Амбар

(Пасля перасылкі з Свіран)

Амбар таксама сві́ран або клець — традыцыйная халодная, без ацяплення, гаспадарчая пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення, хатняга начыння.

Амбар (клець) у музеі народнай архітэктуры і побыту (Азярцо, Мінскі раён).
Амбар у Марыенбергу (Германія).

Свірны адрозніваюцца ад клецяў большымі памерамі, дыферэнцыраваннасцю функцыянальнага прызначэння, дэкаратыўным аздабленнем. Здаўна вядомы ў Беларусі, Літве, некаторых раёнах Польшчы. У Беларусі пашыраны да сярэдзіны XX ст., да XIX ст. будаваліся пераважна ў вялікіх шляхецкіх гаспадарках, з XIX ст. таксама і ў сялянскіх гаспадарках, дзе свірны нагадвалі клеці з засекамі, з ганкам перад уваходам. У адрозненне ад клецяў свірны не блакіраваліся з іншымі пабудовамі, іх ставілі асобна.

Свірны былі 1-ярусныя франтальнай кампазіцыі і 2-ярусныя франтальна-яруснай і цэнтрычна-яруснай кампазіцыі. Будавалі іх пераважна з дрэва (бярвення, бруса, дыляў, плашак) як аднакамерныя зрубы, ставілі на штандары або камяні. З XVIII ст. вядомы свірны мураваныя, або ў тэхніцы «прускага муру». 1-павярховыя свірны — прамавугольныя або квадратныя ў плане будынкі, накрытыя 2-х або 4-схільнай страхой з драніцы, гонты, саломы, часам выкарыстоўвалі камбінаванае пакрыццё драніцамі ў ніжняй частцы страхі, саломай у верхняй. У свірнах, прызначаных для захоўвання збожжа, рабілі аддзяленні (засекі, пасекі, аруды) з бярвён, дошак або дыляў, перад уваходам рабілі сенцы або ганак — насціл з дошак на выпусках бярвён ніжніх вянкоў, так мог утварацца драўляны прыклетнік, пераклець або галерэя.

Пры будаўніцтве амбараў невялікіх памераў, пастаўлены зруб маглі абмазваць глінай або смалой, заліваць вадой і калі яна не выцякала высякалі дзверы і ставілі дах, потым амбар прасушвалі.

Некаторыя свірны набліжаліся сваім выглядам да лямусаў і скарбніц.

Летам будынак мог служыць жытлом. Бяднейшыя сяляне замянялі свіран каморай, невялікім памяшканнем адгароджаным у сенцах.

Літаратура

правіць