Гера́кл (стар.-грэч.: Ἡρακλῆς, лац.: Herculēs, Геркуле́с) у старажытнагрэчаскай міфалогіі[1] — герой, сын бога Зеўса і Алкмены  (руск.)[2] — жонкі фіванскага цара Амфітрыёна  (руск.). Пры нараджэнні быў названы Алкідам (Ἀλκείδης). Пазней быў вядомы як Геракл («слава Геры»).

Геркулес, рымская копія з грэчаскай скультптуры

Неаднаразова згаданы ўжо ў «Іліядзе» (II 658 і інш.).

Сярод шматлікіх міфаў пра Геракла найбольш вядомы цыкл паданняў пра 12 подзвігаў, здзейсненых на службе ў мікенскага цара Еўрысфея.

Культ Геракла быў вельмі папулярны ў Грэцыі, праз грэчаскіх каланістаў ён рана распаўсюдзіўся ў Італіі, дзе Геракл шанаваўся пад імем Геркулеса. У паўночнай сферы неба бачна сузор’е Геркулес.

Адным з нашчадкаў Геракла лічыў сябе цар Спарты легендарны Леанід. Філосафы-стоікі эліністычнай і рымскай эпохі бачылі ў героі ідэал мужнасці і дабрадзейнасці.

Міфічная біяграфія

правіць

Нараджэнне і першыя подзвігі

правіць
 
Маленькі Геракл забівае змяю, рымская скульптура, ІІ ст. да н.э.

Царыца Алкмена была вернай свайму мужу Амфітрыёну, але Зеўс падмануў жанчыну з’явіўшыся ў яго вобразе. Геракла часта называюць Амфітрыанідам («сын Амфітрыёна») ці Алкідам (ад імя «Алкей» — так звалі бацьку Амфітрыёна). Яшчэ ў зыбцы Геракл задушыў двух змеяў, якіх паслала раўнівая багіня Гера — жонка Зеўса, каб забіць будучага героя немаўлём. Геракл з вялікай ахвотай вучыўся страляць з лука. Лін, які вучыў яго музыцы, адважыўся пакараць юнака, за што той у лютасці забіў настаўніка кіфарай. У пакаранне Амфітрыён паслаў сына пасвіць скаціну на гары Кіферон. Там Геракл забіў льва, які спусташаў наваколлі, і пазней насіў скуру гэтага звера замест плашча — з галавою льва замест шлема. Паводле іншых версій, ён насіў шкуру Нямейскага льва. У прыгожай алегорыі сафіста Продыка герой быў перад выбарам, які пазней назвалі «выбарам Геракла», перад ім сталі дзве жанчыны — Асалода і Адвага. Першая абяцала жыццё ў раскошы і багацці, другая — цяжкі лёс, напоўнены прыгодамі і славаю. Геракл абраў апошнюю. Вярнуўшыся ў Фівы, ён вызваліў горад ад даніны суседняму гораду Архамену, пасля чаго фіванскі цар Краёнт аддаў Гераклу ў жонкі сваю дачу Мегару. Але багіня Гера працягвала помсціць герою, праз некалькі гадоў па шлюбе з царэўнай яна наслала на Геракла памутненне розуму і ён забіў сваю жонку і дзяцей. Каб адкупіць гэтае злачынства, ён на працягу 12 гадоў служыў тырынфскаму цару Еўрысфею, за гэты час і здзейсніў свае 12 подзвігаў. Паводле іншых версій, ён вярнуўся ў Фівы толькі пасля сваіх асноўных подзвігаў, і толькі тады звар’яцеў і забіў сваю жонку з дзецьмі.

12 подзвігаў

правіць
  • Тырынфскі цар Еўрысфей, якому павінен быў служыць Геракл, ненавідзеў героя і даваў як мага болей складаныя заданні, спадзяючыся, што той загіне. Першым патрабаваннем было забіць Нямейскага льва, якога герой задушыў голымі рукамі.
  • Наступным подзвігам было забойства Лярнейскай гідры, якая мела 9 галоў. Калі Геракл адсякаў адну з іх на яе месцы вырасталі дзве новыя. Прычым адна з галоў была наогул бессмяротная, і не было ніякай магчымасці яе адсячы. Але Іалай, пляменнік Геракла, дапамог яму — прыпякаў факелам шыі, з якіх герой засякаў галовы, і на іх месцы ўжо нішто не адрастала. На дапамогу гідры прыйшоў пачварны краб, які ўпіўся клюшняй у нагу героя, але Іалай забіў гэтую істоту. Геракл адсек гідры усе галовы, апроч апошняй — бессмяротнай, на якую абваліў скалу.
  • Трэцім подзвігам быў адлоў Эрыманскага дзіка, якога Геракл прынёс Еўрысфею. Баязлівы цар настолькі спужаўся, што залез у склеп і адтуль глядзеў на звера.
  • Еўрысфей загадвае герою ачысціць стайні элідскага цара Аўгія, які меў 3 000 галоў быдла, а стайні не чысцілі ўжо 30 гадоў. Цар думаў, што, нават калі Геракл выканае гэта заданне, то прынізіць сябе ганебнай працай. Але герой скіраваў у Аўгіевы стайні воды рэк Алфеі і Пянеі, якія вымылі гной.
  • Геракл сагнаў коней цара Дыямеда, якія харчаваліся толькі чалавечым мясам. Самога Дыямеда герой забіў, а цела кінуў на з’ядзенне коням. Пасля гэтага яны зрабіліся ручнымі, і Геракл пагнаў іх у Мікены.
  • Геракл здабывае пояс царыцы амазонак Іпаліты, атрыманы ёю ад бога Арэса, бо рэч хацела атрымаць дачка цара Еўрысфея — Адмета. Але багіня Гера настройвае амазонак супраць героя, пачынаецца бітва. Царыца Іпаліта гіне, пояс, які Геракл мог атрымаць мірна, каштаваў шматлікіх людскіх страт.
  • Геракл здабывае кароў трохгаловага велікана Герыёна, які жыў на заходнім краі свету. Плывучы на захад Геракл пракапаў Гібралтарскі праліў і пабудаваў на яго берагах 2 гары — «Геркулесавы слупы». Герой дачакаўся чоўна бога Сонца Геліяса і пераплыў на ім на востраў, дзе жыў Герыён. Геракл забіў пастуха і двухгаловага сабаку, якія вартавалі статак кароў, забіў самога Герыёна, а скаціну сагнаў да Еўрысфея, які адразу загадаў прынесці кароў у ахвяру.
  • Геракл здабыў яблыкі Геспярыд. Не ведаючы, дзе шукаць яблыкі, герой накіраваўся абы куды. Дарогай ён наведаў Каўказ, дзе выратаваў тытана Праметэя, Афрыку, дзе перамог войска пігмеяў. Дабраўшыся да Рыпейскіх гор (верагодна, Урал), Геракл сустрэў тытана Атланта, які трымаў нябесны купал. Атлант сам здабыў яблыкі Геспярыд, якія перадаў герою. Пры гэтым тытан хацеў падмануць Геракла, збегчы і вымусіць яго вечна трымаць нябесны купал.
  • Апошні подзвіг — самы цяжкі — адлоў Цэрбера, трохгаловага сабакі, які вартаваў уваход у Аід (старажытнагрэчаскі замагільны свет). У гэтым яму дапамаглі багі Гермес і Афіна.

Іншыя подзвігі

правіць
 
Геракл і Антэй
  • Забойства велікана Антэя.
  • Удзел у плаванні арганаўтаў.
  • Забойства егіпецкага цара Бусірыса.
  • Першы захоп Троі.
  • Вызваленне афінскага цара Тэсея.
  • Каб адкупіць забойства свайго сябра Іфіта, добраахвотна робіцца рабом лідыйскай царыцы Амфалы.
  • Перамог рачнога бога Ахелоя, у выніку чаго ажаніўся з Дыянірай, дачкой Анейяны.
  • Падчас вайны багоў з гігантамі — Гігантамахіі, — знішчыў веліканаў, якія хацелі захапіць Алімп.
  • Цар Фаспій прымаў Геракла ў сваім палацы і кожную ноч накіроўваў да яго адну са сваіх пяцідзесяці дачок, і ўсе яны потым нарадзіліся ад героя 50 сыноў. Паводле іншай версіі, Геракл задаволіў усіх дзяўчын за адну ноч. Рыгор Багаслоў жартоўна называў гэты акт «трынаццатым подзвігам Геракла».

Смерць героя

правіць
 
Геракл забівае кентаўра Неса, праца Джамбалонья

Кентаўр Нес хацеў згвалціць Дыяніру, жонку Геракла, у час пераправы, але быў забіты стралою героя. Страла, калісьці атручаная крывёю Лярнейская гідры, атруціла кроў самога Неса. Той хацеў адпомсціць Гераклу і параіў Дыяніры прамачыць крывёю адзенне Геракла, кажучы, што яна быццам мае сілу эліксіру кахання. Дыяніра так і зрабіла, Геракл паміраў у пакутах і загадаў аднесці сябе на пахавальны касцёр, каб паскорыць смерць. Быў узнесены багамі на Алімп. З таго часу шанаваўся ў Грэцыі як герой і як боства. Багі аддалі за яго вечна маладую багіню Гебу. Геракл знаходзіцца на Алімпе, а яго душа быццам жыве ў Аідзе.

Пазней Гея, багіня зямлі, у шлюбе са змрочнай прорвай Тартар нараджае стагаловую пачвару Тыфона, каб скінуць алімпійскіх багоў. Тыя, перапужаныя, бягуць у Егіпет, абярнуўшыся рознымі жывёламі. Геракл абарочваецца аленем і вяртаецца на Алімп толькі тады, калі Зеўс знішчае Тыфона. З таго часу егіпцяне абагаўляюць некаторых жывёл.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Мифы народов мира. М., 1991-92. В 2 т. Т. 1. С.277-283, Любкер Ф. Реальный словарь классических древностей. М., 2001. В 3 т. Т. 2. С. 108—114; Псевдо-Аполлодор. Мифологическая библиотека I 3, 2 далей
  2. Гесиод. Теогония 943—944.

Спасылкі

правіць