Гісторыя Аргенціны

Даеўрапейскі перыяд правіць

 
Адбіткі рук у Куэва-дэ-лас-Манас, каля 9300 г. да н.э.

Тэрыторыя Аргенціны была заселена чалавекам у 8-7 тыс. да н.э. Напярэдадні іспанскага заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны. На паўночным захадзе жылі дыягіта (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і срэбра. На паўночным усходзе і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны — капаяны. Пазней сюды прыйшлі гуарані, іх мовай да сённяшняга дня карыстаецца сельскае насельніцтва поўначы. На тэрыторыі сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; з паўночнай Патагоніі сюды прыходзілі для менавага гандлю плямёны араўканаў.

Іспанская каланізацыя правіць

 
Аргенціна і сённяшнія суседнія краіны ў якасці складнікаў віцэ-каралеўства Перу

У XVI стагоддзі тэрыторыя паўночнай Аргенціны стала аб’ектам іспанскай каланізацыі. Новыя землі заваёўнікі назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 годзе канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — сучасны Буэнас-Айрэс. Аселыя на гэтых землях іспанскія каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясцовае насельніцтва, утварыўшы паўднёваамерыканскі тып метысаў. У 1610 годзе ордэн езуітаў стварыў для індзейцаў Аргенціны, Парагвая і Уругвая 30 пасяленняў-рэдукцый, дзе яны займаліся земляробствам, знаёміліся з еўрапейскай культурай. У 1617 годзе на тэрыторыі Аргенціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 годзе большая частка Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. У 1805 і 1806 гадах спробы брытанскага флоту ўзяць Буэнас-Айрэс скончыліся разгромам для «Уладаркі мораў».

Барацьба за незалежнасць. Першыя гады незалежнасці правіць

Тады ж пачалася рэвалюцыйная барацьба, натхняльнікам якой стала буйная буржуазія. У 1810 былі створаны Аб’яднаныя правінцыі Рыа дэ Ла-Плата. 9 ліпеня 1816 года ў Тукумане была падпісана Дэкларацыя незалежнасці, неўзабаве калонія канчаткова выйшла з-пад іспанскай улады. Рэспубліканская форма кіравання была адстаяна ў грамадзянскай вайне 1819 года. Тады ж нацыянальны герой Аргенціны Сан-Марцін з войскам пераваліў праз Анды і дапамог Чылі і Перу атрымаць незалежнасць. Перамога ў вайне з Бразіліяй (1825—1827) прывяла да ўтварэння незалежнага Уругвая. У 1833 годзе Вялікабрытанія заняла Мальвінскія астравы. Першым дыктатарам у гісторыі Аргенціны стаў Хуан Мануэль Росас (1831—1852), падчас кіравання якога краіна вытрымала шэраг блакад з боку еўрапейскіх дзяржаў. Зрэшты, занадта жорсткая ўнутраная палітыка прывяла да звяржэння рэжыму Росаса. У 1859 годзе адбылася невялікая грамадзянская вайна за форму Канстытуцыі паміж горадам Буэнас-Айрэс і войскамі астатняй Аргенціны, у выніку якой свавольны горад пацярпеў паразу. Перамога над абарыгенамі ў Вайне Пустыні (1879—1880) пад кіраўніцтвам генерала Хуліа Рока адкрыла шлях пакарэння шырокіх тэрыторый, спрыяльных для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі. Цягам 50 наступных гадоў, паміж 1880 і 1930, Аргенціна дабілася значных эканамічных і сацыяльных поспехаў. У пачатку XX стагоддзя Аргенціна ператварылася ў адну з самых багатых краін свету. Папулярнасць Аргенціны ўзрасла з прыбыццём у краіну мільёнаў еўрапейцаў.

 
Прэзідэнцкая пара Перонаў, 1950-я

Канец XIX і XX стагоддзі правіць

У 1930 пад уплывам крызісу Вялікай дэпрэсіі адбыўся пераварот пад кіраўніцтвам генерала Урыбуру, пасля якога Аргенціна стала на платформу карпаратывізму і фашызму. У 1946 годзе прэзідэнтам Аргенціны быў абраны палкоўнік Хуан Перон. Перон і яго жонка Ева карысталіся падтрымкай народных мас. Прэзідэнцкая пара праводзіла курс на аргенцінскую індустрыялізацыю і секулярызацыю, што адмоўна адбілася на адносінах з каталіцкай царквой. У 1955 годзе Пероны былі зрынуты. Пасля шэрагу ваенных пераваротаў у 1973 годзе Перон вярнуўся да ўлады, але праз год памёр, пакінуўшы за прэзідэнта сваю другую жонку Ізабэль (яна стала першай у свеце жанчынай-прэзідэнтам), якая не мела палітычнага вопыту. Яе нядоўгае прэзідэнцтва суправаджалася тэрорам супраць насельніцтва з боку ваенных вярхоў. У пачатку 1980-х ва ўмовах эканамічнага крызісу для адцягнення ўвагі народа ваенны ўрад Аргенціны захапіў Мальвінскія астравы і вельмі здзівіўся, калі Брытанія вырашыла іх адстаяць. Пасля ганебнай паразы ваенны ўрад генерала Галцьеры сышоў у адстаўку. З 1983 аргенцінскі народ абірае прэзідэнтаў на дэмакратычных выбарах.

XXI стагоддзе правіць

Сусветны спад эканомікі і памылкі новага ўрада прывялі да эканамічнага крызісу 2002 года. Прэзідэнт Нестар Кіршнер быў абраны на чатырохгадовы тэрмін у 2003 годзе. Ён дапамог падняць эканоміку, а ў перыяд 2003 — 2008 гадоў штогадовы эканамічны рост склаў 9 %.

У 2007 годзе прэзідэнтам абрана Крысціна Кіршнер.

У 2015 годзе прэзідэнтам абраны Маўрысіа Макры.

Спасылкі правіць