Аргенціна
Аргенці́на (ісп.: Argentina), поўная афіцыяльная форма — Аргенці́нская Рэспу́бліка (ісп.: República Argentina [reˈpuβlika aɾxenˈtina]) — другая (пасля Бразіліі) па тэрыторыі і трэцяя (пасля Бразіліі і Калумбіі) па насельніцтву дзяржава Паўднёвай Амерыкі.
| |||||
Дэвіз: «En Unión y Libertad (ісп.: «У саюзе і свабодзе»)» | |||||
Гімн: «Oid, Mortales» | |||||
Дата незалежнасці | 9 ліпеня 1816 (ад Іспаніі) | ||||
Афіцыйная мова | Іспанская | ||||
Сталіца | Буэнас-Айрэс | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Буэнас-Айрэс, Кордава, Расарыа | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт Прэм’ер-міністр |
Хаўер Мілей Амада Буду Хуан Мануэль Абал Медзіна | ||||
Дзярж. рэлігія | Каталіцтва | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
8-я ў свеце 2 766 890 км² 1,1% | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Шчыльнасць |
44 293 293[1] чал. (31-я) 16 чал./км² | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$911,5[1] (29-ы) $20 700 (87-ы) | ||||
ІРЧП (2015) | ▲ 0,801[2] (вельмі высокі) (45-ы) | ||||
Валюта | Аргенцінскае песа | ||||
Інтэрнэт-дамен | .ar | ||||
Код ISO (Alpha-2) | AR | ||||
Код ISO (Alpha-3) | ARG | ||||
Код МАК | ARG | ||||
Тэлефонны код | +54 | ||||
Часавыя паясы | -3 |
На поўначы мяжуе з Парагваем і Балівіяй на паўночным усходзе — з Бразіліяй і Уругваем, на захадзе — з Чылі. З поўдня краіна абмываецца пралівам Дрэйка. Аргенціна лічыць сваёй тэрыторыяй Фалклендскія астравы, а таксама прэтэндуе на частку Антарктыкі.
Дэмакратычная прэзідэнцкая рэспубліка. Першая краіна свету, дзе пост прэзідэнта заняла жанчына. Федэратыўная дзяржава, якая складаецца з 24 адміністрацыйных адзінак — 23 правінцый і федэральнай сталічнай акругі Буэнас-Айрэс.
Насельніцтва Аргенціны было сфарміравана хвалямі міграцыі з Еўропы на іспанскім падмурку. Індзейскі субстрат тут меў меншае значэнне, чым для большасці краін Лацінскай Амерыкі. Для Аргенціны характэрная даволі слабая заселенасць тэрыторыі. Сталічная агламерацыя — Вялікі Буэнас-Айрэс — адносіцца да ліку найбуйнейшых гарадоў Амерыкі.
Аргенціна адносіцца да ліку найбольш эканамічна развітых дзяржаў Паўднёвай Амерыкі. Новая індустрыяльная краіна, Аргенціна мае сучасны прамысловы сектар з развітымі машынабудаваннем, атамнай энергетыкай, харчовай прамысловасцю. Уваходзіць у G20. Сельская гаспадарка з дамінуючай роляй жывёлагадоўлі мае экспартную накіраванасць. Аргенціна з'яўляецца членам гаспадарчай арганізацыі Меркасур.
Этымалогія
правіцьНазва паходзіць ад лацінскага argentum (серабро). Згодна гістарычным крыніцам, пра краіну срэбра індзейцы паведамілі пакінутаму на беразе мараку экспедыцыі Хуана Дыяса дэ Саліса, які быў падабраны Себасцьянам Каботам. З таго часу за землямі паўночнай Аргенціны замацавалася назва Ла-Плата (таксама серабро), назва ж «Аргенціна» спярша мела паэтычнае адценне, аднак пасля набыцця краінай незалежнасці стала ўжывацца ўсё часцей, пакуль не стала афіцыйнай.
Геаграфічнае становішча
правіцьАргенціна займае паўднёва-ўсходнюю частку Паўднёвай Амерыкі, ўсходнюю частку вострава Вогненная Зямля і бліжэйшыя астравы: Эстадас і інш. Аргенціна з поўначы на поўдзень мае 3700 км, з усходу на захад — 1400 км у найшырэйшым месцы. Агульная працягласць мяжы 14 644 км. З іх узбярэжжа — 4989 км. Даўжыня межаў з суседнімі краінамі:
Прырода
правіцьПрырода Аргенціны разнастайная з прычыны вялікай працягласці з поўначы на поўдзень і неаднастайнасці рэльефу.
Цэнтральную і паўночна-ўсходнюю частку Аргенціны займае плоская алювіяльная Ла-Плацкая нізіна. На паўночны захад ад яе прасціраюцца раўніны Гран-Чака, таксама алювіяльныя. На паўночным усходзе, паміж рэкамі Парана і Уругвай, ляжыць гэтаксама створанае рэкамі Аргенцінскае Міжрэчча, на поўнач ад якога ўзыходзяць лававыя прыступкі Бразільскага пласкагор’я. На поўдні Ла-Плацкая нізіна мяжуе з пласкагор’ем Патагонія, якое цягнецца на поўдзень да вострава Вогненная Зямля.
Уздоўж усёй заходняй мяжы Аргенціны прасціраюцца Анды — найбуйнейшая горная сістэма Заходняга паўшар’я, якая склалася ў асноўным падчас альпійскага гораўтварэння. Яны адрозніваюцца складанасцю і разнастайнасцю геалагічнай будовы. У паўночнай частцы Андаў на вышыні 3000-4000 м ляжыць шырокае замкнёнае вулканічнае плато Пуна. Горы, якія атачаюць Пуну з усходу, уздымаюцца да 6500 м заснежанымі вяршынямі «невадас». Цэнтральная частка Андаў — гэта сугор’е Куё з найвышэйшым пунктам Паўднёвай Амерыкі пікам Аканкагуа, 6962 м над узроўнем мора. Мяжу з Чылі ахоўвае яшчэ адзін каменны гігант — гара Тупунгата. Усходні ланцуг цэнтральных Андаў мае назву Пампінскія Сіеры.
Краіна вылучаецца запасамі ўранавай (уваходзіць у сусветную дзясятку), марганцавай, меднай руды, берылію; ёсць свінцова-цынкавыя, вальфрамавыя і жалезныя руды. Разведаныя запаы нафты мізэрныя, газу — даволі значныя (300 млрд кубаметраў на 2015 год).[3] Буйнейшае газавае радовішча — Неукен.
Клімат Аргенціны вельмі разнастайны. Аб гэтым сведчыць хаця б тое, што тут знаходзяцца населеныя пункты, дзе была зафіксавана і самая высокая і самая нізкая тэмпература ў Паўднёвай Амерыцы (дарэчы, не так далёка адзін ад аднаго). Галоўным кліматаўтваральным фактарам з’яўляецца працягласць Аргенціны з поўначы на поўдзень, якая дазваляе паўночным рэгіёнам краіны знаходзіцца ў трапічным поясе, паўднёвым — ва ўмераным. Нягледзячы на адносна нязначную «шырыню», усходнія раёны Аргенціны атрымліваюць нашмат больш ападкаў, чым заходнія, ў трапічных і субтрапічных шыротах; ва ўмераным поясе сітуацыя адваротная: перанос паветраных мас змяняецца на заходні, што ператварае Патагонскія Анды ў адзін з вількотных куткоў мацерыка, сама ж Патагонія вельмі засушлівая. Халоднае Фалклендскае цячэнне — парастак цячэння Заходніх вятроў — робіць умераны клімат Патагоніі яшчэ больш прахалодным. У перыяд ранняга лета (кастрычнік — студзень) надвор’е часта псуе вецер пампера, што падчас даходзіць да Гран-Чака і прыносіць з сабою халодныя антарктычныя масы, часта са снегападамі. У паўночным андскім рэгіёне з траўня па лістапад дзьмуць цёплыя вятры сонда тыпу фёну
Самая буйная рачная сістэма ў Аргенціне — сістэма ракі Ла-Плата, якая утвараецца з зліцця шматводных рэк Уругвай і Парана. Самай працяглай ракой Аргенціны з’яўляецца рака Парана. На Аргенціну прыходзіцца яе павольнае ніжняе і сярэдняе, парожыстае, цячэнне, дзе рака прымае прытокі: Парагвай, Рыа-Салада — справа; Ігуасу — злева. Сярэдняе цячэнне Параны і ніжняе цячэнне Ігуасу прыходзяцца на лававае плато. На мяжы з Бразіліяй рака Ігуасу сягае з 82метровай вышыні, утвараючы грандыёзныя вадаспады Ігуасу, у 2007 прызнаныя адным з новых цудаў свету. Кароткія стэпавыя рэкі Патагоніі (Чубут, Рыа-Негра, Рыа-Каларада) цякуць з захаду на ўсход пераважна ў вузкіх глыбокіх каньёнах. Ва ўпадзінах Пампінскіх Сіер і ў Пуне раскінуліся шырокія саланчакі (Салінас-Грандэс, Арысара і іншыя).
Многія раёны ў Гран-Чака і ў цэнтры Міжрэчча забалочаныя. На захадзе Ла-Плацкай нізіны знаходзіцца найбуйнейшае возера краіны — бяссцёкавае салёнае возера Мар-Чыкіта, плошча якога вагаецца ад 2000 да 6000 кв.км. У заходняй частцы Патагоніі, размяшчаюцца буйныя ледавіковыя азёры Науэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Сан-Марцін і іншыя.
Ла-Плацкай нізіне і Пампінскім Сіерам адпавядае экалагічны рэгіён Пампы, што ўяўляе сабою субтрапічны стэп (Пампа у перакладзе з кечуа — «пазбаўленае дрэваў месца»). Прыродная расліннасць пампы — разнатраўнае покрыва (пампаская трава, мятлік, кавыль, перлаўка, дзікае проса); жывёльны свет прадстаўлены пампаскай кошкай, пампаскім аленем, нанду, грызунамі віскача, браняносцамі. Пампа падзяляецца на дзве часткі: Нізкую ўсходнюю і Высокую заходнюю. Першая больш вільготная, другая — засушлівая. Раслінны і жывёльны свет Нізкай Пампы, ператворанай у бясконцыя палі кукурузы, пшаніцы і соі, амаль не захаваўся. Высокая Пампа, што выкарыстоўваецца пераважна як паша, захавала прыродную расліннасць. Пласкагор’е Патагоніі ўяўляе сабой паўпустыню з рэдкім раслінным покрывам: травамі, падушкападобнымі формамі. У далінах рэк растуць хмызнякі і нізкія дрэвы. Расліннасць Вогненнай Зямлі мае субантарктычны характар. Жывёльны свет Патагоніі і Вогненнай Зямлі прадстаўлены грызунамі: мара, тука-тука; нанду; на ўзбярэжжы гняздуецца магеланаў пінгвін. Паўночныя рэгіёны Аргенціны маюць трапічную расліннасць. У паўночным Міжрэччы растуць лясы з разнастайным відавым складам. Тут сустракаюцца араўкарыя, сэдрах, лапача — пароды з каштоўнай драўнінай. Для Гран-Чака характэрныя перамена-вільготныя лясы і саванны з дрэвам квебраха, бліжэй да Андаў з’яўляюцца паўпустынныя ландшафты.
Гісторыя
правіцьТэрыторыя Аргенціны была заселена чалавекам у 8-7 тыс. да н.э. Напярэдадні іспанскага заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны. На паўночным захадзе жылі дыягіта (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і срэбра. На паўночным усходзе і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны — капаяны. Пазней сюды прыйшлі гуарані. На тэрыторыі сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; у Патагоніі — плямёны араўканаў.
У 16 стагоддзі тэрыторыю паўночнай Аргенціны стала аб’ектам іспанскай каланізацыі. Новыя землі заваёўнікі назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 годзе канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — сучасны Буэнас-Айрэс. Аселыя на гэтых землях іспанскія каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясцовае насельніцтва, утварыўшы паўднёваамерыканскі тып метысаў. У 1610 годзе за аргенцінскай зямлі асталяваўся ордэн езуітаў. У 1617 годзе на тэрыторыі Аргенціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 годзе большая частка Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб'яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. У 1805 і 1806 гадах спробы брытанскага флоту ўзяць Буэнас-Айрэс скончыліся разгромам для "Уладаркі мораў".
Тады ж пачалася рэвалюцыйная барацьба, натхняльнікам якой стала буйная буржуазія. У 1810 былі створаны Аб'яднаныя правінцыі Рыо дэ Ла-Плата. 9 ліпеня 1816 года ў Тукумане была падпісана Дэкларацыя незалежнасці, неўзабаве калонія канчаткова выйшла з-пад іспанскай улады. Рэспубліканская форма кіравання была адстояна ў грамадзянскай вайне 1819 года. У 1833 годзе Велікабрытанія заняла Мальвінскія астравы. Першым дыктатарам у гісторыі Аргенціны стаў Хуан Мануэль Росас (1831-1852). У 1859 годзе адбылася невялікая грамадзянская вайна за форму Канстытуцыі паміж горадам Буэнас-Айрэс і войскамі астатняй Аргенціны, ў выніку якой свавольны горад пацярпеў паразу. Перамога над абарыгенамі ў Вайне Пустыні (1879-1880) пад кіраўніцтвам генерала Хуліа Рока адкрыла шлях на поўдзень. У пачатку XX стагоддзя Аргенціна ператварылася ў адну з самых багатых краін свету, што прывабіла ў краіну мільёны еўрапейцаў.
У 1930 пад уплывам крызісу Вялікай дэпрэсіі адбыўся пераварот пад кіраўніцтвам генерала Урыбуру, пасля якога Аргенціна стала на платформу карпаратывізму і фашызму. У 1946 годзе прэзідэнтам Аргенціны быў абраны палкоўнік Хуан Перон. Перон і яго жонка Ева карысталіся падтрымкай народных масаў. Прэзідэнцкая пара праводзіла палітыку на аргецінскую індустрыялізацыю і секулярызацыю, што адмоўна адбілася на адносінах з каталіцкай царквой. У 1955 годзе Пероны былі зрынуты. Пасля шэрагу ваенных пераваротаў у 1973 годзе Перон вярнуўся да ўлады, але праз год памёр, пакінуўшы за прэзідэнта сваю другую жонку Ізабэль, якая стала першай у свеце жанчынай-прэзідэнтам). У пачатку 1980-х ва ўмовах эканамічнага грызісу для адцягнення ўвагі народу ваенны ўрад Аргенціны захапіў Мальвінскія астравы і вельмі здзівіўся, калі Брытанія вырашыла іх адстаяць. Пасля ганебнай паразы генерал Галцьеры сышоў у адстаўку. З 1983 аргенцінскі народ абірае прэзідэнтаў на дэмакратычных выбарах.
Дзяржаўны лад і палітыка
правіцьАргенціна — федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 года (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нацыянальны кангрэс Аргенціны, які складаецца з сената (72 чалавекі) і палаты дэпутатаў (254 чалавекі). Выбары ў парламент праводзяцца кожныя 2 гады - абнаўляецца траціна сенатараў і палова дэпутатаў. Паводле заканадаўства мінімум адна трэцяя частка абраных ад палітычных партый дэпутатаў мусяць быць жанчыны.[4]
Аргецінская федэрацыя складаецца з 23 правінцый і аўтаномнай сталічнай акругі.
Насельніцтва
правіцьГістарычна для Аргенціны быў характэрны невысокі натуральны і значны міграцыйны прырост. Натуральны прырост Аргенціны і ў пачатку XXI стагоддзя застаецца стабільна невысокім — 0,91 % у 2017 годзе.[1]. Аднак вартым будзе зазначыць, што па меры змяншэння нараджальннасці ў краінах Лацінскай Амерыкі, аргенцінскі паказчык прыросту сёння практычна зраўняўся з сярэднім па рэгіёне. Аргенціна можа пахваліцца адным з найвышэйшых у Лацінскай Амерыцы паказчыкаў працягласці жыцця — 77 гадоў у 2017.[1]
Сто гадоў таму Аргенціна была прыцягальнай для мігрантаў з Еўропы. Толькі ў перыяд з 1880 па 1950 гады ў Аргенціну прыехала больш за 5 мільёнаў імігрантаў. Міграцыйны прырост зменшыўся пасля другой сусветнай вайны, апошняй вялікаю хваляй еўрапейскіх мігрантаў сталі нацысцкія паслугачы, якіх краіна прыняла яўна і таемна. У канцы XX ст. Аргенціна "перапрафілявалася" на прыём мігрантаў з бяднейшых лацінаамерыканскіх дзяржаў, а ў пачатку XXI ст. Аргенціна ператварылася ў краіну эміграцыі, праўда, нязначнай — 0,1 % у 2017.[1]
Больш за 90 % насельніцтва — аргенцінцы, нашчадкі эмігранаў з Іспаніі, Італіі. Аргенцінцы размаўляюць на іспанскай мове. Жывуць таксама украінцы, палякі, беларусы, немцы, яўрэі, італьянцы. Карэнных жыхароў — індзейцаў — засталося каля 100 тысяч чалавек. Большасць індзейцаў жыве на поўначы: гэта кечуа і гуарані, а таксама араўканы каля мяжы з Балівіяй і Парагваем; тэхуэльча жывуць у Патагоніі. Метысаў, што гавораць на мове кечуа, каля 200 тыс. чалавек. Большасць вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты, хоць прантэстантызм у Аргенціну пранікае павольней чым у іншыя краіны рэгіёну, нямала праваслаўных — нашчадкаў мігрантаў з Усходняй Еўропы.
Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў Пампе, Патагонія заселена зусім рэдка. Гарадское насельніцтва — 92 %, больш як трэцяя частка гараджан жыве ў Вялікім Буэнас-Айрэсе — сталічнай агламерацыі (15,8 млн чал у 2015).[1]
Месца | Галоўны горад | Правінцыя | Насельніцтва (тыс.) | Рэгіён |
---|---|---|---|---|
1 | горад Буэнас-Айрэс | (горад i правінцыя) | 19 251 | Пампа |
2 | Кордава | Кордава | 1 513 | Пампа |
3 | горад Пакапіа | Санта-Фэ | 1 295 | Пампа |
4 | Мендоса | Мендоса | 1 009 | Куё |
5 | горад Ла-Плата | Буэнас-Айрэс | 858 | Пампа |
6 | Сан-Мігель-дэ-Тукуман | Тукуман | 833 | Паўднёвы-Захад |
7 | Мар-дэль-Плата | Буэнас-Айрэс | 700 | Пампа |
8 | Сальта | Сальта | 531 | Паўднёвы-Захад |
9 | Санта-Фэ | Санта-Фэ | 524 | Пампа |
10 | Сан-Хуан | Сан-Хуан | 456 | Куё |
11 | Рэсістэнсія | Чака | 400 | Гран-Чака |
12 | Неўкен | Неўкен | 392 | Патагонія |
13 | Сант'яга-дэль-Эстэра | Сант'яга-дэль-Эстэра | 389 | Гран-Чака |
14 | Карыентэс | Карыентэс | 332 | Месапатамія |
15 | Бая-Бланка | Буэнас-Айрэс | 310 | Пампа |
Эканоміка
правіцьГісторыя эканамічнага развіцця
правіцьУ 1890—1930 гадах Аргенціна была адной з дзесяці найбагацейшых краін свету. На пераломе 20-30-х гадоў у Аргенціне, як і ў іншых краінах свету, пачаўся эканамічны крызыс. Падчас крызісу Аргенціна захлынулася ў дадатковым наплыве эмігрантаў. Пасля крызісу эканамічны лібералізм змяніўся палітыкай інтэрвенцыянізму і пратэкцыянізму. У 50-х гадах тагачасны прэзідэнт Хуан Дамінга Перон вырашыў ператварыць Аргенціну ў сацыялістычную дзяржаву па ўзорах заходніх краін. На жаль, сацыяльныя праграмы вымагалі вельмі шмат грошай і ўжо ў другой палове 50-ых, калі Перона скінулі з пасады прэзідэнта, пачаліся гады вострай эканоміі. З крызісам, які выклікалі сацыяльныя рэформы, здолелі справіцца ў 60-ых гадах ХХ стадоддзя, якія былі адзначыныя найбольш нізкай інфляцыяй. Але ўжо праз 10 гадоў Аргенціну, як і ўвесь капіталістычны свет, ахапіў чарговы эканамічны крызіс, рост ВУПа быў невялікі, а інфляцыі — наадварот. Каб справіцца з крызісам, Аргенціна набрала шмат крэдытаў у іншых краін, і гэта павялічала запазычанасць краіны, што разам з нестабільнай палітычнай сітуацыяй толькі пагоршыла стан краіны. У 80-ых гадах эканамічны крызіс перарос у катастрофу, некалькі дэфолтаў запар, гіперінфляцыя, а таксама спад вытворчасці. Каб перамагчы крызіс, пачынаюцца эканамічныя рэформы, у якія ўваходзіць прыватызацыя і лібералізацыя замежнага гандлю. Станоўча паўплывала на эканоміку ўваходжанне Аргенціны ў Меркасур. Усё гэта абумовіла рост ВУПа ў 1991—1998 гадах каля 6 %, што было блізкім да тагачаснага ўзросту ВУП Чылі. Інфляцыя спала з 4000 % у год, да 1-2 %. Але вялікая запазычанасць перад іншаземнымі крэдыторамі, а таксама спад ВУП у 1999 і 2000 гадах выклікалі чарговы эканамічны крызіс. Узрасло безпрацоўе. Чарговы прэзідэнт Нестар Кіршнер распачаў новыя эканамічныя рэформы. Увёў абмежаваны эканамічны кантроль, але зрабіць нацыяналізацыю не наважыўся. У гады яго кіравання (2003—2007) павялічыліся аб'ёмы экспарту Аргенціны, а ўрад здолеў пагасіць даўгі, у тым ліку перад МВФ. Ён павялічыў дзяржаўныя выдаткі на сацыяльныя патрэбы і ставіў задачай пабудову сацыяльнага грамадства ў духу ідэй колішняга легендарнага прэзідэнта Хуана Перона. Рост ВУПа ў 2003—2007 гадах склаў 7-11 % штогод. Аднак пасля смерці Нестара Кіршнера і прыходу да ўлады яго жонкі Крысціны эканамічная сітуацыя ў Аргенціне пачала пагаршацца[5].
У пачатку 2010-х Аргенціну ускалыхнула чарговая чарада крызісаў. Маўрысіа Макры і яго ліберальна-кансерватыўная партыя «Рэспубліканскае рашэнне» ў складзе кааліцыі «Давайце зменім» прыйшлі да ўлады ў 2015 годзе на фоне грамадскай незадаволенасці палітыкай Кіршнер. Макры абяцаў зрабіць Аргенціну адкрытай эканомікай, каб цэны рэгуляваліся попытам і прапановай на рынку, а не дзяржавай. Пры ім зноў узмацнілася залежнасць краіны ад замежных інвестыцый і крэдытаў, у асноўным у доларах. На гэтым фоне інвестары пачалі сумнявацца ў здольнасці ўрада пакрыць дзяржвыдаткі да канца наступнага года. У 2016 годзе Сусветны банк выключыў Аргенціну са спісу краін з высокім узроўнем даходаў[6].
Асаблівасці гаспадаркі
правіцьСёння Аргенціна — індустрыяльна-аграрная краіна з сучаснай шматгаліновай гаспадаркай. Важнымі складнікамі аргенцінскага эканамічнага поспеху з'яўляюцца даволі багатая рэсурсная база, (у тым ліку, агракліматычныя рэсурсы) і адукаванае насельніцтва. Нягледзячы на невялікія запасы нафты, Аргенціна у XXI стагоддзі выйшла на самазабеспячэнне па яе здабычы. Вялікія запасы ўрану падштурхнулі краіну да даследванняў у галіне ядзернай энергетыкі і ўранавай прамысловасці (INVAP, Nucleoeléctrica Argentina).
Для размяшчэння прамысловасці характэрная высокая тэрытарыяльная канцэнтрацыя: значная частка прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці сканцэнтравана ў нізоўях Параны, у прамысловым поясе паміж Буэнас-Айрэсам і Расарыё; больш за палову прамысловай прадукцыі вырабляецца ў Вялікім Буэнас-Айрэсе.Чорная металургія краіны — найстарэйшая на кантыненце, але па сабекошце аргенцінская сталь прайграе бразільскай: большасць сыравіны прыходзіцца імпартаваць. З галін каляровай металургіі развіты вытворчасць свінцу, цынку, медзі на ўласнай сыравіне. Машынабудаванне займае вядучае месца ў прамысловасці па кошце прадукцыі. Найбольш развітыя транспартнае машынабудаванне (свае заводы ў Аргенціне маюць аўтаканцэрты Ford, Chrysler, Toyota, Peugeot і інш., верталёты вырабляюць кампаніі Cicaré, AeroDreams, самалёты — FAdeA, Aero Boero, Laviasa), агламерацыі Буэнас-Айрэс, Кордава; суднабудаванне і суднарамонт (Буэнас-Айрэс, Энсенада); электратэхніка (заводы IBM, Siemens); сельскагаспадарчае машынабудаванне, вытворчасць абсталявання для харчовай прамысловасці. Сярод экспартных галін асаблівае месца займае мясахладабойная — традыцыйная і спецыфічная для краіны галіна. Аргенціна належыць да ліку самых значных вытворцаў мяса, у асноўным ялавічыны, і яго экспарцёраў. З іншых галін харчовай прамысловасці экспартнае значэнне маюць вытворчасць алеяў, у апошнія гады — соевага, а таксама мукамольная галіна і вінаробства.
Прадукцыя сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі дае звыш 50 % экспартных даходаў. Па пагалоўю буйной рагатай жывёлы Аргенціна займае шостае месца ў свеце, па вытворчасці мяса на душу насельніцтва — пятае, а па яго спажыванню — першае. Мяса — нацыянальная ежа аргенцінцаў. У раслінаводстве галоўнае месца традыцыйна займаюць збожжавыя, алейныя і тытунёвыя культуры, што маюць экспарнае значэнне. Па зборы пшаніцы, соі і тытуню Аргенціна — адна з вядучых краін свету. Па дадзеных Сусветнага банка ў 2012 годзе краіна займала шостае месца ў свеце па экспарце пшаніцы (8,4 млн тон). Адметнай рысай сельскай гаспадаркі Аргенціны ў параўнанні з іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі з'яўляецца той факт, што яна не толькі цалкам забяспечвае сябе харчаваннем, але і экспартуе яго (пры гэтым у сельскай гаспадарцы занята толькі 5,3 % працоўных[1])
Культура
правіцьАрхітэктура
правіцьУ каланіяльны перыяд архітэктура развівалася ў гарадах, што ўзніклі на шляхах прінікнення ў краіну іспанцаў. Выраслі гарады Буэнас-Айрэс, Кордава, Санта-Фэ і іншыя з прамавугольнай сеткай вуліц, на галоўнай плошчы якіх узводзіліся сабор, ратуша, палац губернатара, арсенал.
Архітэктура XVII стагоддзя вызначалася прастатой і манументальнасцю (архітэктары Х. Краус, А. Бланкі, Х. Б. Прымалі). Найбольш характэрны помнік гэтага перыяду царква Кампанья ў Кордаве (праект інжынера Ф. Лемера, 1649-1690).
З XVIII стагоддзя панавалі барока і класіцызм (царква Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес), у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя — эклектызм і стылізацыя. У 1920-я гады склаліся рацыяналістычныя тэндэнцыі (архітэктары А. Вірасора, В. акоста, Х. Віванка, А. Банет, А. Вільямс). З 1940—50-х гадаў архітэктары звяртаюцца да арганічнай архітэктуры, развітых прасторавых і структурных кампазіцый, выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (А. Агасціні, Х. Сальсон, К. Тэст, А. Гайда, Э. Лестан, Э. Амбаш і інш.)
Выяўленчае мастацтва
правіцьДа каланізацыі Аргенціны ў XVI ст. было развіта мастацтва карэннага насельніцтва — індзейцаў (ткацтва, кераміка, культавая скульптура з каменню, дрэва і гліны, ювелірныя вырабы). У каланіяльны перыяд выяўленчае мастацтва ў асноўным было рэлігійнае (разнымі дэкаратыўнымі скульптурамі ўпрыгожвалі алтары-рэтабла, кафедры); развіваўся і свецкі жывапіс (галоўным чынам партрэт).
Пасля вызвалення Аргенціны ад іспанскага панавання (1816) пад уздзеяннем заходне-еўрапейскага мастацтва сталі развівацца жывапіс, скульптура, графіка (літограф-жанрыст К. Марэль, пейзажыст П. Пуэйрэдон, скульптар Л. Карэа Маралес, жывапісец-рэаліст Э. Сіворы).
На пачатку XX стагоддзя распаўсюдзіўся імпрэсіянізм (жывапісцы Х. Бутлер, П. Куіда, М. Мальяра, П. Сонса Брыяна, Ф. Фадэр, скульптары Р. Іруртыя і іншыя). У 1929 годзе Р. Сольдзі стварыў «авангардысцкую школу» (Э. Петаруці, Р. Форнер), якая садзейнічала развіццю авангардных плыняў (Хуліа Ле Парк, А. Берні, М. Мінухін, Э. Майк-Інтайр, Р. Максіо). Вострыя сацыяльныя праблемы, жыццё народа адлюстроўваюць жывапісцы Х. К. Кастаньіна, Л.Э. Спілімберга, Б. Кінкуэла Марцін, графікі А. Р. Віга, А. Брыес, разьбяры А. Сібеліна, С. Фітула.
Спорт
правіцьБеларуска-аргенцінскія адносіны
правіцьДыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Аргенцінскай Рэспублікай устаноўлены 6 лістапада 1992 г. Пратакол аб усталяванні дыпламатычных адносін быў падпісаны ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ААН Генадзем Бураўкіным і Пастаянным прадстаўніком Аргенцінскай Рэспублікі пры ААН Хорхэ Васкесам.
У жніўні 1998 года адбылася дзелавая паездка ў Аргенціну беларускай дэлегацыі на чале з намеснікам Міністра знешнеэканамічных сувязяў Беларусі В.Я.Садоха. У лістападзе 1998 года намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.Канаплёў прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі па праблемах змены клімату, якая адбылася ў Аргенціне.
У сакавіку 2000 года ў Аргенцінскай Рэспубліцы адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь. Пасол Аргенцінскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтву.
У кастрычніку 2004 года адбыўся афіцыйны візіт у Аргенціну Міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава. У ходзе візіту дасягнуты дамоўленасці аб актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, развіцці гандлёва-эканамічных сувязяў, прапрацоўцы магчымасці наладжвання навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Падпісаны міжурадавыя пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і аб узаемных бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых пашпартах, а таксама пагадненне аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі замежных спраў і пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі і сертыфікацыі.
У 2009 годзе ў г.Буэнас-Айрэс адбыліся кансультацыі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Аргенціны. У 2012 годзе Пасол Аргенцінскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі быў акрэдытаваны па сумяшчальніцтву ў Рэспубліцы Беларусь. У 2013 годзе ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь была створана група па міжпарламенцкім супрацоўніцтве з Аргенцінай.
Беларусы Аргенціны
правіцьБеларуская дыяспара склалася з некалькіх значных эмігранцкіх хваляў з тэрыторыі Беларусі. Прадстаўнікамі 1-й эмігранцкай хвалі (канец 19 стагоддзя-1914, каля 300—400 тыс.чалавек) былі сяляне пераважна з Гродзенскай і Віленскай, з 1905 — Мінскай і іншых усходніх губерняў (асноўная іх частка пазней вярнулася на Бацькаўшчыну). Падчас 2-й хвалі эміграцыі ў 1921-39 гадах з Заходняй Беларусі каля 40 тысяч чалавек перасяліліся ў правінцыі Масіёнес, Мендэра, Сан-Жуан, каля 60 тысяч — у Буэнас-Айрэс і яго ваколіцы. У 1934 годзе ў Буэнас-Айрэсе склалася першае беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Грамада», у 1935 годзе — «Культура», у 1937 годзе «Таварыства бібліятэкі Івана Луцэвіча», у 1938 годзе — Беларускае культурнае таварыства «Белавежа».
24 сакавіка 2010 года ў г. Лавальёл (правінцыя Буэнас-Айрэс) адбылося ўрачыстае адкрыццё першага на тэрыторыі Аргенціны Цэнтра беларускай культуры, які носіць імя Кастуся Каліноўскага. У Цэнтры праводзіцца навучанне па наступных напрамках: беларуская мова, урокі музыкі і народных спеваў, разьба па дрэве, жывапіс, беларуская вышыўка, гісторыя і культура Беларусі. У верасні 2012 года ў г. Лавальёл на базе клуба славянскай дыяспары «Дніпро» і Цэнтра беларускай культуры імя Кастуся Каліноўскага адбылося святкаванне юбілейных датаў беларускіх паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. З 1994 года г. Маладзечна і г. Обера — гарады пабрацімы.
Навука і тэхналогіі
правіцьАргенціна дала свету мноства прызнаных лекараў, навукоўцаў і вынаходнікаў, уключаючы трох лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. Аргентынцы адказныя за некаторыя прарывы ў медыцыне. Іх даследаванні прывялі да істотных зрухаў у лячэнні раненняў, сардэчных захворванняў, некаторых формаў раку. Дамінга Лиотта распрацаваў першае штучнае сэрца, паспяхова імплантавалі чалавеку ў 1969 годзе. Рэнэ Фавалора распрацаваў тэхніку і ўпершыню ў свеце ажыццявіў каранарнае шунтаванне. Францыска дэ Пэдра вынайшаў больш надзейны штучны стымулятар сэрца.
Бернарда Усай, першы лацінаамерыканскі лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў навуцы, даследаваў ролю гіпофізу ў рэгуляванні ўзроўню глюкозы ў жывёл. Сезар Мільштэйн праводзіў шырокія даследаванні антыцелаў. Луіс Лелуар адкрыў працэс назапашвання арганізмам энергіі шляхам пераўтварэння глюкозы ў глікаген, а таксама злучэнні, якія з'яўляюцца асноватворнымі ў метабалізме вугляводаў. Доктар Луіс Аготе распрацаваў першы бяспечны метад пералівання крыві. Энрыке Фіначэта вынайшаў шэраг хірургічных інструментаў, напрыклад, хірургічныя нажніцы, якія носяць яго імя («нажніцы Фіначэта»), і хірургічны падзельнік рэбраў.
Аргенціна развівае уласную ядзерную праграму, імкнучыся пазбегнуць поўнай залежнасці ад замежных тэхналогій. У 1957 годзе быў пабудаваны даследчы рэактар, а ў 1974 годзе — першы ў Лацінскай Амерыцы камерцыйны рэактар. Ядзерныя аб'екты з выкарыстаннем аргентынскіх тэхналогій (INVAP) былі пабудаваныя ў Перу, Алжыры, Аўстраліі, Егіпце. У 1983 годзе краіна была прызнаная якая мае магчымасці вытворчасці зброевага ўрану, які з'яўляецца найважнейшым этапам вытворчасці ядзернай зброі. Аднак з гэтага моманту Аргенціна абавязалася выкарыстоўваць ядзерную энергію выключна ў мірных мэтах[7]. У якасці члена Савета кіраўнікоў МАГАТЭ Аргенціна выступае за нераспаўсюджванне ядзернай зброі[8] і падтрымлівае забеспячэнне глабальнай ядзернай бяспекі[9].
Харвацкі эмігрант Хуан Вучэціч лічыцца заснавальнікам сучаснай дактыласкапіі [10]. Рауль Патэрас Пескара ўпершыню ў свеце ажыццявіў палёт на верталёце. Аргенцінец венгерскага паходжання Ласла Біра ўпершыню арганізаваў масавую вытворчасць сучаснай шарыкавай ручкі. Эдуарда Таўрозі вынайшаў маятнікавы рухавік унутранага згарання[11]. Хуан Малдасена з'яўляецца адным з лідараў у распрацоўцы тэорыі струн. Аргентынцы вывелі на арбіту шэраг штучных спадарожнікаў Зямлі, уключаючы LUSAT-1 (1990 год), Víctor-1 (1996 год), PEHUENSAT-1 (2007 год)[12], а таксама спадарожнікі серыі SAC Аргентынскага касмічнага агенцтва CONAE[13][14][15]. Абсерваторыя П'ера Ажэ паблізу горада Маларгуэ ў правінцыі Мендоса з'яўляецца найбольш перадавой абсерваторыяй касмічных прамянёў[16]. Аргенціна стала першай краінай у Лацінскай Амерыцы, якая падняла ў паветра рэактыўны самалёт (FMA I.Ae. 27 Pulqui). У гонар Аргенціны названы астэроід (469) Аргенціна, адкрыты ў 1901 годзе.
Сродкі масавай інфармацыі
правіцьДрукаваныя выданні
правіцьІндустрыя друкаваных выданняў высока развіта і незалежная ад дзяржавы. Выдаецца больш за 200 газет. Асноўныя нацыянальныя газеты выдаюцца ў Буэнас-Айрэсе. Цэнтрысцкая Clarín з'яўляецца самым масавым выданнем у Лацінскай Амерыцы і другім у іспанамоўным свеце[17]. Іншыя агульнанацыянальныя газеты: La Nación (права-цэнтрысцкая, выдаецца з 1870 года), Página / 12 (левая), Ámbito Financiero (дзелавая кансерватыўная), Olé (спартыўная), Crónica (папулісцкая).
Адносна вялікім накладам выдаюцца дзве газеты на замежных мовах: Argentinisches Tageblatt на нямецкай і Buenos Aires Herald на англійскай (выдаецца з 1876). Да асноўных рэгіянальным выданням адносяцца: La Voz del Interior (Кордова), Rio Negro (Хенераль-Рока), Los Andes (Мендоса), La Capital (Расарыё), El Tribuno (Сальта), La Gaceta (Тукуман). Сярод часопісаў найбольшым накладам выдаецца Noticias[18]. Аргентынскія выдавецтва, уключаючы Atlántida, Eudeba, Emecé і мноства іншых, лічацца, нароўні з іспанскімі і мексіканскімі выдавецтвамі, у іспанамоўным свеце. El Ateneo з'яўляецца найбуйнейшай сеткай кнігарняў ў Лацінскай Амерыцы.
Радыё і тэлебачанне
правіцьАргенціна з'яўляецца піянерам ў галіне радыёвяшчання. А 21:00 27 жніўня 1920 года радыёстанцыя Sociedad Radio Argentina абвясціла: «Цяпер мы перадаем у вашы дамы прамую трансляцыю оперы Рыхарда Вагнера Парсіфаль з тэатра Калізея ў Буэнас-Айрэсе». Толькі каля 20 дамоў у горадзе мелі прымачы для праслухоўвання. Першая ў свеце радыёстанцыя заставалася адзінай у краіне да 1922 года, калі пачало вяшчанне Radio Cultura. Да 1925 ужо налічвалася 12 радыёстанцый у Буэнас-Айрэсе і 10 у іншых гарадах. У 1930-я гады наступіў залаты век радыё ў Аргенціне з трансляцыямі вар'етэ, навін, «мыльных» опер і спартыўных падзей[19].
У цяперашні час у Аргенціне функцыянуюць 260 радыёстанцый AM дыяпазону і 1150 FM дыяпазону[20]. Музыка і моладзевыя праграмы дамінуюць у FM фармаце. Навіны, дэбаты і спартыўныя перадачы складаюць аснову AM вяшчання. У краіне шырока распаўсюджаная аматарская радыёсувязь.
Тэлевізійная індустрыя Аргенціны шырокая і разнастайная. Каналы шырока трансліруюцца на Лацінскую Амерыку і прымаюцца па ўсім свеце. Многія мясцовыя праграмы транслююцца тэлебачаннем іншых краін. Замежныя прадзюсары таксама купляюць правы на адаптацыю праграм да сваіх рынках. У Аргенціне функцыянуюць пяць агульнанацыянальных тэлеканалаў. Усе сталіцы правінцый і буйныя гарады маюць як мінімум адну мясцовую станцыю. Наяўнасць каналаў кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання ў Аргенціне аналагічна Паўночнай Амерыцы[21]. Многія кабельныя сеткі абслугоўваюць з Аргентыны ўвесь іспанамоўны свет: Utilísima Satelital, TyC Sports, Fox Sports en Español (сумесна з ЗША і Мексікай), MTV Argentina, Cosmopolitan TV, а таксама навінавую сетку Todo Noticias.
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ а б в г д е ё https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ar.html Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ Human Development Report 2011 (англ.). United Nations Development Program (2011). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 6 лістапада 2011.
- ↑ https://www.bp.com/en/global/corporate/energy-economics/statistical-review-of-world-energy/natural-gas/natural-gas-reserves.html Архівавана 19 красавіка 2018.
- ↑ https://web.archive.org/web/20040509144959/http://www.senado.gov.ar/web/interes/constitucion/english.php
- ↑ Чаму неспакойна ў Аргенціне?
- ↑ datahelpdesk.worldbank.org
- ↑ Argentina Архівавана 3 лютага 2007. Non-Proliferation
- ↑ Argentina (10/09)
- ↑ Hillary Clinton: Argentina is on the forefront of the fight for nuclear security
- ↑ Julia Rodríguez, Columbia University. The Argentine Fingerprint System Архівавана 27 красавіка 2011.
- ↑ Argentine Talent Without Frontiers Архівавана 6 лютага 2008.
- ↑ PEHUENSAT-1(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2007. Праверана 15 студзеня 2015.
- ↑ Momento 24 (20 March 2010) Архівавана 23 сакавіка 2010.
- ↑ INVAP and the aerospace technology Архівавана 15 красавіка 2012.
- ↑ NASA Aquarius Project Архівавана 17 лістапада 2007.
- ↑ Pierre Auger Observatory Архівавана 7 студзеня 2009.
- ↑ News Prnewswire.com
- ↑ Editorial Perfíl
- ↑ Radio With a Past in Argentina Архівавана 8 лістапада 2007.
- ↑ Mi Buenos Aires Querido
- ↑ Homes with Cable TV in Latin America Trends in Latin American networking
Літаратура
правіць- Аргенціна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т.1).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аргенціна