Геаграфія Аргенціны

Аргенціна займае паўднёва-ўсходнюю частку Паўднёвай Амерыкі, ўсходнюю частку вострава Вогненная Зямля і бліжэйшыя астравы: Эстадас і інш. Аргенціна з поўначы на поўдзень мае 3700 км, з усходу на захад — 1400 км у найшырэйшым месцы. Агульная працягласць мяжы 14 644 км. З іх узбярэжжа — 4989 км. Даўжыня межаў з суседнімі краінамі:

Рэгіёны Аргенціны:      Аргенцінскі Паўночны-Захад     Гран-Чака     Аргенцінскае Міжрэчча     Куё     Пампінскія С'еры     Пампа     Сухая Пампа     Патагонія     Антарктычныя астравы.

Прырода Аргенціны разнастайная з прычыны вялікай працягласці з поўначы на поўдзень і неаднастайнасці рэльефу.

Геалогія і рэльеф правіць

 
Гарналыжны курорт Las Leñas, рэгіён Куё, правінцыя Мендоса

Цэнтральную і паўночна-ўсходнюю частку Аргенціны займае плоская алювіяльная Ла-Плацкая нізіна. На паўночны захад ад яе прасціраюцца раўніны Гран-Чака, таксама алювіяльныя. На паўночным усходзе, паміж рэкамі Парана і Уругвай, ляжыць гэтаксама створанае рэкамі Аргенцінскае Міжрэчча, на поўнач ад якога ўзыходзяць лававыя прыступкі Бразільскага пласкагор’я. На поўдні Ла-Плацкая нізіна мяжуе з пласкагор’ем Патагонія, якое цягнецца на поўдзень да вострава Вогненная Зямля. Уздоўж усёй заходняй мяжы Аргенціны прасціраюцца Анды — найбуйнейшая горная сістэма Заходняга паўшар’я, якая склалася ў асноўным падчас альпійскага гораўтварэння. Яны адрозніваюцца складанасцю і разнастайнасцю геалагічнай будовы. У паўночнай частцы Андаў на вышыні 3000-4000 м ляжыць шырокае замкнёнае вулканічнае плато Пуна. Горы, якія атачаюць Пуну з усходу, уздымаюцца да 6500 м. заснежанымі вяршынямі "невадас". Цэнтральная частка Андаў — гэта сугор’е Куё з найвышэйшым пунктам Паўднёвай Амерыкі пікам Аканкагуа, 6962 м над узроўнем мора. Мяжу з Чылі ахоўвае яшчэ адзін каменны гігант — гара Тупунгата. Усходні ланцуг цэнральных Андаў мае назву Пампінскія Сіеры.

Карысныя выкапні правіць

Краіна вылучаецца запасамі ўранавай (уваходзіць у сусветную дзясятку), марганцавай, меднай руды, берылію; ёсць свінцова-цынкавыя, вальфрамавыя і жалезныя руды. Асноўныя радовішчы нафты і газу прымеркаваны да асадкавых парод ў прагінах Патагонскай платформы, у міжгорных прагінах Анд у правінцыях Неукен, Мендоса, Сальта і на Вогненная Зямлі. Разведаныя запаы нафты мізэрныя, газу — даволі значныя (300 млрд кубаметраў на 2015 год).[1]Буйнейшае газавае радовішча — Неукен.

Клімат правіць

Клімат Аргенціны вельмі разнастайны. Аб гэтым сведчыць хаця б тое, што тут знаходзяцца населеныя пункты, дзе была зафіксавана і самая высокая і самая нізкая тэмпература ў Паўднёвый Амерыцы (дарэчы, не так далёка адзін ад аднаго). Галоўным кліматаўтваральным фактарам з'яўляецца працягласць Аргенціны з поўначы на поўдзень, якая дазваляе паўночным рэгіёнам краіны знаходзіцца ў трапічным поясе, паўднёвым — ва ўмераным. Нягледзячы на адносна нязначную "шырыню", усходнія раёны Аргенціны атрымліваюць нашмат больш ападкаў, чым заходнія, ў трапічных і субтрапічных шыротах; ва ўмераным поясе сітуацыя адваротная: перанос паветраных масаў змяняецца на заходні, што ператварае Патагонскія Анды ў адзін з вількотных куткоў мацерыка, сама ж Патагонія вельмі засушлівая. На клімат усходніх субтропікаў уплывае цёплае Бразільскае цячэнне, якое паляпшае ўвільгатненне паўночнага ўсходу. Халоднае Фалклендскае цячэнне — парастак цячэння Заходніх вятроў — робіць умераны клімат Патагоніі яшчэ больш прахалодным. У перыяд ранняга лета (кастрычнік - студзень) надвор'е часта псуе вецер пампера, што падчас даходзіць да Гран-Чака і прыносіць з сабою халодныя антарктычныя масы, часта са снегападамі. У паўночным андскім рэгіёне з траўня па лістапад дзьмуць цёплыя вятры сонда тыпу фёну

Гідраграфія правіць

 
Вадаспады Ігуасу

Самая буйная рачная сістэма ў Аргенціне — сістэма ракі Ла-Плата, якая утвараецца з зліцця шматводных рэк Уругвай і Парана. Самай працяглай ракой Аргенціны з’яўляецца Парана. На Аргенціну прыходзіцца яе павольнае ніжняе і сярэдняе, парожыстае, цячэнне, дзе рака прымае прытокі: Парагвай, Рыа-Салада — справа; Ігуасу — злева. Сярэдняе цячэнне Параны і ніжняе цячэнне Ігуасу прыходзяцца на лававае плато. На мяжы з Бразіліяй рака Ігуасу сягае з 82-метровай вышыні, утвараючы грандыёзныя вадаспады Ігуасу, у 2007 годзе прызнаныя адным з новых цудаў свету. Кароткія стэпавыя рэкі Патагоніі (Чубут, Рыа-Негра, Рыа-Каларада) цякуць з захаду на ўсход пераважна ў вузкіх глыбокіх каньёнах. Ва ўпадзінах Пампінскіх Сіер і ў Пуне раскінуліся шырокія саланчакі (Салінас-Грандэс, Арысара і іншыя). Многія раёны ў Гран-Чака і ў цэнтры Міжрэчча забалочаныя. На захадзе Ла-Плацкай нізіны знаходзіцца найбуйнейшае возера краіны — бяссцёкавае салёнае возера Мар-Чыкіта, плошча якога вагаецца ад 2000 да 6000 кв.км. У заходняй частцы Патагоніі, размяшчаюцца буйныя ледавіковыя азёры Науэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Сан-Марцін і іншыя.

Прыродныя зоны правіць

 
Пампа

Ла-Плацкай нізіне і Пампінскім Сіерам адпавядае экалагічны рэгіён Пампы, што ўяўляе сабою субтрапічны стэп (Пампа у перакладзе з кечуа — «пазбаўленае дрэваў месца»). Прыродная расліннасць пампы — разнатраўнае покрыва (пампаская трава, мятлік, кавыль, перлаўка, дзікае проса); жывёльны свет прадстаўлены пампаскаю кошкай, пампаскім аленем, нанду, грызунамі віскача, браняносцамі. Пампа падзяляецца на дзве часткі: Нізкую ўсходнюю і Высокую заходнюю. Першая больш вільготная, другая — засушлівая. Раслінны і жывёльны свет Нізкай Пампы, ператворанай у бясконцыя палі кукурузы, пшаніцы і соі, амаль не захаваўся. Высокая Пампа, што выкарыстоўваецца пераважна як паша, захавала прыродную расліннасць. Пласкагор'е Патагоніі ўяўляе сабой паўпустыню з рэдкім раслінным покрывам: травамі, падушкападобнымі формамі. У далінах рэк растуць хмызы і нізкія дрэвы. Расліннасць Вогненнай Зямлі мае субантарктычны характар. Жывёльны свет Патагоніі і Вогненнай зямлі прадстаўлены грызунамі: мара, тука-тука; нанду; на ўзбярэжжы гняздуецца магеланаў пінгвін. Паўночныя рэгіёны Аргенціны маюць трапічную расліннасць. У паўночным Міжрэччы растуць лясы з разнастайным відавым складам. Тут сустракаюцца араўкарыя, сэдрах, лапача — пароды з каштоўнай драўнінай. Для Гран-Чака характэрныя перамена-вільготныя лясы і саванны з дрэвам квебраха, бліжэй да Андаў з’яўляюцца паўпустынныя ландшафты.

Зноскі