Адкрыць галоўнае меню

Мексіка

краіна ў Паўночнай Амерыцы

Мексіка, Мексіканскія Злучаныя Штаты — федэратыўная канстытуцыйная рэспубліка ў Паўночнай Амерыцы, якая мяжуе на поўначы са Злучанымі Штатамі Амерыкі, на поўдні і захадзе абмываецца Ціхім акіянам, на паўднёвым усходзе мае мяжу з Гватэмалай, Белізам, а таксама абмываецца водамі Карыбскага мора, на ўсход ад Мексікі размяшчаецца Мексіканскі заліў[4]. З тэрыторыяй амаль роўнаю двум мільёнам квадратных кіламетраў[5] Мексіка была пятай па велічыні тэрыторыі краінай у Амерыцы і 13-й у свеце. Маючы насельніцтва большае за 124 мільёны чалавек, у 2010-х Мексіка з'яўлялася 11-й па колькасці насельніцтва краінай свету. У 2019 Мексіка павінна абысці Японію і ўвайсці ў дзясятку самых населеных краін (паводле некаторых дадзеных, гэта ўжо адбылося ў 2018). Другая па колькасці насельніцтва ў Лацінскай Амерыцы, першая сярод іспанамоўных краін свету.

Мексіканскія Злучаныя Штаты
Estados Unidos Mexicanos
Flag of Mexico.svg Герб Мексікі
Сцяг Мексікі Герб Мексікі
Mexico (orthographic projection).svg
Гімн: «Himno Nacional Mexicano»
Дата незалежнасці 16 верасня 1810 (ад Іспаніі)
Афіцыйная мова Іспанская
Сталіца Мехіка
Найбуйнейшыя гарады Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй, Пуэбла
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт Энрыке Пенья Ньета
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
13-я ў свеце
1 972 550 км²
2,5
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

124 574 795[1] чал.
63 чал./км²
ВУП
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$2498 млрд.[2]  (11-ы)
$20028
Валюта Мексіканскі песа (MXN, код 103)
Інтэрнэт-дамен .mx
Тэлефонны код +52
Часавыя паясы -6…-8
Месца па ВУП у свеце—15[3]

У дакалумбавай Мексіцы існавалі развітыя індзейскія цывілізацыі. У XVI стагодзі Іспанія заваявала і каланізавала тэрыторыю Мексікі, якая стала цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. У 1821 годзе Мексіка набыла незалежнасць. Далей былі перыяды эканамічнай нестабільнасці, амерыкана-мексіканская вайна з тэрытарыяльнымі саступкамі на карысць ЗША, грамадзянская вайна, дзве імперыі і ўнутраная дыктатура. Апошняя прывяла да мексіканскай рэвалюцыі ў 1910 годзе, у выніку якой паўстала цяперашняя палітычная сістэма краіны.

Мексіка з'яўляецца адной з найбуйнейшых эканомік свету і лічыцца рэгіянальнай дзяржавай сярэдняй магутнасці[6][7]. Акрамя таго, Мексіка з'яўляецца першым лацінаамерыканскім членам Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця з 1994 года. Паводле дадзеных Сусветнага банка ў Мексіцы маецца вышэйшы за сярэдні прыбытак[8]. Мексіка з'яўляецца новай індустрыяльнай краінай[9][10][11] і новай сілай[12], яна мае 11-ы ВУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасці. Эканоміка цесна звязана з краінамі-партнёрамі па Паўночнаамерыканскім пагадненні аб свабодным гандлі (НАФТА), асабліва з ЗША[13][14]. Мексіка займае пятае месца ў свеце і першае ў Амерыцы паводле колькасці аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА[15][16][17].

Змест

ЭтымалогіяПравіць

Назва краіны паходзіць ад ацтэкскага "Мексіка" — так называлася сэрца Мексіканскай даліны, дзе знаходзілася сталіца ацтэкаў Тэначцітлан. Што да паходжання ацтэкскай назвы, адзінага меркавання вучоныя не маюць. Суфікс "ка" на мове науатль азначае "краіна", "месца"; з першай часткай складаней, але паводле асноўнай версіі, слова "мекстлі" было адным з сакрэтных імён бога Уіцілапочлі, г.зн. "Мексіка" — месца, дзе жыве Уіцілапочлі.

Геаграфічнае становішчаПравіць

Мяжуе на поўначы са Злучанымі Штатамі Амерыкі, на паўднёвым усходзе мае мяжу з Гватэмалай, Белізам. На поўдні і захадзе абмываецца Ціхім акіянам, на ўсходзе водамі Карыбскага мора і Мексіканскага заліва. У склад Мексікі ўваходзяць два буйных паўвострава: на паўночным захадзе ў Ціхі акіян высунуты паўвостраў Каліфорнія, аддзелены ад мацерыка Каліфарнійскім залівам; на паўднёвым усходзе Мексіцы належыць большая частка паўвострава Юкатан. З пункту гледжання фізічнай геаграфіі, 12 % тэрыторыі краіны на ўсход ад перашыйка Тэуантэпек адносяцца да Цэнтральнай Амерыкі Найбуйнейшыя астравы: Архіпелаг Рэвілья-Хіхеда, Гуадалупе, астравы Марыі, Касумель, Седрас, Тыбурон, Анхель-дэ-ла-Гуарда.

ПрыродаПравіць

Будова паверхніПравіць

 
Здымак тэрыторыі Мексікі з космасу

Бoльшую частку Мексікі займае Мексіканскае нагор'е, якое пераходзіць на поўначы ў высокія раўніны і плато Тэхаса і Нью-Мексіка. З усходу, захаду і поўдня яно акружана глыбока раздзеленымі горнымі хрыбтамі Усходзняй і Заходняй С’ера-Мадрэ. Заходнюю мяжу нагор'я ўтварае горная сістэма Заходняя С'ера-Мадрэ, якая дасягае 160 км у шырыню і месцамі ўзнімаецца вышэй 3000 м. Гэта адзін з найбольш магутных і цяжкапераадольных горных бар'ераў Заходняга паўшар'я. На захад ад Заходняй С’еры за Каліфарнійскім залівам ляжыць паўвостраў Каліфорнія, паверхня якога ўяўляе чаргаванне тэрасападобных паверхняў з плоскімі рачнымі далінамі. Горная сістэма на ўсходзе нагор'я, Усходняя С'ера-Мадрэ, адносна лягчэйшая для пераадолення. На ўсход ад яе ляжыць Прымексіканская нізіна. Шырокая на поўначы, дзе яна злучаецца з прыбярэжнымі раўнінамі Тэхаса, далей да поўдня, ад Тампіка да паўночнай ускраіны перашыйка Тэуантэпек, яна ўяўляе сабой вузкую забалочаную прыбярэжную паласу, а яшчэ далей пашыраецца і зліваецца з нізіннай вапняковай раўнінай п-ва Юкатан. Цэнтральная частка Мексіканскага нагор'я складаецца з шырокіх упадзін — бальсонаў — з спадзістымі схіламі; асобныя хрыбты часта ўвянчаныя вулканамі. Паверхня нагор'я паступова падвышаецца да поўдня і ўтварае клін у вулканічнай зоне, дзе ў шыротным кірунку працягваецца хрыбет Папярочная Вулканічная С'ера, утвораная амаль злітымі конусамі вулканаў. Тут знаходзяцца найвышэйшыя пункты: Арысаба (Сітлальтэпетль), 5610 м; Папакатэпетль, 5452 м; Істаксіуатль, 5286 м; Невада-дэ Талука, 4392 м; Малінчэ, 4461 м, і Невада-дэ-Каліма, 4265 м. У паўднёвай частцы нагор’я маюцца катлавіны, падзеленыя ўзгорыстымі градамі мяккіх абрысаў, прарэзанымі глыбокімі і вузкімі далінамі рэк. У буйнейшай з іх — даліне Мехіка — даўжынёй 80 км і шырынёй каля 50 км некалі знаходзілася пяць плыткіх азёр з забалочанымі берагамі; буйнейшым з іх было возера Тэскока, у цэнтры якога, на востраве, размяшчалася сталіца ацтэкаў — Тэначтытлан. Папярочная Вулканічная С'ера стромкім уступам абрываецца да тэктанічнай упадзіны р. Бальсас, глыбока ўдаецца ў горную вобласць. На поўдзень ад упадзіны ляжаць горы Паўднёвай С'ера-Мадрэ са складанай сеткай глыбокіх далін і крутасхілых грабянёў, амаль без роўных участкаў. На іх у геалагічным сэнсе Паўночная Амерыка сканчваецца і за нізінным пярашыйкам Тэуантэпек ляжыць Амерыка Цэнтральная — у Мексіцы да яе належаць горы Ч’япас вышынёй да 2400 м.

 
Трапічныя лясы на востраве Кантрой

КліматПравіць

Амаль палова ўсёй тэрыторыі Мексікі мае арыдны або семіарыдны клімат. Засушлівыя ўмовы характэрныя для ўсёй паўночнай зоны ўздоўж мяжы з ЗША, ад Ціхага акіяна да Мексіканскага заліва, і распаўсюджваюцца ў цэнтральнай частцы нагор'я на поўдзень прыкладна да 22° з.ш. Далей да поўдня колькасць ападкаў паступова павялічваецца, дасягаючы 580 мм у год у горадзе Мехіка і 890 мм у год ва ўпадзіне Пуэбла. Толькі штаты Веракрус і Табаска на ўзбярэжжа Мексіканскага заліва і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа штата Ч'япас атрымліваюць дастатковую колькасць дажджоў на працягу ўсяго года. Вялікая частка ападкаў выпадае ўлетку, зімы адносна сухія. Тэмпературы і расліннасць залежаць ад вышыні над узроўнем мора. У Мексіцы гарачы пояс — т.зв. tierra caliente — размяшчаецца ад узроўня мора прыкладна да 600 м або трохі вышэй; умераны пояс — tierra templada — распасціраецца над ім, да вышыні каля 1850 м, а яшчэ вышэй, да самой снеговой межы (3950-4550 м) знаходзяцца т.зв. «халодныя землі» (tierra fria). Вялікая частка цэнтральнага нагор'я знаходзіцца на вышыні ад 1200 да 2400 м над у.м., што адпавядае верхняй частцы ўмеранага пояса і ніжняй часткі халоднага. Хоць сезонныя амплітуды тэмператур невялікія і, за выключэннем крайняй поўначы, складаюць у сярэднім каля 8 °C, сутачныя ваганні значныя, і ў горнай вобласці ночы звычайна халодныя. На прыбярэжных нізінах летнія тэмпературы перавышаюць 27 °C. Асабліва доўгае і гарачае лета характэрна для нізін, якія прымыкаюць да Каліфарнійскага заліва.

Унутраныя водыПравіць

На поўначы працякае буйнейшая рака Мексікі Рыа-Брава-дэль-Нортэ (у ЗША яна носіць назву Рыа-Грандэ) і яе адзіны прыток — Канчас. Самая буйная рака Цэнтральнага раёна — р. Лерма — працякае праз упадзіны Талука, Гуанахуата і Халіска і ўпадае ў возера Чапала, якое мае сцёк у Ціхі акіян праз р. Рыа-Грандзе-дэ-Сант'яга. Іншыя ўпадзіны — Агуаскальентэс і Пуэбла — таксама дрэнуюцца рэкамі басейна Ціхага акіяна.

РасліннасцьПравіць

 
У Каліфарнійскай пустыні

У сувязі з малой колькасцю дажджоў паўночная палова Мексікі пакрытая мескітавымі дрэвамі, кактусамі, юкай і калючымі хмызнякамі. Гэта знакамітая пустыня Санора (Хіла), што працягваецца ў ЗША. У ніжняй частцы схілаў С'ера-Мадрэ травяністая расліннасцць чаргуюцца з нізкарослымі таполямі і вербамі, а вышэй сярод травы растуць рэдкастойныя дубы. Горны ланцуг, які цягнецца ўздоўж п-ва Каліфорнія, пакрыты хваёвым рэдкалессем, а арыднае заходняе ўзбярэжжа занята рэдкімі кактусамі, асобнымі дрэвамі, якія тоўстым канічным ствалом (да 6 м вышынёй) з некалькімі коранепадобнымі галінамі нагадваюць перавернутую моркву. Да поўдня ўздоўж абодвух берагоў Мексікі раўнінная расліннасць паступова змяняецца ад хмызняковых зараснікаў і редкатраўных злакоўнікаў да саванавых рэдкалессяў, якія пачынаюцца прыкладна на шыраце Тампіка. На поўдзень ад Веракруса ўзбярэжжа багністае з густымі трапічнымі джунглямі, месцамі яны чаргуюцца з участкамі саван. Дажджавы трапічны лес пакрывае штат Табаска, поўдзень штата Юкатан і адкрытыя паўночныя схілы гор Ч'япас. Поўнач Юкатана занята паўлістападным трапічным лесам, злакоўнікамі і хмызняковымі зараснікамі. Тут асабліва шмат відаў агаў, адзін з якіх — агава Фуркрападобная (Agave fourcroides) — дае валакно «энекен» для вырабу паперы, вяровак і тарнай тканіны.

У паўднёвай палове Мексікі клімат і расліннасць змяняюцца ў залежнасці ад абсалютнай вышыні. Гарачы пояс пакрыты густым паўлістападным лесам. Ва ўмераным поясе расце шмат субтрапічных вечназялёных парод, да якіх вышэй па схілах прымешваюцца дубы і іншыя шыракалістыя лістападныя дрэвы. Ніжняя паласа халоднага пояса занятая хваёва-дубовым лесам, які на адзнацы каля 3050 м над у.м. пераходзіць у хваёва-піхтавы. Паблізу снеговой лініі высакагор'і пакрытыя альпійскімі лугамі.

ГісторыяПравіць

Дакалумбава МексікаПравіць

 
Руіны горада Тэуціуакан, ІІ-VII ст.н.э.

Рэчыўныя сведкі прысутнасці першых людзей у на мексіканскай зямлі адносяцца да 8 тыс. да н.э. Мексіку лічаць адной з сямі калысак сучаснай цывілізацыі. У дакалумбавай Мексіцы існавалі і развіваліся цывілізацыі многіх культур: альмекаў (XII—V ст да н.э.), тальтэкаў, тэатыўаканаў, сапатэкаў, мая (іх росквіт прыйшоўся на IV—IX ст. н. э). Да дасягненняў мая належаць іерагліфічнае пісьмо, развітыя архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, шырокія веды ў матэматыцы і астраноміі, дакладны каляндар. У XII стагоддзі ў Цэнтральнай Мексіцы з'явіліся ацтэкі, якія, скарыўшы мясцовыя плямёны, стварылі магутную імперыю.

Каланіяльны перыядПравіць

У 1517 годзе пачалося мэтанакіраванае даследаванне і заваёўванне Мексікі еўрапейцамі. Іспанцы паслалі да берагоў Мексіканскага заліва тры экспедыцыі. Тэрцяя з іх, пад кіраўніцтвам Эрнана Картэса (1519), выдалася паспяховай і імперыя Ацтэкаў пасля двухгадовае барацьбы скарылася перад канкістадорамі. У 1522 годзе іспанскі кароль Карл V прызначыў Картэса генерал-капітанам і губернатарам заваяваных земляў, да таго ж зрабіўшы яго буйнейшым землеўладальнікам; але ўжо ў 1528 з Іспаніі прыбыла аўдыенсія — адміністрацыйны каланіяльны орган, падпарадкаваны непасрэдна каралю. У 1535 Мексіка стала цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. З 1521 па 1821 гг., Мексіка заставалася каланіяльным уладаннем Іспаніі. Яе гаспадарка базавалася на эксплуатацыі індзейцаў, вымушаных працаваць на адабраных у іх землях і на залатых ды срэбных рудніках.

Першае стагоддзе пасля набыцця незалежнасціПравіць

 
Парфірыа Дыяс у 1867

Падзеі ў Еўропе, набыццё незалежнасці Злучанымі Штатамі, пранікненне ў Лацінскую Амерыку прагрэсіўных ідэяў — ўсё гэта паслужыла прычынай барацьбы за самастойнасць. Сялянскія хваляванні 1810 года прывялі Мексіку да дзесяцігадовай вайны за незалежнасць. Сярод правадыроў паўстання вылучаліся святары Мігель Ідальга-і-Касцілья і Хасэ Марыя Марэлас — абодва былі схоплены і пакараны смерцю. У 1821 годзе паводле Кардоўскае дамовы Мексіка набыла незалежнасць, а правадыр паўстанцаў Аўгусцін Ітурбідэ абвяшчае сябе імператарам Аўгусцінам І. Зрэшты ўжо вясной наступнага года Мексіка становіцца рэспублікай і губляе ўладу над краінамі Цэнтральнай Амерыкі. У 1835 годзе ад Мексікі аддзяляецца Тэхас, які абвяшчае сябе рэспублікай, і мексіканцы не здольныя нічога супрацьпаставіць невялікаму тэхаскаму войску. У 1845 ўспыхнула паўстанне ў Каліфорніі, яго ўдзельнікі абвясцілі аб стварэнні ўласнага ўрада. Вясной 1846 года на мексіканскую тэрыторыю ўварваліся войскі ЗША. Да восені 1847 гады амерыканцы захапілі значную частку Мексікі разам са сталіцай. Паводле дамовы Гуадалупе-Ідальга да ЗША адышлі Верхняя Каліфорнія, Новая Мексіка і часткі зямель іншых штатаў, што склала больш за палову ўсёй плошчы Мексікі. У 1860 годзе кансерватары прайгралі чарговую грамадзянскую вайну і папрасілі дапамогу ў еўрапейскіх дзяржаў. У 1861-82 гг. у выніку інтэрвенцыі да ўлады на французскіх штыках прыйшоў Максімільян Габсбург, абвешчаны імператарам. У 1867, як толькі каланіяльныя войскі пакінулі Мексіку, вельмі непапулярны імператар быў зрынуты і расстраляны. У 1876 годзе да ўлады прыйшоў Парфірыа Дыяс і яго валадарства цягнулася 34 гады. Недальнабачная эканамічная палітыка стала прычынай росту сацыяльнай напружанасці, якая прывяла да мексіканскай рэвалюцыі ў 1910 годзе. У выніку рэвалюцыі была прынята канстытуцыя 1917, тым самым фактычна паўстала цяперашняя палітычная сістэма краіны.

1917 – наш часПравіць

Апошняе стагоддзе аказалася не такім багатым на падзеі. Мексіку абмінаюць грамадзянскія войны. Значныя змяненні тычацца толькі эканамічных працэсаў. Напрыклад, у 1930-х прэзідэнт Ласара Кардэнас нацыяналізаваў уласнасць, што належала замежным нафтавым кампаніям. У 1980-х мексікансую эканоміку абрынуў сусветны эканамічны крызіс. У 1990-х уступленне ў НАФТА і новыя рэформы далі Мексіцы магутны штуршок да развіцця. На выбарах у ліпені 2000 года апазіцыйная партыя ўпершыню здабыла перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Інстытуцыйна-рэвалюцыйнай партыі. Пачатак ХХІ стагоддзя адзначаны ўзмоцненай барацьбой федэральных уладаў супраць наркабізнесу.

Дзяржаўны лад і знешняя палітыкаПравіць

 
Нацыянальны палац, месца пасяджэнняў парламента Мексікі

Мексіканскія Злучаныя Штаты з'яўляюцца федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікай з прэзідэнцкай сістэмай кіравання ў адпаведнасці з канстытуцыяй 1917 года. Канстытуцыя ўсталёўвае тры ўрадавыя ўзроўні: федэральны саюз, урады штатаў і муніцыпальныя органаў улады.

заканадаўчая, якая вызначаецца аднапалатным кангрэсам. Дзвюхпалатны Кангрэс Саюза, які складаецца з сената і палаты дэпутатаў, праводзіць федэральныя законы, аб'яўляе вайну, спаганяе падаткі, сцвярджае дзяржаўны бюджэт і міжнародныя дагаворы, ратыфікуе і праводзіць дыпламатычныя сустрэчы[18]. У палату дэпутатаў кангрэса саюза 300 дэпутатаў абіраюцца па мажарытарнай сістэме, а астатнія 200 дэпутатаў па прапарцыйнай сістэме з закрытымі партыйнымі спісамі[19], для якіх краіна падзелена на 5 выбарчых акругаў[20]. У Сенаце 128 сенатараў: 64 сенатараў, па два з кожнага штата, і два з федэральнай акругі, якія абіраюцца па мажарытарнай сістэме, яшчэ 32 сенатары прызначаюцца па мажарытарнай сістэме, а астатнія 32 прызначаюцца на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва з зачыненымі партыйнымі спісамі.

Выканаўчая ўлада праводзіцца прэзідэнтам Мексіканскіх Злучаных Штатаў, які з'яўляецца кіраўніком дзяржавы і ўрада, а таксама вярхоўным галоўнакамандуючым мексіканскіх узброеных сіл. Прэзідэнт таксама прызначае Кабінет міністраў і іншых службовых асоб. Прэзідэнт нясе адказнасць за выкананне закона, і мае права вета на законапраекты[21]. У 2012 прэзідэнтам стаў Энрыке Пенья Ньета і Інстытуцыйна-Рэвалюцыйная партыя зноў вярнулася да ўлады.

Судовая галіна ўлады прадстаўлена Вярхоўным судом, які складаецца з 11 суддзяў, прызначаных прэзідэнтам і зацверджаныя сенатам, якія інтэрпрэтуюць законы. Іншыя інстытуты судовай сістэмы прадстаўлены выбарчым трыбуналам, калегіяльнымі, унітарнымі і раённымі судамі.

Тры партыі гістарычна былі дамінуючымі партыямі ў мексіканскай палітыцы: Нацыянальная партыя дзеяння: правая кансерватыўная партыя; Інстытуцыянальна-рэвалюцыйная партыя, левацэнтрысцкая партыя; а таксама Партыя дэмакратычнай рэвалюцыі: левая партыя[22].

Мексіка — федэрацыя, што складаецца з 31 штату і адной сталічнай федэральнай акругі.

Беларуска-мексіканскія адносіныПравіць

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Мексікай ўстаноўлены ў студзені 1992 года. У сакавіку 2005 года адбыўся першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт у Мексіку дэлегацыі беларускіх дзелавых колаў. У 2007 годзе тавараабарот Беларусі з Мексікай у параўнанні з 2006 годам павялічыўся на 31,5 % за кошт росту імпарту і склаў $ 21,3 млн. Экспарт знізіўся на 26,8 % да $ 4,4 млн. (вырабы з чорных металаў, казеін і шыны), а імпарт вырас на 66 % да $ 16.900.000, перш за ўсё, за кошт павелічэння паставак легкавых аўтамабіляў, машын для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі, а таксама паставак халадзільнікаў, маразільнікаў, халадзільнага абсталявання.

НасельніцтваПравіць

У 2017 годзе паводле сярэдніх ацэнак Мексіка мае насельніцтва большае за 124 мільёны чалавек. У пачатку ХХІ ст. Мексіка з'яўлялася 11-й па колькасці насельніцтва краінай свету і пераследвала Японію, што замыкала дзясятку. У 2019 Мексіка павінна абысці Краіну ўзыходзячага сонца і ўвайсці ў топ самых населеных краін (паводле некаторых дадзеных, гэта ўжо адбылося ў 2018). Мексіка — другая па колькасці насельніцтва ў Лацінскай Амерыцы, першая сярод іспанамоўных краін свету. У адрозненні ад той жа Японіі, дзе прырост нулявы, насельніцтва Мекскікі павялічваецца на 1,12 % за год (2017)[23], не зважаючы на адмоўны міграцыйны прырост. У ЗША пражываюць больш за 11 млн чалавек, якія нарадзіліся ў Мексіцы.

Этнічны склад даволі стракаты: 62 % мексіканцаў назвалі сябе метысамі, каля 29 % — індзейцамі, у 9 % рэшты ўваходзяць еўрапейцы, негры і інш. Болей за 92 % насельніцтва валодае толькі іспанскай мовай, каля 6 % — іспанскай і яшчэ хаця б адной індзейскай, 0,8 % — выключна індзейскімі. Большасць індзейцаў пражываюць у паўднёвы раёнах Мексікі (штаты Герэра, Аахака) На дзяржаўным узроўні афіцыйнай мовы няма. На рэгіянальным узроўні выкарыстоўваецца 68 прызнаных моваў. Паводле ацэнкі 2010 года каталікі складаюць 82,7 % насельніцтва, пратэстанты — каля 8 %. Мексіка з'яўляецца рэдкай краінай у Лацінскай Амерыцы, дзе не адбываецца масавы пераход з каталіцтва ў пратэстантызм. Дарэчы, пытанні аб этнічнай прыналежнасці і веравызнанні ў перапіс не ўваходзяць і прыведзеная статыстыка базуецца на выніках апытанняў.

Большая частка мексіканцаў жывуць на Мексіканскім нагор'і. Асабліва высокая шчыльнасць насельніцтва характэрная для даліны Мехіка. Пустынная поўнач і лясістыя раёны поўдня заселены слаба. Урбанізацыя складае амаль 80 % (2017)[24]. У агламерацыі Мехіка-Сіці пражываюць каля 22 млн чал., што робіць яе адной з буйнейшых у свеце.

Некаторыя гарадыПравіць

ГаспадаркаПравіць

Мексіка — індустрыяльна-аграрная краіна, што развіваецца. Некаторыя даследчыкі адносяць яе да падгрупы новых індустрыяльных краін. Па агульным аб'ёме ВУП (каля 2,5 млрд па ППЗ у 2018) Мексіка сёння займае 11 месца ў свеце. Многія аналітыкі лічаць, што ў сярэдзіне нашага стагоддзя Мексіка перамясціцца на 5-7 месца. ВУП на душу насельніцтва — адзін з найвышэйшых у Лацінскай Амерыцы (каля 20000 долараў). Паводле класіфікацыі Сусветнага банка Мексіка адносіцца да краін з даходам вышэйшым за сярэдні. Гаспадарка Мексікі цесна знітаваная з партнёрамі па НАФТА, асабліва, з эканомікай ЗША. На ЗША прыходзіца каля 70 % мексіканскага экспарту і 55 % імпарту. У 1994 Мексіка першай з лацінаамерыканскіх краін была прынятая ў АЭСР, што робіць гонар яе гаспадарцы, нягледзячы на тое, што Мексіка па ключавых паказчыках — другая з канца ў АЭСР пасля Чылі. Каля 20 % насельніцтва краіны жыве за рысай беднасці.

У здабыўной прамысловасці традыцыйна развітая здабыча каляровых металаў: срэбра, паліметалічных руд, сурмы, ртуці. Здабываюцца жалезная руда, сера, флюарыт (Мексіка - адзін з буйнейшых вытворцаў і экспарцёраў плавікавага шпату). Па здабычы нафты ў 2016 годзе (2,2 млн барэляў у дзень) Мексіка займала 14 месца ў свеце[25].

У апрацоўчай прамысловасці найвялікшая роля машынабудавання, у структуры якога выдзяляюцца:

  • традыцыйнае аўтамабілебудаванне. Мексіка збірае аўтамабілі амерыканскіх, японскіх і еўрапейскіх марак для аб'ёмістага ўнутранага рынку і экспарту ў ЗША ды краіны Цэнтральнай Амерыкі. Па агульнай вытворчасці аўтамабіляў (4 млн у 2017) Мексіка займае сёмае месца ў свеце і пры захаванні тэмпаў росту ў 2018 мусіць абысці прызнанага лідэра —Паўднёвую Карэю. Па вытворчасці грузавых аўтамабіляў Мексіка ўваходзіць у тройку сусветных лідараў.
  • інавацыйная электроніка. З пачатку нашага стагоддзя галіна электронікі дэманструе бурны рост. У 2011 годзе Мексіка экспартавала прадукцыі электронікі на 71 млрд долараў, што складала 30 % яе экспарту. Мексіка займае шостае месца ў свеце па вытворчасці прадукцыі элетронікі і электратэхнікі: тут робяць планшэты, смартфоны, камп'ютары вядомых брэндаў.

Нафтаперапрацоўка развіта недастаткова: з'яўляючыся адным з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў нафты, Мексіка імпартуе нафтапрадукты.

У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства — кукуруза, пшаніца, соя, рыс, бабы, бавоўнік, кава, садавіна, памідоры. Развітыя лесанарыхтоўкі.

Вядомыя асобыПравіць

ЗноскіПравіць

  1. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/mx.html
  2. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/mx.html
  3. Міжнародны валютны фонд (красавік 2008)
  4. Merriam-Webster's Geographical Dictionary, 3rd ed. Springfield, MA: Merriam-Webster, Inc.; p. 733
  5. Mexico at The World Factbook
  6. «How to compare regional powers: analytical concepts and research topics». British International Studies Association.
  7. Ministry of Foreign Affairs of Japan. mofa.go.jp
  8. «Country and Lending Groups». World Bank.
  9. Paweł Bożyk (2006). «Newly Industrialized Countries». Globalization and the Transformation of Foreign Economic Policy. Ashgate Publishing, Ltd. p. 164. ISBN 0-7546-4638-6.
  10. Mauro F. Guillén (2003). «Multinationals, Ideology, and Organized Labor». The Limits of Convergence. Princeton University Press. pp. 126 (Table 5.1). ISBN 0-691-11633-4.
  11. N. Gregory Mankiw (4th Edition 2007). «Principles of Economics». Mason, Ohio: Thomson/South-Western. ISBN 0-324-22472-9.
  12. «G8: Despite Differences, Mexico Comfortable as Emerging Power». Ipsnews.net.
  13. Mexico (05/09). US Department of State.
  14. CRS Report for Congress. Congressional Research Service.
  15. «Mexico's World Heritage Sites». Worldheritagesite.org.
  16. «Mexico on the UNESCO World Heritage». Whc.unesco.org.
  17. «Mexico's World Heritage Sites Photographic Exhibition at UN Headquarters». Whc.unesco.org.
  18. «Articles 50 to 79». Political Constitution of the United Mexican States.
  19. «Third Title, First Chapter, About Electoral systems, Article 11-1» (PDF). Código Federal de Instituciones y Procedimientos Electorales
  20. «Fourth Title, Second Chapter, About coalitions, Article 59-1» (PDF). Código Federal de Instituciones y Procedimientos Electorales
  21. «Articles 80 to 93». Political Constitution of the United Mexican States.
  22. Estatuto del Partido de la Revolución Democrática. Documentos Básicos.
  23. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/mx.html
  24. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/mx.html
  25. https://www.eia.gov/beta/international/data/browser/#/?pa=00000000000000000000000000000000002&c=ruvvvvvfvtvnvv1vrvvvvfvvvvvvfvvvou20evvvvvvvvvvvvuvo&ct=0&tl_id=5-A&vs=INTL.57-1-AFG-TBPD.A&vo=0&v=H&start=2014&end=2016

СпасылкіПравіць