Мана́ка (фр.: Monaco), Кня́ства Мана́ка (фр.: Principauté de Monaco) — княства, горад-дзяржава ў Паўднёвай Еўропе. Мае выхад да Міжземнага мора, на сушы мяжуе з Францыяй. Адна з шасці карлікавых дзяржаў Еўропы.

Княства Манака
фр.: Principauté de Monaco
Герб Манака
Сцяг Манака Герб Манака
Дэвіз: «Deo Juvante
(лац.: «З Божай дапамогай»
Гімн: «Hymne Monégasque»
Дата незалежнасці 8 студзеня 1297 (ад Генуі)
Афіцыйная мова французская
Сталіца Манака[1]
Найбуйнейшыя гарады Манака/Манака-Віль, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв'ей
Форма кіравання Дуалістычная канстытуцыйная манархія
Князь
Дзяржаўны міністр
Альбер II
Мішэль Ражэ
Дзярж. рэлігія Хрысціянства (каталіцтва)
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні

2,02[2] км²
0
Насельніцтва
• Ацэнка (2011)
Шчыльнасць

35 986[3] чал.
17 814.85 чал./км²
ВУП
  • Разам (2011)
  • На душу насельніцтва

$6 109 млн
$169 694
Валюта Еўра¹
Інтэрнэт-дамен .mc
Код ISO (Alpha-2) MC
Код ISO (Alpha-3) MCO
Код МАК MON
Тэлефонны код +377
Часавыя паясы +1
¹да 1999 года французскі франк і манегаскі франк
Карта краіны

Дзяржаўны лад правіць

Манака — канстытуцыйная манархія (з 1911 года). Дзейсная канстытуцыя прынятая ў 1962 годзе. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканадаўчая ўлада належыць Нацыянальнаму савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5-гадовы тэрмін. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які вылучаецца на гэту пасаду французскім урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.

Прырода правіць

 

Княства займае частку Блакітнага берага Міжземнага мора і паўднёвыя схілы прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Вышыня да 145 м над узроўнем мора. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя тэмпература студзеня — +8 °С, ліпеня — +23 °С. Ападкаў за год выпадае прыблізна 800 мм. Амаль уся тэрыторыя краіны занятая гарадской забудовай. На стромых схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, кустоўе маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусветна вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.

Насельніцтва правіць

Карэнныя жыхары — манегаскі, жыве шмат французаў і італьянцаў, таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Пераважная колькасць жыхароў краіны — каталікі.

Гісторыя правіць

У X—IX ст. да н.э. на тэрыторыі Манака (назва, імаверна, паходзіць ад праіндаеўрапейскага кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандлёвая прыстань, крэпасць) з VIII—VI ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). 3 II ст. да н.э. тэрыторыя Манака ўваходзіла ў Рымскую імперыю, пазней тут панавалі арабы, з ХІ ст. н.э. — генуэзцы, якія ў 1215 годзе пабудавалі тут крэпасць. У 1346 годзе паўстала асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 годзе ў Манака замацавалася генуэзская дынастыя Грымальдзі. 3 1524 года княства Манака было падуладнаю тэрыторыяй Іспаніі, аднак фармальна захоўвала сваю аўтаномію. У 1641 годзе ў выніку народнага паўстання княства перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 годзе княства па жаночай лініі перайшло да Дж. Ф. Л. Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III ([1731-93). У 1793 годзе княства было анексавана Францыяй. Аднаўленне аўтаномнага статусу адбылося на падставе Парыжскага мірнага дагавора 1814 года. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814-15 гадоў, Манака было перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 года зрынула ў Манака княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучыліся да Францыі гарады Мянтона і Ракбрун. У 1849 годзе сардзінскія войскі аднавілі манархію, але Манака перастала быць пратэктаратам Сардзініі. У 1860 годзе пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі князь Карл III (1856-89) пагадзіўся на французскі пратэктарат над Манака, у 1861 годзе за 4 млн франкаў фармальна саступіў Францыі свае правы на Мянтону і Ракбрун. Паводле манакска-французскага дагавору 2 лютага 1861 года Францыя прызнала незалежнасць Манака. У 1865 годзе паміж Манака і Францыяй пачаў дзейнічаць мытны саюз. У 1861—1910 гадах у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля будаўніцтва чыгункі паміж Манака і Францыяй (1868) стаў адной з галоўных крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 годзе ў Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнародны цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.

У 1911 годзе пры князю Альберту I (1889—1922) была прынятая канстытуцыя, паводле якой Манака абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нацыянальны савет. Паводле дамовы 1918 года Францыя атрымала права трымаць на тэрыторыі Манака войскі і зацвярджаць заключаныя Манака міжнародныя пагадненні. У 2-ю сусветную вайну Манака акупавалі нямецкія войскі (1942—1944). 3 1949 па 2005 год ў княстве кіраваў князь Рэнье III. У 1962 годзе прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нацыянальнага савета. Выканаўчая ўлада перададзеная Урадаваму савету, быў створаны Каронны савет.

Гаспадарка правіць

Манака — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Аснова эканомікі — гандлёва-фінансавая дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прамысловасці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнародным банкам шырока выкарыстоўваць Манака для фінансавых аперацый (дзейнічае каля 800 міжнародных кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысловыя, гандлёвыя і фінансавыя прадпрыемствы, у якіх доля капіталу Манака перавышае 25 %, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў Манака намнога меншыя, чым у іншых краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. Манака — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асноўныя дзяржаўныя даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш., а таксама ад турызму.

Склалася сучасная індустрыяльная база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прамысловасці (у т.л. электратэхнічная і радыёэлектронная, дакладнае машынабудаванне, хіміка-фармацэўтычная, швейная, харчовая. Ажыццяўляецца выпуск паштовых марак, малая металургія, вытворчасць ювелірных вырабаў, сувеніраў.

Электраэнергію Манака атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невялікія вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства.

Манака ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысловыя вырабы, у імпарце — харчовыя і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — французскі франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.

Транспарт правіць

У Манака 1,7 км чыгункі і каля 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз Манака праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). Ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнародны аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невялікія гандлёвыя судны і яхты.

Славутасці правіць

Акіянаграфічны інстытут з музеем і акварыумам, міжнароднае гідраграфічнае бюро. Антрапалагічны дагістарычны музей. Батанічны сад. Жылыя кварталы і тэрасавыя сады (XVI—XVIII ст.), Княжацкі палац у Манака (XVI—XIX ст) з фрагментамі крэпасці XIII—XIX ст., капэла Ла Мізерыкорд (XVII ст.).

Турызм правіць

Манака штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў. Турыстаў прываблівае ў Манака сонечнае надвор’е, марскія купанні, архітэктурныя і гістарычныя помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнародныя тэнісныя турніры, аўтамабільныя ралі Монтэ-Карла, міжнародныя спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, музычныя і цыркавыя фестывалі і інш. 3-за нізкіх падаткаў у Манака жывуць многія багатыя людзі, у т.л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў.

Міжнароднае супрацоўніцтва правіць

Манака — член ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і іншых міжнародных арганізацый. У Манака знаходзіцца штаб-кватэра Міжнароднай гідраграфічнай арганізацыі.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Манака / І. Афнагель і інш. // БелЭн у 18 т. Т. 10. — Мн., 2000.

Спасылкі правіць