Адкрыць галоўнае меню

Мексіка — дзяржава ў Паўночнай Амерыцы. З тэрыторыяй амаль роўнаю двум мільёнам квадратных кіламетраў[1] Мексіка з’яўляецца пятай па велічыні тэрыторыі краінай у Амерыцы і 13-й у свеце. На поўдні і захадзе абмываецца Ціхім акіянам, на ўсходзе водамі Карыбскага мора і Мексіканскага заліва. У склад Мексікі ўваходзяць два буйных паўвострава: на паўночным захадзе ў Ціхі акіян высунуты паўвостраў Каліфорнія, аддзелены ад мацерыка Каліфарнійскім залівам; на паўднёвым усходзе Мексіцы належыць большая частка паўвострава Юкатан. З пункту гледжання фізічнай геаграфіі, 12 % тэрыторыі краіны на ўсход ад перашыйка Тэуантэпек адносяцца да Цэнтральнай Амерыкі. Найбуйнейшыя астравы: Архіпелаг Рэвілья-Хіхеда, Гуадалупе, астравы Марыі, Касумель, Седрас, Тыбурон, Анхель-дэ-ла-Гуарда.

Будова паверхніПравіць

Бoльшую частку Мексікі займае Мексіканскае нагор'е, якое пераходзіць на поўначы ў высокія раўніны і плато Тэхаса і Нью-Мексіка; з усходу, захаду і поўдню яно акружана глыбока раздзеленымі горнымі хрыбтамі. Цэнтральная частка гэтага нагор’я складаецца з шырокіх упадзін — бальсонаў — з спадзістымі схіламі; асобныя хрыбты часта ўвянчаныя вулканамі. Паверхня пласкагор’я паступова падвышаецца да поўдня і ўтварае клін у вулканічнай зоне, дзе ў шыротным кірунку працягваецца хрыбет Папярочная Вулканічная С’ера. Паўночная частка пласкагор’я, Паўночная Меса, утворана злітымі паміж сабой больсонамі, упадзінамі з саланчакамі або салёнымі азёрамі ў цэнтры; самыя буйныя з іх — Бальсон-дэ-Мапімі, дно якога знаходзіцца на вышыні 900 м над у.м., і Бальсон-дэ-Майран (1100 м). Над агульным узроўнем плато рэзка ўзнімаюцца на вышыню да 900 м блокавыя горы. Бoльшая частка гэтага пустыннага раёна бяссцёкавая; толькі на поўначы працякае буйнейшая рака Мексікі Рыа-Брава-дэль-Нортэ (у ЗША яна носіць назву Рыа-Грандэ) і яе адзіны прыток — Канчас. Далей да поўдня паверхня нагор’я павышаецца; шматлікія міжгорныя ўпадзіны размешчаныя тут на адзнаках 1800—2400 м над у.м. і падзеленыя прыпаднятымі засушлівымі плато, над якімі на некалькі сот метраў паднімаюцца блокавыя хрыбты. На крайнім поўдні нагор’я знаходзіцца так званы Цэнтральны раён, які з’яўляецца цэнтрам палітычнага і эканамічнага жыцця краіны, дзе размешчаная сталіца і засяроджаная вялікая частка насельніцтва. У рэльефе гэтага раёна выразна выяўленыя катлавіны, дно якіх знаходзяцца на ўзроўні 1500—2600 м; усе яны, за выключэннем даліны Мехіка, дзе знаходзіцца сталіца, дрэнуюцца рэкамі, прыналежнымі да басейнаў Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Катлавіны падзеленыя ўзгорыстымі градамі мяккіх абрысаў, прарэзанымі глыбокімі і вузкімі далінамі рэк. Над паверхняй плато рэзка паднімаецца, абмяжоўваючы яго з поўдня, Папярочная Вулканічная С’ера, утвораная амаль злітымі конусамі вулканаў. Тут знаходзяцца найвышэйшыя пункты: Арысаба (Сітлальтэпетль), 5610 м; Папакатэпетль, 5452 м; Істаксіуатль, 5286 м; Невада-дэ Талука, 4392 м; Малінчэ, 4461 м, і Невада-дэ-Каліма, 4265 м. У Даліне Мехіка даўжынёй 80 км і шырынёй каля 50 км некалі знаходзілася пяць плыткіх азёр з забалочанымі берагамі; буйнейшым з іх было возера Тэскока, у цэнтры якога, на востраве, размяшчалася сталіца ацтэкаў — Тэначтытлан. З часам возера было асушана і на яго месцы знаходзіцца сучасная сталіца, горад Мехіка. Самая буйная рака Цэнтральнага раёна — р. Лерма — працякае праз упадзіны Талука, Гуанахуата і Халіска і ўпадае ў возера Чапала, якое мае сцёк у Ціхі акіян праз р. Рыа-Грандзе-дэ-Сант’яга. Іншыя ўпадзіны — Агуаскальентэс і Пуэбла — таксама дрэнуюцца рэкамі басейна Ціхага акіяна.

 
Здымак тэрыторыі Мексікі з космасу

Заходнюю мяжу нагор’я ўтварае горная сістэма Заходняя С’ера-Мадрэ, якая дасягае 160 км у шырыню і месцамі ўзнімаецца вышэй 3000 м. Гэта адзін з найбольш магутных і цяжкапераадольных горных бар’ераў Заходняга паўшар’я. Горная сістэма на ўсходзе нагор’я, Усходняя С’ера-Мадрэ, адносна лягчэйшая да пераадолення.

Папярочная Вулканічная С’ера стромкім уступам абрываецца да тэктанічнай упадзіны р. Бальсас, глыбока ўдаецца ў горную вобласць; нават на вялікім алдаленні ад акіяна, на мерыдыяне г. Мехіка, дно даліны мае вышыню ўсяго каля 500 м над у.м. Паўднёвей даліны Бальсас знаходзіцца вобласць раздзеленых плато Герэра і Аахака, вядомая пад агульнай назвай Паўднёвай С’ера-Мадрэ; эразійная дзейнасць вадацёкаў стварыла тут складаную сетку глыбокіх далін і крутасхілых грабянёў, амаль не пакінуўшы роўных участкаў. Гэтая паўднёвая горная вобласць, якая, як прынята лічыць, утварае паўднёвы рубеж геалагічных структур Паўночнай Амерыкі, заканчваецца стромкімі ўступамі, звернутымі да Ціхага акіяна і да нізіннага пярашыйка Тэуантэпек.

 
Трапічныя лясы на востраве Кантрой

Тры асноўныя фізіка-геаграфічныя вобласці за межамі вышэйапісанай горнай вобласці — гэта паўночная частка Ціхаакіянскага ўзбярэжжа, уключаючы п-аў Каліфорнію, або Ніжнюю Каліфорнію; Прымексіканскую нізіну і п-аў Юкатан; і горную сістэму Ч’япас, размешчаную паміж перашыйкам Тэуантэпек і мяжой Гватэмалы. Бoльшая частка тэрыторыі, размешчанай у паўночнай частцы Ціхаакіянскага ўзбярэжжа і аддзеленай ад астатняй часткі краіны цяжкадаступнымі гарамі Усходняй С’ера-Мадрэ, уяўляе сабой пустыню. Асноўныя элементы паверхні — пустыня Санора, дэпрэсія, размешчаная на паўночным працягу Каліфарнійскага заліва і месцамі апушчаная ніжэй у.м., і блокавыя горы п-ва Каліфорнія — працягваюцца на поўначы ў межы ЗША. Шырокія засушлівыя терасападобныя паверхні п-ва Каліфорнія большай часткай не маюць вадацёкаў, але ў паўднёвай частцы мацерыковага ўзбярэжжа Каліфарнійскага заліва адгор’і і бяссцёкавыя ўпадзіны чаргуюцца з плоскадоннымі далінамі рэк, што сцякаюць з гор. Прымексіканская нізіна расшыраецца на поўначы, дзе яна злучаецца з прыбярэжнымі раўнінамі Тэхаса. Далей да поўдня, ад Тампіка да паўночнай ускраіны перашыйка Тэуантэпек, яна ўяўляе сабой вузкую забалочаную прыбярэжную паласу, а яшчэ далей пашыраецца і зліваецца з нізіннай вапняковай раўнінай п-ва Юкатан. На перашыйку Тэуантэпек адлегласць паміж Мексіканскім залівам і Ціхім акіянам складае ўсяго 210 км, а найбольшая вышыня — 240 м. Горная вобласць Ч’япас у структурным сэнсе належыць ужо да Цэнтральнай Амерыкі. У гэтай вобласці ўсе асноўныя формы рэльефу выцягнутыя раўналежна берагу Ціхага акіяна: вузкая прыбярэжная нізіна; стромка ўзнесены над ёй хрыбет С’ера-Мадрэ-дэ-Ч’япас вышынёй да 2400 м; рыфтовая даліна Ч’япас, дно якой знаходзіцца на 450—900 м над у.м., дрэніраваная прытокамі р. Грыхальва; нарэшце, шэраг блокавых глыбока раздзеленых горных хрыбтоў вышынёй месцамі больш 3000 м.

КліматПравіць

Амаль палова ўсёй тэрыторыі Мексікі мае арыдны або семіарыдны клімат. Засушлівыя ўмовы характэрныя для ўсёй паўночнай зоны ўздоўж мяжы з ЗША, ад Ціхага акіяна да Мексіканскага заліва, і распаўсюджваюцца ў цэнтральнай частцы нагор’я на поўдзень прыкладна да 22° з.ш. Далей да поўдня колькасць ападкаў паступова павялічваецца, дасягаючы 580 мм у год у горадзе Мехіка і 890 мм у год ва ўпадзіне Пуэбла. Толькі штаты Веракрус і Табаска на ўзбярэжжа Мексіканскага заліва і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа штата Ч’япас атрымліваюць дастатковую колькасць дажджоў на працягу ўсяго года. Вялікая частка ападкаў выпадае ўлетку, зімы адносна сухія. Тэмпературы і расліннасць залежаць ад вышыні над узроўнем мора. У Мексіцы гарачы пояс — т.зв. tierra caliente — размяшчаецца ад узроўня мора прыкладна да 600 м або трохі вышэй; умераны пояс — tierra templada — распасціраецца над ім, да вышыні каля 1850 м, а яшчэ вышэй, да самой снеговой межы (3950-4550 м) знаходзяцца т.зв. «халодныя землі» (tierra fria). Вялікая частка цэнтральнага нагор’я знаходзіцца на вышыні ад 1200 да 2400 м над у.м., што адпавядае верхняй частцы ўмеранага пояса і ніжняй часткі халоднага. Хоць сезонныя амплітуды тэмператур невялікія і, за выключэннем крайняй поўначы, складаюць у сярэднім каля 8 °C, сутачныя ваганні значныя, і ў горнай вобласці ночы звычайна халодныя. На прыбярэжных нізінах летнія тэмпературы перавышаюць 27 °C. Асабліва доўгае і гарачае лета характэрна для нізін, якія прымыкаюць да Каліфарнійскага заліва.

РасліннасцьПравіць

 
У Каліфарнійскай пустыні

У сувязі з малой колькасцю дажджоў паўночная палова Мексікі пакрытая гарадскітавымі дрэвамі, кактусамі, юкай і калючымі хмызнякамі. У ніжняй частцы схілаў С’ера-Мадрэ травяністая расліннасцць чаргуюцца з нізкарослымі таполямі і вербамі, а вышэй сярод травы растуць рэдкастойныя дубы. Горны ланцуг, які цягнецца ўздоўж п-ва Каліфорнія, пакрыты хваёвым рэдкалессем, а арыднае заходняе ўзбярэжжа занята рэдкімі кактусамі, асобнымі дрэвамі, якія тоўстым канічным ствалом (да 6 м вышынёй) з некалькімі коранепадобнымі галінамі нагадваюць перавернутую моркву. Да поўдня ўздоўж абодвух берагоў Мексікі раўнінная расліннасць паступова змяняецца ад хмызняковых зараснікаў і рэдкатраўных злакоўнікаў да саванавых рэдкалессяў, якія пачынаюцца прыкладна на шыраце Тампіка. Да поўдня ад Веракруса выпадаюць багатыя дажджы, узбярэжжа багністае з густымі трапічнымі джунглямі, месцамі яна чаргуюцца з участкамі саван. Дажджавы трапічны лес пакрывае штат Табаска, поўдзень штата Юкатан і адкрытыя паўночныя схілы гор Ч’япас. Поўнач Юкатана занята паўлістападным трапічным лесам, злакоўнікамі і хмызняковымі зараснікамі. Тут асабліва шмат відаў агаў, адзін з якіх — агава Фуркрападобная (Agave fourcroides) — дае валакно «энекен» для вырабу паперы, вяровак і тарнай тканіны.

У паўднёвай палове Мексікі клімат і расліннасць змяняюцца ў залежнасці ад абсалютнай вышыні. Гарачы пояс пакрыты густым паўлістопадным лесам. Ва ўмераным поясе расце шмат субтрапічных вечназялёных парод, да якіх вышэй па схілах прымешваюцца дубы і іншыя шыракалістыя лістападныя дрэвы. Ніжняя паласа халоднага пояса занятая хваёва-дубовым лесам, які на адзнацы каля 3050 м над у.м. пераходзіць у хваёва-піхтавы. Паблізу снеговой лініі высакагор’і пакрытыя альпійскімі лугамі.

Зноскі

  1. Mexico at The World Factbook