Ілія́да (стар.-грэч.: Ἰλιάς) — старажытнагрэчаская эпічная паэма, частка эпічнага цыклу, прысвечанага падзеям Траянскай вайны. Назва паходзіць ад аднаго з найменняў Троі. Аўтарства прыпісваецца легендарнаму паэту Гамеру.

Гамер
Рукапіс «Іліяды» V стагоддзя

Гісторыя

правіць

Прынята лічыць, што паэма была складзена ў архаічны перыяд, верагодней у канцы VIII ст. да н. э., на аснове паданняў мікенскай эпохі. Старажытнагрэчаская мова «Іліяды» часцяком завецца гамераўскай, уяўляе сабою літаратурную форму іанійскага дыялекта з лексічным уплывам эалійскага і ахейска-кіпрскага дыялектаў. Уключае каля 15 700 радкоў у форме гекзаметру. У III ст. да н. э. Зенадот Эфескі падзяліў «Іліяду» на 24 песні.

Першапачаткова паэма распаўсюджвалася ў вуснай форме вандроўнымі спевакамі-рапсодамі. Дакладны час з'яўлення пісьмовай формы не вядомы. Існуюць гіпотэзы адзінага і множнага тэкстаў. Прыхільнікі першай лічаць, што «Іліяда» была запісана толькі аднойчы і ў далейшым распаўсюджваўся толькі адзін пісьмовы варыянт. Гэта магло адбыцца ў VI ст. да н. э. пад патранажам афінскага тырана Пісістрата. Прыхільнікі другой гіпотэзы мяркуюць, што ў старажытнасці мелася некалькі розных тэкстаў, паколькі захаваны варыянт утрымоўвае нелагічныя злучэнні, нібы складзены з кавалкаў. Такім чынам запісы паэмы маглі быць зроблены значна раней за VI ст. да н. э., а перапішчыкі часоў Пісістрата скампілявалі іх у адзіны тэкст. Верагодна, што Герадот (V ст. да н. э.) быў знаёмы з болей шырокім варыянтам, які ўключаў «Кіпрыі». Але Зенадот працаваў з вядомым нам варыянтам.

Ужо ў антычную эпоху «Іліяда» шырока выкарыстоўвалася ў якасці крыніцы пісьменнікамі, драматургамі, гісторыкамі, філосафамі. Адсылкі на падзеі, апісаныя ў паэме, сустракаюцца ў творах Сафокла, Эўрыпіда, Фукідыда, Палібія, Платона, Арыстоцеля, Вергілія і іншых выдатных дзеячоў культуры. У сярэднявеччы «Іліяда» аказала моцны ўплыў на станаўленне рыцарскага раману. Тэкст паэмы на лацінскай мове выкладаўся ў школах і ўніверсітэтах. У ВКЛ «Аповесць пра Трою», напісаная на аснове Іліяды, была перакладзена на старабеларускую мову. У 1489 г. у Фларэнцыі з'явіўся першы друкаваны варыянт паэмы.

У XIX ст. «Іліяда» натхніла нямецкага археолага Генрыха Шлімана на пошукі Троі. У 1871 г. ён адкрыў рэшткі буйнога старажытнага горада, які ў наш час найчасцей атаесамляецца з рэшткамі сапраўднай Троі.

Змест паэмы

правіць

Твор апавядае пра падзеі дзясятага года аблогі Троі грэкамі-ахейцамі.

 
Брысеіду вядуць да Агамемнана. Малюнак 1757 года.

Хрыс, траянскі жрэц Апалона, звяртаецца да Агамемнана з прапановай выкупіць з палону сваю дачку. Хаця большасць элінаў згодны з гэтым, Агамемнан адмаўляе, выганяе Хрыса і абяцае зрабіць яго дачку рабыняй. Апалон карае грэкаў стрэламі, пасля чаго «на хаўтурных агнёх безупынна гарэлі іх целы». Пасля 9 дзён насланай богам хваробы, Ахіл склікае ваенны сход і пад яго ціскам Агамемнан пагаджаецца вярнуць дачку Хрыса, але ўзамен забірае Брысеіду, раней паланёную Ахілам. Раз’юшаны Ахіл абяцае, што ён і іншыя мірмідонцы больш не стануць ваяваць за Агамемнана. Адысей вызваляе дачку Хрыса і вяртае яе бацьку.

Ахіл ідзе да берага мора і звяртаецца да маці Фетыды. Зеўс праз Афіну абяцае Ахілу дапамогу. У сне ён прымушае Агамемнана атакаваць Трою. Агамемнан збірае новы ваенны сход, падчас якога просты воін Тэрсіт кажа пра агульную незадаволенасць вайной. Адысей спыняе Тэрсіта.

Грэчаскае войска збіраецца на раўніне насупраць Троі. Насустрач ім выходзіць траянскае войска. Гамер апісвае абедзве арміі, паходжанне воінаў і саюзнікаў. Парыс прапануе спыніць бойку і сысціся ў паядынку з Менелаем. Кіраўнікі грэкаў і траянцаў даюць згоду і клянуцца трымацца ўмоў сумленнага бою. Тым часам Алена і Прыям стаяць на мурах Троі. Алена апавядае траянскаму ўладару пра кожнага са славутых грэчаскіх герояў, што прыйшлі на бітву. Паядынак скончыўся перамогай Менелая, але Афрадыта выратоўвае Парыса. Пандар, саюзнік Троі, пад уплывам Геры страляе ў Менелая з лука. Агамемнан вядзе грэкаў на траянцаў.

 
Дыямед замахваецца на Арэса. Малюнак 1795 года.

Бітва паміж ахейцамі, траянцамі і іх саюзнікамі нагадвае шэраг паядынкаў. Дыямед забівае Пандара і перамагае Энея. Апошняга выратоўвае ад смерці Афрадыта. Дыямед раніць багіню. Перад ім з’яўляецца Апалон з пагрозамі. Між тым, багі актыўна падтрымліваюць розныя бакі. Дыямед у шале зноў раніць бога, на гэты раз Арэса. Гектар гуртуе траянцаў і спыняе іх разгром. Ён вяртаецца за сцены Троі, моліцца, развітваецца з жонкай і дзецьмі, а потым зноў уступае ў бітву. Іх паядынак з Аяксам працягваецца да ночы, пасля чаго абодва бакі разыходзяцца. Траянцы спрачаюцца, ці не вярнуць грэкам Алену. Парыс пагаджаецца кампенсаваць страты, але не выдаць яе. У той час ахейцы хаваюць забітых і будуюць сцяну, каб абараніць свой лагер і караблі.

Наступнай раніцай бітва ўзнаўляецца. На гэты раз перамагаюць траянцы. Зеўс забараняе Афіне і Геры ўмешвацца на баку грэкаў. Зноў наступае ноч. Траянцы спыняюцца на раўніне перад лагерам грэкаў. Агамемнан разумее сваю памылку і дасылае да Ахіла дэлегацыю, каб вярнуць Брысеіду і перадаць падарункі. Але Ахіл кажа, што ўступіць у бітву, толькі калі будзе пагроза караблям. Дыямед і Адысей выходзяць з лагера. Дыямед забівае траянца Далона, што апрануты ў ваўчыную скуру.

Зноў з раніцы грэкі б’юцца з траянцамі. Паранены Агамемнан і Дыямед. Ахіл накіроўвае Патрокла, каб той выведаў, што адбываецца. Патрокл атрымаў ад Нестара жартаўлівую параду надзець даспехі Ахіла. Між тым, Гера вымушае Зеўса заснуць. Пасейдон карыстаецца гэтым, каб стаць на бок грэкаў і выгнаць траянцаў, што ўжо б’юцца на ўваходзе ў лагер. Зеўс прачынаецца і, раз’юшаны, дазваляе Апалону падтрымаць траянцаў. Траянцы прарываюцца да грэчаскіх караблёў.

Патрокл пытае ў Ахіла яго даспехі, каб уступіць у бітву. Ахіл пагаджаецца, але патрабуе, каб Патрокл спыніўся, калі міне пагроза караблям. Патрокл паспявае ў час, калі ўжо палаюць першыя караблі. Траянцы адступаюць. Патрокл забівае Сарпедона і гоніць траянцаў да самых гарадскіх муроў. Яго спыняе Апалон, а потым забівае Гектар. Гектар здымае з яго даспехі Ахіла, але вакол цела пачынаецца бойка. Ахіл чуе пра смерць Патрокла і пагражае забіць Гектара. Яго маці Фетыда сумуе, бо ў выпадку забойства Ахіл сам павінен памерці маладым. Афіна ахінае яго ззяннем, ён падыходзіць да сцяны лагера і крычыць. Спужаныя траянцы адступаюць ад цела Патрокла, і грэкі пераносяць яго ў лагер. Аднак Гектар адмаўляецца вяртацца ў горад і зноў спыняе траянскае войска на раўніне.

 
Ахіл з целам Гектара. Малюнак 1907 г.

З наступленнем цемры ахейцы аплакваюць Патрокла. Па запыту Фетыды Гефест стварае для Ахіла новы камплект даспехаў. Зранку Агамемнан выконвае абяцанне, дасылае Брысеіду і дары. Ахіл засмучаны. Ён апранае новыя даспехі, бярэ цяжкую дзіду і едзе на калясніцы на бітву. Б’юцца не толькі людзі, але і багі. Ахіл гоніць траянцаў, забівае іх і кідае ў раку. Бог ракі Скамандр спрабуе забіць Ахіла, аднак Гефест спыняе раку вогненным валам. Значная частка траянцаў выратоўваецца, бо Апалон ашукаў Ахіла і «вывеў аж во дзе у поле ад сцен». Ахіл вяртаецца да Троі, калі траянцы хаваюцца за мурамі. Толькі Гектар чакае яго каля брамы. Прыам і яго жонка ўгаворваюць сына адхіліцца ад бою. Гектар не пагаджаецца. Калі да яго пад’язджае Ахіл, траянец не вытрымлівае і спрабуе збегчы. Афіна спыняе Гектара. Ён гіне ад рукі Ахіла, а перад смерцю нагадвае, што той таксама павінен загінуць на вайне. Ахіл здзекуецца з цела забітага ворага і цягне яго за сваёй калясніцай.

Прывід Патрокла просіць Ахіла арганізаваць пахавальныя абрады і паклапаціцца пра тое, каб іх косці пасля смерці ляжалі разам. Падчас абрадавых гульняў Ахіл раздае грэкам падарункі. Зеўс, незадаволены здзекамі з цела Гектара, вырашае вярнуць яго ў Трою. Уначы з дапамогай Гермеса Прыям прабраўся ў лагер грэкаў і маліў Ахіла аддаць яму цела сына. Ахіл у смутку плача і дае згоду. Паэму завяршае пахаванне Гектара і смутак траянцаў.

Пераклады

правіць

На беларускую мову паэма была ўпершыню перакладзена Браніславам Тарашкевічам. Цалкам пераклад не захаваўся. У 2024 годзе апублікаваны новы частковы пераклад, зроблены Лявонам Баршчэўскім.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць