Парагвай
Парагва́й, Рэспубліка Парагвай (ісп.: República del Paraguay, гуарані: Tetã Paraguái) — краіна ў Паўднёвай Амерыцы. Мяжуе з Аргенцінай на поўдні і паўднёвым захадзе, Бразіліяй на ўсходзе і паўночным усходзе, Балівіяй на паўночным захадзе. Непасрэднага выхаду да мораў не мае. Сталіца — горад Асунсьён. Дзень Незалежнасці — 14 мая.
| |||||
Дэвіз: «Paz y justicia (ісп.: «Мір і правасуддзе»)» | |||||
Гімн: «Paraguayos, República o Muerte» | |||||
Дата незалежнасці | 15 мая 1811 (ад Іспаніі) | ||||
Афіцыйная мова | іспанскі і гуарані | ||||
Сталіца | Асунсьён | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Асунсьён, Сьюдад-дэль-Эстэ | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт | Марыа Абда Бенітэс | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
58-я ў свеце 406 752 км² 2,3 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2024) • Шчыльнасць |
6 218 879[1] чал. (113-я) 15,6 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2004) • На душу насельніцтва |
$27,6 млрд. (96-ы) $4,347 | ||||
Валюта | Гуарані | ||||
Інтэрнэт-дамен | .py | ||||
Код ISO (Alpha-2) | PY | ||||
Код ISO (Alpha-3) | PRY | ||||
Код МАК | PAR | ||||
Тэлефонны код | +595 | ||||
Часавыя паясы | -4 |
Паводле ацэнкі 2024 года, у Парагваі жыве 6,2 млн чалавек. Сталіца дзяржавы і самы вялікі горад — Асунсьён. Афіцыйны мовы — іспанская і гуарані, абедзве шырока выкарыстоўваюцца. Большасць насельніцтва складаюць метысы.
Індзейцы гуарані пражывалі на тэрыторыі Парагвая перад прыходам іспанцаў у 16 стагоддзі, калі Парагвай стаў часткай Іспанскай каланіяльнай імперыі. Парагвай атрымаў незалежнасць ад Іспаніі ў 1811 годзе.
18 лістапада 1992 года ўтаноўлены дыпламатычныя адносiны памiж Рэспублiкай Беларусь i Рэспублiкай Парагвай.
Гісторыя
правіцьУ дакалумбаву эпоху на тэрыторыі Парагвая жылі індзейцы (гуарані, аравакі і гуайкуру), якія займаліся збіральніцтвам, паляваннем, рыбнай лоўляй, вырошчвалі сельскагаспадарчай культуры. У 1537 г. у Парагваі з’явіліся іспанцы, якія заснавалі г.Асунсьён — адміністрацыйны цэнтр іспанскай калоніі на паўночным усходзе Паўднёвай Амерыкі. У 1588 г. з’явіліся місіянеры-езуіты. З мэтай хрысціянізацыі гуарані яны стварылі спецыяльныя пасяленні — рэдукцыі, у Кіх індзейцы займаліся земляробствам. У хуткім часе рэдукцыі ператварыліся ў своеасаблівую «дзяржаву езуітаў». У 1767 г. іспанскі кароль Карл III выгнаў езуітаў з іспанскіх калоній, рэдукцыі былі знішчаны, а іх землі захапілі іспанскія каланісты. З 1776 г. Парагвай — частка іспанскага віцэ-каралеўства Ла-Плата з цэнтрам у г.Буэнас-Айрэс. У выніку антыіспанскага паўстання 14 мая 1811 г. абвешчана незалежнасць Парагвая. У 1814—1840 гг. кіраўнік дзяржавы Х. Г. Франсія праводзіў палітыку ізаляцыі Парагвая ад знешняга свету. У 1844 г. прэзідэнтам стаў К. А. Лопес, які спрыяў развіццю гандлю, будаўніцтву чыгунак, школ, стварыў моцную армію. У 1862 г. прэзідэнтам абраны яго сын Ф. С. Лопес, у час кіравання якога краіна ўцягнута ў вайну з Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем (1864—1870 гг.) — Парагвайская вайна. У выніку паражэння Парагвай страціў амаль палавіну тэрыторыі і насельніцтва.
Пасля вайны ў Парагвая вялася працяглая барацьба за ўладу паміж рознымі клікамі, за 1870—1932 гг. змяніліся больш як 30 прэзідэнтаў. У 1954 г. у Парагваі ўсталявалася дыктатура генерала А. Стрэснера, які абапіраўся на ваенныя вярхі і партыю «Каларада». У час яго дыктатуры (1954—1989 гг.) у выніку рэпрэсій загінула больш за 12 тысяч чалавек. У лютым 1989 г. Стрэснер скінуты генералам А. Радрыгесам, які пачаў палітычную лібералізацыю рэжыму. У маі 1993 г. адбыліся першыя за 40 гадоў свабодныя выбары, на якіх прэзідэнтам абраны лідар партыі «Каларада» Х. К. Васмосі. У 1997 г. у 1-м туры прэзідэнцкіх выбараў перамог кандыдат «Каларада» Х. Аўеда. Арыштаваны пазней па абвінавачванні ў забойстве палітычнага саперніка. Новы прэзідэнт Р. А. Кубас Грау вызваліў Аўеда, але пад пагрозай імпічменту ў 1999 г. уцёк з краіны. У сакавіку 1999 г. прэзідэнтам Парагвая абвешчаны кіраўнік Сената Л. А. Г. Макі.
Геаграфія і клімат
правіцьКраіна падзелена на дзве няроўных часткі ракой Парагвай. На захад ад ракі знаходзіцца вобласць Гран-Чако, пустынны край, які займае каля 60 % плошчы краіны. На ўсходзе, дзе сканцэнтравана асноўная частка насельніцтва, знаходзяцца ўрадлівыя раўнінныя землі і субтрапічныя лясы. Клімат Парагвая субтрапічны.
Насельніцтва
правіцьНасельніцтва краіны (па ацэнцы (на 2009 год) складае каля 6 349 000 чалавек, сярэдняя шчыльнасць насельніцтва каля 15,6 чалавек на км².
Этнічныя групы: метысы (дзеці ад змяшаных шлюбаў іспанцаў і індзейцаў) — 95 %, іспанцы, гуарані, японцы, італьянцы, партугальцы. Мова: іспанская (дзяржаўная), гуарані. Веравызнанне: каталікі — 90 % (дзяржаўная рэлігія), пратэстанты (у асноўным менаніты).
Палітычная структура
правіцьДзяржаўны лад — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Парламент Рэспубліки Парагвай мае дзвюхпалатную структуру і складаецца з Сенату і Палаты дэпутатаў.
Эканоміка
правіцьПарагвай — аграрная краіна, адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў соі (6-е месца ў свеце).
Сельская гаспадарка — бавоўнік, цукровы трыснёг, соя, кукуруза, пшаніца, тытунь, кассава (тапиока), садавіна, гародніна; мяса-малочная жывёлагадоўля, свінні, птушка; лесанарыхтоўкі. Прамысловасць — вытворчасць цукру, цэменту, тэкстылю, напояў, лесаматэрыялы; гідраэнергетыка.
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 12).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Парагвай
- Парагвайскі турыстычны партал (ісп. мова).
- http://www.presidencia.gov.py/
- Езуіцкая ўтопія Гісторыя езуіцкай дзяржавы Паракварыя на тэрыторыі будучага Парагвая.