Генадзь Бураўкін
Генадзь Мікалаевіч Бураўкін (28 жніўня 1936, в. Шуляціна, цяпер в. Тродавічы[2] Расонскага раёна Віцебскай вобласці БССР — 30 мая 2014, Мінск) — беларускі паэт, дзяржаўны дзеяч.
Бураўкін Генадзь Мікалаевіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Пераемнік | Аляксандр Сычоў | ||||||
|
|||||||
|
|||||||
|
|||||||
Папярэднік | Алесь Асіпенка | ||||||
Пераемнік | Васіль Зуёнак | ||||||
Нараджэнне |
28 жніўня 1936 |
||||||
Смерць |
30 мая 2014 (77 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Партыя | |||||||
Член у | |||||||
Адукацыя | |||||||
Дзейнасць | паэзія[1], журналістыка[1] і палітыка[1] | ||||||
Месца працы | |||||||
Узнагароды | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сям’і служачага ільнозавода. Дзяцінства Генадзя прыпала на 2-ю сусветную вайну, калі пачылася вайна яму было пяць гадоў. Бацька — Мікaлaй Сцяпанавіч — партызаніў, потым перайшоў лінію фронту, ваяваў у дзеючай арміі, цяжка паранены пад Ржэвам. Маці — Феадосія Ягораўна — засталася з дзецьмі.
Генадзь Бураўкін успамінаў:
Самае страшнае было наперадзе, калі зімой 1943-га года прыйшлі ў вёску карнікі, помсцячы сем’ям партызан і ўсім вяскоўцам. Карнікі выгналі людзей з хат, выстраілі перад кулямётам і доўга трымалі на холадзе. Мы стаялі на ўзгорку трымя радамі: першы рад мужчыны і дзяды, другі — заплаканыя жанчыны з малымі на руках і трэці — мы, каму шэсць — дзесяць — дванаццаць гадоў. На нас быў нацэлены кулямёт. Мы чакалі стрэлаў. Плачуць жанчыны, маўчаць дзяды. А стрэлаў усё няма. Пад вечар нас сагналі ў лазню на ўскрайку вёскі. Было цёмна і цесна. Для малых адвялі палок, мы сагрэліся на ім і пачалі валтузню, а маці нашы плакалі і чамусьці пачалі абдымацца. Я тады не ведаў, што дзверы лазні забіты цвікамі, што лазня абкладзена саломай і паліцаі пайшлі шукаць бянзіну. Я тады многае не разумеў. Шчаслівы выпадак выратаваў людзей. Я не памятаю твару таго, хто вызваліў нас. Памятаю толькі, што гэта быў стары немец-салдат. Ён не ўмеў гаварыць па-рускі і ўсё махаў рукамі ў бок лесу. Мы ўсё ўцяклі і выратаваліся.
Да восьмага класа Генадзь вучыўся ў Расонскай школе, потым у Полацку, куды пераехалі бацькі. Скончыў сярэднюю школу ў 1954 годзе. Яшчэ ў школе пачаў пісаць вершы, некаторыя з іх апублікавала раённая газета. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта[3], скончыў яго ў 1959 годзе. У 1964 годзе ўступіў у КПСС.
Працаваць пачаў у часопісе «Камуніст Беларусі», потым перайшоў на радыё, затым быў загадчыкам аддзела і намеснікам галоўнага рэдактара ў газеце «Літаратура і мастацтва». У 1968—1972 гадах працаваў уласным карэспандэнтам па Беларусі газеты «Правда», у 1972—1973 гадах узначальваў рэдакцыю часопіса «Маладосць». З «Маладосці» перайшоў на пасаду старшыні Дзяpжкaмiтэтa БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (1978—1990). Пасада надала паэту высокі грамадскі і партыйны статус. Генадзь Бураўкін стаў дэпутатам Bяpxoўнaгa Сaвeтa БССР (1980—1990) і членам ЦК КПБ (1981—1990). У 1990—1994 гадах быў пастаянным прадстаўніком БССР у ААН. У 1994—1995 гадах быў намеснікам міністра культуры і друку БССР. У 1995—2001 гадах працаваў у часопісе «Вожык».
У 2000 годзе, сумесна з Радзімам Гарэцкім і Рыгорам Барадуліным, ініцыяваў і арганізаваў Усебеларускі з’езд за незалежнасць[4].
Член Беларускага ПЭН-Цэнтра, Рады беларускай інтэлігенцыі, Савета заснавальнікаў грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва»[5].
З 2008 года кіраўнік назіральнага савета спадарожнікавага тэлеканала Белсат, які вяшчае на беларускай мове.
Сябраваў з шэрагам вядомых беларускіх мастакоў свайго пакалення. Часта прамовай Генадзя Бураўкіна адкрываліся іх мастацкія выставы.
-
Адкрыццё выставы Аляксея Марачкіна ў Арт-галерэі «Мастацтва». Мінск, 22 лістапада 2013 года.
-
Адкрыццё юбілейнай выставы Гаўрылы Вашчанкі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі 12 снежня 2013 года.
-
З беларускімі мастакамі Гаўрылам Вашчанкам і Васілём Шаранговічам у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі 12 снежня 2013 г.
-
12 снежня 2013 года сярод беларускай творчай суполкі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
У цяжкім стане здароўя, за два тыдні да смерці, выказаў сваё галоўнае жаданне — убачыць выданне кнігі сваіх вершаў апошняга часу «Нагаварыцца з зоркамі». Апошнюю волю Генадзя Бураўкіна здзейснілі. Даўні сябар, паэт Уладзімір Някляеў пісаў:
«За тры дні да ягонай смерці мы прынеслі яму ягоную кнігу вершаў. Апошнюю. Ён проста прагнуў яе ўбачыць, бо разумеў, ведаў, што яна — развітальная… І трэба было бачыць ягоны твар, калі ён узяў кнігу ў рукі. Гэта было не шчасце ці радасць, цяжка шчасцю ці радасці выявіцца на мяжы жыцця і смерці, — гэта было Вялікае Супакаенне. Што жыццё пражыў, як належыць. Зрабіў у ім, што мог. Так сыходзяць паэты».
Памёр 30 мая 2014 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Творчасць
правіцьПаэзія
правіцьТворы Генадзя Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова[6].
Друкуецца з 1952 года. У зборніках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і іншых раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадзянскі тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша.
Полацкая нізка Бураўкіна з 10 вершаў мела мэтай перадаць дух часу, пафас будоўлі.
Вершы канца XX стагоддзя склалі зборнік паэта «Жураўліная пара» (2004). Надзвычай багатая і разнастайная інтымная лірыка паэта, яна ўключалася ва ўсе яго зборнікі, але асобна сабраная ў кнігах «Пяшчота» (1985) і «Чытаю тайнапіс вачэй» (2001).
На вершы Бураўкіна напісана шмат папулярных песень («Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва» і іншыя). У паэта ёсць зборнік песенных тэкстаў «Табе, Беларусь» (1984). «Калыханку» на словы Бураўкіна штовечар у тэлеперадачы пяюць малым Беларусі.
Аўтар двух кніг паэзіі для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974) і «Сінія арэлі» (1987).
Пераклады
правіцьПеракладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў[2], а таксама з беларускай на добра яму вядомыя славянскія мовы.
- Кровное: стихи: перевод с белорусского / Геннадий Буравкин. — М.: Советский писатель, 1980. — 127 с.
- Верю полдню: стихотворения и поэмы: избранное: перевод с белорусского / Геннадий Буравкин; автор предисловия П. Е. Панченко. — М.: Молодая гвардия, 1981. — 192 с.
- Три страницы из легенды / Г. Буравкин; сокращенный перевод с белорус. Э. Корпачева. — М.: Молодая гвардия, 1983. — 64 с.
- Синие качели: стихотворения, поэмы, 1956—1985: перевод с белорусского / Геннадий Буравкин; предисл. И. Шкляревского. — М.: Художественная литература, 1987. — 382 с.
Публіцыстыка
правіцьАўтар дакументальных аповесцяў «Тры старонкі з легенды» (1971), выступаў у друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі. Аўтар сцэнарыяў некалькіх дакументальных фільмаў, двухсерыйнага мастацкага фільма «Полымя » (1974, сумесна з Уладзімірам Халіпам і Фёдарам Коневым)[2].
У публіцыстыкі Бураўкіна свае жанравыя формы, свой стыль і сродкі. Публіцысту яшчэ ў большай меры, чым паэту неабходна цвёрдая і ясная пазіцыя, каб аб’ектыўна ацэньваць палітычную сітуацыю. Многія з гэтых якасцей ёсць у Бураўкіна-публіцыста. Памяць вайны, абарона высокіх ідэйных і маральных каштоўнасцей, гуманістычных ідэалаў — адна з важнейшых тэм публіцыстыкі Бураўкіна. Значнае месца ў публіцыстычных артыкулах займае камсамольская тэма, тады такая блізкая паэту «Я твой трубач, таварыш камсамол». Публіцыстычны пачатак яскрава праявіўся ў цыклах «Полацк. Нафтабуд» і «Старонкі з фестывальнага блакноту». Матэрыял для першага цыкла даў яму родны Полацк, для другога — паездка ў Фінляндыю на восьмы сусветны фестываль моладзі.
Цікавыя артыкулы, кароткія нарысы, допісы паэта публікаваліся ў «Праўдзе» пад час яго работы ў гэтай газеце на працягу 1968—1972 гадоў карэспандэнтам па Беларусі. Заслугоўваюць увагі эсэ Бураўкіна, у якіх сродкамі публіцыстыкі ствараецца вобраз Беларусі. Адзін з іх «Калыска мая, гордасць мая — Беларусь» быў надрукаваны ў часопісе «Огонёк».
Крытыка
правіцьНямала ўвагі аддае Генадзь Бураўкін і літаратурнай крытыцы, праяўляе шчырую зацікаўленасць да работы сваіх равеснікаў і маладзейшых літаратараў. Пра гэта сведчаць яго артыкулы пра Яўгенію Янішчыц, Алеся Разанава і Юрку Голуба ў цэнтральным друку, а таксама рэцэнзія на зборнік Ігара Хадановіча «За акном». Патрабавальна і зычліва ставіцца ён да кнігі паэзіі Дануты Бічэль-Загнетавай «Запалінкі», сцвярджае, што паэтэса мае сваё сталае месца ў беларускай паэзіі. Паэтэса добра перадае псіхалогію жанчыны-беларускі. «Нацыянальнае і духам сваёй творчасці і блізкасцю да фальклору і самім характарам лірычнага героя… І філасофія і публіцыстыка ў яе вырастаюць з быту, з штодзённых турбот, клопатаў і трывог роднай зямлi».
Адзін з любімых пісьменнікаў Бураўкіна — Васіль Быкаў, якому прысвечаны артыкул «Па доўгу і праву салдата», з яго відаць, як удумліва чытае Бураўкін кожны твор празаіка, вылучае самае галоўнае. Не менш любімым пісьменнікам Бураўкіна быў Іван Мележ, пра яго з глыбокай павагай ён піша ў артыкуле «Тры дні развітання з Крымам». У Крыме, у санаторыі «Беларусь» сустрэліся Мележ з Бураўкіным, гутарылі пра літаратуру, наведвалі любімыя мясціны. Артыкул Бураўкіна пра Мележа напоўнены смуткам па выдатным сыне роднай зямлі, які заўчасна адышоў, не здзейсніўшы сваіх шырокіх задум.
Асобныя крытычныя выступленні Бураўкіна былі выкліканы жаданнем сказаць сваё слова. Так было з рэцэнзіяй на раман Мележа «Завеі, снежань», з паэмай Рыгора Барадуліна «Блакада». Таксама Бураўкін напісаў некалькі артыкулаў пра творчасць Пімена Панчанкі, у тым ліку артыкул «Нібы салдат у баі», дзе расказаў пра першае знаёмства з паэзіяй Панчанкі. Асабліва ўразілі Бураўкіна вершы ваенных гадоў: «Сінія касачы», «Коні», «Вока снайпера». У іх праўда пачуццяў паэта, франтавыя вершы Панчанкі, лічыць Бураўкін, — адна з вяршынь яго творчасці.
Таксама пісаў Бураўкін пра новыя творы Аркадзя Куляшова і Петруся Броўкі. Паэма Куляшова «Далёка да акіяна» была цікава крытыку аб’ектывізаваным падыходам да паказу жыцця. У зборніку «Калі ласка» Броўкі ён убачыў і роздум, і непасрэднасць пачуццяў, і шырокі погляд на сучасны свет. Тое самае Бураўнік бачыў і ў кнізе «Хай будзе святло» Максіма Танка. Добрыя словы былі сказаны пра Аляксея Пысіна, Юрку Голуба. Патрабавальна і добразычліва разглядае Бураўкін аднатомнік Ніла Гілевіча «Лісце трыпутніку», у які ўвайшлі лепшыя творы за два дзесяцігоддзі, а значыць, можна было гаварыць пра ўсю творчасці паэта. У сувязі з 50-годдзем Ніла Гілевіча Бураўкін выступіў з яркім і змястоўным артыкулам «Перазовы майстра».
Па глыбокім унутраным абавязку напісаны Бураўкіным артыкул пра кнігу «Крывёю сэрца» (1967), у якой сабраны вершы загінуўлы на вайне маладых беларускіх паэтаў: Змітрака Астапенкі, Л. Гаўрылава, А. Дубровіча і іншых. Яны розныя, пісаў Бураўкін, але ў кожнага ёсць штосьці адметнае, арыгінальнае, праўдзівае.
Укладальнік кнігі «Наш Быкаў» — першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.
Кiнaдpaмaтypгiя
правіцьГенадзь Бураўкін напісаў сцэнарыі для кароткаметражных фільмаў: «Апалённая памяць» (1975) і «Падарожжа па Бeлapyci» (1976). У суаўтарстве з кінадраматургам Фёдарам Коневым і мастацтвазнаўцам Уладзімірам Халіпам удзельнічаў у стварэнні кінасцэнарыя «Полымя» (1974), паводле якога быў пастаўлены дзвюхсерыйны мастацкі фільм з такой самай назвай (1974, рэжысёр Віталь Чацверыкоў).
Бібліяграфія
правіць- Тры старонкі з легенды. Штрыхі аднаго лёсу / Г. Бураўкін — Мн.: Белдзяржвыдавецтва, 1971.
- Варта вірності: вірші та поемі; упорядкування та вступна стаття Бориса Олійника — К., Молодь, 1984. — 126 с.
- Пяшчота : вершы пра каханне / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1985. — 95 с.: іл.
- Гняздо для птушкі радасці: вершы / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1986. — 78 с.
- Выбраныя творы (1956—1985 гг.): у 2 т. / Генадзь Бураўкін; прадмова Рыгора Барадуліна. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1986.
- Сінія арэлі: вершы: (для ст. школьнага ўзросту) / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Юнацтва, 1987. — 126 с.
- Узмах крыла: новыя вершы / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1995. — 111 с.
- Конь незацугляны : вершы, жарты, песні / Генадзь Бураўкін. — Мн.: 1996. — 31 с.
- Выбранае, 1955—1995: вершы. Паэмы («Чужая споведзь», «Хатынскі снег», «Паэма растання»). Казкі. Песні / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1998. — 382 с.
- Т. 1: Вершы. Паэмы («Хатынскі снег», «Чужая споведзь»). — 319 с.
- Т. 2: Паэма («Ленін думае пра Беларусь»). Вершы. Казкі. Песні. Пераклады. — 287 с.
- Паміж зоркай і свечкай: (вершы) / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Бацькаўшчына, 2000. — 159 с.: іл.
- Чытаю тайнапіс вачэй…: вершы пра каханне: (для ст. школьнага ўзросту) / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Юнацтва, 2001. — 158 с.
- Жураўліная пара: вершы канца стагоддзя / Генадзь Бураўкін. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. — 155 с.
- Нагаварыцца з зоркамі: апошнія вершы / Генадзь Бураўкін. — Мн: Кнігазбор, 2014. — 129 с.
Прэміі і ўзнагароды
правіць- прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1972),
- Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу вершаў «Варта вернасці»,
- ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга,
- ордэн Дружбы народаў,
- медаль «За доблесную працу»,
- ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, Вярхоўнага Савета УССР, Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР.
Крыніцы
правіць- ↑ а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ а б в Буравкин Геннадий Николаевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 91. — 737 с.
- ↑ http://philology.bsu.by/by/
- ↑ Панкавец, З.. Разбіраемся ў праўладных партыях: ёсць жывыя, а ёсць зусім мёртвыя . Наша Ніва. Праверана 19-11-2019.
- ↑ Грамадскі навукова-аналітычны цэнтр «Беларуская перспектыва»
- ↑ Саламевіч І. У. (1996)
Літаратура
правіць- Бураўкін Генадзь Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 345.
- Бураўкін Генадзь Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 132.
- Бураўкін Генадзь Мікалаевіч // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 136.
- Бураўкін Генадзь Мікалаевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 517
- Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / пад рэд. А. В. Мальдзіса. — Мн .: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1992. — Т. 1. — 542 с. — 5 600 экз. — ISBN 5-85700-061-0. С. 395.
- Бураўкін Генадзь // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Быкаў В. Сціплае слова вітання / Васіль Быкаў. Паміж зоркай і свечкай / Рыгор Барадулін // Маладосць. 1996. № 8. С. 213—221.
- Гніламёдаў У. В. Споведзь пакалення: (Генадзь Бураўкін) / Уладзімір Гніламёдаў // Ля аднаго вогнішча: літаратурна-крытычныя артыкулы / Уладзімір Гніламёдаў. Мінск, 1984. С. 104—125.
Спасылкі
правіць- Некляев о Буравкине(недаступная спасылка) // kp.by 26 лютага 2019
- Генадзь Бураўкін. Вершы
- Юлия Буравкина: «Я вышла за Генадзя против воли матери» Архівавана 24 кастрычніка 2013.
- Генадзь Бураўкін: У чорным спісе я ўжо 15 год Архівавана 5 чэрвеня 2014.
- Гэта мы. Невядомы Бураўкін Архівавана 3 чэрвеня 2014.
- Генадзь Бураўкін. Пяшчота. Вершы пра каханне. Выканаўца — Васіль Белацаркоўскі (аудыё)