Насельніцтва Рэспублікі Конга

Насельніцтва Рэспублікі Конга — 5,1 млн.чалавек (2018), на момант жа набыцця незалежнасці (1960) ледзьве набягаў 1 мільён. Прырост высокі, як і ва ўсёй трапічнай Афрыцы. У этнічным складзе пераважаюць народы банту, у рэлігійным — хрысціяне і анімісты. Шчыльнасць насельніцтва невысокая, затое вялікія па афрыканскіх мерках ўдзельная вага гараджан і пісьменнасць жыхароў.

Дэмаграфія правіць

 
Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Натуральны прырост насельніцтва складае 2,8 % (2018). Міграцыйны складнік дынамікі насельніцтва адмоўны (- 0,3 %), што хаця й крыху запавольвае агульны прырост, дазваляе казаць пра хуткі рост колькасці жыхароў краіны ў цэлым. Сярэдні ўзрост кангалезца — 19,6 гадоў, дзеці і падлеткі да 15 складаюць амаль 42 % насельніцтва.[1] Такім чынам, прызблізна кожныя 25 гадоў колькасць насельніцтва падвойваецца. Тым не менш, сумарны каэфіцыент нараджальнасці скарачаецца (4,26 у 2018 у параўнанні з 5,1 у 2011). Сярэдняя працягласць жыцця ледзь перавышае 60 гадоў (2018).

Этнічны склад правіць

 
Настаўніца са школьнікамі

Амаль усё насельніцтва належыць да моўнай групы банту. На поўдні жывуць народы падгрупы конга (баконга, басунды, бакуньі, бавілі, баёмбэ і іншыя; каля 50 % насельніцтва краіны). У сярэдняй частцы народ тэке (17 %) і блізкія да яго народы. На поўначы найбольш шматлікі народ мбошы (12 %). У трапічных лясах захаваліся плямёны пігмеяў — самых першых жыхароў краіны. У гарадах невялікія групы еўрапейцаў, пераважна французы (да вайны 1997 іх было каля 9000, цяпер на парадак менш); маецца група (каля 30 чалавек) амерыканскіх экспатрыянтаў.

Мовы правіць

Для міжнацыянальнага паразумення маецца агульная мова групы банту, вядомая пад назвай лінгала, таксама распаўсюджаная ў ДР Конга. У вышэйшай адукацыі, навуцы, СМІ выкарыстоўваецца французская мова.

Рэлігійны склад правіць

Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (75 %, пераважна пратэстанты і каталікі) і прыхільнікі мясцовых культаў.

Размяшчэнне і рассяленне правіць

Праз геаграфічнае становішча ў зоне вільготных экватарыяльных лясоў Рэспубліка Конга з'яўляецца адной з самых маланаселеных краін Афрыкі. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва каля 12.5 чал/км². Амаль усе кангалезцы жывуць у паўднёва-заходняй, у тым ліку прыакіянічнай частцы краіны, у той час як залесеная і забалочаная поўнач практычна не заселеная. Менавіта слабое сельскае рассяленне абумовіла тое, што ў гарадах жыве 67 % насельніцтва (2018) — незвычайна высокі для трапічнай Афрыкі паказчык. Найбуйнейшыя гарады: Бразавіль (1,5 млн чал), Пуэнт-Нуар. У сталіцы пражывае трэцяя частка насельніцтва краіны. 70 % насельніцтва сканцэнтравана ў агламерацыях Бразавіля, Пуэнт-Нуара і ўздоўж чыгункі паміж імі.

Зноскі