Малая Азія, Анатолія, паўвостраў на захадзе Азіі, складае большую частку тэрыторыі Турцыі.

Малая Азія
39° пн. ш. 34° у. д.HGЯO
АкваторыяМіжземнае мора
Краіна
Малая Азія (Турцыя)
Малая Азія
Малая Азія

Даўжыня з захаду на ўсход каля 1000 км, шырыня 400-600 км. Плошча каля 400 тыс. км².

Паўвостраў Малая Азія абмываецца Чорным, Мармуровым, Эгейскім і Міжземным морамі, пралівамі Басфор і Дарданелы. Паўночныя і паўднёвыя берагі стромкія, малапарэзаныя, заходнія – са шматлікімі бухтамі і залівамі.

Амаль увесь паўвостраў заняты Малаазіяцкім нагор'ем, у сярэдзіне якога знаходзіцца Анаталійскае пласкагор'е з вулканічнымі конусамі (гара Эрджыяс, 3770 м). Па ўскраінах паўночнай часкі Малой Азіі цягнуцца Пантыйскія горы, паўднёвай – горы Таўр. Па берагах мораў знаходзяцца ўчасткі нізін з міжземнаморскай расліннасцю. Характэрны частыя землятрасенні. Карысныя выкапні: вугаль, нафта, храміты, жалезныя руды, сера, каменная соль.

Клімат рэгіёна субтрапічны. Рэкі горныя, малаводныя. Найбольшае возера Туз. На прыморскіх схілах гор растуць шыракалістыя лясы вільготных субтропікаў і цвёрдалістыя міжземнаморскія лясы і хмызнякі. На ўнутраных схілах гор і пласкагор'ях распаўсюджаны паўпустыні і стэпы.