Рэспубліка Конга
Конга, Рэспубліка Конга (фр.: République du Congo) — дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы, на поўнач і поўдзень ад экватара. Плошча 342 тыс. км². Выцягнута з поўначы на поўдзень уздоўж берагоў рэк Конга і Убангі. Мяжуе на поўначы з Камерунам, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай, на ўсходзе і поўдні з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга, на поўдні з Анголай (паўанклаў Кабінда), на захадзе з Габонам, на паўднёвым захадзе абмываецца Атлантычным акіянам.
| |||||
Дэвіз: «Unité, Travail, Progrès» | |||||
Гімн: «La Congolaise» | |||||
Дата незалежнасці | 15 жніўня 1960 (ад Францыі) | ||||
Афіцыйныя мовы | французская (Кітуба — нацыянальная, лінгала — нацыянальная) | ||||
Сталіца | Бразавіль | ||||
Найбуйнейшы горад | Бразавіль | ||||
Форма кіравання | Рэспубліка | ||||
Прэзідэнт | Дэні Сасу-Нгесо | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
64-я ў свеце 342 000 км² 3.3 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2018) • Шчыльнасць |
5 062 021[1] чал. (125-я) 12,8 чал./км² | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам |
$35,319[2] | ||||
ІРЧП (2017) | ▼ 0.606[3] (137-ы) | ||||
Валюта | Франк КФА | ||||
Інтэрнэт-дамен | .cg | ||||
Код ISO (Alpha-2) | CG | ||||
Код ISO (Alpha-3) | COG | ||||
Код МАК | CGO | ||||
Тэлефонны код | +242 | ||||
Часавыя паясы | +1 |
Рэльеф пераважна раўнінны і нізкагорны, карысныя выкапні багатыя і разнастайныя — вялікія запасы нафты і руд каляровых металаў. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны. Уздоўж мяжы з ДР Конга цячэ самая паўнаводная рака Афрыкі — Конга. Прырода адносна слаба ператворана дзейнасцю чалавека, захаваліся некранутыя лясы, балоты, што лічацца адным з самых загадкавых куткоў планеты; вельмі багаты жывёльны свет. У Конга найбольшая ў свеце папуляцыя гарыл.
Першымі насельнікамі сучаснай зямлі Конга былі пігмеі, следам прыйшлі народы банту. Еўрапейцы адкрылі ўзбярэжжа ў 1482, і на працягу стагоддзяў краіна пакутвала ад вывазу рабоў. У 1880 П'ер дэ Браза, у гонар якога названа сённяшняя сталіца, дамовіўся з тубыльцамі аб французскім пратэктараце над Конга. У 1885 годзе ўся краіна стала падуладнай Францыі, а банту былі паступова ліквідаваны. У 1960 Конга стала незалежнай дзяржавай і ў 1960-х – 1980-х будавала сацыялізм. У 1991 у краіне была абвешчана шматпартыйная дэмакратыя.
Прэзідэнцка-парламенцкая ўнітарная рэспубліка. Прэзідэнт Конга Дэні Сасу-Нгесо кіруе краінай з 1979 з перарывам у 1990–1997, такім чынам, з'яўляючыся адным з самых "вопытных" прэзідэнтаў свету. Дзяржаўная мова — французская. Сталіца — Бразавіль.
Насельніцтва — 5,1 млн.чалавек (2018). Прырост высокі, як і ва ўсёй трапічнай Афрыцы. У этнічным складзе пераважаюць народы банту, у рэлігійным — хрысціяне і анімісты. Шчыльнасць насельніцтва невысокая, затое па афрыканскіх мерках вялікія ўдзельная вага гараджан і пісьменнасць жыхароў.
Конга — дастаткова багатая па афрыканскіх мерках краіна. Сакрэт дабрабыту ў даволі значных запасах нафты пры невялікай колькасці насельніцтва. Высокія цэны на нафту дораць Конга "заможныя" гады, за нізкімі цэнамі ідуць гады "нішчымныя". Рэспубліка Конга — член ААН (з 1960), Арганізацыі афрыканскага саюза. У 2019 стала 14-м удзельнікам нафтавага картэлю АПЕК.
Этымалогія
правіцьСваёй назвай краіна абавязана рацэ Конга. Назва ракі паходзіць ад Каралеўства Конга і яго аднайменных насельнікаў — народа конга. Паводле ракі Конга атрымала назву і суседняя, нашмат больш вялікая, Дэмакратычныя Рэспубліка Конга са сталіцай у Кіншасе.
Геаграфія
правіцьРэспубліка Конга знаходзіцца ў Цэнтральнай Афрыцы і цягнецца ад 4° пн.ш. да 5° пд.ш., такім чынам, краіну амаль пасярэдзіне перасякае экватар. На поўначы мяжуе з Камерунам (494 км) і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай (487 км); на ўсходзе і поўдні па рацэ Конга і яе прытоку Убангі праходзіць мяжа з цёзкай, Дэмакратычнай Рэспублікай Конга (1229 км); на поўдні Конга мяжуе з ангольскім (паўанклавам Кабінда), на захадзе праходзіць звілістая, таму надзвычай доўгая, мяжа з Габонам (2567 км). На паўднёвым захадзе на вельмі нязначным працягу Рэспубліка Конга выходзіць да Атлантычнага акіяна (169 км), тым больш вялікае значэнне мае кожная зручная гавань на гэтым ўзбярэжжы. Сталіца краіны, горад Бразавіль, стаіць на рацэ Конга, такім чынам, знаходзячыся на самай мяжы з ДР Конга, акурат насупраць Кіншасы.
У рэльефе дамінуюць плато (Батэке на ўсходзе) і невысокія горы Маюмба, што цягнуцца ў восевай частцы краіны з поўдня на поўнач і дасягаюць вышыні да 1020 м, гара Набемба; на поўначы значныя плошчы займаюць плоскія алювіяльныя раўніны. Уздоўж акіяна цягнецца забалочаная прыбярэжная нізіна. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, калійная соль, свінцовыя, цынкавыя, медныя руды; маюцца невялікія радовішчы фасфарытаў, золата, алмазаў, жалезных, алавяных і вальфрамавых руд.
Клімат гарачы, на поўначы экватарыяльны, пастаянна вільготны з 2 максімумамі ападкаў (сакавік-май, верасень-лістапад), на поўдні субэкватарыяльны з непрацяглым сухім сезонам (чэрвень-верасень). Сярэдняя тэмпература самага цёплага месяца (красавік, радзей сакавік) 24-27 °C, самага халоднага (ліпень, радзей жнівень) 20-25 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год, на крайнім поўдні 1200—1300 мм.
Рачная сетка густая і мнагаводная. Рака Конга і яе галоўныя правыя прытокі Убангі, Санга, Ліквала, Аліма суднаходныя на працягу ўсяго года. Прыбярэжная частка краіны адносіцца да басейна ракі Куілу (у верхнім цячэнні — Ніяры), што сцякае з гор цэнтральнага Конга. Рэкі багатыя на гідраэнергію. Самае вялікае возера — возера Малеба.
У вобласці экватарыяльнага клімату дамінуюць вільготныя экватарыяльныя, субэкватарыяльнага — лістападна-вечназялёныя лясы, што разам займаюць каля 50 % тэрыторыі. На поўначы лясы чаргуюцца з вялізнымі балотамі: у 2014 англійская экспедыцыя адкрыла вялізны тарфянік "памерам з Англію", што раскінуўся і ў суседняе Конга.[4] На поўдні пераважаюць другасныя высакатраўныя саванны (каля 40 % тэрыторыі). Жывёльны свет: гарылы, леапарды, пантэры, на поўначы афрыканскія сланы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Даследванні таварыства аховы прыроды 2006–07 даюць падставу меркаваць, што ў дэпартаменце Санга жыве каля 125 000 заходніх раўнінных гарыл — найбуйнейшая ў свеце папуляцыя гэтых малпаў. Такая шматлікасць тлумачыцца вялікімі абшарамі цяжкапраходных балот, што ратуюць гарыл ад чалавека.
Лесапакрытыя плошчы пад усё больш моцным антрапагенным прэсам імкліва скарачаюцца. Для аховы прыроды створаны нацыянальны парк Адзала і Дымоніка, што ўваходзяць у сусветную сетку біясферных рэзерватаў.
Гісторыя
правіцьПершым насельніцтвам тэрыторыі Рэспублікі Конга былі плямёны пігмеяў. У сярэдзіне ІІ тысячагоддзя да нашай эры тут пасяліліся плямёны банту, якія неўзабаве асвоілі земляробства і рамёствы. Уверх па рацэ Конга банту ўсталявалі сувялі з плямёнамі глыбінных раёнаў цэнтральнай Афрыкі. З супольнасці банту вылучылася этнічная група баконга, што з тае пары была асновай кангалезскага грамадства. Ад часу зараджэння дзяржаўнасці на тэрыторыі краіны існавалі каралеўствы Конга, Лаонга, Нгоё, Тэке і інш.
Першыя еўрапейцы — партугальскія мараплаўцы пад кіраўніцтвам Дыёгу Кау — з'явіліся ў 1482 годзе, пазней тэрыторыя Рэспублікі Конга стала адным з галоўных пастаўшчыкоў рабоў, а вусце ракі Конга — адным з важнейшых рабагандлёвых хабаў. У канцы ХІХ стагоддзя пачалася прамая каланізацыя. У 1880 годзе французскі каланіяльны актывіст П'ер дэ Браза прапанаваў правадыру народнасці батэке дагавор аб французскім пратэктараце, заснаваў умацаваны пост Нкуна (цяпер горад Бразавіль).
Берлінская канферэнцыя 1884-85 гадоў вызначыла межы французскіх уладанняў у басейне ракі Конга, у якіх і была створана калонія Французскае Конга (у 1903 годзе перайменавана ў Сярэдняе Конга). З 1908 года ў складзе федэрацыі Французская Экватарыяльная Афрыка разам з Габонам, Чадам і Убангі-Шары (будучай ЦАР). Горад Бразавіль быў Федэральнай сталіцай. Каланіяльная эканоміка будавалася на эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Конга можа падзякаваць французам за стварэнне інфраструктуры, але і будаўніцтва дарог дорага абышлося краіне: так на будоўлі чыгункі "Конга-Акіян" у 1920-х загінула не менш за 14 000 чалавек.[5] У жніўні 1940 года Конга адна з першых калоній падтрымала рух «Свабодная Францыя», а Бразавіль стаў сімвалічнай сталіцай Свабоднай Францыі.
У 1944 на Бразавільскай канферэнцыі Францыя абвясціла намер перагледзець сваю каланіяльную палітыку. З 1946 года Конга — заморская тэрыторыя Францыі з правам мець мясцовае заканадаўства, з 28 лістапада 1958 года — аўтаномная рэспубліка ў складзе Французскай супольнасці, у 1959 была прынята першая Канстытуцыя.
Першым прэзідэнтам рэспублікі ў снежні 1959 года выбраны кіраўнік Дэмакратычнага саюза абароны афрыканскіх інтарэсаў Фюльбер Юлу, які абапіраўся на народ баконга. 15 жніўня 1960 года абвешчана незалежнасць. Карупцыя, цяжкае эканамічнае становішча сталі прычынай масавых пратэстаў у 1963 годзе, пад націскам якіх Юлу падаў у адстаўку. Прэзідэнтам стаў Альфонс Масамба-Дэба, пад кіраўніцтвам якога быў створаны Нацыянальны Рэвалюцыйны рух (НРР з 1964 года адзіная легальная партыя краіны). У 1966 годзе абвешчаны курс на пабудову сацыялістычнага грамадства. Намаганні Масамба-Дэба ўсталяваць рэжым асабістай улады прывялі да выступлення арміі ў ліпені-жніўні 1968 года, у выніку чаго ўлада перайшла да Нацыянальнага савета рэвалюцыі на чале з Марыянам Нгуабі (з 1969 года прэзідэнт). У снежні 1969 года адбыўся 1-ы з'езд Кангалезскай партыі працы (КПП, пераемніца НРР), а краіна перайменавана ў Народную Рэспубліку Конга. Усталяваны цесныя сувязі з СССР і іншымі сацыялістычнымі краінамі. Пасля забойства Нгуабі ў 1977 годзе прыпынена дзейнасць канстытуцыі, створаны ваенны камітэт КПП на чале з Жаакімам Іомбі-Апанга. У красавіку 1979 года прынятая новая канстытуцыя, прэзідэнтам выбраны Дэні Сасу-Нгесо, які захаваў сувязі з сацыялістычнымі краінамі і палепшыў адносіны з краінамі Захаду, што паспрыяла хуткаму эканамічнаму росту.
З сярэдзіны 1980-х гадоў эканамічныя цяжкасці паглыбіліся. Пачалася паступовая ліберызацыя ўнутранай палітыкі. У 1990 годзе КПП адышла ад марксісцкай ідэалогіі і прыняла сацыял-дэмакратычную праграму, у студзені 1991 годзе ўведзена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах у Нацыянальную Асамблею ў маі 1992 года перамог Панафрыканскі саюз за сацыялістычную дэмакратыю, кіраўнік якога Паскаль Лісуба ў жніўні 1992 года выбраны прэзідэнтам Рэспублікі Конга. Адначасова Сасу-Нгесо захаваў узброеныя атрады, спроба раззброіць якія прывяла да грамадзянскай вайны ў маі-жніўні 1997 года. Пры падтрымцы Анголы прэзідэнтам зноў стаў Сасу-Нгесо. У 2002 годзе Нгесо перамог на першых пасля грамадзянскай вайны прэзідэнцкіх выбарах, у 2009 — на другіх, у 2016 — пасля рэферэндума 2015 года аб зняцці абмежавання колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў і замацавання гэтага рашэння ў новай Канстытуцыі — на трэціх. Падаўляючы пратэсты пасля рэферэндума, Сасу-Нгесо справакаваў узброены канфлікт дэпартаменце Пул, у выніку якога 80 000 чалавек былі вымушаны пакінуць свае дамы.[6]
Дзяржаўны лад і палітыка
правіцьРэспубліка Конга — парламенцка-прэзідэнцкая ўнітарная рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя, зацверджаная на рэферэндуме ў 1992 годзе, змененая ў кастрычніку 2015 у выніку рэферэндума, ініцыяванага прэзідэнтам. Дэ-юрэ шматпартыйная дэмакратыя, палітычнае жыццё Конга апошніх 20 гадоў вельмі моцна (прынамсі, для дэмакратычнай краіны) залежыць ад волі прэзідэнта Дэні Сасу-Нгесо. Новая версія Канстытуцыі зацвердзіла пост прэм'ер-міністра і дэ-юрэ абмежавала ўладу прэзідэнта, пры гэтым дазволіўшы аднаму чалавеку займаць галоўную пасаду неабмежаваную колькасць тэрмінаў. Паводле ацэнак назіральнікаў, і рэферэндумы і прэзідэнцкія выбары у Рэспубліцы Конга не адпавядаюць дэмакратычным стандартам. Палітычны апарат раз'едзены карупцыяй, час ад часу ўскалыхваюцца карупцыйныя скандалы, аднак Сасу-Нгесо называе вынікі расследаванняў еўрапейскіх журналістаў "каланіяльнымі і расісцкімі".[7]
Згодна з Канстытуцыяй, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт — выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў на ўсеагульных выбарах прамым таемным галасаваннем, аднак у сапраўднасці выбары праводзяцца раз на сем гадоў. Ад часу другога з'яўлення Дэні Сасу-Нгесо ў прэзідэнцкім крэсле выбары ператварыліся ў фармальнасць праз адсутнасць якіх-небудзь іншых сур'ёзны'х палітычных фігур. На выбарах 2002, 2009 і 2016 Дэні атрымаў элегантныя перамогі, набраўшы 89,4, 78,6 і 60,2 % галасоў адпаведна. Да 2015 адзін чалавек мог займаць пасаду прэзідэнта толькі два тэрміны запар, у 2015 92 % удзельнікаў рэферэндума выказаліся за адмену гэтага абмежавання. Апазіцыя байкатавала рэферэндум, а яго правядзенне назвала фэйкавым.[8]
Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм'ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам ад партыі, што атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах. Пачынаючы з 1970-х, за невялікім перапынкам у 1992-1997 кіруючай сілай у кангалезскай палітыцы з'яўляецца сацыялістычная Кангалезская патрыя працы, калісьці марксісцка-ленінісцкая, цяпер умерана левая і прапрэзідэнцкая. Шэраг больш дробных партый плывуць у яе кільватары, такім чынам, палітычнае жыццё ў Рэспубліцы Конга не надта багатае на падзеі.
У Конга вельмі моцна парушаюцца правы пігмеяў, якія тут (ды і ў суседніх краінах) часта ад нараджэння належаць банту і разглядаюцца тымі як нейкая свойская жывёла. Разумеючы ўсё дзікунства традыцыі, у снежні 2010 парламент прыняў закон аб захаванні праў карэнных жыхароў краіны, дужа ўхвалены ААН.[9]
Знешняя палітыка
правіцьУ 1960-х – 1980-х Рэспубліка Конга арыентавалася пераважна на краіны сацыялістычнага лагеру. У ХХІ стагоддзі дзяржава праводзіць шматвектарную палітыку, але на першы план — у сілу гістарычнай, моўнай і эканамічнай спадчыны — як і сто гадоў таму, высунулася Францыя.
Адміністрацыйны падзел
правіцьРэспубліка Конга дзеліцца на 12 дэпартаментаў, якія, ў сваю чаргу, складаюца з камун, а тыя — з раёнаў. Спіс дэпартаментаў Рэспублікі Конга:
- Буэнза
- Кювет
- Заходні Кювет
- Пул
- Санга
- Куілу (прыбярэжны)
- Ніяры
- Пуэнт-Нуар (прыбярэжны)
- Лекуму
- Плато
- Лікуала (самы вялікі)
- Бразавіль (сталічны)
Насельніцтва
правіцьНатуральны прырост насельніцтва складае 2,8 % (2018). Міграцыйны складнік дынамікі насельніцтва адмоўны (- 0,3 %), што хаця й крыху запавольвае агульны прырост, дазваляе казаць пра хуткі рост колькасці жыхароў краіны ў цэлым. Сярэдні ўзрост кангалезца — 19,6 гадоў, дзеці і падлеткі да 15 складаюць амаль 42 % насельніцтва.[10] Такім чынам, прызблізна кожныя 25 гадоў колькасць насельніцтва падвойваецца. Тым не менш, сумарны каэфіцыент нараджальнасці скарачаецца (4,26 у 2018 у параўнанні з 5,1 у 2011). Сярэдняя працягласць жыцця ледзь перавышае 60 гадоў (2018).
Амаль усё насельніцтва належыць да моўнай групы банту. На поўдні жывуць народы падгрупы конга (баконга, басунды, бакуньі, бавілі, баёмбэ і іншыя; каля 50 % насельніцтва краіны). У сярэдняй частцы народ тэке (17 %) і блізкія да яго народы. На поўначы найбольш шматлікі народ мбошы (12 %). У трапічных лясах захаваліся плямёны пігмеяў — самых першых жыхароў краіны. У гарадах невялікія групы еўрапейцаў, пераважна французы (да вайны 1997 іх было каля 9000, цяпер на парадак менш); маецца група (каля 30 чалавек) амерыканскіх экспатрыянтаў. Для міжнацыянальнага паразумення маецца агульная мова групы банту, вядомая пад назвай лінгала, таксама распаўсюджаная ў ДР Конга. У вышэйшай адукацыі, навуцы, СМІ выкарыстоўваецца французская мова. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (75 %, пераважна пратэстанты і каталікі) і прыхільнікі мясцовых культаў.
Праз геаграфічнае становішча ў зоне вільготных экватарыяльных лясоў Рэспубліка Конга з'яўляецца адной з самых маланаселеных краін Афрыкі. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва каля 12.5 чал/км². Амаль усе кангалезцы жывуць у паўднёва-заходняй, у тым ліку прыакіянічнай частцы краіны, у той час як залесеная і забалочаная поўнач практычна не заселеная. Менавіта слабое сельскае рассяленне абумовіла тое, што ў гарадах жыве 67 % насельніцтва (2018) — незвычайна высокі для трапічнай Афрыкі паказчык. Найбуйнейшыя гарады: Бразавіль (1,5 млн чал), Пуэнт-Нуар. У сталіцы пражывае трэцяя частка насельніцтва краіны. 70 % насельніцтва сканцэнтравана ў агламерацыях Бразавіля, Пуэнт-Нуара і ўздоўж чыгункі паміж імі.
Эканоміка
правіцьГаспадарка Рэспублікі Конга ўяўляе сабой сумесь натуральнай сельскай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, саматужнай прамымсловасці, нафтавага сектару і сферы паслуг, што ўключае і забюракратызаваны дзяржапарат. У сельскай гаспадарцы занята 35 % працаздольнага насельніцтва, у прамысловасці — 20 %, у сферы паслуг — 44 % (2005). Дзякуючы экспарту нафты, ВУП на душу насельніцтва складае вельмі нават зайздросныя ў трапічнай Афрыцы $ 7300 (2018, па ППЗ). Залежнасць эканомікі ад цэн на нафту на сусветным рынку прыводзіць да гушкання эканамічнага росту/рэцэсій. Так 1980-я і 2000-я сталі часамі поспехаў, калі штогадовы рост ВУП дасягаў 5 %. Апошняе падзенне цаны на чорнае золата прывяло да рэцэсіі ў 2016–2017 гг.. За гэтыя два гады ВУП краіны скараціўся сумарна на 5 %. На інвестыцыйную прывабнасць Рэспублікі адмоўна ўплываюць унутраныя канфлікты: грамадзянская вайна 1997, канфлікт улады з апазіцыяй 2015-2017.
Аснову эканомікі складае нафтаздабыўная прамысловасць, якая пацясніла з першай пазіцыі лясную. Запасы нафты ў Рэспубліцы на 2016 ацэньваюцца ў 1,6 млрд барэляў, здабыча ў тым жа годзе складала 260 тысяч барэляў у суткі.[11] Акрамя нафты, рэспубліка валодае значнымі запасамі разнастайнай мінеральнай сыравіны (золата, жалезнай руды, фасфарытаў), збольшага не кранутымі. У канцы ХХ ст. пачалася распрацоўка прыроднага газу і алмазаў.
У раслінаводстве выкарыстоўваецца ўсяго 1,5 % зямлі, што звязана са складанымі прыроднымі ўмовамі. У ХХІ стагоддзі сельская гаспадарка прыйшла ў поўны заняпад і амаль суцэльна залежыць ад дзяржаўных субсідый. Галоўнай харчовай культурай з'яўляецца касава. У 2009 годзе Рэспубліка Конга здала ў арэнду 200 000 гектараў сваёй зямлі паўднёваафрыканскім белым фермерам, пакрыўджаным зямельнымі рэформамі на радзіме.[12]
60 % экспарту краіны складае сырая нафта, вялікія аб'ёмы экспарту прыходзяцца на драўніну і алмазы. Асноўны пакупнік кангалезскай прадукцыі — Кітай. Імпарт — прадукцыя машынабудавання, лекі, прадукты харчавання; галоўныя партнёры — Кітай, Францыя, Ангола.
Транспартная сістэма, створаная каланіяльнымі ўладамі ў 1920-х–1930-х, эксплуатуецца па сёння практычна без мадэрнізацыі. Аднак у 2010-я ў транспарт, як і паўсюль у Афрыцы, пачалі прыходзіць кітайскія інвестыцыі. У Рэспубліцы каля 1000 км заасфальтаваных дарог (згодна з іншымі крыніцамі – больш за 3 000), 500 км чыгункі Акіян–Конга з вузкай каляінай (1067 мм). Маецца больш за 1000 км воднага шляху па рэках Убангі і Конга. Паміж Бразавілем і Кіншасай курсуе паром. Ніжэй за Бразавіль рака становіцца бурнай і ажно да акіяна суднаходства спыняецца. Найбуйнейшы порт — Пуэнт-Нуар. Два галоўныя аэрапорты — Мая-Мая ў Бразавілі і Понт-Нуар.
Культура
правіцьШкола мастацтва пота-пота — стварэнне жывапісных твораў на афрыканскія тэмы ў еўрапейскім стылі.
Некаторыя цікавінкі
правіць- Паводле мясцовых паданняў, у балотах Конга жыве крыптазаалагічная водная пачвара Макеле-Мбембе.
- Бразавіль ляжыць акурат насупраць Кіншасы праз раку Конга. Гэта адзінае ў свеце месца, дзе сталіцы дзвюх краін знаходзяцца ў межах бачнасці.
Зноскі
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/cf.html
- ↑ https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2017/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=66&pr.y=11&sy=2015&ey=2022&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=634&s=NGDPD%2CNGDPDPC%2CPPPGDP%2CPPPPC&grp=0&a=
- ↑ http://www.hdr.undp.org/en/2018-update
- ↑ https://www.theguardian.com/world/2014/may/27/peat-bog-swamp-congo-brazzaville-discovery
- ↑ https://books.google.by/books?id=uyqepNdgUWkC&pg=PA225&redir_esc=y#v=onepage&q&f=false
- ↑ http://www.thenewhumanitarian.org/special-report/2018/06/18/updated-congo-brazzaville-s-hidden-war
- ↑ https://web.archive.org/web/20090910095830/http://www.fpif.org/fpiftxt/6209
- ↑ https://www.reuters.com/article/us-congo-opposition/congo-opposition-holds-ceremony-for-killed-protesters-idUSKCN0SO24720151030#6gUx7xJL8tLmw1OB.97
- ↑ https://web.archive.org/web/20101124090322/http://www.iwgia.org/sw153.asp
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/cf.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ https://www.eia.gov/beta/international/data/browser/#/?pa=0000000000000000000008&c=ruvvvvvfvtvnvv1urvvvvfvvvvvvfvvvou20evvvvvvvvvnvvuvo&ct=0&tl_id=5-A&vs=INTL.57-6-AFG-BB.A&cy=2016&vo=0&v=H&start=2014&end=2016
- ↑ https://archive.today/20110218183659/http://www.nationalpost.com/news/story.html?id=2130070
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
Рэспубліка Конга на Вікісховішчы |