Арганізацыя Аб’яднаных Нацый

(Пасля перасылкі з ААН)

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ААН, United Nations) — міжнародная арганізацыя, створаная для падтрымання і ўмацавання міжнароднага міру і бяспекі, развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. Асновы яе дзейнасці і структура распрацоўваліся ў гады Другой сусветнай вайны кіруючымі ўдзельнікамі антыгітлераўскай кааліцыі.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр
Тып арганізацыі міжнародная міжурадавая арганізацыя[d] і міжнародная арганізацыя
Афіцыйныя мовы руская[3], арабская[3], путунхуа[d][3], англійская[3], французская[3], іспанская[3] і кітайская мова
Кіраўнік Антоніу Гутэрыш
Заснаванне
Дата заснавання 1945[1]
Узнагароды
un.org (англ.)(фр.)(ісп.)(руск.)(кіт.)(ар.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Сцяг ААН

Гісторыя ААН

правіць

Стварэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый стала магчымым у выніку аб’яднання высілкаў дзяржаў у дужанні з фашызмам у перыяд Другой сусветнай вайны.

Папярэднікам ААН была створаная пасля Першай сусветнай вайны Ліга Нацый, якая хоць і абвясціла сваімі мэтамі ў адпаведнасці з Версальскай дамовай «развіццё супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнне міру і бяспекі», але так і не стала эфектыўнай прыладай у іх ажыццяўленні і не змагла перашкодзіць развязванню Другой сусветнай вайны.

Назва «Аб’яднаныя Нацыі» было прапанавана прэзідэнтам ЗША Франклінам Д. Рузвельтам і ўпершыню выкарыстана ў Дэкларацыі Аб’яднаных Нацый, падпісанай 1 студзеня 1942 года, у адпаведнасці з якой прадстаўнікі 26 дзяржаў абавязаліся ад імя сваіх урадаў працягваць сумеснае дужанне супраць краін фашысцкага блоку.

Канчатковы тэкст Статуту ААН быў прыняты на канферэнцыі ў Сан-Францыска, якая праходзіла з красавіка па чэрвень 1945 года, і падпісанай 26 чэрвеня 1945 прадстаўнікамі 50 дзяржаў, уступіў у сілу 24 кастрычніка 1945. Дата ўступа Статуту ў сілу адзначаецца як Дзень Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

 
На карце сінім колерам паказанныя члены ААН, шэрым колерам паказанныя дзяржаўныя ўтварэнні, краіны, мацерыкі, якія па розным прычынам не ўваходзяць у ААН гэта: Антарктыда, Тайвань, Косава, Заходняя Сахара.

У цяперашні час членамі ААН з’яўляюцца 193 дзяржавы[4].

Афіцыйныя і рабочыя мовы ААН

правіць

Для арганізацыі працы органаў у сістэме ААН ўстаноўлены афіцыйныя і рабочыя мовы. Пералік гэтых моў вызначаны ў правілах працэдуры кожнага органа. На афіцыйных мовах выдаюцца ўсе асноўныя дакументы ААН, уключаючы рэзалюцыі. На працоўных мовах выдаюцца стэнаграфічная справаздачы пасяджэнняў і на іх перакладаюцца прамовы, вымаўленых на любой афіцыйнай мове. Афіцыйнымі мовамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з’яўляюцца:

  • Англійская мова. Дзень англійскай мовы ў ААН — 23 красавіка (дзень нараджэння У. Шэкспіра).[5]
  • Французская мова. Дзень французскай мовы ў ААН — 20 сакавіка (Міжнародны дзень франкафоніі)[6]
  • Руская мова. Дзень рускай мовы ў ААН — 6 чэрвеня (дзень нараджэння А. С. Пушкіна)[7]
  • Іспанская мова. Дзень іспанскай мовы ў ААН — 12 кастрычніка («Dia de la Hispanidad» — дзень іспанамоўнай культуры).[8]
  • Кітайская мова. Дзень кітайскай мовы ў ААН — 20 красавіка (прысвечаны Цан Цзе, заснавальніку кітайскай пісьменнасці)[9]
  • Арабская мова. Дзень арабскай мовы ў ААН — 18 снежня (дзень зацвярджэння ў 1973 годзе рашэння аб уключэнні арабскай мовы ў лік афіцыйных і працоўных моў Генеральнай Асамблеі і яе галоўных камітэтаў)[10]

Калі дэлегацыя жадае выступіць на мове, якая не з’яўляецца афіцыйнай, то яна павінна забяспечыць вусны або пісьмовы пераклад выступу на адну з афіцыйных моў.

Мэты і задачы

правіць

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый з’яўляецца цэнтрам вырашэння праблем, з якімі сутыкаецца ўсё чалавецтва. Гэтая дзейнасць ажыццяўляецца супольнымі намаганнямі больш як 30 звязаных з ёй арганізацый, што складаюць сістэму Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і іншыя арганізацыі яе сістэмы займаюцца працай па захаванні правоў чалавека, ахове навакольнага асяроддзя, барацьбе з хваробамі, забеспячэнні развіцця і барацьбе з галечай. Установы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый распрацоўваюць нормы і правілы бяспечных і эфектыўных паветраных і марскіх зносін, спрыяюць удасканаленню тэлекамунікацый і абароне інтарэсаў спажыўцоў, дапамагаюць забяспечваць павагу да правоў інтэлектуальнай уласнасці і каардынуюць размеркаванне радыёчастот. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый з’яўляецца таксама ініцыятарам міжнародных кампаній па барацьбе супраць незаконнага абароту наркотыкаў і тэрарызму. Праз сваю дзейнасць ва ўсіх рэгіёнах свету Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і яе ўстановы дапамагаюць бежанцам і ажыццяўляюць праграмы размініравання, дапамагаюць палепшыць якасць пітной вады і павялічыць аб’ём вытворчасці харчавання, даюць пазыкі краінам, якія развіваюцца, і дапамагаюць стабілізаваць фінансавыя рынкі.

Функцыянаванне ААН

правіць

Агульныя прынцыпы

правіць

Калі дзяржавы становяцца членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, яны прымаюць на сябе абавязацельствы, выкладзеныя ў Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які з’яўляецца міжнароднай дамовай, дзе адлюстраваныя асноўныя прынцыпы міжнародных зносін. Згодна са Статутам, дзейнасць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый мае чатыры мэты: падтрымліваць міжнародны мір і бяспеку, развіваць сяброўскія стасункі паміж нацыямі, ажыццяўляць міжнароднае супрацоўніцтва ў вырашэнні міжнародных праблем і ў заахвочванні павагі да правоў чалавека, а таксама быць цэнтрам для ўзгаднення дзеянняў нацый у дасягненні гэтых агульных мэтаў.

Члены Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — сувярэнныя дзяржавы. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый не з’яўляецца сусветным урадам і не прымае законаў. Аднак яна выдзяляе сродкі, што дапамагаюць урэгуляваць міжнародныя канфлікты і распрацаваць палітыку па пытаннях, якія тычацца ўсіх нас. У Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ўсе дзяржавы-члены — вялікія і малыя, багатыя і бедныя, з рознымі палітычнымі поглядамі і сацыяльнымі сістэмамі — маюць права голасу і ўдзельнічаюць у галасаванні.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый мае шэсць галоўных органаў. Пяць з іх — Генеральная Асамблея, Савет Бяспекі, Эканамічны і сацыяльны савет, Савет па Апецы і Сакратарыят — размяшчаюцца ў Цэнтральных установах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку, шосты орган — Міжнародны Суд — знаходзіцца ў Гаазе, Нідэрланды.

Генеральная Асамблея

правіць

Усе дзяржаваы-члены Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прадстаўленыя ў Генеральнай Асамблеі — пэўнага кшталту сусветным парламенце, на пасяджэннях якога разглядаюцца найбольш надзённыя праблемы чалавецтва. Кожная дзяржава-член мае адзін голас. Рашэнні па «важных пытаннях», такіх, як рэкамендацыі адносна падтрымання міжнароднага міру і бяспекі, прыняцце новых членаў альбо зацвярджэнне бюджэту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, уключаючы і бюджэты аперацый па падтрыманні міру, прымаюцца большасцю ў дзве трэці галасоў. Рашэнні па іншых пытаннях прымаюцца простай большасцю галасоў. У апошнія гады прыкладаюцца асаблівыя намаганні, скіраваныя на тое, каб рашэнні Асамблеі прымаліся на падставе кансенсусу, а не афіцыйнага галасавання.

Асамблея не можа навязваць дзяржавам свае рашэнні, але яе рэкамендацыі маюць важнае значэнне, бо адлюстроўваюць сусветнае грамадскае меркаванне і з’яўляюцца маральным імператывам міжнароднае супольнасці.

Чарговыя штогадовыя сесіі Асамблеі праводзяцца ў перыяд з верасня па снежань. У выпадку неабходнасці Асамблея можа працягваць сваю працу на адноўленай сесіі альбо праводзіць спецыяльныя ці надзвычайныя сесіі па тых пытаннях, што выклікаюць асаблівую заклапочанасць. У перыяд паміж сесіямі Асамблеі яе праца працягваецца ў яе шасці галоўных камітэтах, іншых дапаможных органах і ў Сакратарыяце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Савет Бяспекі

правіць

Згодна са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Рада Бяспекі нясе асноўную адказнасць за падтрыманне міжнароднага міру ды бяспекі і можа склікацца ў любы час дня і ночы ў выпадку ўзнікнення пагрозы міру.

Рада складаецца з 15 членаў. Пяць з іх — Кітай, Расійская Федэрацыя, Вялікабрытанія, ЗША і Францыя — з’яўляюцца пастаяннымі членамі. Астатнія 10 членаў Рады выбіраюцца Генеральнай Асамблеяй на двухгадовы тэрмін. У апошнія гады ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый абмяркоўваецца пытанне аб змяненні членскага складу Рады, дзеля таго каб ён адлюстроўваў сучасныя палітычныя і эканамічныя рэаліі.

Рашэнні Рады лічаць прынятымі, калі за іх пададзеныя галасы дзевяці яе членаў. За выключэннем галасавання па працэдурных пытаннях, рашэнне не можа быць прынятым, калі нехта з пастаянных членаў Рады прагаласуе супраць, г.зн. выкарыстае сваё права вета. Рашэнні Рады абавязковыя для ўсіх дзяржаў-членаў.

Калі Радзе паведамляюць пра ўзнікненне пагрозы міжнароднаму міру, яна спачатку разглядае шляхі мірнага ўрэгулявання спрэчкі. Рада можа выпрацаваць прынцыпы ўрэгулявання альбо выступіць у якасці пасрэдніка. У выпадку развязвання баявых дзеянняў Рада прыкладае намаганні па іх спыненні. Яна можа таксама накіраваць міратворчую місію, каб дапамагчы бакам захаваць перамір’е альбо забяспечыць раз’яднанне варагуючых сіл.

Рада можа прымаць меры дзеля таго, каб забеспячыць выкананне прынятых ёю рашэнняў. Яна можа ўводзіць эканамічныя санкцыі альбо ўстанаўліваць эмбарга на пастаўкі зброі. У рэдкіх выпадках для забеспячэння выканання прынятых ёй рашэнняў Рада ўпаўнаважвала дзяржавы-члены выкарыстоўваць «усе неабходныя сродкі», уключаючы супольныя ваенныя дзеянні.

Рада таксама прадстаўляе Генеральнай Асамблеі рэкамендацыі адносна кандыдатуры на пасаду Генеральнага сакратара і адносна прыёму ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый новых членаў.

Эканамічны і Сацыяльны Савет

правіць

Эканамічная і Сацыяльная Рада дзейнічае пад агульным кіраўніцтвам Генеральнай Асамблеі і каардынуе дзейнасць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ды ўстаноў яе сістэмы ў эканамічнай і сацыяльнай сферах. Выконваючы функцыю галоўнага форуму для абмеркавання міжнародных эканамічных ды сацыяльных праблем і выпрацоўкі рэкамендацый у дачыненні да палітыкі ў гэтых галінах, Рада мае вялікае значэнне ва ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця. У сваёй працы Рада кансультуецца з адпаведнымі няўрадавымі арганізацыямі (НУА), падтрымліваючы гэтым жыццёва важную сувязь паміж Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый і грамадзянскай супольнасцю.

У склад Рады ўваходзяць 54 члены, якія абіраюцца Генеральнай Асамблеяй на тры гады. Штогод Рада праводзіць — напераменку ў Нью-Ёрку і Жэневе — сваю сесію працягласцю ў адзін месяц. Падчас сесіі праводзіцца спецыяльнае пасяджэнне на ўзроўні міністраў для абмеркавання найважнейшых эканамічных і сацыяльных пытанняў, а, пачынаючы з 1998 года, ў межах сесіі праводзіцца і этап разгляду гуманітарных пытанняў.

На працягу года праца Рады вядзецца ў яе дапаможных органах, якія рэгулярна праводзяць свае пасяджэнні і робяць справаздачу перад Радай. Напрыклад, Савет па правах чалавека ААН ажыццяўляе кантроль за выкананнем правоў чалавека ва ўсіх краінах свету. Іншыя органы займаюцца пытаннямі сацыяльнага развіцця, становішча жанчын, папярэджання злачыннасці, барацьбы з наркаманіяй і аховы навакольнага асяроддзя. Пяць рэгіянальных камісій садзейнічаюць эканамічнаму развіццю і ўмацаванню эканамічных адносін у сваіх рэгіёнах.

Савет па Апецы

правіць

Рада па Апецы была створана, каб забяспечыць міжнароднае назіранне за 11 падапечнымі тэрыторыямі, што знаходзіліся пад кіраваннем 7 дзяржаў-членаў, а таксама каб гарантаваць рэалізацыю намаганняў, неабходных для падрыхтоўкі гэтых тэрыторый да самакіравання альбо незалежнасці. Да 1994 года ўсе падапечныя тэрыторыі перайшлі да самакіравання альбо сталі незалежнымі ці ў якасці самастойных дзяржаў, ці праз далучэнне да суседніх незалежных дзяржаў. У той жа перыяд падапечная тэрыторыя Ціхаакіянскія астравы (Палау), якая знаходзілася пад кіраўніцтвам Злучаных Штатаў, перайшла да самакіравання.

Паколькі праца Рады па Апецы, у склад якой цяпер уваходзяць пяць пастаянных членаў Рады Бяспекі, у асноўным выкананая, правілы яе працэдуры былі змененыя такім чынам, каб яна магла праводзіць свае пасяджэнні адно ў выпадках, калі гэтага патрабуюць абставіны. Нядаўна Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Кофі Анан прапанаваў дзяржавам-членам пераўтварыць Раду ў форум для ажыццяўлення іх калектыўнай апекі над навакольным асяроддзем планеты, а таксама для таго, каб яна забяспечвала сувязь паміж Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый, дзяржаўным і прыватным сектарамі і добраахвотнікамі.

Міжнародны Суд

правіць

Міжнародны Суд, вядомы таксама як Сусветны суд, з’яўляецца галоўным судовым органам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Ён складаецца з 15 суддзяў, якіх абіраюць Генеральная Асамблея і Рада Бяспекі, і займаецца ўрэгуляваннем спрэчак паміж дзяржавамі. Удзел дзяржаў у судовых разбіральніцтвах з’яўляецца добраахвотным, але калі дзяржава згаджаецца на гэта, яна абавязаная падпарадкоўвацца рашэнню Суда. Суд таксама займаецца падрыхтоўкай кансультатыўных высноваў на запыты Генеральнай Асамблеі і Рады Бяспекі.

Сакратарыят

правіць

Сакратарыят праводзіць аператыўную і адміністрацыйную працу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у адпаведнасці з указаннямі Генеральнай Асамблеі, Савета Бяспекі і іншых органаў. На чале яго стаіць Генеральны сакратар, які набірае штат супрацоўнікаў, неабходных для працы Арганізацыі, і забяспечвае агульнае адміністрацыйнае кіраванне.

У цяперашні час Сакратарыят складаецца з дзевяці дэпартаментаў і шэрагу ўпраўленняў, у якіх працуюць 8700 чалавек амаль са 160 краін свету. Апрача Цэнтральных устаноў, што размяшчаюцца ў Нью-Ёрку, аддзяленні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ёсць у Жэневе, Вене і Найробі.

Сістэма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый

правіць

Міжнародны валютны фонд, Сусветны банк і дванаццаць іншых незалежных арганізацый, якія называюць «спецыялізаванымі ўстановамі», звязаны з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый праз адпаведныя дамовы аб супрацоўніцтве. Усе гэтыя ўстановы, уключаючы Сусветную арганізацыю аховы здароўя і Міжнародную арганізацыю цывільнай авіяцыі, з’яўляюцца самастойнымі органамі, створанымі на аснове міжурадавых пагадненняў. На іх ускладзены шырокі дыяпазон міжнародных функцый у эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сферах, а таксама ў галіне адукацыі, аховы здароўя і іншых. Некаторыя з іх, напрыклад Міжнародная арганізацыя працы і Сусветны паштовы саюз, старэйшыя за саму Арганізацыю Аб’яднаных Нацый. Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі таксама звязанае з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый спецыяльнай дамовай.

Апрача гэтага, цэлы шэраг упраўленняў, праграм і фондаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый — такіх, як Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў (УВКБ), Праграма развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ПРААН) альбо Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), займаюцца паляпшэннем сацыяльных і эканамічных умоў ва ўсіх рэгіёнах свету. Гэтыя органы робяць справаздачы Генеральнай Асамблеі альбо Эканамічнай і Сацыяльнай Радзе.

Усе гэтыя арганізацыі маюць свае ўласныя кіраўнічыя органы, бюджэты і сакратарыяты. Разам з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый яны складаюць адзіную сям’ю, або сістэму Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Агульнымі і ўсё больш скаардынаванымі намаганнямі гэтых арганізацый і ажыццяўляецца іх шматгранная праграма дзеянняў.

Дзейнасць

правіць

Міратворчыя аперацыі

правіць

Важным інструментам падтрымання міру і міжнароднай бяспекі з’яўляюцца міратворчыя аперацыі ААН[11]. Іх дзейнасць вызначана побач рэзалюцый Генеральнай Асамблеі, прынятых у адпаведнасці са Статутам Арганізацыі. У самым Статуце ААН правядзенне міратворчых аперацый не прадугледжана. Аднак яны могуць быць абумоўлены мэтамі і прынцыпамі ААН, таму Савет Бяспекі рэгулярна разглядае пытанні аб неабходнасці той ці іншай міратворчай місіі. Ажыццяўленне міратворчай аперацыі ААН можа выяўляцца ў:

  • Расследаванні інцыдэнтаў і правядзенні перамоваў з канфліктуючымі бакамі з мэтай іх прымірэння;
  • Праверцы выканання дамоўленасці аб спыненні агню;
  • Садзейнічанні падтрыманню законнасці і правапарадку;
  • Прадастаўленні гуманітарнай дапамогі;
  • Назіранні за сітуацыяй.

Першай міратворчай місіяй ААН быў кантроль за перамір’ем, дасягнутым у араба-ізраільскім канфлікце ў 1948 годзе. Таксама вядомыя правядзенне міратворчых місій на Кіпры (у 1964 годзе — для спынення ваенных дзеянняў і аднаўлення парадку), у Грузіі (у 1993 годзе — для ўрэгулявання грузіна-абхазскага канфлікту), Таджыкістане (у 1994 годзе — для ўрэгулявання рэлігійнага канфлікту), а таксама міратворчыя місіі ААН, накіраваныя ў Югаславію, Руанду і Самалі.

Правы чалавека

правіць

10 снежня 1948 года Генеральная Асамблея ААН прыняла і абвясціла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, пасля чаго рэкамендавала ўсім дзяржавам-сябрам апублікаваць тэкст Дэкларацыі шляхам «распаўсюджвання, абвяшчэння і растлумачэння, галоўным чынам у школах і іншых навучальных установах, без якога б там ні было адрознення, заснаванага на палітычным статусе краін або тэрыторый».

Аказанне гуманітарнай дапамогі

правіць

Гуманітарныя катастрофы могуць адбыцца ў любым месцы і ў любы час. Які б ні была іх прычына — паводка, засуха, землятрус або канфлікт, — яны заўсёды вядуць да гібелі людзей, перамяшчэнню насельніцтва, страты суполкамі здольнасці сваімі сіламі забяспечваць сваё існаванне і прыносяць велізарныя пакуты. У краінах, якія на працягу доўгага часу падвяргаюцца стыхійным бедствам або апраўляюцца ад канфлікту, гуманітарная дапамога ўсё больш разглядаецца як адзін з элементаў агульных намаганняў па забеспячэнні мірабудаўніцтва разам з дапамогай у галіне развіцця, палітычнай і фінансавай дапамогай. Мабыць, самым драматычным стыхійным бедствам ў апошнія гады стала землетрасенне ў Індыйскім акіяне, якое выклікала цунамі. Рана раніцай у нядзелю, 26 снежня 2004 года, у заходняга ўзбярэжжа паўночнай часткі Суматры адбылося моцнае землетрасенне магутнасцю 9,0 бала па шкале Рыхтэра, якое прывяло да ўзнікнення вялізнага цунамі, якое дасягала ў вышыню 10 м і рухалася па паверхні Індыйскага акіяна з хуткасцю 500 км/г. Цунамі абрынулася на прыбярэжныя раёны Індыі, Інданезіі, Шры-Ланкі, Тайланда, Мальдыўскіх Астравоў, М’янмы, на Сейшэльскія астравы і Самалі. Было падлічана, што па стане на красавік 2005 года больш за 217 тыс. чалавек загінулі, 51 тыс. прапалі без вестак і больш за паўмільёна чалавек засталіся без прытулку.

Арганізацыі сістэмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый пачалі неадкладна прымаць меры, імкнучыся задаволіць цэлы шэраг гуманітарных патрэбаў, у тым ліку ў такіх галінах, як сельская гаспадарка, каардынацыя і дапаможнае абслугоўванне, аднаўленне эканомікі і інфраструктуры, адукацыя, забеспячэнне сем’яў жыллём і нехарчовымі таварамі, харчаванне, ахова здароўя, меры, звязаныя з размініраваннем, абарона правоў чалавека і забеспячэнне вяршэнства права, бяспека і водазабеспячэнне і санітарыя. З гэтай мэтай 5 студзені 2005 быў зроблены «экстраны прызыў» да мабілізацыі 977 млн дол. ЗША для фінансавання найважнейшых работ па аказанні дапамогі, якія ажыццяўляюцца прыкладна 40 ўстановамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і няўрадавымі арганізацыямі (НУА). А 1 лютага Генеральны сакратар прызначыў былога прэзідэнта ЗША Клінтана сваім Спецыяльным пасланнікам ў краінах, якія пацярпелі ад цунамі.

Адлюстраванне ў культуры

правіць
  • У мультсерыяле Футурама дзейнічае DOOP — дэмакратычны саюз планет (англ.: Democratic Order of Planets, DOOP), створаны ў 2945 годзе пасля Другой галактычнай вайны (алюзія на стварэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ў 1945 годзе пасля Другой сусветнай вайны). У гэтую арганізацыю ўваходзіць Зямля і мноства іншых светаў. Насельнікі планеты Омікрон Персей VIII часта ўступаюць у канфлікт з DOOP. Лагатып DOOP («doop») з’яўляецца амбіграмай. Нягледзячы на DOOP, міжпланетныя сувязі слабыя, пастаянна адбываюцца вайны і ўварванні (як правіла, дрэнна спланаваныя) і сутыкненні па дурных або адсутным прычынах.
  • У 2014 годзе выйшла гумарыстычная перадача «Арганізацыя Вызначаных Нацый», удзельнікі якой жартуюць на самыя актуальныя і надзённыя тэмы.

Галерэя

правіць

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. а б ROR Data — v1.19 — 2023. — doi:10.5281/ZENODO.7644942
  2. а б Global LEI index Праверана 17 верасня 2024.
  3. а б в г д е https://www.un.org/en/our-work/official-languages
  4. Рэспубліка Паўднёвы Судан стала 193-й дзяржавай — членам ААН // Вэб-сайт ААН
  5. День английского языка в ООН — 23 апреля (день рождения У. Шекспира). http://www.un.org/en/events/englishlanguageday/
  6. День французского языка в ООН — 20 марта http://www.un.org/fr/events/frenchlanguageday/
  7. День русского языка в ООН — 6 июня http://www.un.org/ru/events/russianlanguageday/
  8. День испанского языка в ООН — 12 октября http://www.un.org/es/events/spanishlanguageday/
  9. День китайского языка в ООН — 20 апреля http://www.un.org/zh/events/chineselanguageday/
  10. День арабского языка в ООН — 18 декабря http://www.un.org/ar/events/languageday/ — 18 декабря
  11. Операции ООН по поддержанию мира

Спасылкі

правіць
  • un.org (англ.)(фр.)(ісп.)(руск.)(кіт.)(ар.) — афіцыйны сайт