Французская мова

адна з раманскіх моў

Французская мова (français, la langue française) — адна з раманскіх моў гала-раманскай падгрупы. Родная мова большасці насельніцтва ў Французскай Рэспубліцы, Рэспубліцы Гаіці, Манака, а таксама каля чвэрці насельніцтва Канады і ў франкамоўных абласцях Швейцарыі (Рамандыя) і Бельгіі (Валонія і Брусель).

Французская мова
Саманазва français
Краіны
Рэгіёны Заходняя Еўропа і былыя французскія калоніі ў Афрыцы, Паўночнай Амерыцы і Акіяніі
Афіцыйны статус
Арганізацыя, якая рэгулюе Французская акадэмія, Каралеўская акадэмія французскай мовы і літаратуры[d] і Office québécois de la langue française[d]
Агульная колькасць носьбітаў каля 115 мільёнаў[1]
(каля 274 млн. чал. валодаюць як першай ці другой мовай[2])
Рэйтынг 14[3]
Статус у бяспецы[d][4][5]
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейскія мовы

Раманскія мовы
Гала-раманскія мовы
Мовы ойль
Даўнейшыя формы
Старафранцузская мова
Сярэднефранцузская мова
Пісьменнасць Лацініца (французскі алфавіт)
Моўныя коды
ДАСТ 7.75–97 фра 745
ISO 639-1 fr
ISO 639-2 fre (B); fra (T)
ISO 639-3 fra
WALS fre
Ethnologue fra
Linguasphere 51-AAA-i
ABS ASCL 2101 і 21
IETF fr
Glottolog stan1290
Вікіпедыя на гэтай мове

Французская мова з'яўляецца нашчадкам гаворак лацінскай мовы Рымскай імперыі, як і італьянская, партугальская, іспанская, румынская, сардзінская і каталонская мовы. Яе бліжэйшымі сваякамі аднак з'яўляюцца іншыя мовы ойль і французска-крэольскія мовыberu. Яе развіццё праходзіла таксама пад уплывам кельцкіх моў рымскай Галіі і германскай франкскай мовы ў перыяд узмацнення франкскай дзяржавы.

Становішча ў свеце правіць

Франкафоны ў свеце правіць

У свеце на французскай мове размаўляе ад 173 (1998) да 500 мільёнаў чалавек (2005). Колькаснае размеркаванне франкафонаў прадстаўлена ў наступнай табліцы:

Кантыненты «Сапраўдныя» франкафоны «Частковыя» франкафоны Агульная колькасць франкафонаў
Афрыка 32 189 500 46 740 000 78 929 500
Еўропа 67 856 500 8 200 000 76 056 500
Амерыка 10 481 000 4 064 000 14 450 000
Азія 1 672 000 1 560 000 3 232 000
Акіянія 467 000 45 000 512 000
Разам 112 666 000 60 612 000 173 278 000

Статус французскай мовы правіць

Французская мова з'яўляецца афіцыйнай мовай многіх краін свету і шырока ўжываецца ў некаторых іншых краінах. Нацыі, якія карыстаюцца французскай мовай, аб'яднаныя словам «франкафонія». Па-за лінгвістычным аспектам, Галоўны савет па франкафоніі спрыяе рознабаковым сувязям паміж адной трэццю краін свету. Гэта і вызначае агульны стан французскай мовы ў свеце.

Між тым, на міжнароднай арэне роля французскай мовы памяншаецца, асабліва ў параўнанні з англійскай мовай. Тым не менш, французская мова застаецца адной з афіцыйных моў наступных міжнародных арганізацый:

Французская мова — адна з шасці афіцыйных і дзвюх рабочых моў ААН і яе агенцтваў.

Французскую мову выкладаюць у многіх універсітэтах свету. Найбольш яна распаўсюджана ў сферах дыпламатыі, журналістыкі, юрыспрудэнцыі і вышэйшай адукацыі.

 
Франкафонія:
Умоўныя абазначэнні: цёмна-сіні — родная мова; сіні — адміністрацыйная мова; блакітны — мова культуры; зялёны — дыяспары
Краіны і тэрыторыі, дзе французская мова мае статус адзінай афіцыйнай мовы
Краіны і тэрыторыі, дзе французская мова мае статус адной з афіцыйных моў
Краіны і тэрыторыі, дзе шырока распаўсюджана французская мова
Краіны і тэрыторыі, дзе ўжываецца французская мова

Міжнародная значнасць правіць

На сённяшні дзень добра прыкметна зніжэнне частаты выкарыстання французскай мовы ў міжнародных арганізацыях. Хоць французская мова захоўвае высокі статус у свеце, выкарыстоўваецца яна ўсё менш і менш. У ААН Агенцтва Франкафоніі мае статус назіральніка з 1995 года. Тым не менш, англійская мова пераважае ў якасці рабочай мовы, нягледзячы на тое, што са 185 краін-членаў ААН 56 з'яўляюцца ўдзельнікамі Франкафоніі, і вялікая частка з іх просіць сакратарыят ААН весці зносіны з імі на французскай мове. Малое выкарыстанне французскай у многім залежыць ад умоў набору персаналу (веданне французскай не з'яўляецца неабходным патрабаваннем), перавагі англамоўнага асяроддзя, і ад бюджэтных скарачэнняў.

У ЕС французская мова з'яўляецца афіцыйнай мовай. Будучыня мовы залежыць ад таго, якое месца яна зойме ў зменлівым ЕС. Далучэнне да ЕС Фінляндыі, Аўстрыі, Швецыі яшчэ больш аслабіла пазіцыі французскай мовы, бо гэтыя краіны пераважна выкарыстоўваюць у якасці сродка зносін англійскую мову. Пашырэнне ЕС прыводзіць да немагчымасці выканання прынцыпу Рымскага дагавора аб тым, што мовы ўсіх краін-членаў з'яўляюцца афіцыйнымі мовамі ЕС[6].

Вядомы французскі лінгвіст Р. Шадэнсонbeen (фр.: Robert Chaudenson) выказаў радыкальную прапанову: захаваць тры рабочыя мовы — англійскую, французскую і нямецкую. На думку былога прэм'ер-міністра Францыі Жаспена: «унутры ЕС захаванне моўнай разнастайнасці з'яўляецца адной з найважнейшых задач. Іменна ад таго, якое месца зойме французская мова ў Еўропе, залежыць тое, наколькі яна захавае сваю прывабную сілу ў свеце. Ні адна мова не можа стаць адзінай мовай зносін у інстытутах ЕС. Іменна таму Францыя вядзе працу, накіраваную на ўзмацненне выкарыстання французскай як рабочай мовы».

Алфавіт правіць

У французскім алфавіце выкарыстоўваюцца 26 пар літар і дыякрытычныя знакі.

Літара Французскае вымаўленне (МФА) Літара Французскае вымаўленне (МФА)
A a ɑ N n ɛn
B b be O o o
C c se P p pe
D d de Q q ky
E e œ R r ɛr
F f ɛf S s ɛs
G g ʒe T t te
H h U u y
I i i V v ve
J j ʒi W w dubləve
K k X x iks
L l ɛl Y y igrɛk
M m ɛm Z z zɛd

Літары з дыякрытыкай: Àà Ââ Çç Èè Éé Êê Ëë Îî Ïï Ôô Ùù Ûû Üü Ÿÿ. Замена літары з дыякрытыкай на літару без дыякрытыкі дапускаецца толькі для вялікіх літар; напісанне малой літары без дыякрытыкі з'яўляецца арфаграфічнай памылкай.

Лігатуры: Ææ Œœ. Літары k, w і лігатура æ (рэдкая і факультатыўныя) выкарыстоўваюцца толькі ў замежных словах. Пры ўпарадкаванні дыякрытычныя знакі не ўлічваюцца (за выключэннем слоў, якія адрозніваюцца толькі імі).

Дыялекты французскай мовы правіць

Групы французскіх дыялектаў[7][8]:

  1. паўночная група: нармандскі, пікардскі, а таксама валонскі дыялект (Бельгія);
  2. заходняя група: анжуйскі, гало ды інш.;
  3. паўднёва-заходняя група: пуацевінскі ды інш.;
  4. цэнтральныя дыялекты: турэнскі, арлеанскі, берыйскі;
  5. паўднёва-ўсходняя група: бургундскі, франш-канційскі;
  6. усходняя група: латарынгскі, шампанскі дыялекты;
  7. франка-правансальскія гаворкі (пераходныя паміж гаворкамі ойль і аксітанскімі).

У аснову літаратурнай французскай мовы лёг франсійскі дыялект (Іль-дэ-Франс).

Сёння на тэрыторыі Францыі назіраецца распад дыялектаў і ўтварэнне рэгіянальных варыянтаў французскай мовы[7].

Прыклады французскіх рэгіяналізмаў:

  • у Канадзе і Швейцарыі замест moufle (рукавічка) кажуць mitaine;
  • у Канадзе пра нешта надзвычай дарагое кажуць dispendieux, а замест англійскага запазычання week-end (выхадныя) ужываюць fin de semaine;
  • у французскай Нармандыі замест poignée de porte (дзвярная клямка) могуць сказаць clenche, замест serpillière (анучка для падлогі) — toile, замест à midi (апоўдні) — ce midi або dans l'heure de midi і г. д.;
  • у французскай Пікардыі замест той жа serpillière (анучка для падлогі) можна пачуць wassingue, якую ў Швейцарыі назавуць panosse, а ў Канадзе — moppe (англіцызм) ці vadrouille;
  • на поўдні Францыі замест emballer (запакаваць) ці envelopper (завярнуць) скажуць plier.

Існуюць таксама нацыянальныя варыянты французскай мовы ў Бельгіі (валонскі дыялект), Швейцарыі, Канадзе, а таксама некаторыя (у асноўным, фанетычныя ды лексічныя) адметнасці ў краінах Афрыкі.

У Луізіяне (ЗША) і на Гаіці, а таксама на Малых Антыльскіх і Маскарэнскіх астравах на аснове французскай мовы склаліся крэольскія мовы.

Адметнасці французскай мовы правіць

У французскай мове ярка выражаныя многія агульныя рысы раманскіх моў.

У фанетыцы і фаналогіі
  • рэдукцыя ненаціскных (асабліва канцавых) галосных
  • змены націскных галосных
  • падзенне інтэрвакальных і канцавых зычных
  • спрашчэнне груп галосных
  • агульнае скарачэнне даўжыні слова

Вакалічная сістэма характарызуецца супрацьстаўленнем галосных па пад'ёме (адкрытыя і закрытыя [е] ды [о]), рада (пярэдні ды задні [а]), лабіялізацыі, назалізацыі, адсутнасцю дыфтонгаў, пазіцыйнай даўжынёй галосных.

Кансанантная сістэма бяднейшая за іншыя раманскія мовы (менш палаталізаваных фанем, адсутнасць афрыкат).

Фанемы вызначаюцца трываласцю дыферэнцыйных прызнакаў, у рэалізацыі — выразнай артыкуляцыяй, адносна невялікімі пазіцыйнымі зменамі.

У французскай мове аксітанальны націск (падае на апошні склад слова, а дакладней, фанетычнага слова). Адметнасць французскага маўлення — утварэнне адзінага фанетычнага слова з агульным націскам з граматычных груп.

Марфалогія

Большая схільнасць французскай мовы да аналітычнага тыпу праяўляецца ў аналітычных формах складаных часоў (passé composé, passé immédiat, future immédiat, plus-que-parfait, passé antérieur, futur antérieur), станаў, ступеней параўнання. Праяўляецца тэндэнцыя да марфалагічнай нязменнасці слова. Адпаведна, такія граматычныя значэнні як род, лік, склон выражаюцца з дапамогай сінтаксісу; часта ўжываюцца службовыя словы (3 віды артыкляў, дэтэрмінатывы (займеннікавыя прыметнікі) mon, ce і г.д., прыдзеяслоўныя займеннікі je, tu, il і г.д., побач з самастойнымі займеннікамі moi, toi, lui).

Сістэму дзеяслова ўтвараюць 4 лады, 3 станы і разгалінаваная сістэма часавых форм, якія выражаюць а) значэнні абсалютнага і адноснага часу, б) актуальнасць дзеяння (passé simple — passé composé) в) абмежаванасць дзеяння ў часе (passé composé — imparfait).

Сінтаксіс

У сінтаксісе французская мова характарызуецца наступнымі тэндэнцыямі:

  • двухсастаўнасць сказа,
  • дзеяслоўнасць выказніка,
  • шырокае выкарыстанне канструкцый S-V-O,
  • сцяжэнне сінтаксічных груп,
  • фіксаваны і прагрэсіўны парадак слоў.
Лексіка

Базавы лексічны фонд складаюць словы лацінскага паходжання (акрамя таго, з літаратурнай лацінскай мовы былі запазычаны многія словаўтваральныя мадэлі і сінтаксічныя звароты), а таксама пэўная колькасць гальскіх (гальскі субстрат) і франкскіх слоў (франкскі суперстрат).

Таксама ў французскай мове шмат запазычанняў з арабскай, англійскай, італьянскай, іспанскай і іншых раманскіх моў. Колькасць запазычанняў у размоўнай французскай мове (прыблізна 35 000 слоў) ацэньваюць у 13 % (гэта 4200 слоў). Рэйтынг запазычанняў выглядае наступным чынам[9]:

  • 1054 слоў — англіцызмы
  • 707 — італьянізмы
  • 550 — старагерманізмы
  • 481 — словы з былых гала-раманскіх моў
  • 215 — арабізмы
  • 164 — германізмы
  • 160 — словы з мёртвай кельцкай мовы
  • 159 — іспанізмы
  • 153 — галандызмы
  • 112 слоў з персідскай мовы і санскрыту
  • 101 слова з моў амерыканскіх індзейцаў
  • 89 слоў азіяцкага паходжання
  • 56 слоў афра-азіяцкага паходжання
  • 55 слоў славянскага і балцкага паходжання
  • 144 слоў з іншых моў.

Адметнай рысай французскай лексікі з'яўляюцца так званыя этымалагічныя дублеты, у асноўным лацінскага паходжання. Гэта словы, якія паходзяць з аднаго кораня, але адно з іх, размоўнае, у выніку моўнай эвалюцыі дэфармавалася, а другое, «навуковае», было запазычана ў адукаваных колах у «чыстым» выглядзе. Сярод этымалагічных дублетаў пераважаюць пары «размоўны» назоўнік / «навуковы» прыметнік, напрыклад:

mère / maternel,
frère / fraternel,
cheveu / capillaire,
foi / fidèle,
froid / frigide,
œil / oculaire,
sûreté / sécurité і г. д.

Пісьмовая французская мова правіць

Французская пісьменнасць грунтуецца на лацінскім алфавіце, да якога дадалі лігатуры і дыякрытычныя знакі.

Пісьмовая форма значна адрозніваецца ад вуснай і вызначаецца схільнасцю да іншага, сінтэтычнага, моўнага тыпу[7]. Гэта звязана з тым, што правапіс французскіх слоў, у асноўным, грунтуецца на гістарычным прынцыпе, а развіццё французскай мовы з 5 ст. характарызавалася пераходам ад сінтэтычнага (класічная лацінская мова) да аналітычнага моўнага тыпу.

Гісторыя французскай мовы правіць

Гісторыя французскай мовы пачынаецца з заваявання Галіі рымскімі войскамі пад камандаваннем Юлія Цэзара ў 58-50 гг. да н.э. У той час насельніцтва Галіі складалі шматлікія кельцкія плямёны, якія размаўлялі на розных мовах. Пасля захопу Галіі пачынаецца доўгі працэс раманізацыі гэтага края, у выніку чаго лацінская мова была прынята галамі. Падчас раманізацыі лацінская мова моцна змянілася. У першую чаргу, гэта закранула яе фанетычную і граматычную сістэмы. Мяркуюць, што найстаражытнейшым тэкстам на romana lingua, старафранцузскай мове, з'яўляюцца «Страсбургскія клятвы» (842)[10]. Першае сведчанне існавання «раманскай мовы» адносіцца да 813 года, калі падчас Турскага сінода епіскапам раяць чытаць пропаведзі на народнай мове, бо іначай іх не разумеюць прыхаджане. Першы мастацкі тэкст на старафранцузскай мове — «Секвенцыя аб святой Еўлаліі»beru (880881), у якой бачаць вялікі ўплыў пікардска-валонскай гаворкі[11].

Адметнасці старафранцузскай мовы

У параўнанні з сучаснай для старафранцузскай характэрна

  • 2 склоны назоўнікаў,
  • радзейшае ўжыванне прыдзеяслоўных займеннікаў,
  • больш свабодны парадак слоў і г. д.
Перыядызацыя французскай мовы
  • V—VIII стст.: гала-раманскі перыяд
  • IX—XIII стст.: старафранцузскі перыяд
  • XIV—XV стст.: сярэднефранцузскі перыяд
  • XVI ст.: ранненовафранцузскі перыяд
  • XVII—XVIII ст.: класічны новафранцузскі перыяд
  • XIX — наш час: сучасны перыяд
Найважнейшыя падзеі ў гісторыі французскай мовы

Знакавыя мастацкія творы на французскай мове правіць

Зноскі правіць

  1. Па ацэнцы "Этналога" на 2012 год. Гл. Французская мова // Этналог (англ.)
  2. Французская мова ў свеце 2014 Архівавана 11 кастрычніка 2017., даклад La Francophonie. (англ.)
  3. Рэйтынг моў па колькасці носьбітаў // Этналог (англ.)
  4. UNESCO Atlas of the World's Languages in Danger
  5. https://en.wal.unesco.org/languages/standard-french / UNESCO Праверана 21 мая 2023.
  6. Treaty of Rome to build a European Economic Community. Архівавана з першакрыніцы 24 ліпеня 2007. Праверана 26 снежня 2014.
  7. а б в Гак В. Г. Французский язык // Лингвистический энциклопедический словарь. 1990. С. 562—563.
  8. Реферовская и др. Французский язык // Языки мира: Романские языки. С. 198.
  9. Henriette Walter, Gérard Walter, Dictionnaire des mots d'origine étrangère, 1998.
  10. Реферовская и др. Французский язык // Языки мира: Романские языки. С. 203.
  11. Шишмарёв В.Ф. Книга для чтения по истории французского языка IX-XV вв. — М.-Л.: Изд-во АН СССР, 1955. — С. 22.

Літаратура правіць

  • Гак В. Г. Французский язык // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: «Советская энциклопедия», 1990. — С. 562—563 (на партале Philology.ru)
  • Французская мова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 461. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16).
  • Реферовская Е. А., Бокадорова Н. Ю., Гулыга О. А., Челышева И. И. Французский язык // Языки мира: Романские языки. — М.: Academia, 2001. — С. 194--249. — ISBN 5-87444-016-X.
  • Rapport 1997—1998 du Haut Conseil de la Francophonie, «État de la francophonie dans le monde», La Documentation française, 1999

Спасылкі правіць