Аркадзь Куляшоў
Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў (6 лютага 1914, в. Саматэвічы, Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці — 4 лютага 1978, Нясвіж) — беларускі пісьменнік. Народны паэт БССР (1968), заслужаны работнік культуры Украінскай ССР (1973).
Аркадзь Куляшоў | |
---|---|
Арка́дзь Алякса́ндравіч Куляшо́ў | |
| |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 24 студзеня (6 лютага) 1914[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 лютага 1978[2] (64 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік |
Жанр | лірыка |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 6 лютага 1914 года ў в. Саматэвічы ў сям’і настаўнікаў. Маці — Кацярына Фамінічна Ратабыльская — была беларускай, а бацька — Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў — меў італьянскія карані (ягоны прадзед — сын арганіста-італьянца). У восем гадоў хлопчык захапіўся творчасцю М. Лермантава. Ён прачытаў паэму «Мцыры», якая зрабіла на яго такое вялікае ўражанне, што А. Куляшоў вырашыў узяцца за пяро. Мовай зносін у сям’і Куляшовых была беларуская. Першая кніжка, якую ён прачытаў на роднай мове, — «Жалейка» Янкі Купалы. Калі Аркадзю споўнілася дванаццаць гадоў, у клімавіцкай раённай газеце быў надрукаваны яго першы верш.
У 1928 годзе скончыў пяцігодку ў Саматэвічах і паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, у 1931 годзе перайшоў на першы курс літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933 года. Уваходзіў у БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на Беларускім радыё (1934—1936), літкансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР (1936—1937). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.
У чэрвені 1941 года А. Куляшоў пакінуў разбураны фашысцкай бамбардзіроўкай, ахоплены пажарам Мінск. Пешшу ён дайшоў да Оршы, затым на цягніку дабраўся да Калініна і там уступіў у Чырвоную Армію. Пад Ноўгарадам закончыў ваенна-палітычнае вучылішча. У 1941—1943 — на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов», у 1943—1945 — у Беларускім штабе партызанскага руху.
У 1945—1946 — рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958—1967 — начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1961 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947—1978).
Быў вялікім аматарам шахмат[3], удзельнічаў у рэспубліканскіх шахматных турнірах. У 1946 годзе ўвайшоў у кіраўніцтва адноўленай пасля вайны шахматна-шашачнай секцыі пры спорткамітэце БССР[4].
Памёр у ноч на 4 лютага 1978 года ў санаторыі ў Нясвіжы, пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Творчасць
правіцьПершы верш надрукаваў у 1926 годзе ў клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік». У рэспубліканскім друку першыя вершы з’явіліся ў 1927 годзе ў часопісе «Чырвоны сейбіт».
У 14-гадовым узросце Аркадзь Куляшоў напісаў свой хрэстаматыйны верш «Алеся» («Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая»), прысвечаны свайму першаму каханню. Рэальная Алеся была старэйшая за Аркадзя на два гады, іх шляхі разышліся, паэт сустрэўся з Алесяй толькі праз 50 гадоў[5]. Кампазітар Ігар Лучанок напісаў музыку да песні, якая ўвайшла затым у рэпертуар ансамбля «Песняры».
Выйшлі кнігі паэзіі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» (1932), «Медзі дождж» (1932), паэмы «Аманал» (1933), «Гарбун» (1935), зборнікі «Мы жывём на граніцы» (1938), «Радзіме і правадыру» (1938), «У зялёнай дуброве» (1940), «Добры чалавек» (1941). У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў народна-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я гады, пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы[6].
Галоўным героем гэтай паэтычнай нізкі «Юнацкі свет» з’яўляецца сам паэт, які выступае ў ролі абагульненага, тыпізаванага вобраза. Праграмным творам цыкла стаў верш «Мая Бесядзь» (1940). Прытчава-легендарны зачын з’яўляецца ў вершы фонам, на якім раскрываецца галоўная ідэя твора: сцвярджэнне паэтам таго, што толькі напружаная праца можа прынесці плён для чалавека і грамадства.
Ваенны час істотна змяніў матывы і вобраз лірычнага героя куляшоўскай паэзіі — яны «апрануліся ў вайсковы шынель» і сталі салдатамі-абаронцамі. У 1942 годзе А. Куляшоў стварае верш «Над брацкай магілай». Аўтар апісвае ў ім момант пахавання загінуўшых байцоў. Падзеі адбываюцца ў тых месцах, дзе ваяваў паэт, і маюць фактычную аснову. Паэма «Сцяг брыгады», вершы «Балада аб чатырох заложніках», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Віцебская махорка», «Маці», «Быль аб цымбалах і цымбалісце» сталі класікай беларускай паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У іх паэт паказаў гераізм і трагедыю народа, яго любоў да Айчыны і вернасць воін скаму абавязку. У вершах знайшлі адлюстраванне нязгасныя ў пакутныя часы пачуцці кахання, сяброўскай вернасці і мацярынскай вялікай любові. Асноўным жанрам паэзіі А. Куляшова перыяду вайны становіцца балада. Паэма і вершы склалі кнігу («Сцяг брыгады», Масква, 1943).
Затым надрукаваны «Прыгоды цымбал» (1945), зборнікі «На сотай вярсце» (1945), «Вершы» (1946), «Паэмы» (1947), «Выбраныя вершы і паэмы» (1948), «Камуністы» (1949), паэмы «Простыя людзі» (1949), «Выбраныя творы» (1947, 1951), паэма «Новае рэчышча» (1951, на рускай мове апублікавана ў зборніку «Коммунисты», 1949), «Вершы і паэмы» (1954, 1966), «Граніца» (1954), паэма «Грозная пушча» (1956, 3-е дапрацаванае выданне ў 1963), «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970), паэма «Далёка да акіяна» (1972), «Мая Бесядзь» (1973). Постаць К. Каліноўскага прыцягнула ўвагу А. Куляшова ў паэме «Хамуціус», (1975). Пазней выйшлі паэмы «Хуткасць» (1976), «Крылы» (1985), «Профілі» (1987), зборнік вершаў і паэм «Маналог» (1989).
У 1961 годзе А. Куляшоў напісаў невялікі верш, у якім паспрабаваў выявіць сваё разуменне сэнсу чалавечага існавання. Гэта твор, які пачынаецца радкамі «Спакойнага шчасця не зычу нікому…». У ім, як выразна відаць з самой назвы, паэт уступае ў канфлікт з агульнапрынятай чалавечай аксіёмай: «Хачу жыць спакойна і шчасліва»[7].
Паэтычная творчасць А. Куляшова вельмі разнастайная і шматпланавая як у тэматычных, так і ў жанравых адносінах. Аўтар цесна суадносіць ідэйную накіраванасць сваіх вершаў з часам іх напісання, імкнецца адлюстраваць у іх эпоху, пачынаючы ад праблем мясцовых і вырастаючы да асэнсавання глабальных агульначалавечых аспектаў. Сярод самых папулярных пасляваенных кніг беларускіх аўтараў былі «Выбраныя вершы і творы» (1948) Аркадзя Куляшова[8]. Пазней выдадзены Зборы твораў у 2-х (1957, 1964), 4-х (1966—1967), 5-ці тамах (1974—1977).
Сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (з А. Кучарам, пастаўлены ў 1958), «Першыя выпрабаванні» (па трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1960—1961) і «Запомнім гэты дзень» (з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1967).
А. Куляшоў вядомы ў беларускай літаратуры як выдатны перакладчык. У яго перакладах выйшлі раман Г. Эрыксана «Валацужная Амерыка» (1932), паэма А. Пушкіна «Цыганы» (1937) і раман у вершах «Яўген Анегін» (1949), паэма А. Парніса «Казанне пра Белаяніса» (1959), «Выбраная паэзія» М. Лермантава (1969), паэма «Энеіда» І. Катлярэўскага (1969), «Спеў аб Гаяваце» Г. Лангфела (1969), зборнік вершаў К. Куліева «Кніга зямлі» (1974), «Выбранае» С. Ясеніна (з Р. Барадуліным, 1976), асобныя творы Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф’ева, М. Рыльскага, А. Малышкі, М. Нагнібеды, Р. Гамзатава і інш.
Узнагароды
правіцьУзнагароджаны дзвюма ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, дзвюма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за паэму «Сцяг брыгады», Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Новае рэчышча», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1970) за пераклады вершаў і паэм М. Лермантава, «Энеіды» І. Катлярэўскага і «Спева аб Гаяваце» Г. Лангфела, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968).
Памяць
правіцьІмя Куляшова носяць вуліцы ў Мінску і Магілёве. Працуе Літаратурны музей Аркадзя Куляшова.
У 1978 годзе імя Аркадзя Куляшова была прысвоена Магілёўскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту. У 1979 годзе згодна пастановы Саюза пісьменнікаў Беларусі заснавана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова за творы паэзіі і драматургіі.
Сям’я
правіць- Жонка — Аксана Фёдараўна Куляшова (дзявочае прозвішча Шчарбовіч-Вячор) (1912—2005)[9].
- Сын — Уладзімір.
- Унук — Мікалай Уладзіміравіч Куляшоў.
- Унук — Зміцер Уладзіміравіч Куляшоў.
- Дачка — Валянціна (1936—2018), беларускі літаратуразнавец, перакладчыца[10].
- Унук — Уладзімір Хрыставіч Бербераў, беларускі дудар і фалькларыст, лідар фолк-гурта «Ліцвіны»[11].
- Унучка — Вольга Валер’еўна[12].
- Сын — Аляксандр.
- Унук — Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў.
- Сын — Уладзімір.
Зноскі
правіць- ↑ http://vershy.ru/category/arkadz-kulyasho%D1%9E
- ↑ Arkadz Kuliašov // https://www.vle.lt/straipsnis/arkadz-kuliasov/
- ↑ http://zviazda.by/be/news/20140303/1393826436-nyabronzavy-klasik
- ↑ http://belisrael.info/?p=6777
- ↑ nashaniva.by
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9). — С. 17
- ↑ Сенькавец У. А. Аркадзь Куляшоў // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі / пад рэд. З. П. Мельнікавай, Г. М. Ішчанкі. — 2-е выд. — Мн., 2016. — С. 144
- ↑ news.tut.by Архівавана 8 снежня 2019.
- ↑ Куляшова, Аксана Фёдараўна (1912—2005) — Зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі
- ↑ Куляшоў Аркадзь // Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн. У 6т. / Пад рэд. А.В.Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 3. — С. 459. — 585 с. — 5 600 экз. — ISBN 5-85700-123-4.
- ↑ Унук Аркадзя Куляшова: Лёва Би-2 мне не брат!
- ↑ Прэзентацыя кнігі, прысвечанай Аркадзю Куляшову(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2020. Праверана 3 чэрвеня 2020.
Літаратура
правіць- Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. — Мн., 1978.
- Бечык В. Шлях да акіяна. — Мн., 1981.
- Кенька М. Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка. — Мн., 1983.
- Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад.: А. Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X
- Куляшова В. 3 радаводу Аркадзя Куляшова // Роднае слова. 1996. № 1—2, 4—5, 7.
- Куляшова В. Аркадзь Куляшоў. Лясному рэху праўду раскажу… — Мн.: Мастацкая літаратура, 2014. ISBN 978-985-02-1530-7
- Сенькавец У. Аркадзь Куляшоў // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. З. П. Мельнікавай, Г. М. Ішчанкі. — 2-е выд., перапрац. і дап. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2016. — 304 с.: іл. ISBN 978-985-559-664-9
Спасылкі
правіцьАркадзь Куляшоў у Вікіцытатніку | |
Аркадзь Куляшоў на Вікісховішчы |
- «Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога» — віртуальны музей Аркадзя Куляшова
- Біяграфія на rv-blr.com Архівавана 7 сакавіка 2011.
- Біяграфія на slounik.org
- Класікі без глянцу на tut.by Архівавана 14 кастрычніка 2019.
- Вершы Аркадзя Куляшова
- Галерэя Аркадзя Куляшова