне насельніцтва правіць

Да 60-х гадоў мінулага стагоддзя большасць насельніцтва было качавым ці паўкачавым; але цяпер гэтая адзнака не перавышае ўзровень 5 %. Сёння 83 % саудаўцаў пражывае у гарадах, буйнейшыя з якіх — Эр-Рыяд (6,5 млн у агламерацыі[3]), Джыда (4 млн), Мека (1,7 млн), Медына (1,28 млн).[4]

Рэлігія правіць

 
Дарожныя паказальнікі, што забараняюць немусульманам уезд у Меку і Медыну

Афіцыйная і адзіная рэлігія Саудаўскай Аравіі — іслам. Большасць насельніцтва прытрымліваецца строгай інтэрпрэтацыі ісламу, вядомай як «вахабізм». Саудаўцы вызнаюць салафію, што азначае «разуменне рэлігіі ў тым выглядзе, у якім яе разумеў Прарок і яго паплечнікі», «вяртанне да Карану і Суны». Шыіцкае насельніцтва ацэньваецца прыкладна ў 15 % (у асноўным ва ўсходніх абласцях краіны і на мяжы з Еменам). У краіне дзейнічае рэлігійная паліцыя. Жаўнеры Шарыяцкай гвардыі стала патрулююць вуліцы і грамадскія ўстановы з мэтай спынення спроб парушэння канонаў ісламу. У выпадку выяўлення парушэння вінаваты нясе адпаведнае пакаранне, ад штрафу да адсячэння галавы.

Мусульмане-замежнікі, што пражылі на тэрыторыі краіны 10 гадоў, могуць атрымаць саудаўскае грамадзянства. Ад іншаземцаў-іншаверцаў урад каралеўства патрабуе пераходу ў іслам. Дазволены часовы ўезд людзей, што належаць да рэлігійных меншасцей, з забаронай правядзенняў іх багаслужэнняў. Для замежнікаў-немусульман існуе забарона на наведванне свяшчэнных гарадоў Меккі і Медзіны. Для вызначэнне рэлігійнай прыналежнасці ў саудаўскай візе змяшчаецца графа аб веравызнанні замежніка, што дазваляе рэлігійнай паліцыі разварочваць замежных грамадзян-немусульман ад пад'ездаў у святыя гарады.

Паводле некаторых ацэнак, ад 500 000 да 1 млн чалавек прытрымліваецца каталіцкай веры. Паводле вынікаў даследавання міжнароднай дабрачыннай хрысціянскай арганізацыі «Open Doors» за 2010 год, Саудаўская Аравія займае 3 месца ў спісе краін, дзе хрысціян часцей за ўсё ўшчамляюць у правах.

Зноскі