Перу
Перу́ (ісп.: Perú, кечуа: Piruw, аймара: Piruw), афіцыйная назва — Рэспу́бліка Перу́ (ісп.: República del Perú [reˈpuβlika ðel peˈɾu], кечуа: Piruw Mama Llaqta [piˈruw ˈmama ˈʎaχta], аймара: Piruw Suyu [piˈruw ˈsuju]) — дзяржава ў Паўднёвай Амерыцы. Мяжуе на паўночным захадзе з Эквадорам, на поўначы — з Калумбіяй, на ўсходзе — з Бразіліяй, на паўднёвым усходзе — з Балівіяй і Чылі. На захадзе абмываецца Ціхім акіянам. Трэцяя па плошчы (пасля Бразіліі і Аргенціны) краіна Паўднёвай Амерыкі. Тэрыторыя — 1285,2 тыс. км², насельніцтва — 32 млн чалавек, сталіца — г. Ліма (каля 10 млн жыхароў), афіцыйныя мовы — іспанская, кечуа (абедзве дзяржаўныя), аймара. Асноўная рэлігія — каталіцызм. Нацыянальнае свята — 28 ліпеня — Дзень незалежнасці (1821).
| |||||
Гімн: «Somos libres, seamoslo siempre» | |||||
Дата незалежнасці | 28 ліпеня 1821 (ад Іспаніі) | ||||
Афіцыйная мова | іспанская, у рэгіёнах з перавагай індзейскага насельніцтва афіцыйнымі з’яўляюцца мовы кечуа, аймара і іншыя мясцовыя мовы [1] | ||||
Сталіца | Ліма | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Ліма | ||||
Форма кіравання | Рэспубліка | ||||
Часовы Прэзідэнт Прэм’ер-міністр |
Дзіна Балуартэ вакантна | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
20-я ў свеце 1 285 216 км² 8,8 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2018) • Шчыльнасць |
32 168 933[2] чал. (41-я) 25 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$450 148 млн[3] (38-ы) $13993 | ||||
Валюта | Новы соль | ||||
Інтэрнэт-дамен | .pe | ||||
Код ISO (Alpha-2) | PE | ||||
Код ISO (Alpha-3) | PER | ||||
Код МАК | PER | ||||
Тэлефонны код | +51 | ||||
Часавыя паясы | -5 |
Менавіта на тэрыторыі Перу сфармавалася найбольш развітая цывілізацыя дакалумбавай Амерыкі — цывілізацыя Інкаў. Дзяржава інкаў прасціралася ад паўночных межаў сучаснага Перу да Чылі і Аргенціны.
Перу належыць да Андскіх дзяржаў Паўднёвай Амерыкі. З’яўляецца членам ААН, АЦЭС, ААД.
Этымалогія
правіцьНазва ўпершыню згадваецца ў 1525 г. (Пісара і Альмагра). Хутчэй за ўсё, яна ўтворана ад імя мясцовага правіцеля Біру (пач.16 стагоддзя).
Геаграфічнае становішча
правіцьМяжуе на паўночным захадзе з Эквадорам, на поўначы — з Калумбіяй, на ўсходзе — з Бразіліяй, на паўднёвым усходзе — з Балівіяй і Чылі. На захадзе абмываецца Ціхім акіянам. У Перу знаходзіцца мыс Парыньяс — крайняя заходняя кропка Паўднёвай Амерыкі. Змена халоднага Перуанскага цячэння на цёплае Эль-Ніньё перыядычна (прыкладна раз у 7-10 гадоў) выклікае значныя экалагічныя і эканамічныя катастрофы.
Прырода
правіцьТэрыторыя Перу падзяляецца на 3 фізіка-геаграфічных рэгіёны: Коста — пустынная паласа берагавых раўнін на захадзе (шырыня да 180 км); Сьера — магутная сістэма Перуанскіх Андаў з участкамі плато і пласкагор’яў у цэнтры, з вяршыняй Уаскаран (6768 м), пагаслымі і дзеючымі вулканамі; на паўночным усходзе і ўсходзе раскінулася частка Амазонскай нізіны — Сельва. Паміж С’ерай і Сельвай ляжыць паласа перадгорных раўнін — Мантанья. Паколькі у вобласці берагавой лініі Перу праходзіць мяжа паміж літасфернымі плітамі (пліта Наска заглыбляецца пад Паўднёваамерыканскую), тут бываюць моцныя землетрасенні і вывяржэнні вулканаў. Карысныя выкапні: нафта, руды цынку, свінцу, срэбра і інш. На прыбярэжных астравах паклады гуана.
Клімат берагавых раўнін і заходніх схілаў Андаў трапічны, пустынны, амаль без ападкаў. Сярэднямесячныя тэмпературы 17-25 °C на поўначы і 15-24 °C на поўдні. Клімат горнай часткі краіны высакагорна-трапічны, больш вільготны на поўначы (ападкаў да 1000 мм) і кантынентальны на поўдні (ападкаў 700—800 мм у год). Сярэднія тэмпературы паветра ў міжгорных далінах у ліпені 5-12 °C, у студзені 9-16 °C з рэзкімі сутачнымі ваганнямі. У высакагор’і клімат больш халодны, на вяршынях (вышэй 4000-5000 м) — вечныя снягі. На ўсходніх схілах Андаў і ў нізінах клімат вільготны экватарыяльны (ападкаў да 3000 мм за год). Сярэднямесячныя тэмпературы 24-27 °C.
Большая частка рэк належыць басейну Амазонкі (Амазонка, якая пачынаецца на перуанскай зямлі ад зліцця рэк Мараньён, Укаялі). У Ціхі акіян упадаюць кароткія малаводныя рэкі (напр. рака Чыра). На паўднёвым усходзе на мяжы з Балівіяй — высакагорнае возера Тытыкака. Другое былое возера — возера Хунін, хутчэй не возера, а серыя водных вокнаў паміж балотамі, папулярнае месца для бёрдуотчынгу.
Расліннасць берагавых і заходніх схілаў Андаў пустынная і паўпустынная (рэдкія хмызнякі і кактусы), на ўнутраных пласкагор’ях і плато — высакагорны трапічны стэп (халка) і паўпустыня (пуна). Усходнія схілы Андаў да вышыні і нізіна на ўсходзе ўкрыты вільготнымі вечназялёнымі лясамі (сельвай) з каштоўнымі пародамі дрэў (каўчуканосы, хіннае дрэва). Ад 1500 м да да 2300—2500 м — пояс горнага трапічнага лесу: мноства дрэвападобных папарацяў вышынёй 10-14 м, калючых кустоў, імхоў, лішайнікаў, дзеразы, багацце вогненна-чырвоных ці ярка-жоўтых архідэй, хіннае дрэва, адлюстраванае на гербе краіны Увогуле пад лесам і хмызнякамі 66 % тэрыторыі. Жывёльны свет берагавых раўнін збеднены; на міжгорных плато — ламы (гуанака, вікунья), шмат птушак; на ўсходніх раўнінах у сельве — малпы, ляніўцы, мурашкаеды, тапіры, пекары, пумы і ягуары. Нацыянальныя паркі: Нацыянальны парк Уаскаран, Нацыянальны парк Ману.
Гісторыя
правіцьСтаражытная гісторыя
правіцьДакладны час засялення Перу палеаіндзейцамі не вядомы. Мяркуецца, што гэта адбылося у перыяд паміж 18 тысячагоддзем да н.э. і 9 тысячагоддзем да н. э. Найстаражытнейшым з вядомых паселішчаў з’яўляецца Уака-Прыета, жыхары якога займаліся збіральніцтвам і паляваннем на ціхаакіянскім узбярэжжы. У першай палове 5 тысячагоддзя да н.э. яны ўжо займаліся земляробствам, у 4 тысячагоддзі да н.э. асвоілі ткацтва.
У 3 тысячагоддзі да н.э. ў Перу ўзнікла культура Нортэ-Чыка, у 2 тысячагоддзі да н.э. — культура Чавін, якія далі пачатак цывілізацыі ў Андах. Носьбіты Чавін прыручылі ламу, пачалі займацца металургіяй.
У I-м тыс. н.э. развітыя культуры стварылі індзейцы мочэ, тыаўанака і іншыя. Да XIII—XV стст. адносіцца росквіт дзяржавы Чыму на поўначы Перу з цэнтрам у г.Чан-Чан.
Дзяржава інкаў
правіцьКаля 1200 г. інкі на поўдні Перу стварылі імперыю. У момант свайго росквіту (XVI ст.) яна ўключала разам з тэрыторыяй Перу сучасныя тэрыторыі Эквадора, Балівіі, Аргенціны, Чылі з насельніцтвам ад 8 да 15 млн чалавек.
Канкіста і каланіяльны перыяд Перу
правіцьУ 1532—1536 гг. Перу заваявалі іспанскія канкістадоры на чале з Ф.Пісара. У час іспанскага панавання тэрыторыя Перу ўваходзіла ў склад віцэ-каралеўства Перу. Найбуйнейшае антыіспанскае паўстанне індзейцаў на чале з Тупакам Амару II адбылося ў 1780—1781 гг.
Вайна за незалежнасць
правіцьУ 1809 г. пачалася вайна за незалежнасць Перу. 28 ліпеня 1821 г. абвешчана незалежнасць Перу, у 1827 г. прынята першая кастытуцыя, якая абвясціла краіну рэспублікай.
Незалежнае Перу ў XIX ст.
правіцьУ выніку вайны з Чылі ў 1879—1884 гг. Перу страціла багатую салетрай правінцыю Тарапака. Знясіленае вайной Перу трапіла ў фінансавую залежнасць ад замежных дзяржаў, найперш ад ЗША.
Незалежнае Перу ў XX ст.
правіцьСтановішча ў краіне значна пагоршылася ў час прэзідэнцтва Аўгуста Легія (1919—1930 гг.), які ўсталяваў сваю дыктатуру. У 1924 г. В.Р.Ая дэ ла Торэ заснаваў у выгнанні Амерыканскі народна-рэвалюцыйны альянс (АПРА), на базе якога ўзнік папулісцкі нацыяналістычны рух — апрызм, што адлюстраваў інтарэсы сярэдніх слаёў насельніцтва. У верасні 1930 г. створана Перуанская апрысцкая партыя (ПАП), якая выступала за нацыяналізацыю буйной прамысловасці і роўныя правы для ўсіх грамадзян, у тым ліку для індзейцаў. У 1932-34 адбылася Летысійская вайна. Пасля таго, як ПАП стала на шлях палітычнага тэрору, яна была забаронена, але і ў падполлі захавала значны ўплыў у грамадстве ў 1930 — 1940-я гг. Урад Ф.Белаундэ Тэры, які прыйшоў да ўлады ў 1963 г., спрабаваў ажыццявіць дэмакратычныя рэформы, але вымушаны быў капітуляваць перад замежнымі манаполіямі і мясцовай алігархіяй. Гэта выклікала патрыятычны ўздым у грамадстве, у тым ліку ў арміі.
Пераўтварэнні ваеннага ўрада 1968—1980 гг.
правіцьУ кастрычніку 1969 г. армія скінула Белаундэ Тэры, новы рэвалюцыйны ўрад узначаліў генерал Х.Веласка Альварада. Былі нацыяналізаваны некаторыя прадпрыемствы, якія належалі манаполіям ЗША, прыняты закон пра аграрную рэформу. Але наступны ўрад генерала Ф.Маралеса Бермудэса (1975—1980 гг.) зрабіў шэраг уступак замежнаму і мясцоваму капіталу і пачаў дэнацыяналізацыю.
Грамадзянскае праўленне 1980—1992 гг.
правіцьУ 1979 г. ваенныя перадалі ўладу цывільным дзеячам. Пры прэзідэнце Ф. Белаундэ Тэры (1980—1985 гг.) працягваўся адыход ад рэформ. На прэзідэнцкіх выбарах 1985 г. перамог кандыдат ПАП А. Гарсія Перэс, які намагаўся ажыццявіць праграму сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, але не здолеў спыніць крызісныя з’явы — інфляцыю, беспрацоўе. Вялікай праблемай стаў масавы тэрор левых экстрэмісцкіх арганізацый.
Дыктатура А. Фухіморы
правіцьУ 1990 г. прэзідэнтам абраны незалежны кандыдат А. Фухіморы, зноў перавыбраны ў 1995 г. і, у парушэнне канстытуцыі, у маі 2000 г. Пры ім была ажыццяўлена праграма стабілізацыі эканомікі Перу, значна зменшана інфляцыя, дасягнуты вялікія поспехы ў барацьбе з левым экстрэмізмам. У лістападзе 2000 г. Фухіморы, з-за абвінавачванняў яго акружэння ў сувязях з наркамафіяй, быў вымушаны адмовіцца ад прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.
Перу ў XXI ст.
правіцьУ 2007 годзе адбылося моцнае землетрасенне.
Дзяржаўны лад
правіцьПеру — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які выбіраецца прамым тайным галасаваннем на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Кангрэсу Рэспублікі Перу, які выбіраецца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад на чале са старшынёй Савета міністраў.
У міжнародных справах Перу выступае за ўмацаванне ролі ААН, рашэнне любых спрэчак і канфліктаў паміж дзяржавамі на аснове агульнапрынятых норм міжнароднага права, рознабаковае міжнароднае супрацоўніцтва, у тым ліку ў барацьбе з такімі выклікамі сучаснасці, як міжнародны тэрарызм, наркабізнес і арганізаваная злачыннасць. З аналагічных пазіцый Перу выступае і ў Савеце Бяспецы ААН, нясталым членам якога краіна абраная на перыяд 2006—2007.
Адміністрацыйны падзел
правіцьПеру падяляецца на 12 рэгіёнаў, якія ўключаюць 24 дэпартаменты, і адна самастойная правінцыя — Кальяа.
Насельніцтва
правіцьУ 1500 паводле сучасных падлікаў на зямлі Перу жыло 6.7 млн чалавек. Эксплуатацыя мясцовых жыхароў іспанскімі каланізатарамі абязлюдзіла рэгіён: да 1800 г. насельніцтва скарацілася амаль утрая — да 2.5. млн. У ХХ ст, як і па ўсёй Лацінскай Амерыцы, у Перу назіраўся дэмаграфічны выбух, які ў пачатку нашага стагоддзя паступова затухае. Прырост насельніцтва у 2017 склаў 0,9 % (1.1 % — натуральны, −0.2 % — міграцыйны)[4] .
Перу — адзіная краіна Паўднёвай Амерыкі, дзе сёння пераважае індзейскае насельніцтва. Што тычыцца этнічнай геаграфіі, то белыя і метысы (усяго 37 %) пераважаюць у Косце, а індзейцы (45 %) — у Сельве і С’еры. Афіцыйныя мовы Перу — іспанская і кечуа. Пераважна на кечуа размаўляе 13 % насельніцтва. У горных рэгіёнах распаўсюджаны аймара і іншыя індзейскія мовы. 84 % насельніцтва — каталікі, 12 % — евангелісты.
Насельніцтва па тэрыторыі Перу размеркавана нераўнамерна. Найбольш шчыльна заселеная Коста, што абумоўлена самымі спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі. 80 % перуанцаў жыве ў гарадах. (Ліма — 9.9 млн, Арэкіпа — 900 тыс., Трухільё — 800 тыс.)[5]. Ліма — буйнейшая агламерацыя заходняга ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі.
Эканоміка
правіцьПеру адносяць да ліку дзяржаў, якія развіваюцца. Аснову нацыянальнай эканомікі складаюць гарнарудная прамысловасць, сельская гаспадарка і рыбалоўства. Цяперашняе кіраўніцтва краіны надае значную ўвагу стварэнню спрыяльных умоў для эканамічнага развіцця, інтэграцыі Перу ў сусветную гаспадарку, падтрыманню ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязяў з ўсімі дзяржавамі свету, забеспячэнню прытоку замежных інвестыцый і фінансавай дапамогі. Пачатак ХХІ стагоддзя стаў паспяховым для перуанскай эканомікі, у 2012 амерыканскя эканамісты аднеслі краіну да «Ціхаакіянскіх пум» разам з Чылі, Калумбіяй, Мексікай. Адмоўную ролю грае моцная залежнасць ад кошту сыравіны на сусветным рынку: паколькі 55 % экспарту складаюць мінеральныя рэсурсы, у 2013—2016 гг. у сувязі з нізкімі цэнамі на сыравіну эканоміка Перу расла нізкімі тэмпамі. Сёння (2017) ВУП на душу насельніцтва Перу складае каля 14000 — крыху ніжэйшы за сярэдні ў Паўднёвай Амерыцы[6].
Перу займае дугое месца ў свеце па здабычы медзі, першае ў Лацінскай Амерыцы — па здабычы золата; уваходзіць у першую дзесятку сусветных вытворцаў і экспарцёраў вісмуту, вальфраму, волава, тэлурыя, цынку, свінцу, серабра, індыю, селену, ртуці, малібдэну, кадмію. Здабыча нафты ў 2016 склала 5,6 млн тон[7], што не забяспечыла ўнутраных патрэбаў, хоць Перу традыцыйна адносяць да экспарцёраў нафты.
Перу мае вялікі энергетычны патэнцыял, пераважна гэта нафта і гідраэнергарэсурсы. Аснову энергетыкі складае нафта, што ў здабываецца на ўсходзе краіны ў рэгіёне Ларэта. ГЭС выпрацоўваюць толькі 7 % электраэнергіі, астатняе прыходзіцца на ЦЭС. Прамысловасць дастаткова развітая (сталеліцейная, аўтазборачная, тэкстыльная, харчовая). На экспарт вырошчваюцца кава, спаржа. Для ўнутранага рынку: кукуруза, бульба, ячмень. Дзякуючы багатай кіслародам і мінеральнымі рэчывамі вадзе халоднага цячэння, на Перу прыходзіцца 10 % сусветнага ўлову марской рыбы. Асноўны аб’ект рыбалоўства — перуанскі анчоус. Краіна займае першае месца ў свеце па экспарце рыбнай мукі. Паспяхова развіваецца турызм.
Артыкуламі перуанскага экспарту з’яўляюцца руды каляровых металаў, а таксама кава, воўна, бавоўна, тэкстыль, морапрадукты. Увозяцца машыны і абсталяванне, прамысловая сыравіна, спажывецкія тавары. Знешнеэканамічныя сувязі Перу досыць дыверсіфікаваныя. Асноўныя гандлёвыя партнёры: ЗША, ЕС (найболей моцныя пазіцыі традыцыйна ў Іспаніі), дзяржавы Лацінскай Амерыкі, а таксама Японія і Паўднёвая Карэя. Асобна варта сказаць пра Кітай: у 2016 Кітай атрымаў чвэрць перуанскага экспарту і паставіў 22 % імпарту[8]. Міжнародны гандаль ажыццяўляецца ў асноўным пры дапамозе марскога транспарту, галоўны порт — Кальяа.
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ http://www.tc.gob.pe/constitucion.pdf Архівавана 2 лістапада 2013. Son idiomas oficiales el castellano y, en las zonas donde predominen, también lo son el quechua, el aimara y las demás lenguas aborígenes, según la ley.
— Constitución Política del Perú, 1993. Art. 48
- ↑ http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=36&pr.y=7&sy=2016&ey=2023&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=293&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC%2CLP&grp=0&a=
- ↑ Peru(недаступная спасылка). International Monetary Fund. Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2013. Праверана 2010-7-31.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pe.html Архівавана 27 лістапада 2020.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pe.html Архівавана 27 лістапада 2020.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pe.html Архівавана 27 лістапада 2020.
- ↑ https://www.bp.com/content/dam/bp/en/corporate/pdf/energy-economics/statistical-review-2017/bp-statistical-review-of-world-energy-2017-full-report.pdf Архівавана 5 ліпеня 2012.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=173&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).