Ратуша
Ратуша (ад ням.: Rathaus — дом сходаў[1], польск.: ratusz — рада) — будынак, у якім размяшчаліся органы гарадскога самакіравання. Засядалі ў ёй ратманы.
Першыя ратушы ў Заходняй Еўропе з'явіліся ў XII ст. Пабудовы мелі элементы абарончага і грамадзянскага дойлідства. Узводзілі 2-павярховыя ратушы з балконам ці эркерам. Будынак ратушы, звычайна прамавугольнай формы, будаваўся ў цэнтры горада, пасярэдзіне плошчы, дзе адбываліся кірмашы. Ратушу амаль заўсёды ўпрыгожвала вежа, якая выконвала ролю назіральнай вышкі (у выпадку пажару альбо ваеннага нападу). Галоўным памяшканнем ратушы была зала пасяджэнняў магістрата на другім паверсе асноўнага будынка. Вакол ратушы мясціліся гандлёвыя рады і крамы. У канцы XVI ст. усе вялікія беларускія гарады мелі ратушы, у асноўным драўляныя. У час шматлікіх пажараў яны звычайна гарэлі, і таму там, дзе магістраты мелі значныя сродкі, узводзіліся мураваныя будынкі. На жаль, большая частка з іх не захавалася, а некаторыя загінулі ў XX ст. падчас войнаў і з-за абыякавых адносін да культурнай спадчыны[1].
На Беларусі ратушы пачалі будаваць з XIV ст. Узводзілі ў гарадах на рыначных плошчах, часам аб'ядноўвалі з гандлёвымі, гасцінымі радамі, арсеналамі, важніцамі. Будавалі з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру». Будынкі ратушаў мелі звычайна простыя і манументальныя формы. У XVII—XVIII стст. пераважаў барочны тып: ратуша з шмат'яруснай вежай, завершанай разнастайнымі купалкамі ці шпілем, існавалі і бязвежавыя. Манументальнасцю і цэльнасцю вылучаліся ратушы стылю класіцызм, у якіх кампазіцыйным акцэнтам фасадаў быў порцік. Існавалі ратушы з рысамі несапраўднай готыкі. Галоўным памяшканнем ратушы была парадная зала (на 2-м паверсе) для ўрачыстых актаў, пасяджэнняў магістрата, тэатральных паказаў і інш. Частка памяшканняў ратушы (падвалы, першыя паверхі) адводзілася пад крамы, склады і інш.
Будаўніцтва ратушаў пашырана ў XIX і асабліва ў XX ст., калі ратуша арганічна ўваходзіць у гістарычныя цэнтры гарадскога асяроддзя.
Зноскі
- ↑ а б Трусаў, А. А. Музеефікацыя беларускіх ратуш / А. А. Трусаў // 90 год Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею: Матэр. навук. канф., Віцебск, 30—31 кастрычніка 2008 г. / Упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкома, УК «Віцебскі абласны краязнаўчы музей»; [Рэдкал.: Г. У. Савіцкі і інш.]. — Мн.: Медысонт, 2009. — 424 с. — С. 9—10. — ISBN 978-985-6887-40-9.
Літаратура
правіць- «Современный толковый словарь русского языка», Ридерз Дайджест, Москва, 2004 г. С. 692. ISBN 5-89355-108-7.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ратуша
- Ратушы Беларусі