Канкістадор (ісп.: Conquistador — заваёўнік) — іспанскі або партугальскі заваёўнік тэрыторый Новага Свету ў эпоху каланізацыі Амерыкі (канец XV—XVI ст.), удзельнік Канкісты — заваявання Амерыкі. Лідары канкістадораў-першапраходцаў называліся адэлантада.

Гістарычны агляд

правіць

Як правіла, канкістадорамі з'яўляліся збяднелыя іспанскія рыцары (т.б. ідальга і кабальера). Асноўнымі фактарамі іх з'яўлення, сучасная гістарычная навука называе наступныя: заканчэнне Рэканкісты, палітычныя і эканамічныя памкненні іспанскай кароны (у позні перыяд Канкісты), збяднелае шляхецтва і, галоўнае, адкрыццё новых земляў, якія планавалася асвоіць.

Немалаважную ролю адыграла тое, што далёка ад Еўропы іспанец станавіўся вольным як ад каралеўскай улады (напрыклад, сітуацыя з выплатамі на карысць кароны на пачатку XVI ст.), так і ад царкоўнай.

Адной з іх мэт было адкрыццё і захоп новых земляў і багаццяў ў невядомым свеце. Канкістадорамі была здзейснена досыць вялікая колькасць экспедыцый і паходаў на тэрыторыі Новага Свету. Фінансаванне вялося, у асноўным, на ўласныя сродкі кабальерас практычна без падтрымкі, а часцяком і насуперак жаданню іспанскага каралеўскага двара. Карэннай і асноўнай перавагай канкістадораў была наяўнасць закаваных у браню рыцарскай кавалерыі і агнястрэльнай зброі, што дазваляла ім праводзіць паспяховыя атакі на індзейскія паселішчы, прычым мясцовае насельніцтва адчувала панічны страх перад коннікамі, бо наогул лічылі каня і ездака адзінай цэлай істотай. Заваявальныя паходы іспанскіх канкістадораў ўключалі кампаніі ў Гватэмале, Перу, Тауанцін-Суйу, Калумбіі, Чылі, Гандурасе і на ўзбярэжжа Ціхага акіяна. Да ліку найбольш вядомых кіраўнікоў канкістадораў адносяць Эрнана Картэса (Мексіка), Франсіска дэ Мантэха (Юкатан ў цэлым), Франсіска Пісара (Тауанцін-Суйу), Дыега дэ Альмагра (Панамскі перашыек, Перу і Чылі), Васка Нуньеса дэ Бальбоа (Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі), Дыега Веласкеса дэ Куэльяр, Пэдра дэ Вальдывію, Пэдра Альварада, Гансала Хімэнэс дэ Кесада.

Многія канкістадоры, як радавыя салдаты, так і камандзіры атрадаў, былі ўзнагароджаны пасля рознага роду каралеўскімі дарункамі аж да тытулаў і земляў — так, напрыклад, нізкародны Картэс, стаў маркізам, — і рознымі прывілеямі адносна падаткаў і кіравання калоніямі. Апроч таго, за новапасяленцамі былі прызнаныя маёнткі, у якіх нашчадкі канкістадораў жылі амаль незалежнымі ўладарамі, фармальна прызнаючы уладу віцэ-караля ці генерал-капітана. З часоў Філіпа III (1598—1621) гэтая землеўладальніцкая арыстакратыя Амерыкі, роўна як і карэнныя абывацелі шматлікіх гарадоў і муніцыпалітэтаў (Cabildos), падвяргалася сістэматычнаму ўціску: ва ўсім аддавалася перавага выхадцам са Старога Свету, якія нарадзіліся ў Іспаніі (Chapetones). Гэтая сістэма, у адносінах да найуплывовай часткі Крэолы, якая суправаджалася гвалтам з боку ўладаў, стала прычынаю незадаволенасці, якая прывяла ў пачатку XIX ст. да адрыву ад Іспаніі яе багатых калоній. Многія з кіраўнікоў барацьбы з метраполіяй выйшлі з фамілій даўніх канкістадораў.

Вобраз канкістадораў у літаратуры

правіць

У гістарычнай і мастацкай літаратуры за перыяд вывучэння гэтай з’явы склаліся два дыяметральна супрацьлеглыя пункты гледжання на канкістадораў. Першы абяляе вобраз канкістадораў, прычым салдат у гэтым выпадку паказваюць носьбітам хрысціянскага светаразумення і досыць навучанымі місіянерамі; таксама яны займаюцца асветай сярод «дзікіх» народаў, знаёмяць іх з дасягненнямі еўрапейскай цывілізацыі. Адзін час нават існавала пазіцыя непрымання чалавечай сутнасці мясцовага насельніцтва (спрэчка Лас Касас з Сепульведай). Другі пункт гледжання, наадварот, лічыць канкістадораў прагнымі злодзеямі, здольнымі толькі на забойствы і рабункі. Ні першы, ні другі пункт гледжання не вылучаюцца аб’ектыўнасцю, хоць існуюць аргументы на карысць абодвух, бо сярод масы людзей, якія кінуліся на засваенне новых земляў, былі самыя розныя тыпы: і банальныя рабаўнікі, і сапраўдныя хрысціяне, і шчырыя альтруісты.