Імператар
Імпера́тар, ж.р.: імператры́ца (лац.: imperator — валадар), манархічны тытул.
Спачатку — ганаровы тытул галоўнакамандуючага рымскай арміі, над якою меў imperium — камандаванне. З часу Другой Пунічнай вайны тытул імператара сталі даваць пасля першай вялікай перамогі, першым яго атрымаў Сцыпіён Афрыканскі.
Юлій Цэзар насіў тытул імператара, не аддзяляючы яго ад афіцыйных тытулаў. Ад праўлення Аўгуста тытул імператара займеў манархічны характар, як найменне галавы дзяржавы. Пачынаючы праўленнем Дыяклетыяна, на чале Рымскай імперыі стаялі два імператары з тытуламі аўгустаў.
З падзеннем Заходняй Рымскай імперыі (476) тытул імператара захаваўся ва Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі). Усходнерымскіая імператары заўсёды лічылі толькі сябе сапраўднымі спадкаемцамі імператарскага тытула.
У Заходняй Еўропе тытул імператара быў узноўлены Карлам Вялікім (800), у выглядзе Imperator Augustus. Кароль германскі Атон I (962) аб'явіў сябе імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пазней тытул імператара атрымлівалі манархі іншых дзяржаў. Першым у Новы час тытул імператара атрымаў рускі цар Пётр І (1721) пасля Ніштадскага міру.
Напалеон I, узяў тытул імператара Францыі ў 1804, пазней гэты тытул насіў Напалеон III. У 1808 з'явіўся імператар Бразіліі, у 1811 — Гаіці, у 1864 аўстрыйскі эрцгерцаг Максіміліян стаў імператарам Мексікі, у 1871, пасля аб'яднання Германіі, прускі кароль атрымаў тытул германскага імператара. У 1876 каралева Вялікабрытаніі атрымала тытул імператрыцы Індыі. У 1877 турэцкі султан афіцыйна ўзяў тытул імператара Асманскай імперыі.
У еўрапейскай літаратуры імператарамі завуцца манархі шэрагу нееўрапейскіх краінаў (Кітай, Японія, Эфіопія і г.д.)