Седрас
Востраў Се́драс (ісп.: Isla de Cedros) — востраў у Ціхім акіяне на поўдні мексіканскага штата Ніжняя Каліфорнія. Плошча — 348,3 км². Насельніцтва (2010 г.) — 2696 чал.
Седрас | |
---|---|
ісп. Cedros | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 348,3 км² |
Насельніцтва | 2 696 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 7,74 чал./км² |
Размяшчэнне | |
28°13′ пн. ш. 115°15′ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфія
правіцьВостраў Седрас месціцца ў паўночна-заходняй частцы Ціхага акіяна ў 23,3 км ад заходняй ускраіны паўвострава Каліфорнія. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 38,34 км. Найбольшая шырыня — 16,48 км.
Седрас утвораны ў выніку вулканічнай дзейнасці, якая пачалася ў Юрскі перыяд. Суша сфарміравана магматычнымі, метамарфічнымі і асадкавымі пародамі. Дамінуюць горныя пейзажы. Найвышэйшы пункт — гара Монтэ-Седрас (1205 м). Карысныя выкапні — галіт, золата і медзь.
Клімат трапічны засушлівы. Дзякуючы прахалодным паветраным масам і плыням з Ціхага акіяна тут не так спякотна, як на суседнім паўвостраве Каліфорнія. Сярэдняя гадавая тэмпература +22°C. У ліпені слупок тэрмометра можа падвышацца да 28,6°C. На ўзбярэжжы часцяком здараюцца ранішнія туманы, аднак сутачнае надвор'е пераважна сухое. Высокія горы затрымліваюць вільготныя паветраныя масы, таму на іх схілах выпадае больш асадкаў.
Прырода
правіцьДля прыроды вострава Седрас характэрны высокі паказчык эндэмічнай флоры і фаўны. Прыбярэжныя і нізкія часткі на працягу года атрымліваюць мала вільгаці, таму тут дамінуюць ксерафітныя травы і хмызнякі. У гарах захаваліся хваёвыя і ядлаўцовыя гаі. У мінулым іх плошча была значна большай, дзякуючы ім востраў атрымаў сваё сучаснае найменне (ісп.: Cedros — "кедры"). Жывёльны свет прадстаўлены рознымі відамі птушак, яшчарак, казурак, грызуноў, ластаногімі і здзічэлымі козамі. Воды каля Седраса адрозніваюцца багаццем рыбных запасаў.
Гісторыя
правіцьІндзейцы насялілі востраў Седрас болей за 10 тысяч гадоў таму. Выяўлена болей за 70 археалагічных помнікаў дакалумбавай эпохі. У 1539 г. ён быў адкрыты іспанскімі канкістадорамі. У 1732 г. па патрабаванні манахаў-дамініканцаў, якія апекавалі мясцовае карэннае насельніцтва, тубыльцы пакінулі востраў і перасяліліся ў суседнюю Каліфорнію. Седрас наведваўся піратамі, рыбакамі, кітабоямі і кантрабандыстамі.
У канцы XIX — пачатку XX з'явілася сталае насельніцтва, прадстаўленае здабытчыкамі золата і медзі. У 1917 г. прамысловая здабыча спынілася, аднак жыхары Седраса асвоілі рыбалоўства. У 1920 г. была пабудавана кансервавая фабрыка. Рыбалоўства і перапрацоўка рыбы, а таксама здабыча солі і турызм адыгрываюць значную ролю ў эканоміцы вострава і ў нашы дні.
Спасылкі
правіць- Cedros, la isla en la niebla (Baja California)
- Tectonic history of a Jurassic backarc-basin sequence
- The Flora of Cedros Island, Mexico Архівавана 7 кастрычніка 2015.
- The Butterflies of Isla de Cedros Архівавана 5 сакавіка 2016.
- CEDROS VILLAGE Архівавана 4 сакавіка 2016.