Канада
Канада (англ.: Canada, ІРА: /ˈkænədə/; фр.: Canada, ІРА: /kanaˈda/) — дзяржава ў Паўночнай Амерыцы, займае другое месца ў свеце па плошчы пасля Расіі. Абмываецца Атлантычным, Ціхім і Паўночным Ледавітым акіянамі, мяжуе з ЗША на поўдні і на паўночным захадзе, таксама мае марскія межы з Даніяй (Грэнландыя) на паўночным усходзе і Францыяй (Сен-П’ер і Мікелон) на ўсходзе. Мяжа Канады і ЗША з’яўляецца самай працяглай агульнай мяжой у свеце. Сталіца Канады — Атава.
Рэльеф Канады змяняецца ад высозных Кардыльераў на захадзе да апрацаванага ледавікамі Лаўрэнційскага ўзвышша ў цэнтры і на ўсходзе. Багаццем мінеральных рэсурсаў Канада вылучаецца нават сярод краін свайго памеру. Хоць клімат Канады і разнастайны, большая яе частка ляжыць у халоднай зоне з працяглай зімой. Канада багатая воднымі рэсурсамі — шырокімі рэкамі і чысцюткімі азёрамі. Большая частка тэрыторыі Канады занята арктычнымі пустынямі, тундрай і тайгой. Канадская тайга шырокай паласой цягнецца ад Ціхага акіяна да Атлантычнага.
Канада — федэратыўная, дэ-юрэ парламенцкая канстытуцыйная манархія. Кіраўнік дзяржавы — кароль Вялікабрытаніі, прадстаўлены генерал-губернатарам. Фактычная ўлада належыць парламенту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам. Адміністрацыйна Канада падзяляецца на дзесяць правінцый і тры тэрыторыі, якія маюць свае парламенты і ўрады і карыстаюцца значнай самастойнасцю.
Насельніцтва пераважна эмігранцкага паходжання. Перасяленцы з усяго свету ў Канадзе згуртаваныя ў стракатую мультыкультурную супольнасць. Пры гэтым Канада — класічная двухмоўная краіна (каля 40 % насельніцва — англаканадцы, 26 % — франкаканадцы) з дзвюма дзяржаўнымі мовамі на ўсіх узроўнях. Найбуйнейшымі гарадамі з’яўляюцца Таронта, Манрэаль і Ванкувер. Для Канады характэрны адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў шчыльнасці насельніцтва (3,9 чал/км²). Большасць канадцаў жыве ўздоўж мяжы з ЗША.
Канада — развітая краіна, член Вялікай сямёркі і Вялікай дваццаткі, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Разам з Мексікай і ЗША — сваім галоўным гандлёвым партнёрам — уваходзіць у зону свабоднага гандлю НАФТА. Таксама Канада з’яўляецца актыўным удзельнікам Садружнасці нацый і Франкафоніі. Канада адрозніваецца найвышэйшымі пазіцыямі ў свеце па ІЧР (16 месца), якасці жыцця, грамадзянскіх правах, эканамічнай свабодзе, узроўню адукацыі. Нягледзячы на выразны постіндустрыяльны характар, гаспадарка Канады мае выразны сыравінны твар і абапіраецца на мінеральныя, гідраэнергетычныя, лясныя, рыбныя і іншыя рэсурсы.
Этымалогія
правіцьСлова «Канада» з вялікай доляй верагоднасці паходзіць ад індзейскага «каната» — вёска ці паселішча[3]. Вядома, што так называлі свае землі індзейцы сучаснага Квебека, з якімі сутыкнуліся першыя французскія заваёўнікі.
Жак Карцье ўжываў слова «Канада» дзеля пазначэння не толькі індзейскай вёскі, якую ён сустрэў, але і ўсёй вобласці пад кантролем мясцовага правадыра Данаконы. З 1545 года еўрапейскія кнігі і карты пазначалі гэты рэгіён і ўсе берагі ракі Св. Лаўрэнція словам «Канада».
У перыяд французскага каланіяльнага валадарства ў XVI—XVII ст. назва Канада ўжывалася нароўні з афіцыйнай — Новая Францыя. Пазней гэтая назва перайшла на большасць суседніх тэрыторый у Паўночнай Амерыцы, якімі кіравала Брытанская імперыя. З 1791 так называліся англійскія калоніі ў раёне сучасных правінцый Квебек і Антарыа, а з 1867 найменне было перанесена на ўсю краіну.
Словы, якія фанетычна і семантычна падобныя на лаўрэнційска-іракезскае «kanata», існуюць і ў мовах, далёкіх ад паўночнаамерыканскіх: старажытнаанглійскае «cynedom» («каралеўства»), англійскае «country» («зямля», «краіна»), «county» («акруга»), «hundred» («сотня»), «kindred» («клан», «род»), валійскае «cantref» («акруга»), «genedl» («клан», «род»), старажытнагрэчаскае «κέντρον» («цэнтр»), ірландскае «ceantar» («акруга»), італьянскае «contado» («вёска»), лацінскае «condo» («абжываць», «насяляць»), «continuus» («прылеглы»), персідскае «кӓнд» («вёска», «паселішча»), старажытнарускае «коньць» (частка горада)[4], рускае «кондавы» («спрадвечны») і г.д.
Геаграфічнае становішча
правіцьКанада займае значную частку мацерыка Паўночная Амерыка і шматлікія астравы, што прымыкаюць да яе. На захадзе абмываецца Ціхім акіянам і мяжуе са штатам Аляска (ЗША), на ўсходзе абмываецца Атлантычным, на поўначы — Паўночным Ледавітым акіянам, на поўдні мяжуе з ЗША. Асноўная мацерыковая частка Канады працягнулася на 5400 км ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. Крайнія геаграфічныя каардынаты: на ўсходзе — 52°40' з.д., на захадзе — 141° з.д. З поўдня на поўнач прасціраецца на 4 500 км — ад 41°41' пн.ш. на мяжы з ЗША да паўночнай ускраіны (83°06' пн.ш.) вострава Элсмір у Канадскім Арктычным архіпелагу.
Ля ўсходняга ўзбярэжжа і ў заліве Св. Лаўрэнція знаходзяцца востраў Ньюфаўндленд, Кейп-Брэтан, Антыкосты, архіпелаг Мадлен, Прынца Эдуарда і інш. На поўначы працягнуліся Бафінава Зямля, астравы Гудзонава заліва і шматлікія астравы Канадскага Арктычнага архіпелага, падзеленыя вузкімі і плыткімі пралівамі. Ціхаакіянскае ўзбярэжжа моцна парэзана вузкімі і доўгімі залівамі са стромкімі схіламі. Недалёка ад заходняга берага ляжыць буйны востраў Ванкувер, астравы Каралевы Шарлоты і інш.
Прырода
правіцьРэльеф і карысныя выкапні
правіцьБольшая частка Канады — узгорыстая раўніна, абмежаваная з усходу і захаду горнымі падняццямі ўздоўж узбярэжжаў Ціхага і Атлантычнага акіянаў. На захадзе краіны ўздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа цягнецца горная краіна Кардыльераў шырынёй каля 600 км. Усходняя вось Канадскіх Кардыльераў — Скалістыя горы. Іх заходнія схілы пакрытыя хвойнымі лясамі, усходнія аголеныя і сапраўды скалістыя; асобныя вяршыні пераўзыходзяць па вышыні 4000 м. На захад ад Скалістых гор ляжыць вулканічнае плато рэк Фрэйзер і Калумбія. Ціхаакіянскія Берагавыя горы складаюцца з двух субмерыдыянальных хрыбтоў, падзеленых падоўжнай далінай, у паўднёвай частцы затопленай морам. Найбольш высокія ўчасткі заходняга пояса гор на поўдні — прыбярэжныя востраў Ванкувер, астравы Каралевы Шарлоты і інш., а на поўначы, на мяжы з Аляскай, Берагавыя хрыбты заканчваюцца шырокімі масівамі гор Св. Ільі і Логан (5959 м, найвышэйшы пункт Канады), пакрытых магутнымі ледавікамі, якія спускаюцца да мора.
Уздоўж Атлантычнага ўзбярэжжа цягнуцца невысокія горныя хрыбты, якія працягваюць горы Апалачы ЗША. Паверхня вострава Ньюфаўндленд узвышаная (вышыня да 805 м). На поўнач ад ракі Св. Лаўрэнція і да берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна распасціраецца шырокая вобласць Канадскага шчыта — невысокая, складзеная цвёрдымі крышталічнымі пародамі (гранітамі, гнейсамі і сланцамі) зямля. Яе сучасная паверхня носіць сляды геалагічна нядаўняга зледзянення: апрацаваныя лёдам кучаравыя скалы («барановыя ілбы»), шматлікія азёры, хуткія парожыстыя рэкі, тонкі глебавы пласт. Для паўвострава Лабрадор характэрныя крушні і скалы. Па паўднёвым і заходнім узбярэжжы Гудзонава заліва вышыня мясцовасці не перавышае 200 м. Паласа нізіны цягнецца і ўздоўж паўночнага ўзбярэжжа Канады, далёка ўдаючыся ў глыб мацерыка па даліне р. Макензі.
Тэрыторыя Канады багатая на руды каляровых металаў (нікель, медзь, цынк, свінец), жалезную руду; вялікія запасы ўрану, нафты і прыроднага газу, калійных солей, азбесту, вугалю. Казачна багатае на карысныя выкапні Лаўрэнційскае ўзвышша. Тут знаходзіцца ўнікальная рудная зона: радовішчы жалеза, нікеля, серабра, поліметалаў, урану, золата.
Клімат
правіцьЗ прычыны вялікай шыротнай працягласці і асаблівасцей рэльефу, клімат Канады надзвычай разнастайны. Змяняецца клімат у асноўным у шыротным напрамку. Ролю значнага мерыдыянальнага кліматападзелу гуляюць Кардыльеры. Галоўная асаблівасць клімату — яго кантынентальнасць: рэзкія пераходы паміж крайнімі тыпамі надвор’я, гарачым улетку і халодным узімку.
Большая частка Канадскага Арктычнага архіпелага ляжыць у вобласці арктычнага клімату. Тут вельмі суровыя зімы (-30 °C), а летам тэмпература толькі зрэдку перавышае адзнаку ў 5 °C. Пралівы паміж астравамі замёрзлыя. Менавіта тут знаходзіцца самы вялікі ненаселены востраў свету — Дэвон. Узбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна займае субарктычны кліматычны пояс. Зімовыя месяцы па сваёй суровасці тут не саступаюць арктычным, летам жа значна цяплей. На ўсходзе субарктычны пояс выгінаецца далёка на поўдзень і амаль што замыкае Гудзонаў заліў — «мех з лёдам», які разам з халоднымі цячэннямі і ёсць галоўны віноўнік панавання тундры на шыраце Кіева. Паўднёвая Канада — зона ўмеранага клімату, празмерна вільготнага на крайнім захадзе, дастаткова — на ўсходзе і кантынентальнага ў цэнтральнай частцы.
Гідраграфія
правіцьБагаццем прэснай вады Канада саступае толькі Расіі і Бразіліі. Рэкі Канады адносяцца да басейнаў трох акіянаў: Макензі і Нельсан нясуць свае спакойныя воды праз зону вечнай мерзлаты да Паўночнага Ледавітага акіяна. Фрэйзер цячэ па лававым плато і праз Берагавыя хрыбты прарываецца да Ціхага акіяна. Вялікія Азёры злучаюцца з Атлантыкай непрацяглай, але шматводнай ракой Святога Лаўрэнція. Невялікая частка паўднёвай Канады належыць да басейна Місісіпі. Буйныя азёры: Вялікае Мядзвежае возера, Вялікае Нявольніцкае возера, Вініпег, возера Нетылінг. Па чатырох з пяці Вялікіх азёраў праходзіць мяжа з ЗША.
Прыродныя зоны
правіцьАстравы Паўночнага Ледавітага акіяна займаюць арктычныя пустыні. Вялікія плошчы тут занятыя покрыўнымі ледавікамі. Летам на свабодных ад лёду ўчастках у паніжэннях і трэшчынах з’яўляюцца імхі, лішайнікі, холадаўстойлівыя травы і хмызнячкі. Арктычныя глебы амаль не ўтрымліваюць арганічнага рэчыва. Жыццё прадстаўнікоў жывёльнага свету звязана з морам, якое дае ім ежу. На астравах тыповыя птушыныя базары. У водах мораў жывуць цюлені, маржы, грэнландскія кіты. Ва ўзбярэжныя раёны з мацерыка заходзяць белыя мядзведзі, ваўкі, пясцы. У Грэнландыі і на Канадскім Арктычным архіпелагу жыве самае буйное млекакормячае — аўцабык, або мускусны бык.
Тундра і лесатундра займае поўнач мацерыка. Шырока распаўсюджана шматгадовая мерзлата. На поўначы — у Арктыцы — у мохавай і лішайнікавай тундры зрэдку можна сустрэць травы (асака, падвей) і палярныя кветкі — незабудкі, палярныя макі, дзьмухаўцы. На поўдзень, у субарктычным поясе, тундра становіцца хмызняковай: з’яўляюцца нізкарослыя карлікавыя бяроза і вярба, багун, буякі, чарніцы. На поўдзень, па далінах рэк, з’яўляюцца дрэвы — чорная і белая елкі, і пачынаецца лесатундра. Тундравая расліннасць забяспечвае ежай разнастайных жывёл: паўночных аленяў, палярных зайцаў, лемінгаў. На дробных жывёл палююць белы мядзведзь, палярны воўк, пясец. Водзяцца белая курапатка, драпежная палярная сава, летам прылятаюць вадаплаўныя птушкі — гусі і качкі.
Тайга прадстаўлена цёмнахвойнымі лясамі з чорнай і белай елак і бальзамічнай піхты. На сухіх месцах растуць сосны: белая (Веймутава), Банкса (каменная) і чырвоная. Хвойныя лясы ціхаакіянскага ўзбярэжжа растуць ва ўмовах багатага ўвільгатнення, таму іх называюць «дажджавымі». Цэлыя гушчары ў гэтых лясах утвараюць хмызнякі, травы і папараці; імхі пакрываюць ствалы, доўгімі «бародамі» звісаюць з галін. Асноўныя пароды гэтых лясоў — сітхінская елка, дугласія, тсуга, хемлок. Жывёльны свет тайгі разнастайны. Тут шмат буйных капытных: алень вапіці, амерыканскі лось; у гарах сустракаюцца снежная каза і таўстарогі баран. Водзяцца буры і чорны амерыканскі мядзведзі; грызуны — шэрая і чырвоная вавёрка, бурундук; драпежнікі — пума (або кугуар), куніца, воўк, канадская рысь, гарнастай, расамаха, лісіца; па берагах рэк — бабёр, выдра і мускусны пацук (андатра).
На поўнач ад Вялікіх азёр значныя плошчы занятыя змешанымі і шыракалістымі лясамі, дзе пачэснае месца ў відавым складзе займаюць клёны — сімвал Канады. Якіх толькі клёнаў тут няма — і цукровы, і серабрысты, і чырвоны!
Гісторыя
правіцьЗа тысячы гадоў да прыбыцця еўрапейцаў тая зямля, якая цяпер завецца Канадай, была заселена першабытнымі людзьмі, што пазней сталі знаёмыя нам пад імёнамі эскімосаў і паўночнаамерыканскіх індзейцаў. У XVI—XVII ст. англійскія і французскія мараплаўцы даследавалі ўзбярэжжа Канады, падарожнікі і траперы пранікалі ў яе ўнутраныя раёны, а каланісты стваралі пасяленні. У сярэдзіне XVIII ст. Францыя страціла ўсе свае паўночнаамерыканскія калоніі, і Брытанія стала адзінаўладным гаспадаром. У 1867 годзе Канада ў складзе 4 правінцый стала брытанскім дамініёнам. У 1931 Вэстмінстэрскі статут значна пашырыў яе аўтаномію. У 1982 Акт аб Канадзе дэнансаваў апошнія лёскі залежнасці. Самі канадцы гавораць, што ў іх зашмат геаграфіі і замала гісторыі.
Дзяржаўны лад і палітыка
правіцьКанада — федэратыўная парламенцкая дзяржава; дэ-юрэ канстытуцыйная манархія, фактычна — рэспубліка; прававая дэмакратычная дзяржава, прытрымліваецца ўмеранай эгалітарнай ідэалогіі. Адметнай рысай канадскай палітычнай культуры з’яўляецца сацыяльны ўхіл. Канада ўваходзіць у склад Садружнасці нацый. Ролю канстытуцыі выконваюць Закон аб канстытуцыі 1982 года, палажэнні Акта аб Брытанскай Паўночнай Амерыцы (1867), а таксамы нормы звычаёвага права. Правінцыі карыстаюцца пэўнай аўтаноміяй і маюць свае заканадаўчыя і выканаўчыя органы.
Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам (у правінцыях — намеснікамі губернатара), якога фармальна прызначае манарх, а фактычна — прэм’ер-міністр Канады. Губернатар — з 2 кастрычніка 2017 г. па 2020 гэтую пасаду займала Жулі Пает (Julie Payette) — падпарадкоўваецца рашэнням Тайнай рады, у склад якой пажыццёва ўваходзяць асобы, прызначаныя губернатарам па прапанове прэм’ер-міністра Канады (у тым ліку ўсе былыя міністры, старшыня Вярхоўнага суда, прэм’еры правінцый, спікеры палаты абшчын і сената). Тайная рада не збіраецца ў поўным складзе, а рашэнні ад яе імя прымае ўрад Канады. Губернатар ад імя брытанскага манарха падпісвае ўсе законы, прынятыя парламентам.
Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму федэральнаму парламенту, што складаецца з сената і палаты абшчын. У сенаце 104 члены, якіх прызначае губернатар на нявызначаны тэрмін (да дасягнення 75-гадовага ўзросту); кожную правінцыю прадстаўляе вызначаная колькасць сенатараў. Палата абшчын складаецца з 295 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў правінцыях на 5 гадоў. У Канадзе барацьбу за ўладу вядуць дзве найбуйнейшыя палітычныя партыі, абедзве адносна цэнтрысцкія: левацэнтрысцкая Ліберальная партыя Канады (партыя Трудо, з 2015 фарміруе ўрад) і правацэнтрысцкая Кансерватыўная партыя Канады (з 2015 у апазіцыі). Іншыя партыі, прадстаўленыя ў парламенце: левая Новая дэмакратычная партыя, Квебекскі блок і Партыя зялёных Канады. Ні лева-, ні праварадыкалы папулярнасцю сярод канадцаў ніколі не карысталіся.
Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам (з 2015 — Джасцін Трудо), якога фармальна прызначае губернатар: каб пазбегнуць палітычнага крызісу, губернатар заўсёды спыняе свой выбар на лідары палітычнай партыі, што мае бальшыню ў палаце абшчын. Кіраўнік другой найбуйнейшай партыі становіцца «лідарам афіцыйнай апазіцыі» (англ.: the Leader of His Majesty’s Loyal Opposition), што мае на мэце кантраляваць дзейнасць урадавай партыі.
Знешняя палітыка
правіцьКанада праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, накіраваную на мірнае суіснаванне і ўзаемную павагу з усімі іншымі краінамі. Канада паслядоўна адстойвае дэмакратычныя каштоўнасці і па ўсіх міжнародных справах — нават калі ёй пагражаюць эканамічныя страты — займае прынцыповую пазіцыю. За прапанову падчас Суэцкага крызісу 1957 года стварыць Міратворчыя сіл ААН і ключавую ролю ў іх арганізацыі будучы канадскі прэм’ер Лестэр Пірсан атрымаў Нобелеўскую прэмію міру (1957). У XXI стагоддзі Канада праз членства ў міжнародных арганізацыях працягвае актыўную міратворчую дзейнасць і аказанне шырокай гуманітарнай дапамогі па ўсім свеце.
Канада была сярод краін-заснавальніц ААН. Сёння яна ўваходзіць у Вялікую сямёрку і Вялікую 20, Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Канада імкнецца пашырыць сувязі з лацінаамерыканскімі і карыбскімі партнёрамі праз удзел у ААД, з краінамі ціхаакіянскага кальца — праз АЦЭС. Найбліжэйшым партнёрам і сябрам Канады застаюцца ЗША, з якімі Канада мае неахоўваемую мяжу, агульную сістэму бяспекі; удзельнічае ў вучэннях і ваенных аперацыях. З еўрапейскіх нацый Канада найбольш цесна сябруе са сваімі «прашчурамі» — Францыяй і Вялікабрытаніяй, а таксама з Нідэрландамі (дзякуючы прытулку, дадзенаму галандскай манархіі падчас другой сусветнай вайны).
Беларуска-канадскія адносіны
правіцьДыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Канадай усталяваны 15 красавіка 1992 года. З красавіка 1997 года ў Атаве пачало працу Пасольства Рэспублікі Беларусь. Канадскія інтарэсы ў Беларусі прадстаўляе пасольтва Канады ў Польшчы. З 2008 года па цяперашні час дыпламатычная прысутнасць Беларусі ў Канадзе застаецца на ўзроўні часовага паверанага ў справах. У перыяд з 2006 па 2015 гады афіцыйныя кантакты паміж Беларуссю і Канадай абмяжоўваліся па ініцыятыве канадскага боку[5]. Пазней намецілася нармалізацыя двухбаковых адносін. 12 ліпеня 2017 года Канада адмяніла абмежаванні на ажыццяўленне паставак канадскіх тавараў і паслуг на рынак Беларусі. У снежні 2016 у Гамбургу на саміце АБСЕ адбылася сустрэча паміж міністрамі замежных спраў Канады (Крысця Фрыланд) і Беларусі (Уладзімір Макей), праз год яны размаўлялі ў Вене. У лютым і верасні 2018 Канаду наведаў намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка і пачаў працаваць сайт Канады ў Беларусі[6].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
правіцьКанада — адна з трох у Паўночнай Амерыцы федэрацый, адміністрацыйна Канада падзяляецца на дзесяць правінцый і тры тэрыторыі. Правінцыі займаюць населены поўдзень Канады, на тэрыторыі падзелена паўночная, амаль ненаселеная частка краіны. Гісторыя сучаснага АТП пачалася з 1867 года, апошняй прыяднанай правінцыяй стаў Ньюфаўндленд (1949), апошняй з тэрыторый быў выдзелены Нунавут (1999). Правінцыі і тэрыторыі маюць свае парламенты і ўрады і карыстаюцца значнай самастойнасцю. Пры гэтым тэрыторыі, у адрозненне ад правінцый, падпарадкаваны федэральнаму ўраду.
Дзесяць сучасных правінцый: Альберта, Брытанская Калумбія, Квебек, Манітоба, Новая Шатландыя, Нью-Брансуік, Ньюфаўндленд і Лабрадор, Антарыа, Востраў Прынца Эдуарда і Саскачэван. Тры тэрыторыі: Нунавут, Паўночна-Заходнія тэрыторыі і Юкан.
Насельніцтва
правіцьНасельніцтва Канады на пачатак 2019 года складае 37,5 мільёнаў чалавек (38-е месца ў свеце). Перапіс 2001 зарэгістраваў 30.007.094 канадцаў. Такім чынам, за 18 гадоў жыхароў краіны стала амаль на чвэрць больш. У другой палове 2010-х для Канады характэрныя невысокія, але стабільныя дадатныя тэмпы росту насельніцтва — каля 0,7 % штогод. Натуральны прырост блізкі да нуля (1,4 на 1000 у 2018)[7]. 70 % канадцаў жывуць у сем’ях. Сярэдні памер канадскай сям’і — 2,5 чалавекі. Нараджальнасць змяншаецца, і насельніцтва — як і паўсюль у развітым свеце — старэе. Сярэдняму канадцу ў 2018 было 42,5 гады. Да такой статыстыкі спрычынілася і вялікая працягласць жыцця, якая ў 2018 склала 82 гады.
У XXI стагоддзі прырост адбываецца, як і калісьці, у асноўным за кошт іміграцыі (5,7 чалавек на 1000 у 2018, адзін з найвышэйшых паказчыкаў у свеце). Такім чынам, доля мігрантаў у агульным прыросце складае больш за 75 %. Варта дадаць, што і канадскае грамадства, і канадскі ўрад падтрымліваюць іміграцыю, якая ў апошнія дзесяцігоддзі набыла выразныя азіяцкія вытокі. Перасяленцы аддаюць перавагу буйным гарадам, асабліва Ванкуверу і Таронта. Канада ахвотна дае прытулак і бежанцам — на краіну кляновых лісцяў прыходзіцца 10 % іх сусветнага прыёму[8].
Паводле перапісу 2016 года, у Канадзе жывуць 43 этнічныя групы, якія складаюцца як мінімум са 100 000 чал. Самая вялікая этнічная група называе сябе канадцамі (32,3 %). Далей ідуць англічане (18,3), шатландцы (14), французы (13,6), ірландцы (13,4), немцы (9,6), італьянцы, кітайцы, украінцы, галандцы, палякі, індыйцы, беларусы (10505 чалавек)[9]. Да карэннага насельніцтва адносяцца індзейцы (каля 4 %) і эскімосы — прадстаўнікі мангалоіднай расы. За апошнія паўстагоддзя з 2 да 22 % (паводле перапісу 2016) вырасла доля так званых visible minorities. Так называюць жыхароў краіны, вонкава адрозных ад еўрапейскіх мігрантаў і карэннага насельніцтва. Сярод visible minorities найбольшую ўдзельную вагу маюць кітайцы, паўднёваазіяты (па 5 %) і афраканадцы (3,5 %). Многія жыхары Канады не могуць вызначыцца з этнічнай прыналежнасцю і называюць адразу некалькі групаў, што робіць суму нацый нашмат большай за 100 %.
У Канадзе выкарыстоўваецца мноства моў, але галоўных дзве: англійская, родная для 56 % канадцаў, і французская, матчына мова для 21 %[10]. Гэтыя мовы з’яўляюцца ў Канадзе афіцыйнымі, на іх вядуцца ўсе дзяржаўныя і прыватныя справы. Тым не менш, кожная правінцыя мае адну «афіцыйную» мову: 8 — англійскую, 1 (Квебек) — французскую. Адзінай афіцыйна двухмоўнай правінцыяй з’яўляецца Нью-Брансуік. Больш за 20 % жыхароў Канады назвалі роднай нейкую іншую мову, найбуйнейшыя сярод якіх — кітайская (1,23 млн носьбітаў), пенджабская, іспанская, тагальская, арабская (кожная па 0,4—0,5 млн). Нацыяльным меншасцям гарантаваныя школы на родных мовах ва ўсіх правінцыях і на ўсіх тэрыторыях.
Са стракатага этнічнага складу вынікае выключная рэлігійная разнастайнасць Канады, дэмакратычны лад гарантуе свабоднае веравызнанне і павагу да правоў усіх вернікаў. Царква ў сучаснай Канадзе аддзелена ад дзяржавы і мае ўсё меншую ролю ў паўсядзённым жыцці людзей. Пры гэтым большасць канадцаў верыць у Бога. Згодна з апытаннем 2011, 68 % жыхароў Канады — хрысціяне, з іх большая палова — каталікі, яшчэ дзве пятых — пратэстанты (найбуйнейшая пратэстанцкая дэнамінацыя — Аб’яднаная царква Канады, следам ідуць англікане і баптысты). Колькасць атэістаў і агностыкаў у 2001—2011 павялічылася з 16 да 22 %. Разам з іміграцыяй расце кольскасць мусульман, індуістаў, сікхаў (3,2 %, 1,5 %, 1,4 % у 2011 адпаведна)[11].
Канада вылучаецца вельмі нізкай шчыльнасцю насельніцтва (каля 4 чал. на км²) і даволі нераўнамерным яго размяшчэннем. Нягледзячы на вялікую плошчу, прыблізна ¾ насельніцтва Канады пражывае ў межах 160 км ад мяжы з ЗША, а 95 % — на поўдзень ад 55° пн.ш.[12] Найбольш населеныя правінцыі — Антарыа і Квебек. Палова канадцаў жыве ў калідоры Квебек-Уінсар уздоўж Вялікіх азёр і ракі Святога Лаўрэнція. Вялізныя абшары поўначы Канады маюць рэдкае тубыльскае (эскімосы) насельніцтва, дзе-нідзе сустракаюцца пасёлкі гарнякоў, метэастанцыі.
Канада адносіцца да высокаўрбанізаваных краін свету. Гарадское насельніцтва, якое складае 81 %, сканцэнтравана ў калідоры Квебек-Уінсар (у прыватнасці, гарадскія агламерацыі Таронта-Гамільтан, Манрэаль і Атава-Гатына), на кантынентальных раўнінах Брытанскай Калумбіі (ад ваколіц Ванкувера да канца даліны ракі Фрэйзер) і ў калідоры Калгары-Эдмантан у Альберце[13]. Каля 40 % гараджан жывуць у трох найбуйнейшых агламерацыях: Таронта (ў агламерацыі жыве 5,9 млн), Манрэалі (4,1), Ванкуверы (2,5). Усяго мільённых агламерацый 6: ад 1,3 да 1,5 млн жыхароў перапіс 2016 адзначыў таксама ў Калгары, Атава-Гатына, Эдмантане.
Эканоміка
правіцьКанадзе — паводле права адной з самых багатых краін свету і адной з самых маштабных эканомік (замыкае першую дзясятку краін па намінальным ВУП) — належыць пачэснае месца ў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) і Вялікай сямёрцы. Фондавая біржа Таронта з 1500 зарэгістраванымі кампаніямі агульнай капіталізацыяй у 2 трлн долараў — сёмая ў свеце. Эканоміка Канады вельмі шчыльна інтэграваная з гаспадаркай ЗША. Канадска-амерыканскае пагадненне аб свабодным гандлі 1988 года ліквідавала тарыфы паміж дзвюма краінамі, а Паўночнаамерыканскае пагадненне аб свабодным гандлі (НАФТА) ў 1992 годзе распаўсюдзілася і на Мексіку. На вялікага паўднёвага суседа прыходзіцца 75 % канадскага экспарту і 58 % імпарту[14]. У 2015—2016 гг. ВУП Канады падрос усяго на 2 %, за 2017 — на 3 %. Станам на 2017 год агульнанацыянальны ўзровень беспрацоўя ў Канадзе быў 6,3 %. Федэральны доўг Канады ацэньваецца ў 1,6 млрд долараў (не канадскіх!). Грашовая адзінка — канадскі долар.
Як і ў іншых развітых краінах, у канадскай эканоміцы пераважае сфера паслуг, дзе занята амаль тры чвэрці эканамічна актыўнага насельніцтва[15]. Нягледзячы на тое, што ў XX стагоддзі рост прамысловасці і сектара паслуг ператварыў краіну з пераважна сельскагаспадарчай у індустрыяльную і гарадскую, сярод іншых развітых краін свету Канада вылучаецца важнасцю свайго сыравіннага сектара, у якім самымі прыбытковымі галінамі з’яўляюцца лесанарыхтоўка і нафтавая прамысловасць[16]. Многія гарады на поўначы Канады, дзе ўмовы для вядзення сельскай гаспадаркі неспрыяльныя, існуюць дзякуючы шахтам або крыніцам драўніны.
Канада займае першае месца ў свеце па здабычы калійных солей, цынку і ўрану, а таксама высокае месца па здабычы такіх металаў, як золата, нікель, алюміній і свінец. Радовішчы металаў на Лаўрэнційскім узвышшы распрацоўваюцца ў асноўным адкрытым спосабам. Канада з’яўляецца буйным пастаўшчыком мінеральнай сыравіны ў ЗША і іншыя індустрыяльна развітыя краіны.
Велізарныя запасы бітумінозных пяскоў у раёне возера Атабаска робяць Канаду трэцяй краінай у свеце па запасах нафты (169 млрд барэляў у 2016) пасля Венесуэлы і Саудаўскай Аравіі[17]. Здабыча нафты вядзецца збольшага на захадзе Канады. Кампанія Syncrude Canada Ltd. займаецца перапрацоўкай бітумінозных пяскоў у правінцыі Альберта, за кошт якіх Канада забяспечвае 14 % сваіх нафтавых патрэбаў. Па гадавым аб’ёме здабычы прыроднага газу Канада знаходзіцца на 5-м месцы ў свеце (4,3 % сусветнай здабычы ў 2016). Канада займае першае месца ў свеце па вытворчасці ўранавага канцэнтрату. Большая частка электраэнергіі (3/5) выпрацоўваецца на ГЭС, 15 % — на АЭС, па 10 % — на газавых і вугальных ЦЭС. На беразе возера Гурон працуе другая па велічыні дзеючая АЭС у сучасным свеце — Брус (большую магутнасць мае толькі паўднёвакарэйская Коры). Багатая на гідраэнергію Канада не вельмі зацікаўлена ў развіцці альтэрнатыўнай энергетыкі, таму па долі энергіі, атрыманай на ВЭС (1,8 % у 2013), яна саступае большасці развітых краін свету. Частку нафты, прыроднага газу і электраэнергіі Канада экспартуе ў ЗША, з’яўляючыся адной з нямногіх развітых краін — нета-экспарцёраў энерганосьбітаў[18].
Развітая апрацоўчая прамысловасць Канады канцэнтруецца на поўдні правінцый Антарыа і Квебек[19]. Аснову апрацоўчай прамысловасці складае машынабудаванне, якое спецыялізуецца на вытворчасці транспартных сродкаў і кантралюецца ў асноўным кампаніямі ЗША. У аўтамабілебудаванні шырокае прадстаўніцтва таксама маюць японскія фірмы. У Манрэалі (Квебек) базуецца нацыянальная аэракасмічная прамысловасць (кампанія Bombardier Inc., якая, дарэчы, акрамя самалётаў выпускае яшчэ цягнікі метро і трамваі). Канада — адзін з вядучых сусветных вытворцаў Hi-Fi і Hi-End кампанентаў і акустычных сістэм. Металургія працуе на мясцовай сыравіне і прадстаўлена пераважна выплаўкай каляровых металаў (нікелевая, медная і інш.). Буйнейшыя нафтаперапрацоўчыя заводы знаходзяцца ў Ванкуверы, Манрэалі, Эдмантане. Канада ўваходзіць у лік буйнейшых экспарцёраў калійных і азотных угнаенняў. Канада — вядучая лесапрамысловая дзяржава свету: па экспарце піламатэрыялаў і паперы Канада займае 1-е месца ў свеце.
Канада з’яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных пастаўшчыкоў сельскагаспадарчай прадукцыі; канадскія прэрыі выдатна падыходзяць для вырошчвання пшаніцы, кукурузы і іншых збожжавых. Канада ўваходзіць у першую дзясятку краін свету па валавой вытворчасці збожжа. Экспартная палітыка ў гэтай сферы вызначаецца Канадскай збожжавай камісіяй. Асноўныя вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі — фермерскія гаспадаркі, высокаспецыялізаваныя прадпрыемствы (пераважна збожжавыя і жывёлагадоўчыя з мясной і малочнай спецыялізацыяй). Большая частка апрацаваных зямель сканцэнтравана на поўдні, у стэпавай зоне. У прыазёрных раёнах развіваецца малочная гаспадарка і пладаводства. Усё большае распаўсюджанне канолы (канадскага рапсу) выводзіць Канаду ў сусветныя лідары па вытворчасці біяпаліва. Вялікае значэнне маюць рэсурсы пушнога звера і прамысловай рыбы (ласось, селядзец, палтус, траска).
У Канадзе развіты ўсе віды транспарту, для яе характэрна значная працягласць транспартных шляхоў. У апошнія дзесяцігоддзі найбольш хуткімі тэмпамі развіваліся аўтамабільны, трубаправодны і авіяцыйны транспарт. Чыгунка дамінуе ва ўнутраных перавозках масавых грузаў. Вялікае значэнне ва ўнутраных грузаперавозках маюць водныя шляхі, перш за ўсё Вялікія азёры і рака Святога Лаўрэнція.
Канада уваходзіць у дзясятку лідараў сусветнага гандлю[20]. У 2015—2016 гг. Канада дэманстравала адмоўнае гандлёвае сальда (30-45 млрд долараў). Канада з’яўляецца буйным пастаўшчыком сыравіны і харчавання на сусветны рынак. Акрамя металаў, пшаніцы, электраэнергіі, драўніны, Канада экспартуе аўтамабілі і самалёты. Найбуйнейшымі імпарцёрамі канадскай прадукцыі з’яўляюцца Злучаныя Штаты (74,7 %), Кітай (4,3 %), Вялікабрытанія (2,6 %) і Японія (2,2 %). У 2016 годзе Канада імпартавала тавараў на суму больш за $ 429 млрд. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі ў краіну кляновага ліста былі ЗША (58,3 %), Кітай (10,8 %), Японія (2,6 %), Германія (2,5 %). Імпарт вельмі разнастайны, пераважаюць машыны і абсталяванне, прадукцыя хімічнай прамысловасці, спажывецкія тавары шырокага попыту.
Агульны аб’ём беларускага экспарту тавараў ў Канаду за 2017 год склаў 13,3 млн долараў ЗША. Гандлёвае сальда было адмоўным і склала 33,8 млн долараў. Асноўным артыкулам беларускага экспарту ў 2017 годзе былі азотныя ўгнаенні (42,4 %), мэбля, клееная фанера, вадкасныя помпы, шкловалакно, прылады на вадкіх крышталях, лазеры, прадукты харчавання. Канадскі імпарт у Беларусь па выніках 2017 года склаў 47,1 млн долараў ЗША. У нашу краіну пастаўляліся лекавыя сродкі і вакцыны, марожаная рыба, перадаткавыя механізмы машын, абсталявання і транспартных сродкаў, моцныя спіртныя напоі, пілы, дыягнастычныя рэагенты, камп’ютары. Варта зазначыць, што і Беларусь, і Канада з’яўляюцца найбуйнейшымі экспарцёрамі калійных солей у свеце. У экспарце паслуг — за кошт транспартных і інфармацыйных — Беларусь мае дадатнае сальда (8,9 млн даляраў у 2017 годзе)[21].
Культура
правіцьCirque du Soleil (з фр. — «Сірк дзю салей» — «Цырк сонца») — канадская кампанія, якая працуе ў сферы забаў і вызначае сваю дзейнасць як «мастацкае спалучэнне цыркавога мастацтва і вулічных імпрэзаў».
Крыніцы
правіць- ↑ https://www150.statcan.gc.ca/t1/tbl1/en/tv.action?pid=1710000901
- ↑ а б в http://hdr.undp.org/en/composite/HDI
- ↑ The Canadian Encyclopedia, Art. Canada von W. Kaye Lamb Архівавана 30 кастрычніка 2013.
- ↑ «Новгород составился из нескольких слобод или поселков… Следы этого… сохранялись и позднее в распределении города на концы» (Ключевский В. О. Русская история. Полный курс лекций. — M.: Олма-ПРЕСС Обр., 2005. — Л. 23).
- ↑ http://canada.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/
- ↑ Сайт Канады ў Беларусі
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ca.html Архівавана 11 красавіка 2020.
- ↑ https://books.google.by/books?id=K0YwAJ7MpswC&pg=PA92&redir_esc=y#v=onepage&q&f=false
- ↑ Ethnic origins, 2006 counts, for Canada, provinces and territories — 20 % sample data Архівавана 11 снежня 2020.
- ↑ https://www12.statcan.gc.ca/census-recensement/2016/dp-pd/prof/details/page.cfm?Lang=E&Geo1=PR&Code1=01&Geo2=PR&Code2=01&Data=Count&SearchText=canada&SearchType=Begins&SearchPR=01&B1=All&TABID=1
- ↑ http://www.pewforum.org/2013/06/27/canadas-changing-religious-landscape/
- ↑ Custred, Glynn (2008). "Security Threats on America's Borders". In Alexander Moens (рэд.). Immigration policy and the terrorist threat in Canada and the United States. Fraser Institute. p. 96. ISBN 0889752354.
- ↑ Urban-rural population as a proportion of total population, Canada, provinces, territories and health regions . Statistics Canada (2001). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 23 красавіка 2009.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=39&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
- ↑ Employment by Industry(недаступная спасылка). Statistics Canada (8 студзеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 19 кастрычніка 2009.
- ↑ Easterbrook, WT (March 1995). "Recent Contributions to Economic History: Canada". Journal of Economic History. 19. Economic History Society: 98.
- ↑ https://www.bp.com/content/dam/bp/business-sites/en/global/corporate/pdfs/energy-economics/statistical-review/bp-stats-review-2018-full-report.pdf
- ↑ Brown, Charles E (2002). World energy resources. Springer. pp. 323, 378–389. ISBN 3540426345.
- ↑ Leacy, FH (ed.). Vl-12 . Statistics Canada (1983). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 18 студзеня 2010.
- ↑ Latest release . World Trade Organization (17 красавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 3 ліпеня 2008.
- ↑ http://canada.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/trade_economic/(недаступная спасылка)
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Геаграфія мацерыкоў і краін : вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / А. А. Зыль [і інш.] ; пад рэд. П. С. Лопуха ; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск : Народная асвета, 2014. — 230 с. : іл. ISBN 978-985-03-2206-7.