Манега́скі (саманазва: Munegasche) — раманскі народ, карэнныя жыхары Манака. Агульная колькасць у Манака (2013 г.) — 4880 чал. (16 % насельніцтва). Акрамя таго, жывуць у Францыі і іншых краінах свету.

Манегаскі
(Munegasche)
Княжая сям'я, каля 1730 г.
Агульная колькасць 4880 (2013)
Рэгіёны пражывання Манака
Мова манегаская
Рэлігія каталіцызм
Блізкія этнічныя групы італьянцы, французы

Гісторыя

правіць

Назва манегаскаў утворана ад назвы іх краіны Манака, якая, як лічаць, паходзіць ад храма Геракла Монайкаса (стар.-грэч.: Ἡρακλέης μόνοικος), пабудаванага тут грэчаскімі каланістамі ў пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. У антычнасці скала і порт Манака былі населены лігурамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі. У 1215 г. імператар Свяшчэннай Рыімскай імперыі перадаў скалу ў кіраванне генуэзцам. У 1269 г. рэспубліканцы выгналі з Генуі княжую сям’ю Грымальдзі. У 1297 г. Францыск Грымальдзі падманам захапіў Манака. У 1301 г. генуэзцы выгналі захопнікаў, але ў 1331 г. Карл I Грымальдзі вярнуў гэтую мясцовасць. Ён заключыў мір з Генуяй і кампенсаваў страты сям’і Спінола, якая таксама прэтэндавала на скалу і бліжэйшую бухту.

Да XX ст. княства Манака з-за яго малых памераў не мела вялікага насельніцтва. Большасць жыхароў складалі нашчадкі выхадцаў з Генуі і Праванса. У 17931814 гг. Манака ўваходзіла ў склад Францыі, пазней знаходзілася пад пратэктаратам Сардзініі і Францыі. У 1869 г. для прыцягнення інвестыцый былі адменены падаткі, пачалі будавацца казіно. У наш час большасць жыхароў Манака складаюць іншаземцы, у паўсядзённым жыцці пераважаюць французская і англійская мовы. Але толькі манегаскі маюць права ўдзельнічаць у выбарах і маюць перавагу ў заняцці афіцыйных пасад.

Родная мова манегаскаў належыць да лігурыйскага дыялекту італьянскай мовы, які зведаў моцны ўплыў аксітанскай мовы. Яна выкладаецца ў дзяржаўных школах Манака.

Традыцыі

правіць

Большасць манегаскаў — каталікі. Каталіцызм з’яўляецца афіцыйнай рэлігіяй. Святой заступніцай Манака лічыцца мучаніца Дэвота з Корсікі. Згодна з паданнем, пасля яе смерці яна была пакладзена ў лодку, якую марскія хвалі прыбілі да берага Манака. Дзень яе смерці, 26 студзеня, з’яўляецца нацыянальным святам. У гэты дзень прадстаўнік княжай сям’і падпальвае лодку ў касцёле Святой Дэвоты, дзе захоўваюцца яе рэшткі. Таксама афіцыйна адзначаюць іншыя важныя каталіцкія святы, 1 мая і Новы год.

Манархі Манака падтрымліваюць цесныя сувязі са сваімі падданымі. Усе дарослыя манегаскі запрашаюцца ў палац, каб сумесна адзначыць найбольш важныя падзеі княжай сям’і. Усе дванаццацігадовыя дзеці бясплатна наведваюць калядны баль у палацы, дзе атрымоўваюць падарункі.

Манегаскі славяцца сваёй кухняй, якая ўвабрала міжземнаморскія і французскія традыцыі. Нефармальна нацыянальным напоем лічыцца шампанскае. У Манака папулярныя розныя віды спорту, асабліва гонкі на аўтамабілях. З 1950 г. у гэтай краіне праводзіцца гран-пры Манака.

Спасылкі

правіць