Нясвіжская ратуша
Гарадская ратуша з гандлёвымі радамі — помнік архітэктуры ХVI-XVIII стагоддзяў, у якім спалучаюцца рысы архітэктуры рэнесансу і барока. Размешчаны ў цэнтральнай частцы Нясвіжа на вул. Савецкай, 1а, 1б, 3 і вул. Беларускай, 2. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння[1].
Славутасць | |
Нясвіжская ратуша | |
---|---|
| |
53°13′08,42″ пн. ш. 26°40′52,25″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Нясвіж |
Архітэктурны стыль | рэнесанс, барока |
Будаўніцтва | 1596 |
Будынкі | |
Ратуша • гандлёвыя рады | |
Стан | Адрэстаўравана |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьНясвіж атрымаў магдэбургскае права ў 1586 г. Прыкладна да 1596 г. на галоўнай Рыначнай плошчы горада была пабудавана ратуша. Па баках ратушы былі размешчаны два рады гандлёвых радоў. Прыкладна ў сярэдзіне XVIII ст. комплекс быў рэканструяваны, у выніку чаго быў дабудаваны рад крам з тыльнага боку ратушы. Такім чынам, будынак ратушы з трох бакоў агіналі гандлёвыя рады, якія адкрываліся да плошчы аркадамі[1].
Вядома, што ў гады Паўночнай вайны будынак ратушы гарэў. Быў адбудаваны ў стылі барока ў 1752 г. У 1784 г. праведзены рамонт ратушы ў сувязі з наведваннем горада каралём Станіславам Панятоўскім[1].
У часы Расійскай імперыі гарадскія магістраты былі скасаваны. У нясвіжскай ратушы засядала гарадская дума[1].
У 1806 г. князь Дамінік Радзівіл прызначыў на ўтрыманне ратушы і яе рамонт з сумы гарадскога збору піцейны падатак. Пытанне аб рамонце ратушнага будынка стаяла ў 1834—1835 гг., аднак рамонт не быў выкананы[1].
У 1836 г. вялікі пажар знішчыў па сутнасці жылыя кварталы ў цэнтры горада, згарэла каля 100 дамоў. Пад час пажару згарэў і будынак ратушы з крамамі. Пасля пажару верхні ярус ратушнай вежы не адбудавалі[1].
У 2-й палове XIX ст. у будынку ратушы на другім паверсе засядала гарадская дума, унізе былі крамы, свіран, частка будынка пуставала[1].
Чарговы раз пытанне аб рамонце будынка ратушы паўстала ў 1863 г. У 1870 г. быў выкананы рамонт даху і двух памяшканняў думы. У 1896—1901 гг. пад час чарговага рамонту папраўлены і падмацаваны сцены, нанава атынкаваны галоўны фасад з вежай, прыведзены ў парадак падвалы і прыстасаваны пад склады, устаўлены новыя аконныя рамы, унутры адрамантаваны памяшканні і прыстасаваны пад гарадскую залу для пасяджэнняў грамадскага сходу і інш[1].
У 1990-я гг. ратуша адноўлена ў першапачатковым выглядзе паводле праектнага плана канца XVI ст. і гравюры Т. Макоўскага XVII ст.[1] У чэрвені 2008 г. часткова згарэў дах гандлёвых радоў, які за некалькі дзён дах аднавілі.
Комплекс ратушы і гандлёвых радоў уваходзіць у Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж»[1].
Архітэктура
правіцьРатуша
правіцьНясвіжская ратуша ўяўляе сабой двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак, які на тарцовым паўночным фасадзе мае высокую шасціярусную вежу над уваходам. Чатыры ніжнія ярусы чацверыковыя, 2 верхнія — васьмерыковыя ў плане. Вежа завяршаецца гранёным купалам з галоўкай. Пасля перабудовы ў сярэдзіне XVII ст. вежа стала чатырох’ярусная, была накрыта шатровым дахам[2]. Бакавыя часткі галоўнага фасада завершаны трохвугольнымі шчытамі[3]. Амаль пазбаўленыя дэкору сцены прарэзаны невялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі і завершаны тонкім прафіляваным карнізам. Высокі двухсхільны вальмавы дах зрокава павялічвае аб’ём будынка[2].
Унутраная планіроўка сіметрычная[3]. Першапачаткова на першым паверсе ратушы знаходзіліся адміністрацыйныя памяшканні магістрата і суда, на другім паверсе вялікая зала для ўрачыстых грамадзянскіх актаў і тэатральных паказаў. Зала мела скляпеністае перакрыцце; да яе з боку галоўнага ўваходу вяла шырокая аднамаршавая лесвіца[2].
Гандлёвыя рады
правіцьАднапавярховыя мураваныя гандлёвыя рады спачатку размяшчаліся сіметрычна ўздоўж бакавых фасадаў на даўжыню будынка. Тарцовыя фасады ратушы былі звязаны з гандлёвымі радамі арачнымі праездамі з брамамі. Крамы мелі выхад ва ўнутраныя дворыкі і ў бок арачных праездаў. Вонкавыя фасады гандлёвых радоў былі прарэзаны невялікімі аконнымі праёмамі[2].
У сярэдзіне XVII ст. гандлёвыя рады падоўжаны за бакавыя фасады, акружылі будынак з трох бакоў, утвараючы ўнутраны прамавугольны дворык. Захаваліся 2 праезды ў дворык з боку галоўнага тарцовага фасада ратушы. Накрыты аднасхільным дахам, са схілам у бок двара[2], дзякуючы гэтаму над аркадамі ўтвараўся характэрны для беларускай архітэктуры магутны атык, раскрапаваны цягамі[1]. Уваход у крамы з боку плошчы і прылеглых вуліц. Сцены гандлёвых радоў прарэзаны арачнымі праёмамі, паміж якімі рытмічна размешчаны шырокія лапаткі. Сцены завершаны высокім атыкам з тонкім карнізным паяском. Над кожным арачным праёмам прамавугольныя нішы[2].
Аркады служылі ажурнай асновай для масіўнага будынка ратушы. Магчыма, яны былі навеяны італьянскімі прататыпамі, ад якіх, аднак, адрозніваюцца важкасцю і масіўнасцю агульнага аб’ёму[1].
Зноскі
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Чарняўская Т. І. 2089. Ратуша і гандлёвыя рады // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — С. 109. — 308 с.: іл.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Нясвіжскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2001. — 628, [1] с. — ISBN 985-11-0206-7.
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Республика Беларусь: Энциклопедия в 7 т. Т. 5.: Минск — Педиатрия / редкол. Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2007. — 752 с.: ил. — ISBN 978-985-11-0398-6.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нясвіжская ратуша
- Нясвіжская ратуша на сайце Radzima.org
- Нясвіжская ратуша на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Нясвіжская ратуша на сайце «Архіварта»